Вы тут

Канферэнцыя для падлеткаў UNICEF Talks пройдзе 11 снежня


Беларускіх цінэйджэраў чакаюць лекцыі псіхолагаў, інтэрактыўныя квізы і шчырыя размовы пра псіхалагічнае здароўе. Арганізатар мерапрыемства Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЭФ) у Беларусі хоча патлумачыць падлеткам, што звяртацца па дапамогу — гэта нармальна. Ім абяцаюць расказаць, як і дзе гэтую дапамогу можна знайсці. У прыватнасці, на платформе talk2ok.by, дзе хлопцы і дзяўчаты могуць атрымаць бясплатную і канфідэнцыйную кансультацыю псіхолага і падтрымку аднагодкаў.


Канферэнцыя мае на мэце падкрэсліць важнасць клопату не толькі пра фізічнае, але і псіхалагічнае здароўе падлеткаў. Яны — асабліва ўразлівая катэгорыя, паколькі ў гэты час пастаянна адбываюцца змены як іх асяроддзя (выпуск са школы, іспыты, паступленне ў каледж), так і ўласнага цела. Калі побач ёсць падтрымка значных для падлеткаў дарослых (бацькі, трэнер, настаўнік, сваякі), — гэта добра. Аднак калі такіх людзей няма, то нармальна звярнуцца за парадай да псіхолага, запэўніваюць у арганізацыі:

— Падлеткі часта сутыкаюцца з псіхалагічнымі праблемамі, і некаторым з іх асабліва цяжка. Як сведчаць даследаванні 2018 года, 26 % моладзі ад 14 да 19 гадоў маюць суіцыдальныя думкі, а ў 18 % моладзі назіраюцца дэпрэсіўныя сімптомы. Вельмі важна, каб падлеткі, звяртаючыся па псіхалагічную дапамогу, не баяліся, што з іх будуць насміхацца аднагодкі ці ганьбаваць дарослыя. Патрэбна глабальная перабудова ўсёй работы з псіхічным здароўем чалавека. Неабходна ўцягваць у гэтую работу не толькі саму моладзь, але і бацькоў з настаўнікамі.

На канферэнцыі выступяць практыкуючыя псіхолагі, якія раскажуць пра псіхалагічнае здароўе і парэкамендуюць, як яго падтрымліваць і захоўваць раўнавагу. Пра ўпэўненасць у сабе, хлопцы і дзяўчаты змогуць пагаварыць, напрыклад, з акцёрам Ягорам Сізавым і дзіцячым псіхолагам Галінай Швец. А са стылістам Ліліяй Рыхтэр і псіхолагам Вікторыяй Крачко — абмеркаваць, як перастаць перажываць з-за знешнасці. Папулярны блогер Улад Кабякоў падзеліцца сваёй гісторыяй, як ён пераадольвае цяжкасці і клапоціцца пра сваё псіхалагічнае здароўе.

Падчас мерапрыемства падлеткам раскажуць таксама пра новую платформу talk2ok.by, якую па восені арганізацыя ЮНІСЭФ запусціла сумесна з экспертамі Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі БДПУ. 

Уваход на канферэнцыю вольны. Аднак колькасць месцаў абмежаваная, таму лепш загадзя зарэгістравацца. Будынак, дзе пройдзе канферэнцыя, абсталяваны таксама і для ўваходу людзей з абмежаванымі магчымасцямі. 

Арганізатары канферэнцыі лічаць, што змены неабходныя ў чатырох абласцях, якія могуць найбольш паўплываць на псіхічнае здароўе дзяцей і падлеткаў. Гэта выдзяленне фінансавання на праграмы па ахове псіхалагічнага здароўя. Прасоўванне бацькоўскіх і сямейных практык, скіраваных на пазітыўнае выхаванне і падтрымку псіхалагічнага дабрабыту бацькоў і апекуноў. Развіццё дружалюбнага і падтрымліваючага асяроддзя ў школах і доступу да паслуг псіхалагічнай дапамогі ў навучальных установах. Змена стаўлення грамадства да пытанняў псіхалагічнага здароўя і барацьба з дыскрымінацыяй.

А ў лістападзе падлеткі сустракаліся з бізнесменамі

У лістападзе ЮНІСЭФ ужо ладзіла для падлеткаў сустрэчу з прадстаўнікамі бізнес-суполкі. Тады моладзь падзялілася сваімі думкамі наконт таго, чаго яна чакае ад бізнесу і якім бачыць ідэальнага працадаўцу. Цінэйджэры таксама далі бізнесменам рэкамендацыі па існуючых сервісах і прадуктах адносна іх даступнасці для людзей з інваліднасцю і дружалюбнасці маркетынгу да падлеткаў.

Арганізатары сустрэчы адзначылі, што для іх вельмі важна, каб меркаванне моладзі Беларусі ўлічвалася ў распрацоўцы рашэнняў па такіх пытаннях, як адукацыя, экалогія, псіхічнае здароўе і вядзенне бізнесу. У ЮНІСЭФ падкрэслілі, што праз 10-15 гадоў менавіта сённяшнія дзеці і падлеткі будуць прымаць важныя рашэнні ў краіне, а некаторыя — самі будуць развіваць прыватны сектар, таму іх цяперашнія галасы — вельмі каштоўны рэсурс.

— Мы хочам наладзіць дыялог паміж маладымі людзьмі і бізнесам, каб прадстаўнікі апошняга пачулі, што хвалюе моладзь, і ўлічылі гэта ў сваёй рабоце. Асабліва важна, каб бізнес ведаў і разумеў праблемы найбольш уразлівых катэгорый: дзяцей з інваліднасцю, тых, хто застаўся без апекі бацькоў, бежанцаў, — адзначыў прадстаўнік ЮНІСЭФ у Беларусі Рустам Хайдараў.

Падчас сустрэчы беларуская моладзь цікавілася, якія якасці прадстаўнікі бізнесу цэняць у работніках, і якія ў падлеткаў ёсць магчымасці для супрацоўніцтва з бізнесам. Ці ёсць перспектывы ў дзяўчат і юнакоў без вопыту работы. Пыталіся і пра магчымасці дапамогі з боку бізнесу з працаўладкаваннем і адаптацыяй маладым людзям з інваліднасцю. Арганізатары мерапрыемства запэўнілі, што ўсе рэкамендацыі для бізнесу будуць прынятыя да ўвагі, а некаторыя, магчыма, і рэалізаваны на практыцы.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.