Вы тут

Дзень памяці Ірыны Паскевіч прайшоў у Гомелі


Кожны год у сярэдзіне красавіка гамяльчане ўзгадваюць апошнюю ўладальніцу Гомельскага маёнтка — княгіню Ірыну Паскевіч. Яе дабрачынную дзейнасць па развіцці Гомеля і дапамозе самім гараджанам цяжка пераацаніць. Дзякуючы Ірыне Іванаўне ў горадзе над Сожам былі пабудаваны бальніцы, прытулкі для бедных, адкрытыя навучальныя ўстановы. У Гомелі ў гонар мецэнаткі, асветніцы, дабрачыннага дзеяча ўстаноўлены помнік, яе імя носіць гарадская гімназія і адна з вуліц горада. 


Дзень памяці Ірыны Паскевіч сабраў усіх ахвотных узгадаць жыццёвы шлях гэтай дзіўнай жанчыны ў Белай гасцінай палаца Румянцавых-Паскевічаў. Супрацоўнікі музея ў мультымедыйным фармаце расказалі пра княгіню не толькі як пра дабрачынніцу, але і як перакладчыцу, аматара мастацкага слова. Ірына Паскевіч стала першым перакладчыкам на французскую мову двух знакамітых раманаў Льва Таўстога, творчасцю якога яна захаплялася. 

— Першым творам пісьменніка, які ўвогуле натхніў княгіню ўзяцца за пераклад, быў раман «Сямейнае шчасце». Сімвалічна, што гэта гісторыя аб станаўленні жанчыны як захавальніцы дома і сямейнага шчасця. Магчыма, Ірына Іванаўна, якая і сваё жыццё аддала не вышэйшаму свету багатай сталіцы, а сваёй сям’і, дому і гораду, атаясамлівала сябе з галоўнай гераіняй твора Таўстога, — распавяла старшы навуковы супрацоўнік музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Наталля Яўцехава. 

У дзень памяці Ірыны Паскевіч немагчыма было не згадаць яе работу ў якасці перакладчыка рамана Льва Таўстога «Вайна і мір». Вядома, што менавіта гомельская княгіня — аўтар першага літаратурнага перакладу твора класіка рускай літаратуры на французскую мову. У Францыі ў 1879 годзе выйшлі ў свет каля 500 экзэмпляраў перакладу. Сусветную вядомасць раман набыў якраз пасля выхаду перакладу Ірыны Паскевіч, бо ўжо з французскага «Вайну і мір» пачалі перакладаць на англійскую, нямецкую, польскую і чэшскую мовы. 

— На жаль, невядомы дакладна прамежак часу, калі Ірына Іванаўна працавала над перакладам. Але цікавую інфармацыю аб ходзе перакладчыцкай работы можна дазнацца з перапіскі Льва Таўстога з Іванам Тургеневым, які вёў пасрэдніцкую перапіску паміж Ірынай Паскевіч і Львом Мікалаевічам. Вядома таксама, што Іван Тургенеў дапамагаў з выхадам перакладу Ірыны Паскевіч ў Францыі, наладжваў сувязь з французскімі літаратурнымі салонамі, каб пераклад раману стаў даступным чытачу, — звярнула ўвагу Наталля Яўцехава. — Ёсць сведчанні крытыкаў, што падтрымлівалі Ірыну Іванаўну падчас работы над перакладам паэт Якаў Палонскі. Захавалася перапіска паміж Тургеневым і Палонскім, дзе чытаецца хваляванне, як прыме французская публіка перакладзены Ірынай Іванаўнай твор. 

Дарэчы, звяртаючыся да перакладчыцкай дзейнасці Ірыны Паскевіч, супрацоўнікі музея заўсёды нагадваюць, што Ірына Іванаўна — народжаная Варанцова-Дашкава — з юнацтва ў бацькоўскім доме на Палацавай набярэжнай у Пецярбургу захаплялася творчасцю гасцей іх дома — вядомых літаратараў, пісьменнікаў, паэтаў. Княгіня атрымала выдатную хатнюю адукацыю. З сям’ёй яна шмат падарожнічала па Еўропе, знаёмілася са знакамітымі літаратурнымі дзеячамі. Вядома таксама, што Ірына Паскевіч выдатна ведала шэсць замежных моў: французскую, англійскую галандскую, польскую, венгерскую і турэцкую мовы

— Як адзначалі крытыкі пасля выхаду першага літаратурнага перакладу на французскую мову рамана «Вайна і мір», Ірына Іванаўна правяла сапраўды грандыёзную работу, як прызнаны знаўца мастацкага слова, — нагадала старшы навуковы супрацоўнік музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.

Наталля КАПРЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.