Вы тут

Тэртэль: Варта чакаць сур’ёзнай эскалацыі абстаноўкі


У размове з журналістамі старшыня Камітэта дзяржаўнай бяпекі Іван ТЭРТЭЛЬ адзначыў, што КДБ займаецца забеспячэннем элементаў нацыянальнай бяспекі. Аб абстаноўцы, якая складваецца, дакладваецца кіраўніку дзяржавы. «Фактычна наш Прэзідэнт у ручным рэжыме ў цяперашні час з улікам усёй вастрыні кіруе ўсёй нацыянальнай бяспекай», — удакладніў старшыня КДБ. 


Фота: БелТА.

«Будзем рэагаваць аператыўна, жорстка»

Іван Тэртэль канстатаваў, што ў сярэднетэрміновай перспектыве ў нашым рэгіёне варта чакаць сур’ёзнай эскалацыі абстаноўкі. Яна, па словах старшыні Камітэта дзяржбяспекі, звязана з шэрагам абставінаў. «Для нас найбольш актуальным у цяперашні час з’яўляецца тое, чым займаецца ўвесь сілавы блок пад кіраўніцтвам Прэзідэнта, — заўважыў кіраўнік ведамства. — Гэта фактычна адбіццё атакі тэрарыстычнага кангламерату з тэрыторыі сумежных з намі дзяржаў. Мы канстатуем (і гэта, напэўна, не сакрэт: перыядычна прарываюцца такія сюжэты ў адкрыты эфір), што на тэрыторыі Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі, Чэхіі існуюць лагеры па падрыхтоўцы баевікоў. Мы ведаем канкрэтна вярбовачныя пункты, ведаем, хто гэтым займаецца. Мы ведаем лагеры па іх падрыхтоўцы, ведаем персанальна інструктараў, ведаем, хто ў гэтых адносінах і на якіх этапах праходзіць падрыхтоўку». 

Старшыня КДБ расказаў, што завербаваных «адэптаў» з дапамогай замежных інструктараў рыхтуюць, напрыклад, на тэрыторыі Польшчы. Затым іх адпраўляюць для «абкатку» на тэрыторыю Украіны, у тым ліку для ўдзелу ў актыўных баявых дзеяннях. І ўжо потым такія асобы закідваюцца на тэрыторыю іншых дзяржаў. У канчатковым выніку іх задача, па словах Івана Тэртэля, ускалыхнуць абстаноўку ў нашай краіне, дабіцца змены ўлады шляхам узброенага мецяжу. Адзін з інструментаў — здзяйсненне тэрактаў. 

«Вядома, усе гэтыя людзі з’яўляюцца інструментам у інтарэсах іншых дзяржаў, рухаючай сілай у вырашэнні тых геапалітычных праблем, якія ёсць у нашых суседзяў, — падкрэсліў старшыня КДБ. — У гэтых адносінах мы праводзім вялікую працу. На кожнага з гэтых людзей, хоць яны хаваюцца пад псеўданімамі і мянушкамі, у нас ёсць сваё дасье. Паслядоўна мы гэтую работу праводзім. І іх натхняльнікаў мы ведаем, цэнтры ў Варшаве, Вільнюсе і іншых сталіцах. Усіх іх чакае лёс, звязаны з гутаркай з генеральным пракурорам». У сувязі з гэтым кіраўнік ведамства нагадаў пра камісію для работы з тымі, хто жадае вярнуцца на Радзіму. Старшыня камісіі — генеральны пракурор Андрэй Швед. 

Па ацэнках Камітэта дзяржаўнай бяспекі, з гэтай вясны на тэрыторыі нашай краіны плануецца актывізацыя тэрарыстычнай дзейнасці. І прагнозы спраўджваюцца. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба. Гэта і папярэджанне тэракту на аэрадроме ў Мачулішчах, і ліквідацыя тэрарыста ў Гродне. Па словах Івана Тэртэля, ёсць і іншыя прыклады, аб якіх КДБ яшчэ не расказвала.

Кіраўнік Камітэта дзяржбяспекі паведаміў, што Беларусь у тым ліку працуе з міжнароднымі структурамі, якія займаюцца барацьбой з тэрарызмам: «Там ёсць разуменне ў гэтых адносінах. Мы працуем, і небесперспектыўныя нашы намаганні па прыцягненні да адказнасці гэтых асоб ужо праз міжнародныя механізмы». Аднак, па словах Івана Тэртэля, вельмі важна, каб і нашы грамадзяне былі больш пільнымі і ўважлівымі да таго, што адбываецца навокал. «Калі чалавек нават папрасіў у вас пажыць на кватэры, то гэта могуць быць розныя людзі, якія ў канчатковым выніку нясуць небяспеку для вас і вашай сям’і, — папярэдзіў ён. — У гэтай сітуацыі заклікаю нашых грамадзян звяртацца ў органы ўнутраных спраў, органы дзяржаўнай бяспекі. Мы будзем рэагаваць на гэтыя выпадкі аператыўна, жорстка. Дзе спатрэбіцца, прыцягваць і іншыя сродкі для вырашэння гэтых праблем». 

«Ніхто з затрыманых на тэрыторыі Польшчы не мае дачынення да дзейнасці беларускіх спецслужбаў»

Адказваючы на пытанне журналістаў аб затрыманні быццам бы беларускіх шпіёнаў на тэрыторы Польшчы, кіраўнік КДБ падкрэсліў, што ўсе падзеі, якія адбываюцца сёння ў гэтай краіне, неабходна ацэньваць праз прызму парламенцкіх выбараў, запланаваных на бліжэйшую восень. «Сітуацыя насамрэч там вельмі і вельмі няпростая, таму шукаюцца любыя нагоды, каб умацаваць імідж дзейнай улады на фоне эканамічных праблем, — звярнуў увагу Іван Тэртэль. — Сапраўды, польскі бок заявіў аб затрыманні вялікай колькасці грамадзян, у тым ліку Рэспублікі Беларусь, якія нібыта маюць дачыненне да дзейнасці Камітэта дзяржбяспекі. Запэўню вас, што гэта насамрэч не адпавядае рэчаіснасці. Ніхто з затрыманых на тэрыторыі Польшчы не мае дачынення да дзейнасці беларускіх спецслужбаў. Сам асабіста правяраў, гатовы за гэта паручыцца і несці адказнасць».

Старшыня КДБ звярнуў увагу, што ў дачыненні да Беларусі істотна актывізавана разведвальна-падрыўная дзейнасць. «Прыадкрыю вам сакрэт: намі затрымана некаторая колькасць грамадзян Польшчы пры ажыццяўленні актыўных аперацый па агентурнай сувязі на нашай тэрыторыі, — расказаў ён. — Затрыманы здраднікі, з якімі яны працавалі на нашай тэрыторыі. Вядома, польскі бок любымі спосабамі хоча дабіцца абмену на каго-небудзь з гэтых сваіх грамадзян. Аднак ніхто з затрыманых імі асоб, якія быццам бы працуюць у інтарэсах Расійскай Федэрацыі або Рэспублікі Беларусь, задач спецслужбаў Рэспублікі Беларусь не выконваў». 

Акрамя таго, як адзначыў Іван Тэртэль, беларускімі спецслужбамі затрыманы дзясяткі грамадзян Украіны за спробы здзяйснення тэрактаў, разведвальна-падрыўную і шпіёнскую дзейнасць на нашай тэрыторыі. «КДБ Рэспублікі Беларусь мае кантакты з усімі спецслужбамі свету, — канстатаваў кіраўнік ведамства. — У рознай ступені яны выкарыстоўваюцца. Да нас звярнуўся ў тым ліку ўкраінскі бок з просьбай памяняць сваіх некаторых грамадзян на кагосьці. Мы паглядзелі на прапанаваны спіс: нам не патрэбны наркаманы, гвалтаўнікі і іншыя , якія адбываюць у іх пакаранне. Ёсць грамадзяне Прыбалтыкі, затрыманыя намі за здзяйсненне агентурных аперацый на нашай тэрыторыі. Пакуль у гэтых адносінах варта канстатаваць, што мы іх выяўляем у вялікай колькасці, а нам прад’явіць прэтэнзіі нашы супернікі з таго боку не могуць».

Кіраўнік КДБ заўважыў, што ў беларускіх спецслужбаў ёсць кантакты і са спецслужбамі Польшчы. «Мы, вядома, ім па ўсіх каналах даводзім інфармацыю, занепакоенасць, будзем глядзець на рэакцыю, у тым ліку пра лагеры (па падрыхтоўцы баевікоў. — „Зв“.) на іх тэрыторыі, спробы ўчынення тэрактаў і запланаваныя тэракты, — адзначыў Іван Тэртэль. — Я не хацеў бы прымяняць паняцце „чырвонай лініі“, але ў міжнароднай практыцы гэта недапушчальныя выпадкі. Таму трэба разумець, што меры ў адказ будуць не менш, а можа, і больш дзейснымі з нашага боку, калі будуць дапушчаны такія сітуацыі».

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.