Вы тут

Хатынь: забыць нельга дараваць. У рэдакцыі «Звязды» адбыўся круглы стол


У рэдакцыі «Звязды» адбыўся круглы стол, прысвечаны 80-годдзю трагедыі, якая стала сімвалам бяды нашага народа

Гэты чорны дзень навечна ўпісаны ў гісторыю Беларусі. 22 сакавіка 1943 года прыгожая лясная вёска назаўсёды знікла з геаграфічнай карты свету. У вогнішчы, распаленым нелюдзямі, загінулі 149 жыхароў, большасць з якіх — 75 чалавек — былі дзецьмі...

Хатынь — несуцішны боль, незагойная рана беларусаў. І колькі мы будзем памятаць аб трагедыі, якая ранняй вясной адбылася ў гэтай лагойскай вёсцы, аб усіх населеных пунктах, знішчаных у гады акупацыі фашыстамі, столькі можам быць упэўнены ў тым, што падобнае ніколі не паўторыцца на нашай і без таго шматпакутнай зямлі. Ці ёсць «белыя плямы» ў хатынскай трагедыі, чаму ў сувязі з апошнімі падзеямі ў свеце трагедыя Хатыні і тысяч іншых беларускіх вёсак, спаленых нацыстамі разам з людзьмі, набывае асаблівае гучанне, ці завяршылася рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу і што мы павінны перадаць моладзі, каб тэма гістарычнай памяці ў далейшым заставалася адной з прыярытэтных, — адказы на гэтыя пытанні гучалі падчас круглага стала, які адбыўся ў рэдакцыі газеты «Звязда».

У дыскусіі прынялі ўдзел намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Лілія АНАНІЧ, дырэктар Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» Артур ЗЕЛЬСКІ, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Анатоль КРЫВАРОТ, кіраўнік Творчай майстэрні архітэктара Леаніда Левіна, архітэктар Галіна ЛЕВІНА, загадчык Цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Аляксей ЛІТВІН, намеснік кіраўніка следчай групы па расследаванні справы аб генацыдзе — намеснік начальніка ўпраўлення Генеральнай пракуратуры па наглядзе за расследаваннем асабліва важных крымінальных спраў Сяргей ШЫКУНЕЦ, сакратар Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Павел АЛЕКСА.


— Ці засталіся яшчэ ў гісторыі знішчэння Хатыні «белыя плямы»?

А. Літвін: — Як гэта ні дзіўна, але яны ёсць. Аднак я не звужаў бы гэтае пытанне толькі да Хатыні. Што такое Хатынь? «Хатынь» — гэта сусветна вядомы мемарыял усім спаленым, вынішчаным разам з жыхарамі беларускім вёскам, сімвал усяго таго жудаснага і пачварнага, што тварылася ў адносінах да населеных пунктаў, перш за ўсё да людзей, у гады Вялікай Айчыннай вайны. Хатынскі мемарыял — гэта помнік чалавечых пакут, чалавечай болі і смутку, вечны напамін аб жудасных наступствах ваенных злачынстваў нацызму. Трагедыя адбылася амаль напрыканцы вайны, фактычна за год да вызвалення тэрыторыі Беларусі, якая ў гэты час (амаль на 60 %) знаходзілася пад партызанскім кантролем. Мяне як гісторыка і сумленнага грамадзяніна цікавіць, як магло здарыцца, што акупанты ажыццяўлялі такую практыку, як вынішчэнне населеных пунктаў, спальванне людзей, расстрэлы, павешанні. Знаёмства з гістарыяграфіяй паказвае, што гэта было зусім не выпадковай справай, а ажыццяўленне загадзя распрацаванай палітыкі нацыстаў, якое пачалося з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны. Чаму існуюць «белыя плямы»? Справа ў тым, што гісторыю Хатыні можна напісаць як з пункту гледжання нямецкіх дакументаў, так і па матэрыялах Генеральнай пракуратуры, партызанскіх дакументаў, паводле сведчанняў мясцовага насельніцтва навакольных вёсак. Сваю інтэрпрэтацыю падзей мелі і паліцаі-калабаранты. Разглядаючы гэтую праблему, высветлілі, што першым у Хатынь прыехаў не 118-ы паліцэйскі батальён, як лічылася дагэтуль, а дзірлевангераўцы. Па іншых матэрыялах, усё наадварот. Гэта сведчыць аб тым, што любы факт, які мы цяпер даследуем, не можа быць на сто працэнтаў адназначны. Доўгі час дакументы па Хатыні знаходзіліся на сакрэтным захоўванні, таму абвінавачваць гісторыкаў у «белых плямах», якія былі раней у гэтым пытанні, нельга.

А. Крыварот: — 118-ты паліцэйскі батальён пакінуў крывавы след не толькі ў Хатыні, а ўвогуле на тэрыторыі трох абласцей: Мінскай, Віцебскай і Баранавіцкай. Хатынь — найбольш трагічнае злачынства, здзейсненае гэтымі нелюдзямі. На тэрыторыю Лагойшчыны батальён трапіў у канцы 1942 — пачатку 1943 года. Яшчэ да Хатыні адбылося некалькі карных набегаў на вёскі: былі спалены хаты, забіты людзі. Нямала жудасных распраў падрадзяленне здзейсніла падчас карнай аперацыі «Котбус». Падчас прачэсвання лесу ў Налібоцкай пушчы байцы 118-га паліцэйскага батальёна выявілі зямлянкі з яўрэйскім насельніцтвам і закідалі іх гранатамі. Тых, хто ўцалеў (жанчыны і дзіця), расстралялі. Такіх злачынстваў у падраздзялення — не адзін дзясятак. Гэта былі паслугачы ў нацыстаў, якія пакорліва выконвалі іх загады. Аднак не трэба забываць, што ў расправе над хатынцамі ўдзельнічала і група Дзірлевангера.

А. Літвін: — Я хацеў бы падкрэсліць, што гэта была частка дзяржаўнай акупацыйнай палітыкі, распрацаванай нацысцкай партыяй за шмат гадоў да пачатку Другой сусветнай вайны. З яе пачаткам гэтая палітыка перакінулася на ўсе тыя краіны, якія захапілі немцы. Але ў дачыненні да Францыі, Галандыі, Нарвегіі, Югаславіі, Чэхаславакіі і Польшчы яна не праводзілася ў поўнай меры. У класічным выглядзе нацысцкая палітыка пачалася толькі з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. Гітлераўцы лічылі, што тут, на тэрыторыі Савецкага Саюза, можна рабіць усё. Уявіце: у Гомелі яшчэ знаходзіцца ЦК Кампартыі Беларусі (да канца жніўня 1941 года), а немцы, ужо пачынаючы з канца чэрвеня 1941-га, праводзяць карныя экспедыцыі, так званыя пацыфісцкія акцыі, на тэрыторыі заходніх абласцей Беларусі. І самай вялікай была аперацыя «Прыпяцкія балоты», якая з сярэдзіны ліпеня да канца жніўня 1941 года праводзілася ў два этапы. Была спалена вялізная колькасць вёсак, адпрацоўваліся планы вынішчэння яўрэйскага насельніцтва, барацьбы з пачаткам партызанскага руху. Гэта рабілася з першага дня вайны. Дакументы, якія сведчылі аб фактах генацыду, у снежні 1941 года трапілі да нашых ваеннаслужачых, часткова былі надрукаваны ў савецкім друку, перададзены ўсім замежным пасольствам — свет не мог паверыць, што такое магло быць. Такім чынам, палітыка масавага вынішчэння насельніцтва Беларусі пачала ажыццяўляцца яшчэ задоўга да таго, як з'явіліся вынікі партызанскай дзейнасці. Хаця, мяркуючы па справаздачах немцаў за ліпень 1941 года, яны змагаліся з партызанамі.

С. Шыкунец: — У гісторыі Хатыні сёння няма «белых плям». Гэта дакладна. У адрозненне ад сваіх апанентаў, якія ставяць пад сумненне гістарычныя факты, у тым ліку гісторыю знішчэння Хатыні, я спасылаюся на матэрыялы крымінальных спраў асуджаных: карнікаў, нямецкіх злачынцаў, іх памагатых. Ужо дайшло да таго, што асобныя таварышы ставяць пад сумненне існаванне такога чалавека, як Іосіф Камінскі.

Л. Ананіч: — Гэта акурат той выпадак, калі варта прымяняць Закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму».

С. Шыкунец: — Так і будзем рабіць. «Белых плям» няма! Усё вельмі дакладна расстаўлена па месцах. Зразумелая ў знішчэнні Хатыні роля калабарацыяністаў. Даказаны ўдзел у гэтай карнай акцыі 118-га паліцэйскага батальёна (украінскія калабарацыяністы), падраздзяленняў Дзірлевангера, куды таксама ўваходзілі грамадзяне Украіны. Гэтая сітуацыя сёння поўнасцю, па эпізодах, паказана ў матэрыялах крымінальнай справы: што з'явілася прычынай, чаму менавіта гэтыя падраздзяленні прыехалі сюды, як выйшлі на Хатынь, як спальвалі, хто стаяў у ачапленні. Дапытаны нават зяць Камінскага, які расказваў, як Іосіф прыйшоў з Хатыні ўвесь абгарэлы, брудны. Дапытаны і памагатыя фашыстаў — паліцаі. Па адной крымінальнай справе яны былі асуджаны разам з Васюрам, начальнікам штаба 118-га батальёна, а потым, адбыўшы пакаранне, выступалі сведкамі па крымінальнай справе беларускага калабарацыяніста Катрука.

Л. Ананіч: — Хатынь — гэта сімвал нашага болю, сімвал пакут і няскоранасці беларускага народа, сімвал адзіна правільнай пазіцыі краіны, якая годна ўвекавечыла (і працягвае гэта рабіць) памяць мільёнаў савецкіх грамадзян, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Навукоўцы, прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры палічылі колькасць спаленых вёсак, загінулых, вызначылі вінаватых у гэтых трагедыях. Але хіба ж да канца мы даведаемся пра тыя думкі, праклёны, якія несліся ў неба?...

— Сённяшнія падзеі ў свеце наглядна дэманструюць: гісторыя нічому не вучыць. Чаму з урокаў, дадзеных у гады нямецка-фашысцкай акупацыі, не зроблены высновы?

Л. Ананіч: — Дзякуючы Генеральнай пракуратуры, якая ініцыявала расследаванне генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, сёння ўся краіна ў гэтай тэме. Пасыл пайшоў ад самога жыцця. Што стала адбывацца на геапалітычным контуры? Мы бачым, што фальсіфікацыя гістарычнай памяці ўзята на ўзбраенне тымі, хто хацеў бы адмяніць праўду аб падзеях Другой сусветнай вайны, па-новаму перарабіць карту свету. Тое, што адбываўся генацыд беларускага народа, не ўкладваецца ў гэтыя геапалітычныя канцэпты, бо калі на Захадзе прызнаюць (а нам трэба дабіцца гэтага!), што гэта быў генацыд беларускага народа, яны не проста павінны выплаціць нам кампенсацыю, а на каленях паўзці і прасіць прабачэння. Ды яны на сто стагоддзяў наперад не расплацяцца, бо невымерная цана нашага болю! Замест гэтага мы бачым, што адбываецца. Там, на жаль, узраслі атрутныя неанацысцкія зярняты і даюць свой атрутны плён. Мы бачым гэта на прыкладзе падштурхоўвання вайны да апошняга ўкраінца. Толькі мудрасць беларускага народа і палітыка нашага Прэзідэнта ратуюць нас і, спадзяюся, будуць далей ратаваць ад таго, каб на нашай зямлі гэтае атрутнае насенне ніколі не магло ўзрасці.

А. Літвін: — Непасрэдна карныя аперацыі праводзіліся спецыяльнымі войскамі СС і паліцаямі, аднак, як сведчаць архіўныя дакументы, з 1941 да 1944 года ў іх бралі ўдзел і вайсковыя часці Вермахта, што дагэтуль на Захадзе ўсяляк імкнуцца адмаўляць. Па даных на 13 жніўня 1941 года, на акупаванай тэрыторыі Беларусі было знішчана 13 788 чалавек. У верасні — кастрычніку 1941 года на тэрыторыі Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай і Брэсцкай абласцей было праведзена яшчэ 10 аперацый, у выніку якіх, згодна са справаздачнымі дакументамі карнікаў, былі знішчаны яшчэ 7162 чалавекі. І гэта толькі пачатак вайны! Адначасова з аперацыяй «Прыпяцкія балоты» праводзілася спецыяльная аперацыя па высяленні насельніцтва і спальванні вёсак у Белавежскай пушчы. У ліпені — снежні 1941 года разам з жыхарамі былі знішчаны тры вёскі, якія не адноўлены пасля вайны, восем населеных пунктаў, якія пасля адрадзіліся, — усяго 896 двароў, 1447 чалавек з 4862 даваенных жыхароў гэтых вёсак. Дзевяць населеных пунктаў былі знішчаны з часткай насельніцтва, яны не адрадзіліся пасля вайны. Усяго, па даных кнігі «Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944)» і апошніх кніг, выдадзеных Генеральнай пракуратурай, падчас карных аперацый у 1941 годзе было знішчана 158 населеных пунктаў з 3933 жыхарамі. 138 населеных пунктаў былі знішчаны з часткай жыхароў, яны аднавіліся пасля вайны. Пры гэтым, мяркую, што не ўлічвалася яўрэйскае насельніцтва. У 1942 годзе ў сувязі з шырокім развіццём партызанскага руху гэтыя акцыі маюць масавы характар. Практычна заўсёды падчас правядзення карных аперацый супраць партызан выпальваліся вёскі, вынішчалася мірнае насельніцтва. Такімі рашучымі мерамі акупанты спадзяваліся, па-першае, знішчыць партызанскі рух, па-другое, выканаць свае планы вызвалення тэрыторыі і па знішчэнні насельніцтва.

А. Зельскі: — На цяперашні момант, па інфармацыі Генеральнай пракуратуры, у гады акупацыі на тэрыторыі Беларусі пацярпела звыш 10,5 тысячы сельскіх населеных пунктаў.

С. Шыкунец: — Расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд працягваецца, таму гэта яшчэ не канчатковая лічба. Аднак ужо зразумела: маштаб трагедыі нашмат большы, чым гэта лічылася раней. Дастаткова згадаць Трасцянец. Раней лічылася, што ў канцлагеры загінула 206 тысяч чалавек. Сёння мы адназначна заяўляем аб звыш паўмільёна загінулых. У працы знаходзіцца вялізны пласт архіўных дакументаў з Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, заканчваем вывучэнне крымінальных спраў у архівах КДБ. Гэта вельмі каштоўныя крыніцы інфармацыі, з якіх мы ў тым ліку даведваемся аб раней невядомых населеных пунктах, знішчаных акупантамі і іх памагатымі. Нас чакаюць дзясяткі тысяч крымінальных спраў, некаторыя з іх яшчэ знаходзяцца пад грыфам «сакрэтна». Адна з асноўных мэт — паказаць рэальны маштаб трагедыі. Шкоду, нанесеную нашай краіне акупантамі, дзяржаўная камісія палічыла: у золаце гэта больш як 43 тысячы тоны, або звыш 2 трыльёнаў у англійскіх фунтах.

Л. Ананіч: — Як нацыя, якая клапоціцца аб будучыні, мы павінны расставіць усе акцэнты менавіта ў гэты перыяд, калі адбываецца агрэсіўная атака на гістарычную памяць, калі так званы калектыўны Захад робіць усё дзеля таго, каб перапісаць гісторыю. І фактычна яе ўжо перапісалі: у музейных экспазіцыях, замацаваўшы ў канвенцыях і дактрынах, якія прымаюцца на еўрапейскіх пляцоўках. Міжнародная парламенцкая канферэнцыя па тэме Вялікай Перамогі, якую мы праводзілі ў мінулым годзе, паказала, што, на жаль, нават на постсавецкай прасторы не ўсе краіны аднолькава ставяцца цяпер да падзей мінулага. У нас жа, беларусаў, адказнасць перад судом гісторыі — захаваць праўду і памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Бо не раскажуць аб ёй ні дзеці, якія нават не нарадзіліся, ні партызаны, якія ўжо сышлі, ні салдаты, ні афіцэры — амаль ніхто ўжо не скажа. І сёння Беларусь гэтую праўду сведчыць, мы запісалі аб гэтым у Канстытуцыі, мы гэтую кнігу памяці адкрылі і не збіраемся яе закрываць. Яна заўсёды будзе ляжаць перад вачыма кожнага пакалення. Гэта наш стрыжань.

А. Зельскі: — Каб мы памяталі пра мінулае, каб не адбылося таго, што назіраем у некаторых краінах, у нас будуюцца і аднаўляюцца помнікі. Пра заходніх суседзяў я і казаць не хачу. Што граху хаваць, і ў нашых усходніх суседзяў назіраюцца некаторыя прабелы ў памяці. Прыязджаюць і здзіўляюцца, што ў Беларусі было гета.

— Мемарыяльны комплекс «Хатынь» кіраўніком дзяржавы быў аб'яўлены Усебеларускай маладзёжнай будоўляй. На тэрыторыі мемарыяла адбылася маштабная рэканструкцыя. Некаторыя жыхары Беларусі хвалююцца, ці захавае «Хатынь» свой першапачатковы выгляд, а галоўнае, той пасыл, які імкнуліся перадаць аўтары?

А. Зельскі: — Мемарыял захаваўся цалкам, ніхто не збіраўся яго перайначваць. Мемарыяльны комплекс «Хатынь» — помнік гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі. Гэта застаецца нязменным, таму ніхто не мяняў там ні літары, ні каменя. Рэканструкцыя завершана. Ці будзе там трэцяя чарга, рашэнне прыме Мінскі аблвыканкам. Што датычыцца мемарыяльнага комплексу, то і дах пуні, і пастамент Камінскага, і сама скульптура — ранейшыя. Усе пліты здымаліся, кожная шліфавалася, трэшчынкі шпакляваліся — у выніку ўсё вярталася на месца. Будаўнікі казалі, што танней было б пакласці ўсё новае, чым рамантаваць... Мемарыял прастаяў больш як 50 гадоў. Бетон ужо быў не той якасці, рассыпаўся зруб, які сімвалізаваў «дрэвы жыцця». Кепска выглядала лічба 186, патрэскаліся ўсе «Могілкі вёсак»... Каб прывесці ўсё ў прыстойны выгляд, была праведзена тытанічная праца. Гэта ж не класічны музей, калі экспазіцыя знаходзіцца пад дахам. Зіма-лета — зямля «дыхае»: усё гэта перакручвае бетонныя канструкцыі. Таму і было прынята рашэнне аднавіць мемарыял максімальна набліжана да таго, як было раней. Праўда, з'явіліся элементы, якіх дагэтуль не было. Перад пастаментам «Няскораны чалавек» паклалі брукаванку. Магу сказаць, што ў 1969 годзе колатага каменя там таксама не было: ляжалі пліты, пасля ўжо дадалі колаты камень. Большая частка яго засталася, але для перамяшчэння інвалідаў, якія ўвесь час скардзіліся, што не могуць даехаць да вечнага агню, з'явілася брукаванка.

Г. Левіна: — Для мяне рэканструкцыя «Хатыні» стала пазітыўным момантам, але ў той жа час і трывожным. Гэта акурат той выпадак, які пакажа, як у далейшым — прафесійна ці не — будуць адносіцца да рэстаўрацыі тых ці іншых мемарыялаў, што ўжо створаны. Гэта і Шунеўка, і Трасцянец, і Ала, і Боркі... Магчыма, «Звязда» правядзе наступны круглы стол, на якім можна будзе пагаварыць аб праблемах, якія існавалі пры рэстаўрацыйных работах у Хатыні, на іншых помніках. Мы павінны рыхтаваць людзей, якія б не проста прыехалі і пафарбавалі скульптуру, лаўку ці бардзюр у той ці іншы колер, а такіх спецыялістаў, якія будуць беражліва ставіцца да помнікаў, бо гэта і іх памяць. Мне здаецца, падчас рэканструкцыі «Хатыні» павінна было захавацца больш аўтэнтычных архітэктурных элементаў ці зарадзіцца ідэя — пакінуць квадратны метр колатага каменя, або адну ячэйку, бо гэта рабілі такія ж, як і вы (моладзь. — «Зв.»), толькі 50 гадоў таму. І, на мой погляд, гэта павінна захавацца, каб была пераемнасць і ў вывучэнні, і ў дакументаванні нашай гісторыі. Чаму гэта важна? Беларусь, як ні адна краіна, на высокім мастацкім, асэнсавана творчым узроўні расказала аб трагедыі на акупаванай тэрыторыі. Так гаворым не мы — гэта прызнана сусветнай супольнасцю. Мы павінны працягваць гэта рабіць: новыя даныя, у тым ліку вызначаныя Генеральнай пракуратурай падчас расследавання, будуць даваць новыя тэмы для аповеду — а значыць, і мемарыялізацыі.

А. Зельскі: — Сярод журналістаў распаўсюджана думка, што «Хатынь» дапамагала будаваць уся краіна ў той перыяд, калі гэта адбывалася. Хачу падкрэсліць, што «Хатынь» стваралася на сродкі БССР. Ніхто не рэкламаваў «Хатынь» як нейкі мемарыял. Безумоўна, нешта прывозілі і з Расіі, Украіны: у нас няма свайго граніту, мармуру. Але гэта ўсё закуплялася за сродкі бюджэту, народа. Як тады гэта быў народны мемарыял, бо ўсё будавалася за народныя грошы, так і сёння, як сказаў Аляксандр Рыгоравіч, усё аднаўляецца за народную капейку. Уся Беларусь аднаўляе Хатынь.

П. Алекса: — Кіраўнік дзяржавы падтрымаў ініцыятыву моладзі па аб'яўленні рэканструкцыі мемарыяла Усебеларускай маладзёжнай будоўляй. Працуючы ў Хатыні, моладзь перажывала тыя пачуцці, тыя сэнсы, якія ўвогуле закладваюцца мемарыяльным комплексам. Гэта і ёсць асноўная сутнасць нашай працы. Яна вымяраецца нават не тым аб'ёмам пакладзенай цэглы, а ў гэтай выхаваўчай дзейнасці, што была праведзена з моладдзю. Маладыя людзі працавалі непасрэдна на рэканструкцыі «Могілак вёсак», на будоўлі музея, дзе было задзейнічана звыш паўтары тысячы чалавек. Сярод іх былі і маладыя хлопцы, дзяўчаты з будаўнічых атрадаў з усёй краіны. Таксама ў працоўных акцыях удзельнічалі і студэнты з Расійскай Федэрацыі. Амаль кожны тыдзень у Хатынь выязджала моладзь, у тым ліку ўдзельнічала ў суботніках, іншых акцыях па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Першым там заўсёды быў наш лідар Аляксандр Лук'янаў, які разам з моладдзю браў удзел у гэтай працы. Паклапаціліся мы і пра тое, каб сучаснай моладзі было цікава наведваць Хатынь: у кантэксце праекта БРСМ «Лічбавая зорка» прымацавалі металічную таблічку з QR-кодам, сканіраваўшы які можна прачытаць пэўную інфармацыю. Матэрыялы, фотаздымкі адлюстроўваюць, як той ці іншы элемент мемарыяла выглядаў да рэканструкцыі. Безумоўна, самай яркай кропкай у абноўленым мемарыяльным комплексе стане музей.

А. Зельскі: — Ідэя старая, не намі прыдуманая. Яшчэ ў 1969 годзе пастановай ЦК КПБ было прынята рашэнне аб пабудове на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу музея. Шмат яшчэ якія аб'екты павінны былі з'явіцца ў Хатыні, але, як гэта часта бывае, нешта пайшло не так: многае адкладалася ў доўгую скрыню, пра што з часам забыліся. Дзякуй Богу, 16 красавіка, падчас рэспубліканскага суботніка, было прынята рашэнне пабудаваць новы музей, экспазіцыя якога памяняе светапогляд любога чалавека, які прыедзе ў Хатынь. Гэта было патрэбна, бо адышлі тыя пакаленні, якія памятаюць мінулыя падзеі, для якіх тая вайна — гэта боль. Для нас з вамі тая вайна — гэта боль, але ўжо для нашых дзяцей, прабачце, не ўпэўнены. Што для нас з вамі сёння значыць вайна 1812 года? А яна, між іншым, забрала кожнага чацвёртага жыхара Беларусі.

П. Алекса: — Падзеі ранейшых войнаў не ўспрымаюцца моладдзю, бо няма яркіх прыкладаў. Што датычыцца апошняй вайны, ёсць і прыклады, і помнікі. Аднак ці заўсёды пры аповедзе аб падзеях Вялікай Айчыннай выкарыстоўваюцца тыя формы работы, якія патрабуюць адэкватнага ўспрымання моладдзю? Спадзяёмся, што музей раскажа аб вайне падрастаючаму пакаленню даступна і зразумела.

Л. Ананіч: — Хочацца спадзявацца, што ў абноўлены мемарыяльны комплекс «Хатынь» зноў паедуць чароды экскурсій. Калі мы рыхтавалі ў 2021 годзе парламенцкую канферэнцыю па гістарычнай памяці, на вялікі жаль, адчулі: патрэбна ўзмацняць патрыятычнае выхаванне, у тым ліку і праз наведванне мемарыяльных аб'ектаў. Нашы школьнікі не бываюць у мемарыялах і музеях у тым аб'ёме, як хацелася б. Калі дзіця за час навучання ў школе не наведала Брэсцкую крэпасць, Хатынь, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, яно не атрымае тое, што павінен атрымаць кожны грамадзянін сваёй краіны. Калі людзі, адвучыўшыся пяць гадоў у ВНУ, не пабывалі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, то гэта пытанне і да нашых маладзёжных арганізацый. Чаму яны не дастукаліся да гэтага студэнта, які за пяць гадоў не знайшоў дарогу, якую трэба было знайсці?

— Трагедыя Хатыні і іншых населеных пунктаў — несуцішны боль усіх беларусаў. Без гэтай старонкі гісторыі выхоўваць сучаснае пакаленне проста немагчыма. Як гэта рабіць у сённяшніх рэаліях?

Л. Ананіч: — Гэтую тэму трэба працягваць даследаваць. У тэму Вялікай Айчыннай вайны павінны прыйсці маладыя навукоўцы, якія павінны самі перагарнуць гэтыя старонкі. Калі мы гэты фундаментальны стрыжань, нашу фундаментальную каштоўнасць цяпер не ўмацуем — новымі даследаваннямі, расследаваннем, мемарыяламі, расстаўленнем акцэнтаў і прыцягненнем да адказнасці, — то гэтага ніхто не зробіць да нас. Няхай яны ўжо сышлі, але імёны здраднікаў павінны быць засведчаны ў чорнай кнізе гістарычнай памяці. А ў белай кнізе павінны быць адлюстраваны героіка і боль — гэта наша святая памяць. І самае важнае, што сёння мы зрабілі тыя крокі, якія ніхто не ажыццявіў на постсавецкай прасторы. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь мы першыя напісалі аб тым, што дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны (артыкул 15), што захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, патрыятызм з'яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь (артыкул 54). Мы прынялі спецыяльныя законы мемарыяльнага заканадаўства: законы «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» і «Аб генацыдзе беларускага народа», якія таксама працуюць на справу захавання гістарычнай праўды і памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.

Г. Левіна: — Памяць — з'ява комплексная. Гэта работа не толькі гісторыкаў, выкладчыкаў, пракуратуры, дзяржавы. У яе фарміраванні задзейнічана ўсё грамадства. І, вядома, вельмі важна, як у гэтай сістэме працуюць прафесійныя гісторыкі, улада, пракуратура, журналісты і архітэктары, творчыя людзі. Бо калі мы гаворым, што мемарыял у Хатыні адкрыў свету, што адбылося на акупаванай тэрыторыі Беларусі, то разумеем, што трэба было знайсці такія словы, каб расказаць аб трагедыі беларускага народа архітэктурай. Цяпер вельмі важна, каб не толькі гісторыкі і супрацоўнікі Генеральнай пракуратуры, якія робяць каласальную работу, а ўся грамадская супольнасць — тыя, хто працуе ў кінематаграфіі, літаратары, у архітэктуры, мастацтве, — разумелі, як важна шукаць словы, кожны ў сваёй галіне, і расказваць аб вайне. Нефармальнымі словамі распавядаць аб гісторыі канкрэтнага месца. Такія персанальныя гісторыі патрэбны і тым, хто жыве ў гэтых населеных пунктах. Яны захоўваюць гэтую памяць, і грамадства павінна дапамагаць ім гэта рабіць.

А. Літвін: — Вы звярнулі ўвагу на вельмі важнае пытанне, якое можна назваць культурай гістарычнай памяці. Можа так здарыцца, што мы скіруем усе акцэнты на музей, а патрэбна, каб у кожным раёне ў эпіцэнтры ўвагі знаходзілася свая «міні-Хатынь». Пры гэтым важна выпрацоўваць сучасныя падыходы культуры памяці з улікам таго, што нашы дзеці і ўнукі глядзяць на тыя падзеі зусім па-іншаму. Органы, якія займаюцца выхаваннем моладзі, павінны ўлічваць усе ноу-хау, якія ідуць ад жыцця.

Л. Ананіч: — Усё гэта ўжо сёння працуе. Па прапанове Генеральнай пракуратуры ў кожным раёне з'явіліся экспазіцыі па генацыдзе беларускага народа, якія занялі цэнтральнае месца ў музеях. Вядома, ноу-хау маюць значэнне, але ні адзін мультымедыйны кантэнт не заменіць гучанне звана ў Хатыні. Там, у гэтай цішыні, пасярод зімы або падчас асляпляльнага летняга сонца, гэты гук разрывае сэрца. Адначасова чалавек не даедзе ўсюды, але, пабываўшы тут, ён убачыць увесь маштаб трагедыі беларусаў. Мы ведаем, якія моцныя ўражанні пакідае наведванне такіх месцаў. Гэта на ўсё жыццё. Вельмі правільным было рашэнне нашага Прэзідэнта абнавіць мемарыяльны комплекс у Хатыні. Там усё было добра па сутнасці, але час наклаў свой адбітак. Гэта кранальны аб'ект нашай памяці: ты судакранаешся і разумееш, што тут застыла жыццё, тут — вечнасць.

А. Крыварот: — Хатынь — гэта вароты, якія адчыніліся ў 1969 годзе ў свет генацыду, які быў на беларускай зямлі. Да 1969-га тыя жахлівыя падзеі пачалі забываць. Таму тое, што цяпер робіць Генеральная пракуратура і гісторыкі (дарэчы, з усіх рэгіёнаў), многае значыць. Трэба звярнуць увагу акурат на тыя населеныя пункты, якія мы адкрылі грамадскасці. Расказваць нават пра хутары. Ёсць выпадкі, калі ў адной хаце спалілі дзясяткі людзей. Правільна была выбрана стратэгія — паказаць усе населеныя пункты, дзе была спалена хоць адна хата, забіты хоць адзін чалавек.

Л. Ананіч: — І не толькі ў мультымедыйным варыянце паказаць гэтыя вёскі, а там, дзе ёсць магчымасць, усталяваць помнікі, няхай сціплыя, куды можна пакласці кветкі. Напрыклад, у вёсцы Дунаі Лагойскага раёна, дзе былі спалены мае родныя, знаходзілася толькі іх магіла з помнікам, побач яшчэ ёсць пахаванні — усяго ўвекавечана пяць прозвішчаў. У акце спаленай вёскі — 39. І нідзе не было пазначана, што тут знаходзілася спаленая вёска. Неабходна, каб на ўзроўні раённых выканаўчых камітэтаў паглядзелі на гэтую тэму, каб не абмяжоўваліся толькі стварэннем мультымедыйнай экспазіцыі і электроннай карты знішчаных населеных пунктаў. Устанавіць прыродны камень з шыльдай, якая ўказвае, што тут была спалена вёска, — ужо добра. Гэта не такія вялікія сродкі. І тут павінен быць не толькі клопат дзяржавы, але і ўвага грамадскасці. Трэба, каб было куды прыйсці і пакланіцца святой памяці людзей, бо, на вялікі жаль, пакаленне адыходзіць, і калі мы не будзем ведаць, дзе знаходзілася тая ці іншая вёска, то будзем хадзіць па касцях...

А. Крыварот: — І такая праца павінна праводзіцца не толькі ў адносінах да неадноўленых вёсак, але і да тых, якія адрадзіліся. Напрыклад, аб маштабах трагедыі вёскі Дзмітравічы Бярэзінскага раёна, дзе я нарадзіўся, даведаўся зусім нядаўна, калі займаўся даследаваннем архіўных дакументаў. У населеным пункце, які з'яўляецца цэнтрам сельсавета, падчас нямецкай акупацыі было разбурана 70 % дамоў, забіты 32 жыхары.

С. Шыкунец: — Дзякуючы дакументам, нашы веды аб ваенным перыядзе дапаўняюцца. Да пачатку расследавання гаварылася аб больш як 140 карных аперацыях, якія на нашай тэрыторыі праводзілі нацысты. Цяпер аперыруем лічбай не менш як 220: аб малавядомых акцыях знішчэння мірнага насельніцтва раскажам у нашай трэцяй кнізе «Генацыд беларускага народа. Карныя аперацыі». Першая кніга «Генацыд беларускага народа» агульнага характару, другая — «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці». І тут падобная сітуацыя. Паводле рэспубліканскага даведніка, на тэрыторыі БССР існавала 490 месцаў масавага ўтрымання і знішчэння насельніцтва: гэта лагеры смерці, канцэнтрацыйныя лагеры, працоўныя, гета, лагеры на пярэднім краі абароны і інш. Цяпер мы заяўляем аб звыш 90 новых месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва, якія раней былі невядомыя. Тое, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны трэці жыхар Беларусі, — гэта ўжо дакладна.


Меркаванне

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА:

— У гісторыі кожнага народа ёсць свае месцы сілы, смутку і памяці. Для беларусаў адным з такіх у ХХ стагоддзі стала Хатынь. 80 гадоў таму ў беларускай глыбінцы быў на практыцы рэалізаваны акт стварэння «свету, заснаванага на правілах» па еўрапейскіх канонах. 22 сакавіка 1943 года ў Хатыні былі жыўцом спалены 149 жыхароў, з якіх 75 дзеці. Пад выглядам прасоўвання «цывілізацыі» і «парадку» на савецкай тэрыторыі ажыццяўляўся генацыд народа, а жыццё нашых продкаў, «расава непаўнавартасных» па фашысцкай кваліфікацыі, рэальна нічога не каштавала. Лёс Хатыні падзялілі 216 беларускіх населеных пунктаў.

Сёння «цывілізаваны» Захад практычна перапісаў гісторыю, па-майстэрску жангліруючы паняццямі і фактамі адмежаваўся ад цёмнага мінулага, актыўна прасоўваючы ідэю «абароны дэмакратычных каштоўнасцяў». 

У гэтую канцэпцыю добра ўкладаюцца адраджальныя прынцыпы нацыяналізму, якія робяцца абавязковым атрыбутам сучаснай палітыкі. Спадчыннікі фашыстаў, не саромеючыся, выкарыстоўваюць ідэалагічныя ўстаноўкі сваіх папярэднікаў, трансфармуюць грамадскую і індывідуальную свядомасці, песцяць ідэі ўласнай выключнасці і перавагі, практычна рэалізоўваюць рэваншысцкія праекты. Чарговы раз робяцца спробы пашырэння «жыццёвай прасторы» і «справядлівага пераразмеркавання рэсурсаў». Як і дзесяцігоддзі таму, мірных жыхароў забіваюць «цывілізаваныя» прадстаўнікі Заходняга свету, а на іх уніформе зноў фашысцкая сімволіка. Сёння карычневая чума — гэта не літаратурная алегорыя, а рэальнасць нашага часу.

Беларусь, якая стала арэнай генацыду і страціла кожнага трэцяга ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ніколі не змірыцца з адраджэннем фашызму і яго ідэалогіі ў любых формах. Мільёны мірных жыхароў былі знішчаны гітлераўцамі і іх памагатымі, а дэмаграфічныя страты Беларусі не ўдалося аднавіць да гэтага часу. У нашай краіне няма месца забыццю, блюзнерству і рэвізіі гісторыі. Жыць на сваёй зямлі, абараняць яе і свае ідэалы, гадаваць дзяцей і берагчы гістарычную памяць — запавет продкаў нам, сучаснаму пакаленню. Памятаць і не дапусціць паўтарэння, спыніць фашызм і захаваць сваю ідэнтычнасць заклікаюць нас званы Хатыні.

Вераніка КАНЮТА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.