Вы тут

Якія прапановы ад грамадзян паступілі ў законапраект «Аб Усебеларускім народным сходзе»


​Падчас пасяджэння Пастаяннай камісіі па заканадаўстве дэпутаты і эксперты разгледзелі заўвагі і прапановы, якія паступілі ў ходзе грамадскага абмеркавання законапраекта «Аб Усебеларускім народным сходзе». Палата прадстаўнікоў і Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі атрымалі звыш 500 прапаноў і заўваг. Абмеркаванне працягваецца.


Як паведаміла старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Святлана ЛЮБЕЦКАЯ, больш як 80 % з усіх прапаноў і заўваг накіравана на карэкціроўку прапанаваных норм. «Каля 12 % — пытанні, звязаныя з парадкам фарміравання самога Усебеларускага народнага сходу, а менавіта ўдзелу грамадзянскай супольнасці і яе прадстаўнікоў у рабоце, — адзначыла парламентарый. — Ёсць пытанні, якія датычацца дзейнасці асобных органаў УНС і карэкціроўкі пытанняў фарміравання Прэзідыума, работы сакратарыята».

У абмеркаванні важнага законапраекта прынялі ўдзел розныя катэгорыі насельніцтва. «Гэта вельмі шырокае ўцягванне правазнаўцаў розных катэгорый, — удакладніла Святлана Любецкая. — Прымалі ўдзел як прадстаўнікі акадэмічнай школы, фактычна ўсіх нашых вядучых ВНУ краіны, якія маюць вучэбныя падраздзяленні, звязаныя з правам. Акрамя таго, вельмі шырока прадставілі сябе студэнцкія суполкі, тыя, хто яшчэ навучаецца прымяненню права, і гэта вельмі добры стымул для іх, для прафесійнай дзейнасці. Нават прадстаўлены стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай адоранай моладзі з дастаткова канструктыўнымі і разумнымі заўвагамі, якія падлягаюць абмеркаванню».

Што тычыцца ўдзелу ў абмеркаванні прадстаўнікоў ад грамадзянскай супольнасці, гэта, па словах парламентарыя, і людзі з дастаткова значным жыццёвым вопытам, з гістарычнымі экскурсамі тых ці іншых прававых рашэнняў кіравання, якія ўжо мелі месца ў нашай дзяржаве. Удзельнічала ў абмеркаванні і частка жаночай аўдыторыі, якая таксама пазначыла пытанні прадстаўніцтва ў складзе УНС.

Грамадзян, у асноўным, хвалююць парадак фарміравання УНС, патрабаванні да дэлегатаў, прысутнасць у новым дзяржаўным органе прадстаўнікоў партый. Асобны блок заўваг датычыцца характару рашэнняў, якія будуць прымацца Усебеларускім народным сходам. Цікавяцца грамадзяне, якія прынялі ўдзел у абмеркаванні, і тым, як будзе ажыццяўляцца кантроль выканання рашэнняў УНС, якой будзе працэдура адмены рашэнняў Усебеларускага народнага сходу, ці будуць з’яўляцца рашэнні УНС нарматыўнымі прававымі актамі. Частка прапаноў датычыцца прадстаўніцтва ва Усебеларускім народным сходзе грамадзянскай супольнасці.

— Катэгорыі прапаноў розныя, частка з іх не адпавядае ўжо прынятым на рэферэндуме палажэнням Канстытуцыі, — акцэнтавала ўвагу старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве. — Гэта значыць, яны выходзяць за межы тых кампетэнцый, якія падтрыманы народам у саміх палажэннях Канстытуцыі. Частка прапаноў уваходзіць у прамую супярэчнасць з тымі палажэннямі, якія сёння запісаны ў Асноўным законе і з якімі пагадзіліся на рэферэндуме.

У прыватнасці, адна з такіх прапаноў датычыцца магчымасці замежным грамадзянам прымаць удзел у рабоце Усебеларускага народнага сходу.

Што датычыцца вылучэння прадстаўнікоў працоўных калектываў ва Усебеларускі народны сход, па словах Святланы Любецкай, парадак фарміравання гэтага органа ўлады ўжо ёсць — дакладны і прамы. «Паколькі вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прадастаўлена і працоўным калектывам, спецыяльна гэтыя змены не былі ўнесены ў ходзе ўдасканалення Канстытуцыі, — заўважыла дэпутат. — Такі механізм захаваны. Таму для тых працоўных калектываў, якія хочуць удзельнічаць у гэтых працэсах, жадаюць вылучыць сваіх прадстаўнікоў, у тым ліку на Усебеларускі народны сход, гэта прамы шлях вылучаць дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў, якія ў выніку гарантавана ўвойдуць у склад Усебеларускага народнага сходу. Гэта будзе яшчэ адна дадатковая грамадская функцыя для гэтай катэгорыі асоб, прадстаўнікоў народа».

У цэлым да грамадзян, якія могуць прымаць удзел у рабоце УНС, усімі зацікаўленымі, хто ўдзельнічаў у абмеркаванні, прад’яўляюцца дастаткова высокія патрабаванні. «І гэта вельмі паказальна, — пераканана Святлана Любецкая. — Лейтматывам па ўсіх прапановах праходзіць думка аб тым, што гэта павінны быць высокапрафесійныя людзі. Ёсць прапанова аб тым каб устанавіць нават цэнзы па сферах дзейнасці: юрысты, эканамісты, палітолагі, міжнароднікі. Хтосьці гаворыць аб тым, што неабходна прама прапісаць цэнзы для прэзідыума УНС і патрабаванні і да старшыні, і да намесніка. Яны таксама злучаны ў большай ступені з узроўнем кампетэнцыі і ўзроўнем адказнасці, здольнасцю прымаць кіраўнічыя рашэнні».

Дастаткова цікавая заўвага датычыцца як права УНС устанаўліваць дзяржаўныя святы, так і ўносіць прапановы аб іх адмене. Ёсць прапанова пашырыць кампетэнцыі прэзідыуму. «Калі ў цэлым ахарактарызаваць прапановы, трэба адзначыць дастаткова глыбокі і ўцягнуты падыход да вывучэння тых ці іншых нормаў і прапаноў, якія былі выкладзены ў зваротах, якія паступілі, — акцэнтавала ўвагу парламентарый. — Узровень правасвядомасці на фоне вось такога грамадскага абмеркавання дастаткова яскрава праяўляецца. Ён расце, фарміруецца, і гэта можна ацэньваць толькі пазітыўна».

Усе прапановы і заўвагі, якія паступілі і працягваюць паступаць, будуць вывучацца на прадмет прымальнасці іх рэалізацыі ў гэтым законапраекце. Некаторыя могуць быць рэалізаваны ўжо цяпер. Частка з іх, магчыма, на далейшую перспектыву будзе ўлічвацца для развіцця заканадаўства.

Як адзначыў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Аляксандр АМЕЛЬЯНЮК, падыход да ацэнкі праекта, які быў вынесены на абмеркаванне, не быў зведзены толькі да пытанняў фарміравання работы Усебеларускага народнага сходу. «Глыбіня вывучэння гэтага пытання вельмі дакладна бачная там, дзе людзі гавораць аб патрабаваннях да саміх дэлегатаў, — канстатаваў парламентарый. — Тыя, хто абмяркоўваў праект, хочуць, каб дэлегаты, па-першае, былі людзьмі кампетэнтнымі, прафесіяналамі кожны ў сваёй сферы, каб яны валодалі пэўным палітычным вопытам. Прапаноў, якія адносяцца да кандыдатаў у дэлегаты, дастаткова шмат: гэта і ўзроставы цэнз, і крытэрыі аднясення да тых ці іншых прафесій. Размова ідзе аб тым, каб чалавек меў у тым ліку вопыт кіруючай работы, каб веды ў сферы кіравання перанесці ў сферу дзейнасці Усебеларускага народнага сходу».

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.