Вы тут

Каралеўства крывых нейралюстэрак. У НЦСМ з'явілася выстава са штучным інтэлектам


У 1956 годзе амерыканскі даследчык інфармацыйных тэхналогій і за¬снавальнік функцыянальнага праграмавання Джон Макарці ўпершыню скарыстаўся выразам «штучны інтэлект», у англійскай мове — artificial intelligence, падчас выступлення ў Дартмуцкім каледжы. У 2023-м у Мінску адкрылася выстаўка, адным з удзельнікаў якой стаў штучны інтэлект.


Калі б сацсеткі былі людзьмі.

З тэорыі да практыкі 

Нягледзячы на тое, што тэрміналогія і абгрунтаванне тэорыі машыннага навучання і інтэлектуалізацыі камп’ютараў пачалі складвацца ў сярэдзіне XX стагоддзя, грамадства загаварыла пра іх толькі ў апошнія дзесяцігоддзі. Звязана гэта верагодна з тым, што ў працэсе асэнсавання магчымасцей разумных машын філасофскія творы і разгортваліся хутчэй, чым адбывалася рэальнае развіццё тэхналогій. 

«Ці можа машына думаць?», «Што лічыць інтэлектам?» — такія пытанні паставіў перад навуковай супольнасцю вядомы крыптограф і тэарэтык інфарматыкі Алан Цьюрынг у 1950 годзе. Пошук адказаў на іх стаў пачаткам навукі аб мадэляванні чалавечага інтэлекту і спроб рэалізацыі гэтай кагнітыўнай здольнасці па-за межамі чалавека, у машыне, напрыклад. 

На падставе вопытаў і філасофскіх дыспутаў сфармулявалася асноўная ідэя філасофіі штучнага інтэлекту — гіпотэза моцнага і слабага інтэлектаў. Прыхільнікі першага (А. Цьюрынг, Д. Макарці, Д. Сёрл) мяркуюць, што камп’ютары змогуць атрымаць магчымасць думаць і ўсведамляць сябе як асобную персону, разумець уласныя думкі, хоць не абавязкова працэс гэты будзе падобны да чалавечага. Тэарэтыкі слабага штучнага інтэлекту (А. Ліэта, Р. Пенроўз) упэўнены, што камп’ютарная свядомасць не зможа стаць паўнавартаснай. 

Па сёння філасофія тэхнікі і трансгуманістычная філасофія разглядаюць этыч¬ныя пытанні, звязаныя з тым, што ў будучыні машыны змогуць атрымаць нешта накшталт інтэлекту. На момант напісання гэтага артыкула большасць спецыялістаў прызнаюць, што тэхналагічныя працэсы і развіццё тэхнікі хутчэй адпавядаюць тэорыі слабага інтэлекту. Гэта звязана з асноўным падыходам у распрацоўцы тэхнічных сродкаў — узыходным (Bottom—Up AI). 

Так, сёння атрымалі пашыранае вывучэнне нейронныя сеткі і эвалюцыйныя вылічэнні, якія мадэлююць інтэлектуальныя паводзіны на прыкладзе чалавека, біялагічнага элемента. То-бок, ствараюцца біяальбо нейракамп’ютары. Супрацьлеглы біялагічнаму падыходу — сыходны (Top—Down AI), адпаведна, стварае экспертныя сістэмы, якія імітуюць высокаўзроўневыя псіхалагічныя працэсы — семіятычныя: маўленне, мысленне, эмоцыі, здольнасць да мастацтва. 

З кожным годам сфера выкарыстання машын пашыраецца і знаходзіць запатрабаванне ў самых нечаканых варыянтах. Сярод вядучых галін прамысловага і эканамічнага жыцця — фінансы (алагарытмічны гандаль, андэррайтынг), дзяржаўнае кіраванне, ваенная сфера, медыцына (прагназаванне, аналітыка). Аднак масава гэта распаўсюдзілася і ў сферы мастацтва, літаратуры. 

Апалагеты будучыні 

З 4 лютага Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў сумесна з галерэяй FARBA распачалі інавацыйны праект «Штучны інтэлект: мастак ці машына?». Побач з палотнамі, створанымі людзьмі, размешчаны вынікі работы з праграмамі штучнага інтэлекту. 

Паўдзельнічалі нейрасеткі і ў стварэнні афішы і прэс-рэлізаў да выстаўкі. Арганізатары прызнаюцца, што тэксты для рассылкі былі створаны штучным інтэлектам на 38,1 %. 

На выстаўцы.

— Мы сёння адкрываем вельмі спрэчны і неадназначны праект, — адзначыла на адкрыцці Алеся Іназемцава, намеснік дырэктара НЦСМ. — Адзін з аўтараў — штучны інтэлект, чаго ў Мінску яшчэ не было. Ужо на этапе падрыхтоўкі і адкрытага конкурсу для мастакоў мы сутыкнуліся з тым, што многія ведаюць, што такое «камп’ютарная свядомасць», але мала хто ведае, як гэта працуе. Сучасная сітуацыя ў грамадстве мне падаецца падобнай да той, якая склалася ў час распаўсюджвання фотаздымкаў. Мастакі пісалі: «Навошта нам маляваць, калі можна адразу захаваць рэчаіснасць?». Лічбавізацыя грамадства адбылася, і мы наўрад ці можам адмяніць тое, што здарылася. 

Ідэйнай натхняльніцай і куратарам выстаўкі выступіла Дзіна Даніловіч. Вядомая фатограф адзначыла, што імкнулася ў межах выстаўкі стварыць прастору да роздуму. Не пакінуць толькі творы штучнага інтэлекту, а размясціць іх у пэўнай канфрантацыі з палотнамі людзей, дазволіць наведвальнікам задаваць сабе пытанні. 

Прадстаўнікі галерэі FARBA Дзмітрый і Аляксей распавялі, што ў экспазіцыі прадстаўлена больш за 90 карцін у 10 катэгорыях. Кожная з іх скіроўвае роздумы гледачоў на розныя аспекты чалавечага жыцця: міфалогія, прырода, гісторыя, архітэктура і іншае. Дэталізаваныя і якасна зробленыя работы знойдуць водгук як у творчых людзей, так і ў аматараў тэхналогій. 

Сярод сапраўдных мастакоў нямала гучных імён: Уладзімір Кандрусевіч, Ігар Салаўёў, Вольга Анашкіна, Palirina і іншыя. Разнастайнасці экспазіцыі дадаў і зварот да фондавых карцін Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Дысбаланс праверанага часам і найноўшага стварае непаўторны эфект. Для азнаямлення з выстаўкай арганізатары падрыхтавалі квэст, які дазволіць у гульнявой форме пазнаёміцца з экспанатамі. 

Кульмінацыяй стаў імерсіўны фільм «Лічбавая эвалюцыя», створаны непасрэдна для выставачнага праекта. Гэтая стужка ўяўляе сабой пераасэнсаванне свету ідэй і матэрый, свабоднае мастацкае разважанне аб развіцці, эвалюцыі. Спосаб успрымання кінафільма дазволіць гледачам цалкам паглыбіцца ў падзеі дзякуючы адпаведным тэхналогіям галерэі FARBA. 

«I’m not digital, I’m just healing» 

«Я не лічбавы, я проста ацаліўся» — напісаў ананімны карыстальнік на форуме «Midjorney». Безумоўна, з дапамогай такога афарызма ананім імкнуўся прызнацца ў надзвычайным уплыве прылад на сучаснае жыццё творчай інтэлігентцыі. 

Прапануем звярнуцца да дзвюх нейрасетак, якія сталі суаўтарамі выстаўкі ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, — чат-бот ChatGPT і нейрасетка Midjourney. 
Chat Generative Pre-trained Transformer, скарочана ChatGPT, быў запушчаны ў якасці прататыпа ў лістападзе 2022 года, і ўжо кампанія-распрацоўшчык OpenAI ацэньваецца ў 29 мільярдаў долараў. Наладжаны з дапамогай машыннага навучан¬ня і падмацавання, чат-бот імітуе тэкст чалавека-суразмоўцы. 

Удзельнікі адкрыцця.

Ад больш універсальнага да прыватнага: ChatGPT мае магчымасць распрацоўваць камп’ютарныя праграмы, складаць музыку, ствараць спектаклі, пісаць казкі, сачыненні, вершы і тэксты песень. У адрозненне ад большасці чат-ботаў, якія існуюць на рынку, прадукт OpenAI можа захоўваць у памяці папярэдні выбар карыстальніка і, у тым ліку, ствараць тэкст на іх падставе. 

Менавіта з дапамогай гэтага прыстасавання былі створаны прэс-рэлізы да выстаўкі беларускай культурнай прасторы. Таксама куратарскія тэксты і абазначэнні кожнага з сегментаў непасрэднай экспазіцыі былі арганізаваны і дапісаны ChatGPT. Скарыстацца чат-ботам можа любы ахвотны. 

Midjourney — праект, які быў запушчаны год таму, у лютым 2022-га, амерыканскім вучоным і прыдпрымальнікам Дэвідам Хольцам. Асноўная функцыя гэтага чатбота — стварэнне выяў самых розных кірункаў, стыляў і якасці. Нейрасетка рэагуе на друкаваны тэкст, у якім павінны быць зададзены параметры будучага малюнка. 

Работу дадатку забяспечваюць алгарытмы, якія ствараюць вобразы і займаюцца распазнаваннем тэксту. Пакуль нейрасетка рэагуе толькі на англійскую мову. 

Менавіта Midjourney стварыла візуальны складнік выстаўкі, прадэманстраваўшы ўсе магчымасці штучнага інтэлекту ў сферы мастацтва. Гледачы змогуць пазнаць у карцінах устойлівыя выразы, паглядзець на старажытнагрэчаскіх філосафаў, якія маглі б жыць у ХХІ стагоддзі, і цудоўных жывёл, прыдуманых машынай. 


Чалавецтва толькі ўступае ў сапраўдную лічбавую эпоху, вучыцца асэнсоўваць і прымаць змены. Новае заўтра пачалося яшчэ ўчора, але сёння мы гэтага пакуль не зразумелі. Таму вялікае значэнне мае праект «Штучны інтэлект: мастак ці машына?». Убачыць інавацыйную выстаўку ў галерэі FARBA можна да 26 сакавіка. 

Яна ЦЭГЛА 

Фота са старонкі НЦСМ у Facebook

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.