Вы тут

Як выглядалі традыцыйныя Каляды і чаго не хапае чалавеку ў горадзе?


Зімовыя святы для беларусаў здаўна мелі асаблівае, сакраментальнае значэнне. Як выглядалі традыцыйныя беларускія Каляды яшчэ 100 гадоў таму і чаго не хапае сучаснаму чалавеку ў горадзе? Аб гэтым распавёў вядомы беларускі музыкант і фалькларыст Іван Кірчук.


Іван Кірчук.

Пост — падрыхтоўка да свята

Мне здаецца, што калі мы гаворым пра Каляды, то павінны заўсёды памятаць, што нашы продкі не проста спяшаліся на святы і напаўнялі лядоўню. Рыхтаваліся задоўга, таму што збор ураджаю прайшоў, і зямля пачынала адпачываць. Людзі заканчвалі работы на полі і сядалі па хатах. Там таксама справы маюцца. Ад таго і пайшлі вячоркі. Многія лічаць, што вячоркі — калі дзяўчаты і хлопцы збіраліся, танцавалі і спявалі. Гэта не так. Прыходзіць час, калі душа павінна супакоіцца, і вось у пост гучаць песні: пра жыццё, анёлаў, смерць, продкаў.

Я заўсёды кажу: як шкада што посцілкі і ручнікі не могуць размаўляць! Яны б шмат чаго распавялі, таму што нічога не рабілася ў цішыні. Бабулі і цёткі нешта ж распавядалі дзяўчатам, дзяліліся жыццём. 

Трымалі Піліпаўскі пост, прычым суровы. У каталікоў гэта Адвэнт. Вернікі шмат ходзяць у касцёл, паляць рана свечкі, каб было больш агню. Дзень змяншаецца, 21 снежня — дзень зімовага раўнадзенства. Няўтульная цемра не атрымала перамогу над чалавекам, але заўсёды гэтая нястача святла адчувалася. Таму што старажытны чалавек жыў бліжэй да зямлі, прыроды, лепш разумеў сябе. Сучаснаму гэта складана адсачыць, бо жывём пры штучным святле. Нават пост трымаць цяжка. Няма часу, няма магчымасці — іншы тэмп жыцця.

Першая Куцця

Асноўны момант — Куцця. З ячных круп, прычым магла яна быць і салодкая, каб было смачней. Так успаміналі продкаў, бо лічылася, што ў гэты перыяд сціраецца мяжа паміж светам жывых і памерлых, продкі маглі прыходзіць, каб паглядзець, як мы жывём. Таму трэба было пра іх добра ўспомніць. Заўважна гэта і ў масках калядоўшчыкаў. Дзед і Баба — якраз і ёсць сімвал першапродкаў.

Каляды — сямейнае свята. Усе сваякі збіраюцца за адным сталом. Колькі сябе помню, мая бабуля заўсёды нас збірала, і мае бацькі таксама. На стол абавязкова клалі сена на ўсе тры Куцці. Гэта было неабходна, бо лічылася, што Хрыстос нарадзіўся на сене. У хаце запальвалі новыя свечкі, лампадкі. У нашых далёкіх продкаў так выяўлялася павага да агню. Калі дзень такі кароткі, то трэба яго падтрымаць. 

Калядная зорка.

Страў на святочным стале заўсёды 12 — па колькасці апосталаў, вучняў Ісуса Хрыста. У некаторых рэгіёнах гэта тлумачыцца колькасцю месяцаў, якія ўжо пражыты. Для мяне ўсё яшчэ таямніца, як можна было прыгатаваць 12 посных страў. Аднак гаспадыням хапала фантазіі, каб зладзіць Куццю. Ёсць у Беларусі рэгіёны, дзе рыхтуюць 11 альбо ўсяго 9 страў. Напрыклад, на Віцебшчыне.

Заўсёды маліліся. Адкладалі кожнай стравы патрошку на асобную талерку, каб пачаставаць продкаў. На сталах не было ніякага алкаголю: святары забаранялі.

У гэты вечар паказвалі батлейку. Батлейшчыкі — людзі, якія ведалі біблейскі сюжэт і маглі яго пераказаць — хадзілі па вёсках і ладзілі прадстаўленні. Звычайна паказвалася драма «Цар Ірад» — самая папулярная ў беларусаў. Як правіла, батлейшчык прыходзіў у нейкую адну хату, і там ужо збіраліся людзі.

Батлейкі на Беларусі рабілі самыя розныя. Яны маглі быць і аднапавярховыя — для побытавага сюжэта, а маглі і на некалькі паверхаў. Часцей за ўсё майстравалі тры, якія сімвалізавалі Неба, Зямлю і Пекла. А калі не прыйшоў у вёску батлейшчык, то ладзілі шэсце з зоркай. Бо ўсе чакалі тую першую зорачку, якая абвясціла аб нараджэнні Хрыста, маглі і самі яе зрабіць. Чалавека, які нёс зорачку, прынята было называць звяздаром.

Другая Куцця — Шчодрая

Цяпер гэта ў нас Новы год. Той час, калі можна есці мяса, ужываць алкаголь, але ўсё было ў меру. Бо галоўнае — не за сталом пасядзець, а абысці ўсе двары ў вёсцы, пакалядаваць. Тут ужо можна весяліцца і танцаваць. Шмат спявалі калядоўшчыкі. Ды прадстаўленне было каля кожнай хаты. Вельмі крыўдавалі вяскоўцы, калі абміналі іх двор.

Персанажы Калядаў у розных рэгіёнах маглі адрознівацца, але быў нязменны касцяк. Баба і Дзед — у многіх рэгіёнах было прынята, каб жаночую ролю іграў мужчына, а жанчына, наадварот, пераапраналася ў мужчыну. Цыганка, якая варажыла і падманвала гаспадара, з ёй Цыган, які прадаваў каня. Канём былі два хлопцы, якіх накрывалі посцілкай. Салдат, альбо Вербаванец,

які хадзіў сярод вяскоўцаў і шукаў родных, спяваў салдацкія песні. Анёл мог і не спяваць, але прысутнічаў. А вось у Чорта было шмат слоў і забавак.

З жывёл трыдыцыйна Мядзведзь — сімвал дужасці і моцы, якую хацелі мець нашыя продкі; Каза — жывёла вельмі містычная, але карысная ў гаспадарцы. Тут мы бачым не проста культ жывёлы, але і сімвал роду, заступнікаў.

Рабілі маскі і для іншых герояў Калядаў, больш рэдкіх. Нават маску Смерці можна было ўбачыць. Але ў такое людзі не надта ахвотна пераапраналіся. Дзе-нідзе сустракаліся маскі Трох каралёў. На Палессі можна пабачыць маску Ваўка. Часам трапляўся і жартаўлівы Доктар з бутэлькай разбаўленага сочыва. Цэлы карнавал!Каляднікам давалі шчодрыя падарункі. Лічылася, аддасі — яшчэ больш атрымаеш. Бо, пераапранутыя, хлопцы з вёскі пераўтвараліся ў пасрэднікаў Бога. Проста так на неба не дакрычышся, а вось калядоўшчыкі маглі дапамагчы праз песні і танцы. Зараз калядоўшчыкі — справа рэдкая. Калі і калядуюць, то альбо не так відовішчна, альбо прафесійныя калектывы, якія да гэтага адмыслова рыхтуюцца.

Калядныя маскі.

Галодная Куцця

Меліся і рэдкія, унікальныя гульні альбо відовішчы. Жаніцьба Цярэшкі — беларуская народная гульня для нежанатай моладзі. У даўніну яна мела сакральнае значэнне. З’яўлялася репетыцыяй вясельных абрадаў. Пахаванне Дзеда і Бабы — жалобнае развітанне з годам, які мінуў. Яшчар — традыцыйная гульня Пастаўшчыны. Ізноў жа своеасаблівы вясельны абрад, толькі са спасылкай да паганскага бога Яшчара — уладара мора і падземных вод. Тры каралі — свята пакланення трох пасланнікаў — Каспара, Мельхіёра і Бальтазара — народжанаму Ісусу Хрысту.

Надыходзіў час і варажбы дзяўчат. Глядзелі, які жаніх ім наканаваны, які лёс чакае. Гэта хоць і было забаронена, але надта ж цікавіла. Пасля Калядаў, калі адспявалі ўсе песні і адгулялі ўсе гульні, на Вадохрышча прыходзіла трэцяя Куцця — Вадзяная, альбо галодная. Такім чынам, кола замкнулася. Чалавек вяртаўся да спакойнага ладу жыцця пасля святаў. Нам зараз гэтага не стае. У нас няма спакою, мы ляцім, як цягнік, прапускаючы станцыі.

Яна ЦЭГЛА

Фота Ульяны ШЫШ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.