Вы тут

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Васіль Даўжонак і дагэтуль памятае трагедыю сваёй роднай вёскі Далькавічы


13 мая 1943 года надвор'е ў тагачасным Плешчаніцкім раёне было цёплае і сонечнае. Лёгкі ветрык зрэдку парушаў вясновую цішыню і перашкаджаў у поўнай меры заслухацца спевамі птушак, якія вярнуліся з цёплых краёў. Жыхары вёскі Далькавічы займаліся палявымі работамі: аралі і сеялі ў полі, корпаліся ў сваіх агародах: вайна вайной, а есці было трэба. Партызаны, якія яшчэ з пачаткам акупацыі размясціліся ў тутэйшых лясах, заканчвалі акопы. Мясцовыя жыхары дапамагалі ім капаць траншэі — ішла падрыхтоўка да бою...


Васіль Пятровіч Даўжонак.

Талакой супраць ворага

Плешчаніцкі раён гітлераўцы акупавалі ў ліпені 1941 года. У Далькавічы сталі рэгулярна прыходзіць немцы і паліцаі. Аднак гэта не перашкодзіла лейтэнанту Сяргею Далганаву, якому ўдалося выйсці з акружэння і не трапіць у палон да ворага, восенню 1941-га сабраць у тутэйшых мясцінах невялікую групу патрыётаў. Па першым часе туды ўваходзілі акружэнцы і чырвонаармейцы, якім удалося збегчы з палону. Паступова партызанскія шэрагі пачалі папаўняцца і мясцовымі жыхарамі. Тыя, хто не далучыўся да народных мсціўцаў, дапамаглі ім з адзеннем і прадуктамі — партызанскі атрад размяшчаўся недалёка ў лесе, дзе працякала рака Цна.

Паралельна даваенны старшыня калгаса Іван Канановіч арганізаваў у Далькавічах падпольную групу, у якую ўваходзілі мясцовыя жыхары і былыя школьнікі-старшакласнікі. 5 ліпеня 1941 года ён сабраў у лесе школьнікаў і расказаў ім, аб чым гаварылася ў апошнім выступленні Сталіна па радыё, у якім ён заклікаў да ўсенароднай барацьбы з акупантамі. Падлеткі, не раздумваючы, вырашылі змагацца з ворагам. Рабілі пасільную для іх працу: збіралі зброю і боепрыпасы, якія падчас бою пакідалі вайскоўцы, хавалі іх у надзейнае месца. Акрамя таго, юныя падпольшчыкі слухалі па радыёпрыёмніку апошнія навіны аб падзеях на фронце, распаўсюджвалі іх сярод мірнага насельніцтва.

— Неўзабаве група Канановіча здзейсніла дыверсію на дарозе паміж Далькавічамі і Прусавічамі, — расказвае краязнаўца Аляксандр Паўлюковіч. — Узброіўшыся піламі і сякерамі, падпольшчыкі зрэзалі слупы тэлефоннай сувязі, якія звязвалі вёскі з Плешчаніцамі. Праз некаторы час зладзілі засаду ў лесе паміж Далькавічамі і Прусавічамі. У той дзень з Плешчаніц прыехалі паліцаі на чатырох падводах і пачалі забіраць у жыхароў прадукты, цёплыя рэчы. Назад яны вярталіся нападпітку і нават не думалі, што ў лесе іх ужо чакае засада...

Нарабаваную маёмасць, якую везлі фашысты, падпольшчыкі раздалі мясцовым жыхарам. У выніку група Канановіча далучылася да атрада Далганава. Сумеснымі сіламі патрыёты Радзімы пачалі граміць ворага яшчэ з большай сілай. Неўзабаве гэтае боегатоўнае фарміраванне з лёгкай рукі камандзіра спецатрада НКДБ «Мясцовыя» Ваўпшасава стала называцца партызанскім атрадам «Барацьба».

Вёску палілі тройчы

З красавіка 1942 года членам гэтага атрада стаў і юны жыхар вёскі Далькавічы Вася Даўжонак. Хлопцу не было і 17 гадоў, а ён ужо вызначыўся ў барацьбе з ворагам: разам з таварышамі ўдзельнічаў у дыверсіі па захопе чатырох падвод гітлераўцаў на дарозе паміж Далькавічамі і Прусавічамі, знайшоў і перадаў падпольшчыкам і партызанам нямала зброі.

Днямі Васіль Пятровіч адсвяткаваў свой 97 дзень нараджэння. Мы сустрэліся з ім у яго мінскай кватэры. Нягледзячы на сур'ёзны ўзрост, ён усё добра памятае: і тое, як пачалася Вялікая Айчыннай вайна, і як змагаўся з ворагам у партызанскім атрадзе, і як аднаўлялася краіна пасля акупацыі, і як служыў у сілавых структурах. Дагэтуль Васіль Даўжонак не можа забыць, як карнікі палілі яго родныя Далькавічы...

Вёску знішчалі неаднойчы: і ў далёкім 1812 годзе французы, якія адступалі, і белапалякі ў 1920-м. Асабліва жорстка ў 1943 годзе з Далькавічамі і яе жыхарамі абышліся нацысты.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Васілю Даўжонку было 16 гадоў. Ён толькі скончыў сёмы клас. «Плешчаніцкі раён, дзе жыла наша сям'я, у якой выхоўвалася 11 дзяцей, быў акупаваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі на дзясяты дзень вайны, — расказвае ён. — Захапіўшы раённы цэнтр, немцы адразу пачалі ствараць свае органы кіравання: прызначылі бургамістраў, арганізавалі жандармерыю, паліцыю, з'явілася тут і СД. З падраздзяленняў СС і рэгулярных часцей у Плешчаніцах размясціўся вялікі воінскі гарнізон. Пачаліся арышты камуністаў, актывістаў, чырвонаармейцаў, якія хаваліся, яўрэяў».

Немцы забіралі ў людзей усё, што было можна: і скаціну, і збожжа, і прадукты харчавання. Жыхары задумаліся, як жыць далей. Многія з іх, асабліва моладзь, паспяшаліся дапамагаць партызанам, каб найхутчэй выгнаць фашыстаў з нашай зямлі. У прамым сэнсе давялося абараняць свой родны дом. Па словах Васіля Даўжонка, раёны, якія прылягалі да Барысава (Плешчаніцкі, Бягомльскі) падвергліся жорсткай расправе гітлераўцаў з-за таго, што практычна ўсё насельніцтва пайшло ў партызаны.

Няроўны бой

Позняй раніцай 13 мая 1943 года разведчык далажыў камандзіру атрада, што ў напрамку Далькавічаў ідуць немцы — іх намерам, па папярэдняй інфармацыі партызан, быў захоп вёскі, маёмасці жыхароў і расправа з людзьмі. Сяргей Далганаў загадаў партызанам, якія займалі абарону ў гэтым напрамку, падрыхтавацца да бою. Удзельнікам тых падзей быў і Васіль Даўжонак.

— З узлеску і хмызнякоў сталі з'яўляцца п'яныя нямецкія салдаты, апранутыя ў жоўтую форму адзення, са зброяй у руках, — успамінае ветэран. — Яны размахвалі ёй, гучна крычалі, патрабавалі выклікаць для перамоў камандзіра. Нам, партызанам, прапаноўвалі здавацца ў палон. У гэтай лагчыне, якая цягнулася ўздоўж ручая, сабралася прыкладна 50 фашыстаў. Па камандзе камандзіраў з усёй зброі, што ў нас была, мы адкрылі па праціўніку агонь — пачаўся бой.

Помнік спаленым жыхарам вёскі Далькавічы.

Партызаны знішчылі каля 20 гітлераўцаў. Астатнія адступілі. Аднак на гэтым бой не скончыўся. Наадварот, ён набыў больш жорсткі характар. Карнікі, якія падаспелі на дапамогу сваім п'яным салдатам, акружылі Далькавічы з трох бакоў і адкрылі агонь па партызанах са стралковай зброі і кулямётаў. Мікалай Глінскі ўпэўнена знішчаў з ручнога кулямёта немцаў, пакуль у яго не скончыліся патроны. Партызан па-геройску загінуў. Як і Зіна Бічун, якая на сваім кані апынулася падчас бою ў атачэнні фашыстаў. Яны спрабавалі ўзяць дзяўчыну ў палон, але адважная партызанка не здалася. Тады нямецкі афіцэр застрэліў Зіну з пісталета. Народныя мсціўцы ўступілі з ворагам у рукапашную, аднак перавага ў сіле была не на іх баку. У тым баі загінула восем партызан. Іх памяць увекавечана на помніку, усталяваным у вёсцы Прусавічы тагачаснага Плешчаніцкага раёна.

З-за таго, што сілы партызан і гітлераўцаў былі няроўныя, а таксама па той прычыне, што праціўнік у некалькі разоў пераўзыходзіў па колькасці ўзбраення, камандаванне атрада «Барацьба» было вымушана аддаць загад для адыходу партызан на другую лінію абароны ў раён вёсак Глебаўшчына і Прусавічы.

Гітлераўцы таксама панеслі ў тым баі немалыя страты. Па даных партызанскай разведкі, гітлераўцы страцілі двух афіцэраў і 20 салдат, 34 чалавекі былі параненыя. «Гэта прымусіла карнікаў адмовіцца ад далейшага наступлення ў бок Бягомля, і яны вымушаны былі з нарабаванай маёмасцю адступіць ранейшым маршрутам у Плешчаніцы, — расказвае ўдзельнік тых падзей. — На павозцы з апушчанымі ад ганьбы галовамі ехалі верхаводы 118-га паліцэйскага батальёна маёр Кёрнер і падпалкоўнік Смоўскі. Здраднік Васюра (той, які прымаў удзел і ў знішчэнні Хатыні. — «Зв.») панура ішоў пешшу. На бартавой машыне праціўнік вёз забітых і акрываўленых параненых салдат і афіцэраў».

За гэтай ганебнай працэсіяй назіралі жыхары вёскі Гарадзец, што за пяць кіламетраў ад Далькавічаў. Па іх словах, немцы, п'яныя, ішлі ў бой, выкрыкваючы прывітальныя словы фашысцкаму карніку «Хайль Гітлер!» Вярталіся ж яны ў Плешчаніцы ўжо не так ваяўніча.

Здзекаваліся са старых і хворых

Фашысты не прыдумалі нічога лепшага, як спагнаць сваю злосць на жыхарах вёскі Далькавічы. Некалькі факелаў — і населены пункт быў ахоплены полымем. Усе 55 сем'яў — менавіта столькі тут стаяла хат — у адзін момант засталіся без даху над галавой. Разам са сваёй вёскай загінулі шэсць жыхароў: пажылыя і хворыя, якія не маглі ўцячы. Астатнія скарысталіся гэтай магчымасцю: адны сышлі да партызан раней, іншыя ўцяклі ў лес і балота адразу ж, калі паміж партызанамі і гітлераўцамі завязаўся бой. Многія разумелі, чым усё можа скончыцца. На літасць фашыстаў тут ніхто не разлічваў.

Перад тым, як спаліць людзей, якія засталіся ў сваіх хатах, немцы іх жорстка катавалі: білі пажылых людзей і інвалідаў палкамі, вязалі калючым дротам, рэзалі нажамі, калолі штыкамі, выколвалі вочы, адразалі вушы... Не пашкадавалі нават сляпую Дар'ю Коўшык. Такім зверскім спосабам карнікі хацелі даведацца ўсю інфармацыю пра партызан. Аднак, не дабіўшыся патрэбнага (што маглі расказаць ім старыя і нямоглыя людзі?!), ні ў чым не вінаватых мірных грамадзян расстралялі ва ўласных хатах. Здзекаваліся нават з целаў забітых. Затым падпалілі хаты, у якіх яны жылі, — згарэла ўся вёска. На наступны дзень аб тым, што тут быў вялікі населены пункт, нагадвала толькі папялішча.

Тых, каму не ўдалося пазбегнуць гітлераўскай расправы, пахавалі ў брацкай магіле на праваслаўных могілках у Далькавічах. Ахвярамі фашысцкіх нелюдзяў сталі Герасім Канановіч (86 гадоў), Данііл Арыніч (68 гадоў), Ганна Канановіч (62 гады), Мар'я Усцін (66 гадоў), Пелагея Канановіч (72 гады), Дар'я Ковшык (63 гады).

Пажар, у якім не стала яго аднавяскоўцаў і цэлай вёскі, — у Васіля Даўжонка дагэтуль у вачах. «Такі дым быў: столькі ж хат гарэла! — эмацыянальна кажа ён. — Людзі, хаваючыся ў лесе, назіралі за гэтым жахам. Аднак нічога зрабіць не маглі...»

З вялікай сям'і Васіля Даўжонка ніхто не пацярпеў: на момант, калі палілі вёску, нікога з іх не было ў хаце. Затое напярэдадні трагедыі гітлераўцы да смерці закатавалі яго бацьку.

— Ён, цяжка хворы, ляжаў у хаце, — узгадвае Васіль Пятровіч. — Бацьку схапілі за валасы, сцягнулі з ложка. Затым выцягнулі на сярэдзіну двара і пачалі дапытваць. Патрабавалі, каб ён забраў сваіх сыноў з партызанскага атрада і выдаў немцам. Нас, братоў, у партызанах было трое. Вядома, бацька не мог пагадзіцца на патрабаванні карнікаў. Тады яны пачалі яго катаваць: білі, адразалі вушы... Так здзекаваліся са старога, што бацька неўзабаве памёр.

Сведчыў супраць Васюры

Пасля вайны вёска адрадзілася. Вярнуліся некаторыя яе жыхары, прыехалі ў пошуках іншага жыцця бежанцы, з'явілася на свет новае пакаленне далькаўчан. Аднак ніколі тут не забываліся аб той страшнай трагедыі, якая напаткала вёску ў маі 1943 года. Аб тым страшным дні нагадвае помнік на ўскрайку Далькавічаў. Увекавечаны тут і спаленыя жыхары навакольных населеных пунктаў: Альхоўкі, Капатніцы, Чэрніцы, Губы, Тарасіна і Забалацця. Кожная ахвяра гітлераўскай расправы — пайменна. Аб гэтым паклапаціўся Васіль Даўжонак. Ён асабіста займаўся ўстаноўкай помніка, складаў і ўдакладняў спісы загінулых. Заслуга ўдзельніка тых падзей і ў тым, што ў 1975 годзе з'явіўся помнік і ў вёсцы Прусавічы, дзе ўвекавечана памяць партызан, якія загінулі ў баі за вёску Далькавічы 13 мая 1943 года.

У Далькавічах увекавечаны і жыхары навакольных вёсак, знішчаных акупантамі.

У пасляваенны час ветэран удзельнічаў у ваенных трыбуналах, дзе выступаў у якасці сведкі злачынстваў фашыстаў. На адным з пасяджэнняў ён даваў паказанні і супраць начальніка штаба 118-га карнага батальёна Рыгора Васюры, які ў тым ліку ўдзельнічаў у знішчэнні Хатыні. Калі ў 1980-х гадах следчыя выйшлі на Васюру, ён жыў ва Украіне і добра сябе адчуваў: працаваў намеснікам старшыні калгаса, атрымліваў да памятных дат узнагароды, уладкаваў прыстойнае жыццё дзецям. На судзе над найбольш вядомым карнікам у якасці сведкі прысутнічаў і Васіль Даўжонак, які даваў паказанні па знішчэнні 118-м батальёнам роднай вёскі.

13 мая 1943 года, падчас правядзення карнай аперацыі ў вёсцы Далькавічы, Рыгор Васюра кіраваў баявымі дзеяннямі паліцэйскага батальёна супраць партызан, якія абаранялі населены пункт. Па словах Васіля Даўжонка, Васюра асабіста здзекаваўся з захопленых у палон жыхароў. Гэты фашысцкі кат разам з іншымі ўдзельнікамі знішчэння Далькавічаў і яе жыхароў, Эрыхам Кёрнерам і Канстанцінам Смоўскім, здзейснілі нямала крымінальных злачынстваў падчас карных аперацый у Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях. Усе іх злачынствы былі даказаны Ваенным трыбуналам 1986 года. І калі на Кёрнера і Смоўскага следчым выйсці не ўдалося, то ў адносінах да Васюры была прыменена выключная мера пакарання — расстрэл. Прыгавор быў прыведзены ў выкананне.

Адразу пасля вайны, у студзені 1946 года, адбыўся суд над нямецкімі ваеннапалоннымі, на якім таксама ў якасці ахоўніка палка НКУС прысутнічаў Васіль Даўжонак. «Усе яны прызнавалі сваю віну, раскайваліся, лаялі Гітлера, крычалі: «Гітлер капут!», — успамінае дэталі судовага пасяджэння Васіль Пятровіч. — І ў той жа час апраўдваліся: маўляў, выконвалі загад нямецкага камандавання».

Партызанскі козлік Малыш

Да самага вызвалення Беларусі Васіль Даўжонак змагаўся з ворагам у шэрагах партызан: удзельнічаў у разгроме гарнізонаў ворага, у мініраванні дарог, у засадах, «рэйкавай вайне». Як і многія яго паплечнікі, перажыў не адну блакаду. Асабліва цяжка прыйшлося падчас апошняй, якая мела кодавую назву «Кармаран». Аднак дзякуючы мясцоваму правадніку, атраду практычна без страт удалося выйсці з акружэння. Неўзабаве пачалася наступальная аперацыя Чырвонай Арміі «Баграціён». Партызаны атрада «Барацьба» брыгады «Народныя мсціўцы» непасрэдна ўдзельнічалі ў вызваленні Плешчаніц, Вілейкі, Маладзечна, населеных пунктаў Літвы.

Васіль Даўжонак ужо ваяваў у шэрагах Чырвонай Арміі, як загадам вышэйшага кіраўніцтва партызаны брыгады «Народныя мсціўцы» імя Варанянскага былі выкліканы для ўдзелу ў парадзе, запланаваным у вызваленым Мінску. Размова ідзе пра знакаміты партызанскі парад, які адбыўся 16 ліпеня 1944 года. Адкрывалі парад народныя мсціўцы атрада «Барацьба». Васіль Даўжонак ішоў у першых шэрагах.

Гэты парад потым увойдзе ў гісторыю. І запомніўся гледачам ён найперш козлікам па імені Малыш, які ішоў побач з партызанамі. Гаспадарамі гэтай знакамітай ужо сёння жывёліны былі менавіта народныя мсціўцы атрада «Барацьба».

Ветэран расказаў, як Малыш трапіў да іх у атрад: «Партызанскія атрады шмат грамілі нямецкія гарнізоны, у тым ліку Куранец, недалёка ад Вілейкі. Загінулі тады і паліцаі, і немцы. Пасля бою, калі мы пачалі сыходзіць, да нас прывязалася казляня. Мы ідзём, і яно за намі — ніяк не адстае. А ў нас былі дзяўчаты-партызанкі. Яны яго прыбралі, стужкі павязалі і прывялі ў атрад. З намі Малыш знаходзіўся да канца вызвалення Беларусі. У баях — ва ўкрыццях. Мы хаваемся за дрэва, і ён гэтак жа. Ручны быў. Пасля парада партызанскія атрады пачалі расфарміроўваць. Узнікла пытанне: што рабіць з казлянём? На вуліцы Грушаўская знайшоўся чалавек, якому і аддалі Малыша».

Васіль Даўжонак прызнаецца, што не хваляваўся, калі ўдзельнічаў у партызанскім парадзе. «Сам факт выклікаў задавальненне і радасць — мы былі вызваленыя! — згадвае ён тагачасны настрой. — Думалі, што будзе далей. Некаторыя партызаны сышлі на фронт, дзе працягвалі змагацца з ворагам. Астатніх пакінулі для аднаўлення народнай гаспадаркі».

З клопатам аб памяці

Пасля партызанскага парада Васіль Даўжонак паступіў на службу ў шэрагі войск НКУС. Дачакаўшыся Перамогі, вырашыў стаць кадравым вайскоўцам і паступіў у Харкаўскае ваенна-палітычнае вучылішча. Пасля атрымання першых афіцэрскіх пагон служыў на пагранічнай заставе ў Сярэдняй Азіі: ахоўваў граніцу і з Афганістанам, і з Іранам. Затым была служба ў Далёкаўсходняй пагранакрузе, дзе займаў пасаду начальніка палітаддзела 78-га пагранічнага атрада. Пасля выхаду ў адстаўку ў званні палкоўніка Васіль Даўжонак вярнуўся на радзіму, стаў жыць у Мінску. Шмат гадоў выкладаў ваенную справу ў адной з сярэдніх школ сталіцы, удзельнічаў у патрыятычным выхаванні моладзі. Вялікая Айчынная вайна, 50 гадоў у армейскіх шэрагах, чатыры вышэйшыя навучальныя ўстановы за плячыма — яму было і ёсць што расказаць падрастаючаму пакаленню.

На кожнай сустрэчы з дзецьмі ён распавядае аб трагедыі, якая напаткала яго родныя Далькавічы ў маі 1943 года. Увекавечыўшы памяць загінулых у гады вайны землякоў у помніках на сучаснай Лагойшчыне, аб гераічнай барацьбе з ворагам і гібелі яго вёскі Васіль Пятровіч напісаў у кнігах «Сыходзілі ў паход партызаны», «Партызанскія сыны Беларусі», «Партызанскімі сцяжынамі». Аднак самая галоўная заслуга Васіля Даўжонка, па меркаванні яго землякоў, у тым, што дзякуючы яго намаганням у Далькавічы пракладзена добрая дарога. Ветэран не хавае: у гэтым ёсць і яго асабісты інтарэс. Справа ў тым, што, нягледзячы на свой сур'ёзны ўзрост, кожны год Васіль Пятровіч імкнецца наведаць помнікі ў яго родных Далькавічах і суседніх Прусавічах, каб каторы раз пакланіцца сваім таварышам-партызанам, якія загінулі ў баі за родную вёску, а таксама бязвінна забітым аднавяскоўцам, спаленым ва ўласных хатах.

Гэты год не стаў выключэннем. Нават у свае 97 гадоў удзельнік і сведка тых падзей не мог парушыць сваю даўнюю традыцыю і не выканаць свой святы абавязак — як грамадзяніна, удзячнага нашчадка і патрыёта.

Вераніка КАНЮТА

Фота аўтара і Аляксандра ПАЎЛЮКОВІЧА

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.