Вы тут

«Лайкі» бываюць жорсткімі


Неяк мы з жонкай наведалі масавае мерапрыемства, якое ладзілася на цэнтральнай плошчы нашага горада. Паглядзець было на што, але маю ўвагу прыцягнула адна «карціна», звычайная і бяскрыўдная на першы погляд. Некалькі дзяўчынак, прыкладна 11—13 гадоў, здымалі сябе на відэа. Адна з іх трымала ў выцягнутай руцэ тэлефон, і ўсе яны, адначасова і па чарзе, стараліся неяк вылучыцца на камеру. То нешта, захлёбваючыся, расказвалі, то падтанцоўвалі, то абдымаліся і гучна смяяліся...


Вядома ж, нічога дрэннага ў гэтым не было. У апошнія некалькі гадоў мы можам назіраць такія здымкі вельмі часта. Моладзь імкнецца вылучыцца і прыцягнуць да сябе ўвагу ўсімі магчымымі спосабамі. А розныя сучасныя платформы ў інтэрнэце даюць для гэтага вялізную магчымасць.

Здавалася б, за што тут хвалявацца? Але я, працуючы шмат гадоў у школе, ужо даўно займаюся рознымі назіраннямі ў дадзенай галіне. Для гэтага прыйшлося дасканала авалодаць сродкамі інтэрнэт-сувязі, праз якія маюць зносіны дзеці. Ёсць відэа, калі яны ў прамым эфіры перад камерай камп'ютара, тэлефона нешта расказваюць і дэманструюць. І тут жа адразу могуць бачыць каментарыі, якія ім пішуць гледачы. У іншых выпадках падлетак запісвае відэа ці фота і выкладвае яго на сваіх старонках у інтэрнэце. Сутнасць такіх відэа — «зачапіць», зацікавіць, прыцягнуць увагу гледача любым спосабам, бо менавіта ад гэтага залежыць, ці будуць прагляды, ці паставяць тыя, хто глядзіць, такія жаданыя лайкі. І няма мяжы колькасці гэтых лайкаў. Дзецям заўсёды іх трэба больш і больш. Часта гэтая колькасць вызначае статус дзіцяці сярод аднагодкаў.

Мне ж хочацца вызначыць праблемы, да якіх прыводзіць такое захапленне. Справа ў тым, што ўсе дзеці маюць свае матэрыяльныя мары і жаданні. Дзіця нашага часу ўжо з малых гадоў добра разумее, што для іх дасягнення патрэбны сродкі. Адначасова на прасторах інтэрнэту розныя блогеры зарабляюць вялізныя грошы, здымаючы відэа. І не мае значэння, якое гэта відэа. Неяк, будучы ў Магілёве, каля аднаго з гандлёвых цэнтраў назіраў за паводзінамі двух падлеткаў. Адзін з іх на тэлефон здымаў свайго сябра, а той у сваю чаргу... жаваў пачак з цыгарэтамі, які трымаў у руцэ! Пасля яны на камеру спыталі аб тым, што ім з'есці наступным разам, і са смехам збеглі. Я і некалькі жанчын, якія бачылі ўсё гэта, засталіся ў разгубленасці. Мы ўсе стаялі і не разумелі: няўжо гэта нармальна?

Яшчэ адна праблема заключаецца ў тым, што падлеткі, якія падоўгу маюць зносіны ў інтэрнэце, вельмі часта дыстанцыруюцца і забываюць пра рэальныя зносіны са сваімі аднагодкамі. І калі гэта працягваецца доўга, то сітуацыя пагаршаецца. У канчатковым выніку зносіны зводзяцца толькі да віртуальнай версіі. Для дасведчанага педагога такіх дзяцей звычайна выявіць нескладана. Як правіла, яны маўчуны. У кампаніі аднагодкаў ім складана і нязвыкла мець зносіны, яны рэдка займаюць лідарскія пазіцыі. Такія дзеці бываюць раздражняльнымі і цяжка ідуць на кантакт. Часта бацькі могуць нават не разумець, што адбываецца з іх сынам або дачкой, чаму яны паводзяць сябе неадэкватна... Неяк наткнуўся на артыкул аб адной амерыканскай дзяўчынцы. У школе яна пасварылася са сваімі аднакласніцамі. Увечары іх зносіны прадоўжыліся ў выглядзе перапіскі ў інтэрнэце. Перапіска не заканчвалася да раніцы. Аднагодкі зневажалі і даводзілі яе як маглі. (Паверце, дзеці могуць быць вельмі жорсткімі, асабліва натоўпам.) Пад раніцу дзяўчынка скончыла жыццё самагубствам, парэзаўшы сабе вены. Але ж гэтай трагедыі можна было б пазбегнуць....

Летась я гутарыў з адным хлопчыкам з 8 класа. Пацікавіўся, чаму ён аддае перавагу віртуальным зносінам з аднагодкамі, а не рэальным. Хлопец адказаў, што ў інтэрнэце ён можа вельмі хутка выбіраць і мяняць сяброў. А таксама называцца кім заўгодна, прыпісваючы сабе любыя якасці. І наогул, «там» можна казаць і рабіць, што захочаш, і за гэта звычайна нічога не бывае.

Таму шчыра падтрымліваю ўсе законы, што прымаюцца ў нашай краіне для кантролю дзеянняў у сетцы інтэрнэт самых розных карыстальнікаў. У асноўным гэта дапамагае стрымліваць хаос і негатыўную інфармацыю, якой хочуць нашпігаваць нашых дзяцей.

А яшчэ хачу звярнуцца да бацькоў: калі ласка, цікаўцеся часцей, чым жывуць вашы дзеці. Кантактуйце з педагогамі, якія іх выхоўваюць і вучаць. Спадзяюся, што разам мы зможам значна зменшыць магчымыя рызыкі і пазбегнуць самага страшнага.

Анатоль АСКІРКА, настаўнік пачатковых класаў ДУА «Навабыхоўская сярэдняя школа»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.