Вы тут

«Ад усёй душы». Мерапрыемствамі былі ахоплены 150 тысяч пажылых людзей


Мы вельмі патрэбныя адно аднаму. Розныя, але ў разуменні таго, наколькі кожны важны асабіста для мяне, — сакрэт гэтага жыцця. Няма выпадковых, няма чужых. Дзеці, моладзь, людзі іншых узростаў, рознага жыццёвага вопыту, з асаблівымі патрэбамі, розных характараў, поглядаў, але ўсе — неабходныя адно аднаму. Бо толькі праз людзей мы навучаемся жыць, любіць і паважаць іншых. А без гэтай навукі нам самім людзьмі не стаць.


Фота: БелТА.

У канцы мінулага года падчас дабрачыннага свята ў рамках акцыі «Нашы дзеці» кіраўнік дзяржавы заклікаў удзяліць у навагоднія святы ўвагу не толькі дзецям, але і пажылым. У адказ міністэрствы працы і сацабароны, адукацыі, грамадскія аб'яднанні «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя» зладзілі рэспубліканскую акцыю «Ад усёй душы». Яна доўжылася два першыя тыдні студзеня, але гэтымі днямі зусім не абмяжоўваецца ўвага і клопат аб старэйшым пакаленні, аб насельніках дамоў-інтэрнатаў, людзях з дадатковымі патрэбамі. Акцыя стала яшчэ адной нагодай гэтыя ўвагу і клопат падтрымаць, пашырыць, зрабіць больш значнымі.

Мерапрыемствамі былі ахоплены 150 тысяч пажылых людзей па ўсёй краіне, паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Віншаванні дома атрымалі больш за 75 тысяч пажылых грамадзян. Больш за 50 тысяч маладых валанцёраў дапамагалі ім нарыхтоўваць дровы, набываць прадукты, чысціць снег. За ўвесь перыяд дабрачыннай акцыі амаль паўмільёна рублёў накіравана на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў сацыяльнага абслугоўвання, бальніц сястрынскага догляду і хоспісаў, а таксама на дапамогу і падарункі адзінокім пажылым грамадзянам.

«Гэтая акцыя атрымала «народны характар» і, без сумневаў, стане яшчэ адной добрай традыцыяй у перыяд навагодніх свят», — адзначае прэс-служба міністэрства.


У кожным раёне Гродзенскай вобласці прайшлі дзясяткі дабрачынных мерапрыемстваў

Цяпер у рэгіёне пражывае звыш 240 тысяч чалавек ва ўзросце 60 гадоў і больш. З іх 18 тысяч — адзінокія і інваліды.

Як расказала старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольга Сядзельнік, акцыяй «Ад усёй душы» ахоплена 16 тысяч грамадзян, валанцёрскай дапамогай — 8 тысяч адзінокіх і інвалідаў. Значная ўвага — раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання. Напрыклад, у Навагрудку гэтай структуры ўручаны сертыфікат на 13 тысяч рублёў, там быў арганізаваны калядны канцэрт. У аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых грамадзян Ленінскага раёна Гродна, якое наведвае на пастаяннай аснове 70 чалавек, адбылася дыялогавая пляцоўка ў фармаце салодкага стала. У выніку акцыі ў аддзяленні з'явіліся два тэлевізары ад дабрачынцаў.

Цёпла сустрэлі высокіх гасцей у Жухавіцкім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Разам з салодкімі пачастункамі ўстанове быў падораны халадзільнік, мікрахвалевая печ, два сертыфікаты на суму звыш пяці тысяч рублёў.

У рамках акцыі прайшлі ўшанаванні юбіляраў. Са 100-гадовым юбілеем прадстаўнікі ўлады, супрацоўнікі мясцовай сельскай гаспадаркі павіншавалі падапечную Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Ваўкавыскага раёна Веру Манцкевіч. У рамках акцыі ўладамі і ўстановамі Воранаўскага раёна набыты тэлевізар для аддзялення сястрынскага догляду Радунскай участковай бальніцы. У такіх жа аддзяленнях бальніц Смаргонскага раёна пацыентам уручаны навагоднія падарункі, сродкі гігіены, бялізна. Арганізавана канцэртная праграма.

Акцыя «Ад усёй душы» шырока прайшла ў дамах-інтэрнатах, аддзяленнях кругласутачнага пражывання, дамах сумеснага самастойнага пражывання. Віншаванні атрымалі амаль 14 тысяч чалавек дома.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц


Увага — самы каштоўны падарунак

У Гомельскай вобласці дабрачынная акцыя для пажылых людзей «Ад усёй душы» аб'яднала актывістаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Юнакі і дзяўчаты з усіх раёнаў завіталі ў госці да адзінокіх пажылых людзей, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і ветэранаў працы і перадалі віншаванні ды падарункі.

Аднымі з першых да рэспубліканскай акцыі далучыліся актывісты БРСМ у Гомелі. Моладзь наведала дома гараджан шаноўнага ўзросту. Павіншавалі з векавым юбілеем Ганну Сяргееўну Кароўкіну. Доўгажыхар Чыгуначнага раёна падзялілася, што яе дзеці, унукі і праўнукі, якія шмат чаго змаглі дасягнуць у жыцці, — сапраўдная радасць і гонар.

Яшчэ адным адрасатам дабрачыннай акцыі стаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Аляксандравіч Галавацкі. Ён быў кулямётчыкам у партызанскім атрадзе, пасля ў складзе І Беларускага фронту дайшоў да Берліна. Актыўны ўдзельнік урокаў памяці, у мінулым годзе ветэран далучыўся да маладзёжнага праекта БРСМ «Галасы памяці».

— Мы віншуем адзінокіх пажылых людзей, ветэранаў вайны і працы, заслужаных жыхароў рэгіёна штогод, але цяпер гэта справа набыла новы імпульс. Гэтыя людзі перадалі нам у спадчыну квітнеючую краіну, мірнае неба і працягваюць выхоўваць моладзь. Самае малое, што мы можам для іх зрабіць, — парадаваць увагай. І гэта вельмі каштоўнае для іх. Мы стараемся заўсёды быць з імі на сувязі. Нехта з іх не можа рухацца самастойна, але яны застаюцца прыкладам сілы і мужнасці, на якія нам, моладзі, трэба арыентавацца, — выказала агульны пасыл моладзі Гомельшчыны першы сакратар абкама БРСМ Юлія Ліпоўская.

Не засталіся ўбаку ад марафону дабра лідары прафсаюзных арганізацый і дэпутацкіх карпусоў у раёнах. У Гомельскім раёне дабрачынную акцыю для пажылых людзей «Ад усёй душы» падтрымалі старшыня Гомельскага раённага аб'яднання прафсаюзаў Ларыса Леглік і старшыня Гомельскага раённага Савета дэпутатаў Вікторыя Ладуцька. Яны адрасавалі самыя цёплыя словы ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Надзеі Шэінай з вёскі Міхалькі. Адрасамі акцыі сталі таксама сельскія людзі працы — старажылы населеных пунктаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА


Повязь пакаленняў

Пажылыя людзі цэняць не столькі матэрыяльную дапамогу, колькі ўвагу і клопат. У Мінскай вобласці гэта добра разумеюць і імкнуцца талакой падтрымаць людзей паважанага ўзросту.

Найлепшыя пачуцці, шчырасць, спагаду да састарэлых праявілі ўдзельнікі рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы».

— Усяго было ахоплена 13 тысяч чалавек, у тым ліку сем тысяч тых, хто абслугоўваецца дома, чатыры тысячы — у дамах-інтэрнатах, — расказала намеснік старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Надзея Цупа. — Асаблівая ўвага — ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, адзінокім пажылым, доўгажыхарам. Не забыліся і пра тых, хто святкаваў знамянальныя для іх падзеі. Напрыклад, круглую дату з нагоды шлюбу, атрымання высокай дзяржаўнай узнагароды.

Валанцёры, моладзь дапамагалі на падворках і ў хатах. Працавалі яны разам з сацыяльнымі работнікамі. Наведалі падапечных хоспісаў, аддзяленняў дзённага знаходжання сацыяльных устаноў, бальніц сястрынскага догляду. Ладзілі для іх канцэрты, уручалі сувеніры, віншавальныя адкрыткі. Як прызнаваліся пажылыя людзі, ім важна ўвага і магчымасць зносін.

— Вельмі добра, што пасля традыцыйнай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» прайшла акцыя «Ад усёй душы», якая паказала повязь і пераемнасць пакаленняў, — лічыць Надзея Цупа. — Такія цёплыя сустрэчы даюць магчымасць маладым зразумець людзей пажылога ўзросту, зблізіцца з імі духоўна і душэўна.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ


Падзяка за працу і мір

Нягледзячы на тое, што афіцыйна акцыя завяршылася, марафон добрых спраў на Віцебшчыне працягваецца. Сотні школьнікаў і членаў маладзёжных грамадскіх арганізацый працоўнымі дэсантамі выходзяць на дапамогу людзям «залатога ўзросту». У самой жа рэспубліканскай акцыі «Ад усёй душы» актыўна бралі ўдзел кіраўніцтва паўночнага рэгіёна, прафсаюзы і прадпрыемствы. Цёплыя словы і пажаданні гучалі ў адрас ветеранаў вайны, людзей пажылога ўзросту з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і ўсіх, хто сваёй добрасумленнай працай пісаў слаўны летапіс вобласці.

У Шаркаўшчынскім раёне акцыя «Ад усёй душы» стартавала ў Аляксандраўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для пажылых і інвалідаў. У госці да жыхароў установы з падарункамі завіталі намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Ламака і яго намеснік Юрый Васілеўскі.

Малалетні вязень Анатоль Прусакоў дае ўрок мужнасці падрастаючаму пакаленню.

Напярэдадні старога Новага года старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў павіншаваў са святам наведвальнікаў Бычыхінскага філіяла Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Гарадка і Гарадоцкага раёна. Ад імя абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» ён падарыў аддзяленню новы тэлевізар.

Словы падзякі за шматгадовую і добрасумленную працу, вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення ад старшыні Віцебскага гарвыканкама Мікалая Арлова гучалі ў адрас Ларысы Паўлавай, якая стаяла каля вытокаў музея народнай славы школы № 17 горада Віцебска і кіравала ім 25 гадоў.

«Дзякуй за мірнае неба» — з такім пасылам актывісты Кастрычніцкага райкама БРСМ, вучні і піянеры віцебскай сярэдняй школы № 29 завіталі ў госці да малалетняга вязня канцлагера «5-ы полк» Анатоля Прусакова. Ён падзяліўся з моладдзю гісторыяй свайго дзяцінства, апаленага вайной, і адзначыў важнасць сувязі пакаленняў, якая не павінна дапусціць горкіх урокаў мінулага.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота «Витебские вести»


Каб свет стаў лепшы

На мінулым тыдні дэлегацыя прадстаўнікоў абласной вертыкалі і дэпутацкага корпуса Брэстчыны наведала Брэсцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў, які размешчаны ў вёсцы Волкі Брэсцкага раёна. Спачатку госці пазнаёміліся з побытам пастаяльцаў, умовамі пражывання.

Пастаяльцамі гэтай установы з'яўляюцца 128 чалавек ва ўзросце ад 24 да 87 гадоў. Асаблівую ўвагу тут удзяляюць культурна-масавай рабоце. У асяродку жыльцоў ёсць і свае таленты. У гэтым змаглі ўпэўніцца госці, калі завіталі на канцэрт у актавую залу. Дзяніс Дзегцяроў усе дзесяць гадоў, што жыве ў інтэрнаце, займаецца спевамі. Яго сольныя нумары падчас канцэрта сарвалі шквал апладысментаў. Усе пастаяльцы ў гэты дзень атрымалі прадуктовыя падарункі.

— Добрай акцыяй, аб'яўленай у краіне, была пастаўлена задача дайсці да кожнага адзінокага, нямоглага, пажылога чалавека, каб павіншаваць са святамі, даць зразумець, што пра кожнага памятаюць, клапоцяцца, — сказаў намеснік старшыні аблвыканкама Вадзім Краўчук.

Акцыю «Ад усёй душы» на Брэстчыне падтрымалі прадпрыемствы і арганізацыі, міліцыянеры і мытнікі, маладзёжныя і прафсаюзныя арганізацыі. Напрыклад, старшыня Брэсцкага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Мікалай Шум наведаў двух ветэранаў прафсаюзнага руху. Адзін з іх — 97-гадовы ветэран Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрый Манькоўскі. Дзмітрый Данілавіч 38 гадоў адпрацаваў у Аблсаўпрафе галоўным бухгалтарам. Шаноўны ветэран і зараз цікавіцца прафсаюзным жыццём, сочыць за навінамі ў краіне. Трыццаць гадоў у абласным аб'яднанні адпрацаваў Мікалай Панько. Ён таксама атрымаў падзяку за працу і падарунак.

У Баранавіцкім раёне ў зале тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сабралася шмат пенсіянераў. Для іх сустрэча была арганізавана ў форме «агеньчыка». Свята зладзілі з удзелам школьнікаў, якія падрыхтавалі канцэрт. Кожны з прысутных атрымаў паштоўку, салодкі падарунак і сувенір ад супрацоўнікаў Міністэрства эканомікі Беларусі. Намеснік кіраўніка ведамства Дзмітрый Ярашэвіч адзначыў потым, што сустрэча падарыла сапраўдны зарад энергіі. На яго думку, акцыя павінна разрастацца, да яе мусяць падключацца ўсе беларусы, і тады свет абавязкова стане крышачку лепшы.

На Брэстчыне акцыю падтрымалі ў кожным раёне, кожным сельсавеце.

Святлана ЯСКЕВІЧ


І нават трактар у прыдачу

З пачатку студзеня ў фармаце «ад дзяцей — пажылым людзям» у Магілёўскай вобласці павіншавалі болей чым 16 тысяч пажылых і інвалідаў.

Разам з сацработнікамі ў візітах брала ўдзел моладзь. Амаль тры тысячы юнакоў і дзяўчат, членаў БРСМ і піянерскай арганізацыі, пабывалі з канцэртамі і самаробнымі сувенірамі ў бальніцах і дамах-інтэрнатах.

— Пажылыя людзі і інваліды заўсёды ахоплены ў нас увагай, дзяржава пастаянна клапоціцца пра іх і дапамагае, — адзначыла ў размове з карэспандэнтам «Звязды» намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Вераніка Дзямідава. — Але для гэтых людзей ніколі шмат увагі не бывае. Акцыя «Ад усёй душы» падарыла ім яшчэ больш радасці і свята. Для іх шчасце — калі прыходзяць маладыя людзі, бо яны адчуваюць сябе ў такія моманты патрэбнымі.

Не пакінулі без увагі гэтую катэгорыю насельніцтва прадстаўнікі мясцовай улады і высокія госці. Асабіста павіншаваў маладых інвалідаў Чавускага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. У ходзе акцыі «Ад усёй душы» вобласць наведалі міністр па падатках і зборах Сяргей Налівайка, міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі, намеснік міністра спорту і турызму Алег Андрэйчык, кіраўнік Дэпартамента аховы МУС Аляксандр Шэпелеў, прадстаўнікі канцэрна «Белнафтахім». У рамках акцыі і святкавання 85-годдзя вобласці ў госці да жыхароў Бялыніцкага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў прыехаў намеснік генеральнага дырэктара МТЗ Уладзімір Піскіжаў. Ён падарыў установе сертыфікат на трактар з навясным абсталяваннем, які дазволіць апрацоўваць зямлю пад розныя агародныя культуры і касіць траву. У камплекце ёсць таксама абсталяванне для прыбірання снегу.

Па інфармацыі Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама, персанальна людзям і ўстановам, дзе жывуць састарэлыя людзі, на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы аказана дапамогі на агульную суму болей чым 32 тысячы рублёў.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.