Вы тут

Піяніна айчыннай вытворчасці будуць накіраваныя дзякуючы дабрачыннай акцыі


Яе правядзенне прымеркавалі да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь заснавала дабрачынную акцыю, якая мела на мэце закупку піяніна «Беларусь» для арганізацый і ўстаноў адукацыі ў сферы культуры, што існуюць у нашай краіне.


Фота: pixabay.com

А якім установам у першую чаргу патрэбна піяніна? Тым, дзе з гэтым інструментам знаёмяцца, куды прыходзяць дзеці яго асвойваць. Аднойчы адчуўшы, як пры дакрананні да белых і чорных клавіш гукі сплятаюцца ў мелодыі, дзіця можа не проста парадавацца: «У мяне атрымалася!» — яно можа захварэць на магію, якую ўяўляе сабой музыка. Потым захоча мець да яе дачыненне, а пасля будзе імкнуцца ствараць яе ўласнымі рукамі. Каб гэта стала магчыма, патрэбныя рэгулярныя і шматгадзінныя заняткі, магчымасць больш кантактаваць з інструментам. Добра, калі гэтым здольныя забяспечыць бацькі. Але ж піяніна — наогул інструмент складаны і, вядома, нятанны. А ў дзяцей з самых розных сямей павінна быць магчымасць іграць на якасных інструментах, якімі забяспечаны музычныя школы. Таму чым больш піяніна там — тым больш магчымасцяў займацца ў дзяцей, тым больш таленавітых людзей можа выхаваць наша краіна.

Нездарма ў Беларусі была адноўлена вытворчасць піяніна: гэта дапамагло забяспечыць патрэбы, якія існавалі ў розных установах культуры. Піяніна «Беларусь» — добра вядомы брэнд яшчэ з савецкага часу, але цяпер, калі яго вытворчасць наладжана ў Мінску, гэта ўдасканалены інструмент, які вырабляюць з улікам сусветнага досведу, з выкарыстаннем якасных матэрыялаў. Сапраўды, каштоўны падарунак для любой установы. Каму пашчасціць?

— Ініцыятарам дабрачыннай акцыі стала Міністэрства культуры Беларусі, а мы дапамагалі ў яе практычнай рэалізацыі, — адзначае Наталля Карчэўская, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. — Акцыя праводзілася да 25 мая, і мы ўжо падвялі яе вынікі: радуе тое, што ўдзел узялі як прыватныя асобы, так і прадпрыемствы, арганізацыі (напрыклад Вярхоўны Суд), гандлёвыя сеткі (у прыватнасці «Еўраопт»). Кожны сам вырашаў памер унёску, які ён можа зрабіць, — а разам усе ахвяраванні склалі суму, што пойдзе на закупку некалькіх інструментаў. Мы ўдзячныя ўсім, хто выдаткоўваў уласныя сродкі на падтрымку таленавітых дзяцей, што жывуць у розных рэгіёнах нашай краіны і хочуць займацца музыкай, у прыватнасці вучыцца іграць на фартэпіяна. У выніку піяніна «Беларусь» будуць закупленыя і накіраваныя ў дзіцячыя музычныя школы мастацтваў Магілёўскай вобласці, у тыя раёны, што найбольш пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Галоўны вынік акцыі, бадай, у тым, што дзень, які міжнародная супольнасць вылучыла для таго, каб прыцягваць увагу да праблем, з якімі сутыкаюцца дзеці ў самых розных краінах, сёлета ў Беларусі набывае асаблівае значэнне: імкненне да прыгожага і магчымасць творчасці дапамагае жыць і натхняе на развіццё. Малых. Іх бацькоў. Наогул супольнасць, якая прагне добрай будучыні.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.