Вы тут

У сям’і Міхаіла і Ліліі Піваварчыкаў – шчасце, памножанае на тры


Заўтра, 15 мая, ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень сям’і. Сям’я, якую афіцыйна называюць ячэйкай грамадства, з’яўляецца найгалоўнай каштоўнасцю кожнага з нас. А калі гэта шчасце памножана на тры, яно набывае звышнатуральны і сакральны сэнс. 


Міхаіл і Лілія пазнаёміліся ў 2003 годзе. Сёлета яны адзначаюць 20-годдзе іх кахання, 19 гадоў з якіх — у афіцыйным браку. Ён ласкава называе яе «агеньчыкам», а сябе — «вогнетушыцелем», і запэўнены, што жонцы трэба паставіць залаты помнік пры жыцці за пяшчоту і незвычайную моц хрупкіх жаночых рук, якія ў цяжкія часы змаглі захаваць першае юнацкае каханне і пранесці яго праз 20 гадоў.

Месцам знаёмства для іх, маладых і бесклапотных, стаў Лужаснянскі сельгастэхнікум. Міхаіл вырашыў абраць сельскую гаспадарку невыпадкова: маці працавала заатэхнікам, бацька — кіроўцам на Глыбоччыне. «Я ж нават калі паступаў на ветурача, крыві баяўся. Аднак любоў да жывёл перамагла, ужо пайшоў 18-ты год, як я штодзень сустракаю сваіх рагатых падапечных», — усміхаецца Міхаіл Баляслававіч. Пасля тэхнікума была Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны, у якой сёння мужчына займае пасаду малодшага навуковага супрацоўніка, сумяшчаюшчы з працай вядучым ветурачом у вытворчым кааператыве «Альгоўскае», што ў Віцебскім раёне. 

У «Альгоўскім» галава сям’і працуе 17 гадоў, тут ён набіраўся вопыту, праходзіў нялёгкія выпрабаванні сельскай гаспадаркай. Сёння ветурач ахінае клопатам 5 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы, і словы гэтыя — не проста гук. Ён запэўнены, што жывёла, асабліва ў маладым узросце, адчувае цябе, як дзіцё, толькі паскардзіцца не можа, што баліць. Таму і імкнецца Міхаіл Баляслававіч не проста паставіць чарговы ўкол, якіх за дзень збіраецца з некалькі соцень, а паназіраць, паслухаць кожную з рагуль. У бясконцых радах фермаў у яго свой парадак, без цыгарэтнага дыму і павышаных таноў. «У гэту прафесію павінны прыходзіць людзі з бездакорнай любоўю да жывельнага свету. Гэта факт. Таму мая работа і прыносіць мне задавальненне ў незалежнасці ад складанасці сітуацыі: прыходзіцца вяртацца да каровак і ноччу, калі расцёл, і ў выхадныя са святамі. Але ад гэтага прафесія становіцца цікавей, кожны дзень прыносіць новыя эмоцыі», — дзеліцца Піваварчык. 

За багаты працоўны стаж назбіраў ветурач і нямала цікавых, а часам, і смешных да слёз гісторый. «Памятаю, прыйшоў да мяне на практыку студэнт, цялю прышчэпку ставіць збіраліся. Ён на яго сеў зверху, за прычыннае месца трымае і укол яму бах! Як падскочыла жавеліна, ды разам са студэнтам, на зямлю яго заваліла, а той, небарака, крычыць: Міхаіл Баляслававіч, гэта ж адская праца! За гэта трэба такую зарплату плаціць, каб кожны месяц сабе аўтамабіль новы купляць. Я насмяяўся тады добра. Быў і яшчэ адзін выпадак, які запаў мне ў памяць. Папрасіла дапамогі бабуля старая, у яе каровы пасля ацёлу быў радзільны парэз. Я лекі ёй укалоў (не першы раз з праблемай сустракаюся), а гаспадыня ўсё каля каровы рукі заломвае: доктар, ці ўстане мая кароўка? Я ей некалькі раз адказаў, што ўсе з жывёлай будзе добра, а яна не верыла, хвалявалася. Тады я паабяцаў, што зараз карове на вуха прашапчу і папрашу ўстаць (я ж разлічыў, калі лекі пачнуць дзейнічаць). Стаў на калені і раблю выгляд, што з каровай размаўляю, потым падняўся і гучна так на ўвесь хлеў „А ну, уставай!“. А яна і ўстала, потым бабуля тая ўсім гаварыла, што я чалавек цудадзейны, не адсюль».

Спадарожніца Міхаіла Лілія Пятроўна ўсе жыцце марыла стаць педагогам, аднак у юнацтве не атрымалася — абрала аграномію. Працавала спачатку ва ўчгасе «Падбярэззе», потым — у службе землеўпарадкавання райвыканкама. А потым, амаль праз 20 гадоў, споўніла сваю дзіцячую мару і зараз завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю выхавацеля дашкольнай адукацыі. Пайшла працаваць у дзіцячы садок у Талаве і вельмі рада, што прафесійная мара споўнілася. 

«Чым жа вас, 18-гадовую, уразіў Міхаіл?», — пытаюся я ў Ліліі. «Настойлівасцю і вельмі прыгожымі рамантычнымі ўчынкамі. Памятаю, як я ў тэхнікуме вярталася з алімпіяды з сяброўкамі, а ён сустракаў мяне з вялікім букетам. Тады, чамусьці, я вельмі саромелася такой ўвагі, кветкі гэтыя ішла і хавала. Але свой юнацкі рамантызм муж захаваў і да сённяшніх дзён, заўседы радуе мяне прыгожымі букетамі. А яшчэ — сціплымі вясновымі ландышамі, які і дагэтуль з’яўляюцца для мяне аднымі з любімых», — з цеплынёй успамінае Лілія Пятроўна. 

Потым у маладой пары нарадзіўся старэйшы сын Станіслаў. Зараз яму 17, ён вучыцца далёка ад дома, але з’яўляецца для маці надзейнай апорай і падтрымкай. Калі першы сын нарадзіўся, Міхаіл амаль не быў дома — будаваў кар’еру, імкнуўся зарабіць дзеля сям’і. Лілія спраўлялася сама з хатнімі справамі і дзіцём, не забываючы падтрымліваць для мужа агеньчык сямейнага цяпла. Зараз, як і тады, ён вельмі за гэта ўдзячны свайму першаму і адзінаму каханню. Пасля нарадзіўся сярэдні, Ягор, і калі суджэнцы чакалі трэцюю дзяўчынку, на свет з’явілася ўсмешлівая радасць усёй сям’і – Цімафей. Ён у свае пяць гадоў ведае на памяць гімн нашай краіны і вельмі любіць прачынацца пад яго раніцай. А чырвона-зялёны сцяг у маленькім папяровым варыянце — абавязковы элемент кожнай прагулкі юнага патрыёта Піваварчыка. Усе трое сыноў розныя, са сваімі характарамі, аднак менавіта яны з’яўляюцца для Міхаіла і Ліліі шчырай душэўнай адтулінай з непадробнай дзіцячай любоўю.

Вялікай і дружнай сям’ёй яны сустракаюць святы, адны з любімых — дні нараджэння і Новы год. Дата 22 лістапада для Піваварчыкаў пяць гадоў таму набыла асаблівы сэнс: у гэты дзень нарадзіўся малодшы Цімафей, а яшчэ — гэта Дзень сыноў. Сімвалічна, што і гэта свята для бацькоў трох хлопчыкаў — не проста чарговы календары лісток. 

Напярэдадні Міжнароднага дня сям’і да Піваварчыкаў завітала старшыня Віцебскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Дзіканава. «Ваш сямейны прыклад — гэта жыццёвы маяк для вашых дзяцей. Сваёй працавітасцю, любоўю да блізкіх і прафесіі, вы закладваецца моцны падмурак для дастойных грамадзян нашай краіны. Няхай у вашым доме заўсёды пануе павага і пяшчота, дабрабыт і плён. Заставайцеся такімі ж дружнымі і адзінымі, бо толькі разам можна пераадолець перашкоды і дасягнуць новыя вяршыні», — павіншавала прафсаюзны лідар аграрыяў раёна і ўручыла падарунак.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.