Вы тут

Пра што неабходна падумаць, перш чым выходзіць на лёд?


Няўстойлівае надвор'е, якое суправаджаецца то моцнымі маразамі, то вясновай адлігай, натуральна, уплывае і на таўшчыню лёду на вадаёмах. Аднак аматары зімовай рыбалкі, а таксама іншыя экстрэмалы, якія шукаюць іншых забаў на неакрэплым ледзяным покрыве, не звяртаюць увагу на прагноз сіноптыкаў і быццам не адчуваюць плюсавой тэмпературы... А потым, калі ўжо праваліліся пад лёд, з усіх сіл, што ў іх яшчэ засталіся, просяць навакольных і ратавальнікаў аб дапамозе, вінавацяць сябе ў неабачлівасці і, прабачце, дурасці.


Фота прэс-службы МНС.

Гісторыі са шчаслівым канцом і не вельмі...

Першыя ахвяры неакрэплага лёду ў гэтым сезоне былі зафіксаваны вельмі рана. Не паспеў выпасці першы снег і толькі пачало падмарожваць (а было гэта, нагадаю, яшчэ ў лістападзе), як рыбакі, відаць, моцна захацелі рыбы або не хапала ім адрэналіну. Бо як яшчэ патлумачыць прычыну таго, што трое дарослых мужчын накіраваліся на вадаём каля аграгарадка Дворышча, што ў Дзяржынскім раёне, які ледзь-ледзь пакрыўся лёдам?! На працягу двух дзён ратавальнікі шукалі аматараў рыбнай лоўлі пад вадой. Знайшлі. Дапамагчы, зразумела, нікому з іх ужо не паспелі...

Як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, пачынаючы з лістапада, на вадаёмах па ўсёй краіне патанула каля 20 чалавек. Сярод ахвяр, на жаль, ёсць і дзіця. Трагічны выпадак з гібеллю непаўналетняга здарыўся ў Мінску акурат напярэдадні святкавання Новага года. 31 снежня двое падлеткаў праваліліся пад лёд на Сляпянскай воднай сістэме. За дзесяць метраў ад берага ратавальнікі пры дапамозе супрацоўнікаў патрульна-паставой службы РУУС выцягнулі з палонкі аднаго з хлопцаў, які абышоўся толькі пераахаладжэннем і моцным спалохам. Другога падлетка дасталі з вады без прытомнасці. Медыкі вярнулі яго да жыцця. Дзяцей шпіталізавалі. Як потым стала вядома, аднаго з іх, 17-гадовага хлопца, выратаваць не ўдалося...

Такі ж лёс напаткаў і аднаго з рыбакоў, якія 3 студзеня лавілі рыбу на Дуброўскім вадасховішчы ў Смалявіцкім раёне. Мужчыны былі занятыя любімай справай, як нечакана трэснуў лёд — абодва апынуліся ў вадзе. Да прыбыцця супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях адзін з іх быў выратаваны неабыякавымі грамадзянамі. Другога рыбака выцягнуць на бераг не ўдалося — на момант прыбыцця ратавальнікаў ён ужо знаходзіўся без прыкмет жыцця.

На рыбалку на раку Лоша, якая знаходзіцца ў аграгарадку Гервяты Астравецкага рана, 3 студзеня накіраваліся яшчэ двое мужчын. Рыбачылі на лодцы. Па неасцярожнасці яна перавярнулася. Адзін з пацярпелых выбраўся на бераг самастойна. Другі патануў.

Дапамога ратавальнікаў у той жа дзень спатрэбілася рыбаку ў Салігорску, які праваліўся пад лёд на мясцовым вадасховішчы. Мужчыну пашанцавала, што побач дзяжурылі супрацоўнікі Таварыства ратавання на водах, якія аператыўна выклікалі на месца здарэння МНС.

Як расказаў адзін з ратавальнікаў Ілья Пархімовіч, калі яны прыбылі да месца выкліку, адзін з супрацоўнікаў Таварыства ратавання на водах накіроўваўся да пацярпелага, другі яго страхаваў. «Чалавек знаходзіўся ў вадзе на адлегласці прыкладна каля ста метраў ад берага, — удакладніў супрацоўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. — Лёд быў вельмі далікатным і абломваўся. Мы страхавалі калег на беразе, супрацоўнікі Таварыства ратавання на водах змаглі выцягнуць рыбака. Мужчына знаходзіўся без ратавальнай камізэлькі. Да месца здарэння блізка пад'ехаць было немагчыма, таму разам мы аднеслі выратаванага ў машыну хуткай дапамогі».

Усяго з канца лістапада выратаваны жыцці больш як 20 чалавек, у тым ліку аднаго дзіцяці.

Як вызначыць трываласць лёду?

Аднак, выходзячы на лёд, спадзявацца ў непрадбачанай сітуацыі на ратавальнікаў, міліцыянераў або выпадковых прахожых аматарам зімовай рыбалкі і іншым экстрэмалам не варта. Па-першае, нярэдкія выпадкі, калі сведак надзвычайнага здарэння ўвогуле няма. Рыбакі любяць выбіраць аддаленыя ад населеных пунктаў вадаёмы, пры гэтым незаўсёды папярэджваюць блізкіх, куды яны накіроўваюцца. Па-другое, калі пацярпеламу пашчасціла самастойна выбрацца з палонкі або яму дапамаглі, у моцны мароз нават непрацяглае знаходжанне на вуліцы пагражае сумнымі наступствамі. У залежнасці ад тэмпературы чалавеку дастаткова правесці ў вадзе ад 5 да 15 хвілін, каб наступіў лятальны сыход. У выпадку з дзецьмі спатрэбіцца яшчэ менш часу...

— Пасля таго, як чалавека дасталі з вады, неабходна выклікаць хуткую дапамогу, — адзначае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч. — Пацярпелага трэба перамясціць у найбліжэйшае цёплае памяшканне. Калі побач такога няма, падыдзе аўтамабіль. Затым трэба зняць з пацярпелага мокрае адзенне, сагрэць з дапамогай коўдры, забяспечыць цёплым піццём. Абавязкова дачакацца прыбыцця медыкаў.

Ратавальнікі звяртаюць увагу: пры нулявой, а тым больш плюсавай, тэмпературы паветра, якая захоўваецца на працягу трох сутак, трываласць лёду змяншаецца на 25 %. Адносна бяспечнай лічыцца таўшчыня не менш за 7—10 сантыметраў. Распазнаць трываласць лёду дапаможа колер ледзянога покрыва. Найбольш моцны лёд мае празрысты сіні колер, слабы — непразрысты белы, далікатны — серы і серы «ў крапінку». Правяраць лёд на трываласць неабходна не толькі візуальна. Трэба пастукаць па лёдзе звычайнай палкай (не нагой!). Калі ў выніку вашых дзеянняў з'явілася вада, то на такі лёд ступаць не варта. Ніколі не будзе моцным лёд каля вусця рэк і прытокаў, паблізу ключоў, якія б'юць, і стокавых вод. Нетрывалы ён і каля дрэў, кустоў і чароту. Катэгарычна забараняецца выходзіць на лёд у перыяды яго замярзання і раставання!

Ратавальная камізэлька як шанц на другое жыццё

Чалавек, які збіраецца выйсці на лёд, павінен быць падрыхтаваным да ўсяго. Недарэмна ў народзе кажуць: выратаванне тапельца — справа рук самога тапельца. Правільная экіпіроўка захавала жыццё ні аднаму аматару зімовай рыбалкі.

Пры выхадзе на лёд рэкамендуецца ўзяць з сабой хаця б мінімальны набор ратавальных сродкаў: вяроўку, палку, дошку. Не варта свідраваць некалькі лунак побач, збараняецца збірацца на лёдзе вялікімі групамі. Лепш за ўсё рыбачыць у тых месцах, дзе ёсць станцыі Таварыства ратавання на водах — там заўсёды дзяжураць ратавальнікі. У небяспечнай сітуацыі яны абавязкова прыйдуць на дапамогу.

І галоўны атрыбут, якім ні ў якім разе нельга грэбаваць нікому, хто выходзіць на лёд, якім бы ён моцным на першы погляд не быў, — ратавальная камізэлька.

— Шанц выжыць пры наяўнасці камізэлькі самы высокі, — акцэнтуе ўвагу афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген Бараноўскі. — Па-першае, чалавек не пойдзе пад ваду. Гэта крытычна важна з улікам таго, што ў адзенні трымацца на плаву вельмі складана і энергазатратна. Па-другое, наяўнасць камізэлькі аказвае своеасаблівую псіхалагічную падтрымку. Калі чалавек праваліўся пад лёд, то разуменне, што на ім выратавальная камізэлька, дапаможа яму не панікаваць. Гэта таксама надасць упэўненасці ў сабе, ён будзе больш рацыянальны, зможа цвяроза думаць, паклікаць дапамогу і прыняць правільныя рашэнні па самавыратаванні. І, вядома, дапамогу тапельцу ў камізэльцы аказаць значна прасцей не толькі ратавальнікам, але і насельніцтву. Чалавеку могуць працягнуць якую-небудзь вяроўку ці палку, каб ён за іх ухапіўся.

Супрацоўнікі МНС сцвярджаюць: калі хаця б у кожнага другога рыбака была ратавальная камізэлька, то ахвяр было б значна менш. А калі плюс да ўсяго будзе яшчэ і «галава на плячах», то трагедый на вадзе ўвогуле можна пазбегнуць.

Што рабіць, калі вы праваліліся:

  • Не панікаваць! Выратаванне на 90 % залежыць ад упэўненасці і псіхалагічнага стану пацярпелага. Калі паблізу ёсць людзі — клічце на дапамогу.
  • Імкніцеся не сыходзіць пад ваду з галавой.
  • Перасоўвайцеся да таго краю палонкі, адкуль ідзе цячэнне. Дабраўшыся, паспрабуйце налегчы грудзьмі на край лёду і, закінуўшы нагу, выбрацца на лёд. Нават калі лёд абломваецца, не пакідайце спроб выбрацца наверх.
  • Калі асноўная частка тулава апынецца на лёдзе, адпаўзіце ці адкаціцеся далей ад палонкі. Павольна і асцярожна паўзіце да бяспечнага месца, вяртайцеся па сваіх слядах.
  • Выбраўшыся на сушу, зніміце і адцісніце мокрае адзенне. Рухайцеся і рабіце сілавыя практыкаванні, развядзіце вогнішча. Выклікайце хуткую дапамогу.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.