Вы тут

«Датанцавацца» да ўласнай студыі, ці як адкрыць сваю справу


Хутчэй за ўсё ці не кожнаму, хто чытае гэты матэрыял, прыходзіла ў галаву думка адкрыць сваю справу, перайсці на фрыланс і пісаць тэксты для розных заказчыкаў. Верагодна, хтосьці спалохаўся невядомасці, а нехта — марокі з дакументамі. Але мінчанін Эдуард Калеснік ажыццявіў мару, рызыкнуўшы адкрыць... танцавальную студыю.


Прычын для такога кроку ў суразмоўніка было дзве: мэта, якую ён сабе паставіў ужо даўно, і адсутнасць патрэбнага месца ў дзяржаўным сектары культуры і мастацтва. Таксама прыйшоў «той самы» ўзрост, калі трэба было задумацца аб сваёй будучыні.

«У 18-19 гадоў, калі ты працуеш у час вучобы і атрымліваеш нейкія грошы, табе і так добра. Але ў 22 гады ўжо надыходзіць момант, калі трэба добра падумаць пра ўласныя перспектывы. Таго, што я атрымліваў на працы, не хапала нават на мяне аднаго, а калі яшчэ трэба будзе забяспечваць сям'ю?»

Для таго каб дайсці да сваёй студыі, Эдуарду прыйшлося пераадолець дастаткова цяжкі шлях. У тыя часы, калі хлопец пачынаў «раскручвацца» ў гэтай сферы, не было такіх звыклых цяпер і папулярных платформ, як Іnstagram, TіkTok і г. д.

«Пачыналася ўсё ледзьве не з вуліцы. Аднойчы ў санаторыі ўбачыў, як хлопец крута танцуе: стала цікава. Мы пазнаёміліся, і ён паказаў пару рухаў. Прыехаўшы дадому, я пачаў лазіць па інтэрнэце і шукаць відэаўрокі — так і вучыўся. З маім сталеннем паралельна развіваліся і сацыяльныя сеткі, пачало з'яўляцца ўсё больш і больш танцавальных відэаматэрыялаў. Я ўсё праглядваў, выходзіў на вуліцу і трэніраваўся. Калі крыху падрос, пачаў ездзіць у Мінск на майстар-класы. Так я з самавучкі паступова пераўтвараўся ў дасведчанага танцора».

Як прызнаецца суразмоўнік, першапачаткова ён не думаў, што звяжа жыццё з танцамі. Задумаўся пра гэта, калі прыйшоў час вызначацца з ВНУ. «Злавіў сябе на думцы, што не хачу сядзець і пісаць канспекты, вучыць тэмы. Пасля такіх разваг вырашыў, што буду танцаваць».

Гучыць не так складана. Галоўнае — мець мэту, ісці да яе і па-сапраўднаму любіць сваю справу. Аднак пры афармленні ІП, на жаль, гэтага недастаткова, але і не так складана, па словах Эдуарда. Што патрабуецца для пачатку?

Першы крок — збор патрэбнага пакета дакументаў. Да яго адносяцца пашпарт, копія працоўнай кніжкі, квітанцыя аб аплаце дзяржаўнай пошліны ў памеры 0,5 базавай велічыні. Другі крок Эдуарда — наведванне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Тут праходзіць рэгістрацыя і выдача сертыфіката аб пацверджанні статусу ІП. Дарэчы, як расказаў суразмоўнік, працэдура займае ўсяго 15 хвілін. Трэці крок — чаканне. Цяпер зарэгістраванае ІП павінны паставіць на ўлік і прысвоіць асабісты нумар плацельшчыка. З гэтым трохі даўжэй — каля тыдня. Чацвёрты крок — падатковая інспекцыя. Тут таксама ўсё проста: варта стаць на ўлік, купіць кнігу заўваг і прапаноў і розныя бланкі — усё гэта па суме каля 20 рублёў. Пяты крок — наведванне органаў сацабароны.

Таксама Эдуард падзяліўся невялікім лайфхакам: можна яшчэ зрабіць электронны ключ, каб не ездзіць у падатковую, а проста ўсе свае справаздачы падаваць у электронным выглядзе. Галоўнае — не забываць кожны месяц высылаць справаздачу аб фінансах.

— Я працую па спрошчанай сістэме падаткаабкладання. Калі даход перавышае пэўную суму, то трэба мяняць сістэму выплаты падатку.

Аляксандра ДОРСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.