Вы тут

Ці лёгка быць лідарам, бітва за любоў і прэм’ера рубрыкі


Што пачытаць у часопісе «Алеся» ў лістападзе. 


Місія выканальная

Беларускі саюз жанчын прыняў удзел у XXVIII Міжнароднай жаночай канферэнцыі «Усход і Захад сустракаюцца ў Санкт-Пецярбургу», якая сабрала 40 дэлегацый жанчын-лідараў з расійскіх рэгіёнаў і замежных краін. Дэвіз мерапрыемства «Новы свет — новыя магчымасці» невыпадковы: на форуме гаворка ішла аб развіцці міжнароднага дзелавога і гуманітарнага супрацоўніцтва ва ўмовах сусветнага крызісу, узмацненні ролі жанчын ва ўсіх сферах жыцця грамадства, у выхаванні будучых пакаленняў і захаванні міру на Зямлі. На канферэнцыі таксама вялася гаворка аб рэалізацыі праекта «Жанчыны Расіі і Беларусі: місія стварэння». Падрабязна пра падзею, якая адбылася ў горадзе на Няве, — на старонках часопіса.


Ці лёгка быць лідарам?

У дзяцінстве яна хацела кіраваць. Стаўшы дарослай жанчынай-прафесіяналам, зразумела, што яе місія не толькі ў лідарстве, але і ў справядлівасці. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве, выкладчык юрыдычнага факультэта БДУ, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, член Праўлення БСЖ Святлана Любецкая ахвотна перадае свой вопыт і веды, а ў людзях цэніць прыстойнасць. І, нягледзячы ні на што, верыць у дабро. 

Сярод якасцяў, якія павінна мець жанчына-лідар, Святлана Любецкая вылучае чалавечнасць, гнуткасць у прыняцці рашэнняў і здаровае пачуццё гумару нават у крытычных сітуацыях. 

— Каб быць лідарам, за якім пойдуць людзі, неабходна многа і мэтанакіравана працаваць над сабой, быць сумленнай і справядлівай не толькі з падначаленымі, але і з іншымі кіраўнікамі, паважаць і быць удзячнай усім, хто дапамагае на жыццёвым шляху, — падкрэслівае Святлана Анатольеўна. 

Святлана Любецкая таксама адказвае на традыцыйныя пытанні часопіса «Алеся» аб сваіх б’юці-сакрэтах, складніках гарманічнага вобраза, разважае пра тое, у чым шчасце сучаснай жанчыны. 


Прыводзіць у свет дзяцей і разбівае міфы

Акушэр-гінеколаг вышэйшай катэгорыі, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры акушэрства і гінекалогіі Мінскага медуніверсітэта Марыя Вярбіцкая ніколі не лічыла, колькім дзецям дапамагла прыйсці ў жыццё, але ведае, што іх вельмі шмат: тых, каго трымала на руках у час родаў, і тых, чый доўгачаканы прыход у гэты свет стаў магчымым дзякуючы яе майстэрству доктара. У інтэрв’ю «Алесі» Марыя Вярбіцкая расказвае, як прыйшла ў прафесію, чаму пры сучасных медыцыне і тактыцы вядзення цяжарнасці ў беларусак усё яшчэ здараюцца ўскладненні ў родах і чаму наведваць гінеколага як мінімум раз у год неабходна любой здаровай жанчыне. А таксама разбівае некаторыя распаўсюджаныя жаночыя міфы.


Доўгае рэха кахання

15 лістапада вядомая эстрадная спявачка Ірына Відава адзначае 50-годдзе. Перажыўшы страту мужа, гэтая прыгожая таленавітая жанчына жыве за сябе і за свайго каханага, працягваючы ўласную выканальніцкую кар’еру і прысвяціўшы жыццё таму, каб людзі памяталі кампазітара Алега Молчана і яго музычную спадчыну.

— У гэтым годзе 26 кастрычніка, у дзень смерці Алега, прайшла прэзентацыя зборніка яго харавых твораў. Муж пакінуў мне песень на некалькі жыццяў — дык навошта ж ставіць кропку? Упэўнена, ён бы ганарыўся тым, што я працягваю спяваць, пісаць, выступаць, — расказала Ірына Відава. 

Таксама спявачка дзеліцца з «Алесяй» сакрэтамі сваёй прыгажосці, у аснове якой — здаровы лад жыцця, і правіламі пры выбары гардэроба і ўпрыгажэнняў. 


Бітва за любоў

Чаму, стаўшы дарослымі, некаторыя браты і сёстры працягваюць, як у дзяцінстве, учыняць скандалы, а то і назаўжды перапыняюць адносіны? Загадчыца псіхалагічнай лабараторыі Мінскага гарадскога клінічнага цэнтра дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі, медыцынскі псіхолаг Вольга Навуменкава тлумачыць: адносіны братоў і сясцёр у першую чаргу фарміруюць бацькі. 

Як мусяць паводзіць сябе бацькі, каб старэйшыя дзеці не адчувалі сябе лішнімі пры з’яўленні яшчэ аднаго члена сям’і? Якія бацькоўскія памылкі ў адносінах да дзяцей сеюць варожасць паміж імі? Аб чым трэба памятаць маме і тату, каб умацаваць адносіны паміж дзецьмі? Адказы на гэтыя пытанні вы знойдзеце ў гутарцы «Алесі» з псіхолагам Вольгай Навуменкавай. 


Чаго хоча жанчына? 

Ганна Чыж-Літаш — падпалкоўнік Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, ваенны журналіст, працуе на тэлебачанні. Ведаюць Ганну і як пісьменніцу — аўтарку дэтэктываў, жаночых раманаў і кніг пра падлеткаў. У Выдавецкім доме «Звязда» выходзіць раман Ганны Чыж-Літаш «101 спатканне, або Дзённік свабоднай жанчыны». У лістападаўскім нумары «Алесі» маладая пісьменніца распачынае новую рубрыку часопіса «Прыйшла і гавару» маналогам «Чаго хоча жанчына?». 


Сакрэты здароўя і карысныя парады

З лістападаўскага нумара «Алесі» вы даведаецеся, як даме элегантнага ўзросту выглядаць стыльна восенню і зімой 2022-2023 г.г., што рабіць для прафілактыкі остэаартрозу, як правільна мыць і захоўваць ваўняныя вырабы, чым карысны інжыр, якія выбіраць прадукты харчавання, каб зубы і дзёсны былі здаровыя, ды пра іншае.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.