Вы тут

Што робіцца ў Беларусі для захоўвання сельскагаспадарчых зямель


Глеба — нацыянальны набытак любой краіны, ад захоўвання і рацыянальнага выкарыстання якога залежыць харчовая бяспека і ўстойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё усёй дзяржавы, лічаць эксперты. І яны маюць рацыю, паколькі зямельны рэсурс — гэткі ж вычарпальны, як і карысныя выкапні ў ім. Збяднелая і пустая глеба не зможа дапамагчы чалавецтву, таму чалавек мусіць дапамагчы ёй сам.


Фота: pixabay.com

Увага — здароўю і экарэабілітацыі глебы

Стратэгіяй Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем, разлічанай да 2030 года, да якой Беларусь далучылася летась, вызначана задача прадухілення дэградацыі зямель і іх аднаўлення. Гэты дакумент выконваецца праз мерапрыемствы, вызначаныя нацыянальнымі планамі дзеянняў па прадухіленні дэградацыі зямель на пяцігодкі, расказала Людміла Барташэвіч, намеснік начальніка ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды:

— Першы такі план дзеянняў быў рэалізаваны ў 2016-2021 гадах. Для далейшай рэалізацыі стратэгіі Канвенцыі ААН летась урад Беларусі зацвердзіў нацыянальны план дзеянняў на 2021-2025 гады. Адпаведна з планам, выконваецца шэраг практычных мерапрыемстваў па аднаўленні дэградзіраваных зямель. Гэта, у прыватнасці, экарэабілітацыя парушаных тарфянікаў, рэкультывацыя ўнутрыгаспадарчых кар'ераў, лесааднаўленне на гарах, лесаразвядзенне на пясках, у ярах і на схілах і іншыя.

Экарэабілітацыя парушаных тарфянікаў праводзіцца ў асноўным на выпрацаваных плошчах тарфяных радовішчаў і балот з парушаным гідралагічным рэжымам. Напрыклад, у Талачынскім раёне рэкультываваныя тарфяныя плошчы радовішча Усвіж Бук на плошчы больш як 53 гектары, а землі вернутыя былому ўладальніку (лясгасу) пад паўторнае забалочванне і натуральнае лесааднаўленне. Напрыканцы 2020-га было забалочана звыш чатырох тысяч гектараў дэградзіраваных асушаных тарфянікаў на Гомельшчыне.

Мікраўгнаенні — для якасці, меліярацыя — для сельскагаспадарчай прыдатнасці

Для вырашэння праблем урадлівасці глебы і абароны яе ад дэградацыі ў Беларусі створана нарматыўная база, а стан глебы пастаянна маніторыцца. З 1970 года праводзіцца буйнамаштабнае аграхімічнае даследаванне глеб сельскагаспадарчых зямель, а інфармацыя пра гэта назапашваецца ў банку даных на розных узроўнях: участак, поле, гаспадарка, раён, вобласць, краіна, заўважыў Васіль Ядлоўскі, начальнік упраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі:

— На 2021-2025 гады зацверджана праграма мерапрыемстваў па захаванні і павышэнні ўрадлівасці глеб краіны. Да іх адносяцца, у прыватнасці, сістэма мер па аптымізацыі кіслотнасці глеб і павышэнні запасаў арганічнага рэчыва ў ворных землях. Праграмай ацэнены баланс азоту, фосфару, калію, серы з вызначэннем патрэбы глебы ў мінеральных угнаеннях да 2025 года. А таксама прыведзена сістэма выкарыстання мікраўгнаенняў у тэхналогіях вырошчвання сельскагаспадарчых культур.

Рэкамендацыі рэгламентуюць парадак вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці на забруджаных радыенуклідамі землях і з'яўляюцца метадычнай асновай для вырабу прадуктаў харчавання з утрыманнем радыенуклідаў у дапушчальных мерах.

Найбольш важны паказчык глебы — бал яе ўрадлівасці, дзякуючы якому можна ацаніць вытворчы патэнцыял зямельных рэсурсаў. Сельскагаспадарчыя землі агулам маюць бал 29, а ралля ў Беларусі ацэньваецца ў сярэднім у 32 балы. Крытэрый для ацэнкі ўрадлівасці глебы — наяўнасць у ёй гумусу, фосфару і калію, а таксама кіслотнасць. Таму важна павышаць запасы гумусу ў глебе для яе ўрадлівасці, падкрэсліў спецыяліст.

Паняцці «ўрадлівасць глеб» і «меліярацыя» для Беларусі непарыўна звязаныя, бо першапачаткова ў краіне было забалочана і пераўвільготнена каля 40 % тэрыторыі, то бок 8 млн гектараў былі непрыдатныя не толькі для сельскай гаспадаркі, але і фактычна для пражывання, паведаміў Аляксандр Ажанкоў, дырэктар Інстытута меліярацыі.

— Меліяратыўны комплекс, які дастаўся Беларусі з савецкіх часоў (2,8 млн меліяраваных сельскагаспадарчых зямель), — не проста лічба (35 % ад усіх сельскагаспадарчых зямель), але і гарантыя харчовай бяспекі пры амаль любых кліматычных анамаліях. А яшчэ гэта базіс мяса-малочнага экспарту, бо менавіта на гэтых землях вырабляецца да 60 % усіх зялёных кармоў, — заўважыў спецыяліст.

У краіне дзейнічае амаль пяць тысяч меліярацыйных сістэм. Няма ніводнага раёна, дзе не было б меліяраваных зямель, а ў некаторых — гэта палова плошчы. А адны з самых урадлівых глеб краіны — тарфянікі — да меліярацыі былі проста багнай. Праз асушэнне балот не толькі паляпшаўся сацыяльна-эканамічны і лагістычны стан рэгіёнаў, але і павысілася прадукцыйнасць зямель.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.