Вы тут

Рагозна: трагедыя ў трох актах


Жыццё нярэдка параўноўваюць з тэатрам, у якім ёсць месца і камедыі, і трагедыі. Але калі на падмостках забіты герой заўсёды ўзнімецца пасля смяротнага ўдару, дык у сапраўднасці абарваную повязь жыцця больш не аднавіць. Хіба праз успаміны сведкаў паспрабаваць уявіць акты жыццёвай драмы, а потым захоўваць памяць на старонках кніг ці ў кінастужках, перадаваць яе з вуснаў у вусны новым пакаленням...


Акт ІСмерць на Раство

Лёс нярэдка зводзіць з цікавымі людзьмі — носьбітамі карысных, часам вельмі нялёгкіх успамінаў. Гэткім стаў аднойчы рагазнянец Уладзімір Кірылавіч Верамяюк. Ён прыйшоў на свет яшчэ да вайны, «на Дзям'янава свята», а ў святую купель з малітвай і блаславеннем на дзень Уладзіміра Хрысціцеля акунуў нованароджанага настаяцель Рагазнянскай царквы святар Мікалай Міхалоўскі, якому пазней было наканавана прыняць пакутніцкую смерць. Тады ж, улетку 1936 года, калі Алена Верамяюк падаравала мужу сына, яшчэ ніхто не ведаў, што хутка вайна перакрэсліць мір, знішчыць многае і многіх.

Жылі Верамеюкі, як многія на сяле, не надта багата. Аленін бацька, Іван Банецкі (па-вясковаму — Ясь), быў парабкам у пана. Каб крыху зарабіць грошай, бедаку даводзілася пасвіць панскіх гусей ды свіней. Яго жыццё абарвалася трагічна на каталіцкае Раство 1942 года, калі карнікі забівалі жыхароў кобрынскай вёскі Ушкавіцы.

Папярэдне ўсіх сагналі ў хлеў на расправу. Ды прыехаў афіцэр-мадзьяр, даў загад выпусціць жанчын, а вось да 1,5 дзясятка мужчын літасці ён не праявіў. Карнікі куляў не шкадавалі. Дзве з іх трапілі ў Ясевы грудзі, яшчэ адна ўпілася ў цела, калі дабівалі.

У чым жа была прычына таго зладзейства? Напярэдадні шыканаўцы, як часам звалі партызан Старасельскага атрада, якіх узначальваў лейтэнант Чырвонай арміі Сяргей Шыканаў, абстралялі на шашы Брэст — Масква нямецкія грузавікі. Гэта раз'юшыла акупантаў. Хоць і было вялікае свята, яны схапілі мірных людзей і пралілі бязвінную кроў. Двухногія драпежнікі не давалі хаваць забітых, шукалі родзічаў, каб і з імі паквітацца. Вяскоўцы збеглі ў лес, а хаты іх спалілі ўшчэнт.

Зімняй ноччу Валодзя разам з татам, матуляй і 14-гадовай цёткай Зосяй паехаў на фурманцы на месца, дзе ляжаў забіты дзед. Паклалі на драбіны сена, каб схаваць цела. Пад покрывам ночы дарослыя неслі з поля на радне забітага Івана, а шасцігадовы хлопчык трымаў каня. Хоць і жудасна было, але ж роднага патрэбна было пахаваць па-людску. Ехалі праз Хадасы, дзе ў школе месцілася ваха — нямецкі блокпост. Сярод марознай ночы гучаў патэфон, у школе гарэла святло, а побач стаяў ля шлагбаума вартавы.

— Жанчыны злезлі з воза і рушылі навакольнымі дарогамі, бо баяліся, каб іх не забралі немцы, — успамінаў праз дзесяцігоддзі Уладзімір Кірылавіч. — Тыя абшукалі фурманку, патыкалі шомпалам у сена, ды не знайшлі цела. Мне немец даў кухталя, нешта прашвэргатаў ды адпусціў. Калі з боку балота вярнуліся жанчыны, даехалі да рагазнянскіх могілак, дзе без усялякай труны патаемна закапалі дзедава цела. Перад гэтым знялі з яго ялавыя высокія боты: шкада было закопваць рэч, вырабленую добрым майстрам, — трэба ж было і бацьку ў нечым хадзіць...

Верамеюкі нездарма асцярожна абміналі хадасоўскую ваху: цудоўна памяталі, як яшчэ восенню сорак другога тут знішчылі сотні яўрэяў. Тыя брукавалі частку дарогі з Брэста на Кобрын. Лагер абнеслі калючым дротам, паставілі кулямётчыка «пасвіць» работнікаў. Як скончыліся справы — прыйшоў час расправы. Ахвяры адчулі, што назаўтра не пабачаць сонца. Рвалі рукамі грошы — злотыя, даляры, рублі: толькі б забойцам не дасталіся. Жанчыны нават хавалі залатыя рэчы ў інтымныя месцы. Ды каты былі спрактыкаваныя — праверылі на гінекалогію, усё выграблі. Загадалі капаць роў. Перад расстрэлам усіх распранулі і падзялілі «па гендарным прынцыпе».

Усіх паклалі чэргі. Людзі, як скошанае сена, пасыпаліся ў брацкую магілу, выкапаную ўласнаручна, а забойцы буднічна ўпісалі ў справаздачу: расстралялі 461 яўрэя.

Хоць і было боязна, але Верамеюкі, як і многія рагазнянцы, падтрымлівалі сувязь з партызанамі.

— Мая матуля Алена Іванаўна была добрай швачкай, — прыгадваў сведка. — Яна карысталася машынкай «Зінгер», падоранай панам Станіславам Лясотам. З яго сынамі Казікам і Францішкам, якіх па-вясковаму звалі лясацюковымі дзецьмі, мама хадзіла ў Рагазнянскую школу. Яна была старэйшаю за хлопцаў і дапамагала ім вучыцца, за тое пан і аддзячыў. Калі ў сямнаццаць гадоў матуля ішла замуж, Лясота прывёз ёй з Варшавы ў падарунак гэтую машынку.

Аднаго разу ў Верамеюкову хату пагрукалі сярод ночы. Завітаў сам партызанскі камандзір Сяргей Шыканаў, які папрасіў гаспадыню, каб тая пацыравала яго скуранку. Праз тыдзень куртку забралі. З таго часу народныя мсціўцы нярэдка прыходзілі і прыносілі даматканае палатно, і Алена шыла ім плашчы, патрэбныя ў лесе, асабліва ў непагадзь.

— Тады прозвішча Шыканава мы не ведалі, затое зналі ўмоўны сігнал: сувязныя асцярожна грукалі ў акенца і прамаўлялі: «Прыйшоў эСэС». Хоць і жылі мы пасярэдзіне сяла, ды меўся скразны праход да лесу, ім партызаны і карысталіся.

Акт ІІ. Галгофа айца Мікалая

Аднойчы ў архіве адшукаў згадку, што майго дзядзьку Паўла Мацвеевіча Бензерука, як і Уладзіміра Верамеюка, хрысціў рагазнянскі настаяцель Мікалай Міхалоўскі. Таму расповед пра яго — частка сямейнай гісторыі.

У людской памяці айцец Мікалай і сёння застаецца чалавекам сумленным і высакародным. Старажылы згадваюць, што бацюшка рабіў усё магчымае, каб рагазнянцы далучаліся да духоўных каштоўнасцяў і галоўных хрысціянскіх запаветаў. Ягонай місіяй на зямлі стала сцвярджэнне дабра, чуласці, духоўнай чысціні. Свяшчэннік хацеў, каб не было паміж людзьмі карыслівай нязгоды. Ён клапаціўся, каб адчай не кранаў людскія сэрцы, а бяда не валодала іх жыццём і марамі. Усё змяніла вайна.

Сорак трэці год прынёс гора ў сям'ю Міхалоўскіх. І нават не адно...

Спачатку памёр айцец Іаан Сярветнік, муж роднай сястры айца Мікалая. Ён служыў у Крупчыцкім храме, а жыў у Чаравачыцах Кобрынскага раёна, на другім баку ракі Трасцяніца. Вясной, падчас паводкі, святар спяшаўся ў свой храм і пераплыў раку. Адслужыў малебен і раптам адчуў вялікі жар. Айцец Іаан захварэў і ўжо не адышоў ад хваробы, што звяло не старога яшчэ чалавека ў магілу. Пасля гэтай смерці Мікалай Міхалоўскі нядоўгі час служыў яшчэ і ў Крупчыцах.

Аднак не паспела загаіцца першая рана, як з'явіліся іншыя. Аляксандр, малодшы брат матушкі Ксеніі, падтрымліваў сувязі з партызанамі. Аднойчы, калі ён перавозіў народных мсціўцаў, быў затрыманы паліцаямі і забіты на месцы.

Неўзабаве пачалі збірацца чорныя хмары і над галавой самога айца Мікалая. Мужны святар таксама даўно быў звязаны з партызанамі. Міхалоўскі да апошніх хвілін заставаўся сумленным, справядлівым і набожным чалавекам. Каб пазбегнуць рабаванняў храма, у рагазнянскага святара хапіла смеласці вынесці царкоўны звон, малітоўныя кнігі і святыя абразы. Усё гэта ён перадаў настаяцелю Свята-Пакроўскага храма ў Жабінцы, які схаваў каштоўныя рэчы.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны айцец Мікалай адкрыта заклікаў вернікаў маліцца пра перамогу дабра над злом. І кожнаму было зразумела, дзе цемень, дзе святло. Святар ведаў пра здзекі гітлераўцаў з мірных людзей, бачыў, як акупанты «гаспадарылі» — рабавалі, прымушалі вяскоўцаў жыць пад страхам і прымусам. Захопнікі не ўтойвалі сваёй антыхрысціянскай сутнасці: праз некаторы час Свята-Крыжаўзвіжанскі храм, дзе служыў айцец Мікалай, нацысты ператварылі ў салдацкую казарму, апаганілі царкоўныя святыні. Менавіта тады свяшчэннік прыняў рашэнне дапамагаць народным мсціўцам у іх барацьбе. Рызыкуючы жыццём, бацюшка перадаваў у Старасельскі атрад прадукты, медыкаменты, зброю.

Айцец Мікалай не ведаў, што за ім пастаянна сочыць пільнае вока солтыса (вясковага старасты). Аднойчы, калі мужны святар чарговы раз вёз «гасцінцы» партызанам, яго вазок спынілі немцы і знайшлі схаваныя гранаты.

Адзіная дачка айца Мікалая Галіна Крываручка з жахам успамінала, якія здзекі чынілі каты з яе бацькі. На допытах яму выкручвалі ногі, падвешвалі на аконную рашотку храма і білі, білі, білі да паўсмерці, пераламалі святару пальцы, якімі той хрысціўся, а затым падвесілі да столі нагамі ўверх. Гвалт не прынёс карысці: прызнанні з вуснаў пакутніка так і не прагучалі. Калі гітлераўцы зразумелі, што айцец Мікалай нічога не скажа, яны пайшлі на страшнае злачынства.

На календары было 27 верасня 1943 года — вялікае свята Узвіжання Жыватворнага Крыжа Гасподняга. У такі дзень настаяцель павінен быў служыць прастольнае свята. Аднак усё было зусім інакш: у цемені каты прымусілі святара капаць сабе магілу паблізу Крыжаўзвіжанскага храма. У той яміне, хаваючы страшныя сляды, і закапалі яшчэ жывога чалавека. Зрабілі гэта тайна, пад покрывам халоднай восеньскай ночы.

Наступнай раніцай карнікі ўварваліся да Міхалоўскіх. Чужынцы выкінулі на двор матушку Ксенію з Галяй, абрабавалі хату, забралі пажыткі, багатую бібліятэку, а затым падпалілі пабудову, кінуўшы праз акно гранату. Кіравалі гэтым крайсляндвірт (раённы начальнік сельгасаддзела) Гельмут Шалей і афіцэр жандармерыі Ота Шрат.

Неўзабаве пасля гэтых падзей знік у агні і храм, у якім больш за пятнаццаць гадоў служыў Міхалоўскі. Полымя ўзнялося вышэй за царкоўны купал. Драўляны будынак шугануў, быццам грамнічная свечка, і за лічаныя хвіліны храм ператварыўся ў чорныя галавешкі, а хуткі вецер рассыпаў па наваколлі іскры ды шэры попел...

Пасля вызвалення на раней акупаваных землях пачала дзейнічаць Надзвычайная дзяржаўная камісія. Яна высвятляла, які ўрон прынеслі краю нямецка-фашысцкія захопнікі. Сярод матэрыялаў, сабраных па Жабінкаўскім раёне, у раздзеле «Замучаныя» значыцца адзіны праваслаўны святар — Мікалай Іванавіч Міхалоўскі, які годна нёс свой пакутніцкі крыж.

Акт ІІІ. Жоўтая і чырвоная ракеты

Што было далей, прыгадвае Уладзімір Верамеюк. Яго сям'я жыла ў бясконцай трывозе. Праз год, амаль дзень у дзень пасля гібелі дзеда, здарылася новая бяда.

...На самым памежжы ХХ і ХХІ стагоддзяў у сталічным выдавецтве выйшла кніга «Памяць», прысвечаная мінуламу Жабінкаўшчыны. У ёй — звесткі пра пяць рагазнянцаў, закатаваных у 1943 годзе за сувязь з партызанамі. Уладзімір Кірылавіч дапаўняе гэты жалобны спіс прозвішчамі яшчэ некалькіх асоб, якіх таксама варта памятаць.

Новы акт трагедыі разыграўся 21 снежня 1943 года. Дата запомнілася, бо якраз быў дзень нараджэння Іосіфа Сталіна. Сведка ўспамінае, што двое маладых партызан папрасілі коней — кабылу і жарабца чырвонай масці. Аднаго партызана вяскоўцы ведалі толькі па імені Мішка, ад другога і імені памяць не захавала. Міша па-заліхвацку апрануў казацкую кубанку і, ускінуўшы дыскавы кулямёт, выгукнуў: «Патурбуем немцаў у гонар таварыша Сталіна!»

Яны выехалі з боку вёскі Зваравічы, па шашы мінулі Федзькавічы, хацелі трапіць у блізкія Пятровічы, ды на мосце сутыкнуліся з немцамі. Пачалася перастрэлка. Тады коннікі праз Замошаны і Дзяглі панесліся на Шчэглікі, і там, на мосце праз Мухавец, хутка зноў загучала страляніна. Аднак варожая куля зачапіла мішкаву руку, а пад яго таварышам паранілі кабылу. Партызаны імгненна вырашылі вяртацца ў лес. Немцы кінуліся іх лавіць, на машынах рушылі з Хадасоў і Ракітніцы, дзе стаялі гарнізоны. Мішка адбіваўся з кулямёта, ды зляцеў з каня. Вяскоўкі злавілі таго чырвонага жарэбчыка ў Рагозне і прывязалі каля калодзежа. Калі ў партызана скончыліся патроны ды адкрыліся раны, жанчыны яго перавязалі і падсадзілі ў сядло. Ён паехаў, а сярод рагазнянцаў пачаліся размовы: маўляў, будзе аблава — трэба бегчы ў лес.

Яшчэ памятным для кожнага быў выпадак, як ехалі шыканаўцы, якімі камандаваў высачэзны Іван Мароз па мянушцы Вялікі. Рухаліся яны ўздоўж могілак, імкнуліся на санях патрапіць на чыгунку, але немцы зрабілі засаду, паранілі нажамі шэсць партызанаў, уцёк толькі адзін, наймалодшы. А тых, хто трапіў у рукі гітлераўцам, завезлі ў Ракітніцу, жорстка дапытвалі, чацвярых забілі, двух замардавалі да паўсмерці, а потым вазілі па Рагозне на апазнанне, ды ніхто не пазнаў, затое вёска пасля гэтага ў імгненне абязлюдзела.

Айцец Мікалай МІХАЛОЎСКІ, закатаваны гітлераўцамі.

Тое ж паўтарылася і цяпер. Хто застаўся ў сяле, вельмі хутка моцна пашкадаваў. Толькі-толькі сцямнела, як пачалі ўзрывацца снарады. Гэта немцы білі з гаўбіц, уладкаваных на хадасоўскім блокпасту. Гадзіну стралялі па сяле, арыенцірам была царква, ды снарады крыху не даляталі да яе, траплялі на вясковыя падворкі ці нават у суседнія Бусні. Часам бомбы не разрываліся, і пазней партызаны сабіралі тыя снарады ды выраблялі з іх міны.

Вернемся ў той снежаньскі дзень. Да поўначы ўсё быццам скончылася. Аднак гэта было падманлівае зацішша перад бурай. Пад покрывам цемені ў Рагозна ўехалі дзве машыны на гусенічным ходзе, напоўненыя нямецкімі салдатамі. Пачалася экзекуцыя. Ад самай крайняй хаты, якая належала Ніжнікам, карнікі метадычна заглыбляліся ў вёску, выганяючы людзей з жылля Гітлераўцы разышліся па вёсцы і пачалі пускаць пад стрэхі жоўтыя ракеты. Пераляканыя сялянкі спрабавалі выносіць свае пажыткі, ды хутка кінулі дарэмную справу, бо на кон было пастаўлена большае — жыццё.

Пасля Ніжнікавай надышла чарга Чарнейкавай хаты. На парозе з падушкамі стаяла гаспадыня Таццяна Фядосаўна, забойца без разважанняў застрэліў яе са шмайсера. У трэцім і чацвёртым дамах карнікам крыху не пашанцавала: хаты, накрытыя гонтай і бляхай, «адмовіліся» адразу гарэць. Затое наступнае жытло — Дзмітрыя Філімонавіча Верамеюка — стала лёгкай здабычай і ўспыхнула адразу.

— Дзмітрый быў стрыечным братам майго бацькі. Яго моцна паранілі ў грудзі, — працягвае свой горкі ўспамін Уладзімір Верамяюк. — У час як успыхнула Змітрава хата, забілі яго жонку Ганну Несцераўну, а ў падполлі сядзелі іх дзеці: Воля, Ваня, Ліда. Яны заварушыліся, і карнікі, пачуўшы гэты гук, пачалі страляць. Трохгадоваму Івану куля прабіла левую руку, а дзесяцігадовай Вользе — трапіла ў жывот і разарвалася ля пазваночніка. Дзяўчынка памерла, а малога Ванечку ўратавалі, бо паспелі пасля расправы адвезці ў Жабінку да сваякоў, дзе вынялі кулю і выхадзілі. Пашчасціла і самому Дзмітрыю. Мой тата таксама перавёз яго праз Шчэглікаўскі мост у мястэчка да лекара дзядзькі Ігната, які жыў каля Мышчыцкай царквы. На пераправе, якую немцы моцна ахоўвалі, адкупіліся ад варты. Гэтак трапілі ў мястэчка, дзе Ігнат выцягнуў кулі і аблегчыў боль. Іншым пашчасціла менш... Значна менш...

Ганне Аляксееўне Клімук споўнілася ўсяго сорак, калі не па ўласнай волі яна развіталася з жыццём. Найстарэйшая сярод загінулых Яўфімія Цімафееўна Сац паспела размяняць шосты дзясятак, але таксама не перажыла той гарачы зімні дзень 1943 года. Дом Сацаў ужо палаў, і жанчына паспела выскачыць за родны парог, ды далёка збегчы не дазволіла куля. Яшчэ адной ахвярай злачынцаў стала Фіміна стрыечная сястра — Дар'я Сац, якую ў вёсцы найчасцей клікалі цёткай Даркай. І для яе карнікі не пашкадавалі кулі. Жанчыну толькі паранілі, але прастрэленая рука загнаілася, і цётка хутка памерла, таксама, як і Фёкла Ніжнік, якой было прыблізна 43 гады. Ва ўсёй вёсцы застаўся толькі адзін некрануты калодзеж, астатнія немцы закідалі гранатамі. Мабыць, каб не было чым тушыць-заліваць полымя.

Уладзімір Кірылавіч прыгадвае, што ў іх на вышках хаваўся паранены партызан, якога лячыла і карміла цётка Зося. Як у вёсцы пачаўся пажар, створаны чалавечымі рукамі, акупанты дабраліся і да Верамеюковай хаты. Запусцілі жоўтую ракету, салома пачала курыцца, аднак чаратовы дах не загарэўся, бо раптам, як выратаванне, пайшоў густы снег...

Другі паратунак прыйшоў з лесу. У яснае зімовае неба ўзляцела чырвоная ракета. Немцы палічылі, што ідуць партызаны, і вырашылі адступіць з сяла, у якім чынілі здзек і расправу. Неўзабаве ў хату Верамеюкоў сапраўды завітала група партызанаў. Як успамінае сведка, старшы з іх, Іосіф Буза, адчыніўшы дзверы, скінуў з галавы шапку, заўсміхаўся і паклікаў гаспадыню: «Гэлька, дзе ты ёсць? Мы памерзлі. Давай налівай сто грам. Я ж тваю вёску ўратаваў!»

Партызаны Старасельскага атрада. Сяргей ШЫКАНАЎ (першы злева).

Пасляслоўе. Не выкрасліць з памяці

Хаваючы сляды злачынстваў, фашысты не дазволілі адразу несці на могілкі забітых. Гэта вяскоўцы зрабілі таемна. Жонка (цяпер ужо ўдава) айца Мікалая таксама звярнулася да акупантаў, каб дазволілі годна перапахаваць скатаванае цела рагазнянскага настаяцеля. І зноў пачула рэзкае і катэгарычнае: «Найн!» Толькі пасля вайны сваякі перавезлі астанкі і перазахавалі іх каля Чаравачыцкай царквы. На магільным помніку пад партрэтам святара-пакутніка пазначаны гады жыцця (1901—1943) і лаканічны надпіс: «Замучаны немцамі».

Яшчэ больш часу спатрэбілася, каб адшукаць астанкі яўрэяў, забітых пад Хадасамі. 21 кастрычніка 1942 года, калі паблізу шашы быў знішчаны працоўны лагер, за сотню метраў ад яміны, у якую падалі ахвяры, ляжаў, уздрыгваючы ўсім целам ад кулямётнага ляманту, чалавечых праклёнаў і стогнаў, маленькі чалавек. Хадасоўскі пастушок Вася Барташук бачыў усё і плакаў з маленства да старасці. А калі стала магчыма, расказаў пра крывавае зладзейства, каб аднойчы сярод высокіх сосен паўстаў каменны помнік.

Згадкі пра гібель аднавяскоўцаў і ахвярны подзвіг рагазнянскага настаяцеля дасюль захоўваюцца сярод людзей. Памяць іх працягвае жыць і ў ХХІ стагоддзі. Пятнаццаць гадоў таму адрадзіўся храм у Рагозне, на якім у 2013-м усталявана мемарыяльная дошка ў гонар мужнага святара. Доўгі час вернікі прасілі, каб у памяць пра яго атрымала назву вуліца ў Жабінцы. Як зазначаў дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі Сергій Петрусевіч: «Станоўчае рашэнне гэтага пытання будзе садзейнічаць выхаванню ў грамадстве, у асаблівасці ў асяродку моладзі, патрыятызму і любові да сваёй Айчыны на прыкладзе годнага служыцеля Царквы Божай, які стаў сімвалам незалежнасці, волі і міру». Нарэшце, у пачатку 2017 года ўступіла ў сілу адпаведнае рашэнне раённага Савета дэпутатаў. З гэтага часу вуліца паблізу Свята-Пакроўскага храма ў горадзе Жабінка носіць імя Мікалая Міхалоўскага — чалавека, які аддаў жыццё за веру ў людзей і Бога.

Анатоль БЕНЗЯРУК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.