Вы тут

Кардыёлаг пра тое, што шкодзіць нашаму «матору»


Праблемы сэрца і сасудаў — гэта ў першую чаргу хваробы няправільнага ладу жыцця. Яны ўсё ж не прысуд, а сігнал, што чалавек няправільна абыходзіцца са сваім целам. Што шкодзіць нашаму сэрцу, а што ідзе на карысць? Пра гэта размаўляем з кардыёлагам 1-й катэгорыі Арынай БАСАВАЙ.


— Арына Аляксандраўна, якія фізічныя нагрузкі карысныя для сэрца? І якія небяспечныя?

— Дарослым любога ўзросту для зніжэння агульнай смяротнасці ад сардэчна-сасудзістай захваральнасці рэкамендавана імкнуцца да 150—300 хвілін аэробнай фізічнай нагрузкі ўмеранай інтэнсіўнасці ў тыдзень. Тыя, хто не можа прытрымлівацца гэтых норм, павінны заставацца настолькі актыўнымі, наколькі дазваляюць іх здольнасці і стан здароўя.

Фізічныя нагрузкі карысныя для сэрца, калі яны выконваюцца правільна і рэгулярна. Умераныя аэробныя фізічныя практыкаванні — гэта хадзьба, бег трушком, плаванне, язда на веласіпедзе, танцы. Лёгкія нагрузкі ў агародзе і на дачы таксама адносяцца да кардыянагрузак. Фізічная актыўнасць умацоўвае сардэчна-сасудзістую сістэму, паляпшае кровазварот і змяншае рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў.

Перад пачаткам заняткаў спортам і фізічнай актыўнасцю неабходна прайсці мінімальнае медыцынскае абследаванне ў тэрапеўта ці кардыёлага, падчас якога вымяраюць артэрыяльны ціск, робяць агульны і біяхімічны аналіз крыві, мачы, ЭКГ, і атрымаць парады спецыяліста па фізічнай падрыхтоўцы.

Важна захоўваць правілы бяспекі падчас заняткаў спортам, не перагружаць сваё цела.

— Як зразумець, што нагрузка стала празмернай і варта спыніцца?

— Існуе некалькі сігналаў з боку сэрца, якія могуць указваць на празмерную нагрузку і патрабуюць спынення заняткаў. Гэта адчуванне ціску ці цяжару ў грудзях, пякучага болю, незвычайнага сэрцабіцця, моцнай пульсацыі ў галаве, шыі ці грудной клетцы, часам пропускі ў сардэчным рытме, слабасць, галавакружэнне, галаўны боль у скроневай ці патылічнай вобласці. На фоне нагрузак ці пасля іх могуць нават з'явіцца непрытомнасці. Калі існуе хоць адзін з гэтых сімптомаў, неадкладна звяртайцеся па медыцынскую дапамогу.

— Калі ёсць захворванні сэрца, ці патрэбна фізічная нагрузка? Напрыклад, пры наяўнасці стэнтаў ці шунтоў?

— Абавязкова ўсе людзі нават пасля кардыяхірургічных умяшанняў павінны мець фізічныя кардыянагрузкі. Часцей за ўсё гэта хадзьба ва ўмераным тэмпе прыкладна 40 хвілін штодзень — не маенш за 150 хвілін у тыдзень.

— Калі да работы прайсціся 15 хвілін, пасля яе — столькі ж, ну і яшчэ схадзіць у краму — у суме атрымаецца каля 40 хвілін. Такая нагрузка падыходзіць?

— Не, бо гэта мусіць быць бесперапынная фізічная нагрузка хуткім крокам. Прычым важна ўлічваць пульс, а вось якой яго частаты павінен дасягаць той ці іншы пацыент, гэта індывідуальна вызначае ўрач у залежнасці ад дыягназу.

— Сілавыя нагрузкі, такія як заняткі ў трэнажорнай зале ці сілавы фітнес, падыходзяць для сэрца?

— Для здароўя могуць быць небяспечнымі экстрэмальныя віды спорту, якія патрабуюць вынослівасці і высокай фізічнай актыўнасці, у тым ліку яны часта звязаны з рызыкай траўмаў. Гэта некаторыя віды сілавых трэніровак, парашутны спорт, горныя лыжы, скалалажанне. З боку сардэчна-сасудзістай сістэмы яны могуць выклікаць ускладненні ў выглядзе прыступаў стэнакардыі, сардэчных прыступаў, гіпертанічных крызаў, арытміі. Таму, калі вы плануеце займацца экстрэмальнымі відамі спорту ці нагрузкамі з элементамі цяжкай атлетыкі, абавязкова пракансультуйцеся з урачом.

— Ці можна з захворваннямі сэрца працаваць на градках?

— У цэлым гэта не забаронена і залежыць ад канкрэтнага дыягназу. Калі захворванне кантралюецца лекамі і не ў стане абвастрэння, няма моцных праяў хваробы, то работы на градках дапушчальныя. Аднак перад пачаткам дачнага сезона пажадана прайсці мінімальнае абследаванне. Таксама важна памятаць пра тэхніку выканання работ, пазбягаць пад'ёму цяжараў, працаваць ва ўмераным тэмпе, не спяшацца, рабіць перапынкі і адпачываць, калі адчуваеце дыскамфорт.

Важна пазбягаць спёкі, працаваць на агародзе ў ранішнія ці познія вячэрнія гадзіны, калі тэмпература ніжэйшая, чым у сярэдзіне дня, выбіраць лёгкае адзенне, якое дазваляе целу «дыхаць», і абараняць галаву ад сонца. Неабходна піць дастаткова вады, каб падтрымліваць водны баланс, пазбегнуць абязводжвання і перагрэву. Важна выкарыстоўваць правільныя інструменты падчас работы на градках — не цяжкія, зручныя, з мінімальнай нагрузкай на шыйна-грудны аддзел пазваночніка.

У цэлым варта звяртаць увагу на агульныя сімптомы стомленасці, дыскамфорту, лічбы артэрыяльнага ціску, і, калі сімптомы недамагання з'явіліся, спыніць працу.

— Як на сэрца ўплывае спякота і перапады тэмператур? Ці можна з хворым сэрцам загараць на пляжы і купацца?

— Рэзкія перапады тэмператур могуць негатыўна паўплываць на работу сэрца, асабліва ў людзей з хранічнымі сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. Калі тэмпература цела хутка мяняецца, гэта можа выклікаць пашырэнне ці звужэнне сасудаў — у залежнасці ад таго, са спякоты ў холад ці з холаду ў спякоту мы перамяшчаемся. Акрамя таго, высокая тэмпература можа прывесці да абязводжвання арганізма, што таксама негатыўна ўплывае на самаадчуванне. Таму пажадана пазбягаць моцнага фізічнага напружання на пляжы і не гуляць, калі вы маеце сардэчна-сасудзістыя захворванні, у актыўныя гульні. Таксама варта абмежаваць час знаходжання на сонцы і выкарыстоўваць сонцаахоўныя крэмы, піць дастаткова вады і пазбягаць купання ў халоднай вадзе, бо гэта можа прывесці да спазмы сасудаў.

Калі маюцца захворванні сэрца, трэба быць асабліва асцярожнымі пры ўваходзе ў халодную ваду на спякоце. І назірацца ў свайго доктара.

— Якім мусіць быць харчаванне для здаровага сэрца? Якія макра- і мікраэлементы і вітаміны яму неабходныя?

— Асноўнай дыетай для здаровага сэрца з'яўляецца міжземнаморская з перавагай расліннай ежы, а не жывёльнай. Рэкамендавана знізіць ужыванне кухоннай солі — менш за пяць грамаў у суткі, а для некаторых пацыентаў, асабліва з сардэчнай недастатковасцю — менш за тры грамы ў суткі. Ужываць прыкладна ад 30 да 45 грамаў харчовых валокнаў у суткі, пераважна атрымліваць іх з прадуктаў мукі буйнога памолу. Гэта крупы, якія доўга варацца. Абавязковыя каля 200 грамаў фруктаў і 200 грамаў гародніны ў суткі. Таксама абмежаваць ужыванне чырвонага мяса да 350—500 грамаў на тыдзень, асабліва варта мінімізаваць колькасць апрацаванага смажанага мяса. Рэкамендуецца 1-2 разы на тыдзень ужываць рыбу, раз на тыдзень — тлустыя яе гатункі. Не пажадана ўжываць алкаголь, газіраваныя салодкія напоі, фруктовыя сокі.

Нашаму сэрцу неабходныя мноства макра- і мікраэлементаў і вітамінаў. Галоўныя з іх — калій і магній, якія дапамагаюць кантраляваць ціск, падтрымліваць рытм сэрца, зніжаць узровень халестэрыну. Кальцый важны для здароўя касцей і мышцаў, уключаючы сардэчную. Жалеза дапамагае транспарціроўцы кіслароду ў крыві. Вітамін С умацоўвае сценкі сасудаў і засцерагае іх ад пашкоджанняў. Вітамін Е абараняе сардэчную мышцу і дапамагае кантраляваць узровень халестэрыну. Вітамін D, які цяпер актыўна прызначаецца пры дэфіцыце, дапамагае ўмацоўваць косці і мышцы, уключаючы сэрца, і станоўча ўплывае на імунітэт. Тлустыя кіслоты амега-3 дапамагаюць зніжаць узровень халестэрыну, трыгліцэрыдаў і паляпшаюць работу сэрца.

І гэта няпоўны пералік пажыўных рэчываў, якія неабходныя для здароўя сэрца. Важна атрымліваць іх у дастатковай колькасці з разнастайнай збалансаванай дыеты.

— Ці можна дазваляць сабе тлустую ці салёную ежу?

— Яе варта максімальна абмежаваць. Паўтаруся, варта зменшыць колькасць кухоннай солі да 5 грамаў у суткі і нават менш. Наша папуляцыя злоўжывае соллю, бо мы жывём у адносна халодным клімаце, і людзі займаюцца нарыхтоўкай прадуктаў на зіму, дзе ў якасці кансерванту выкарыстоўваецца соль. Большасць з нас ёй злоўжывае, асабліва ў халодны перыяд, калі ў рацыёне нямала марынаваных прадуктаў, салёнага мяса, крамных каўбас. Акрамя таго, мы любім дасаліць прыгатаваную ежу. І замест пяці грамаў солі ўжываем 15. А гэта істотныя рызыкі развіцця артэрыяльнай гіпертэнзіі з маладога ўзросту.

Акрамя таго, няправільна фарміруюцца смакавыя прыярытэты ў моладзі. Усе фастфуды, сухарыкі, чыпсы ўтрымліваюць у вялікай колькасці соль, і смакавыя рэцэптары прывыкаюць да яе. Тлустую і салёную ежу варта абавязкова абмяжоўваць.

— Як лішняя вага ўплывае на работу сэрца?

— Негатыўна, асабліва калі яна сканцэнтравана вакол жывата. Норма акружнасці таліі на ўзроўні пупка для жанчын — менш за 80 см, для мужчын — менш за 94 см. Лішні тлушч можа прыводзіць да павышанага халестэрыну і цукру ў крыві, пад'ёму артэрыяльнага ціску і рызыкі тромбаэмбалічных ускладненняў. Таму важна сачыць за сваёй вагой і падтрымліваць яе ў здаровых межах.

— Ці можна часам дазваляць сабе алкаголь?

— У еўрапейскіх рэкамендацыях для ўрачоў верхняй мяжой бяспечнага ўжывання называюць каля 100 г чыстага алкаголю на тыдзень. Гэта мяжа аднолькавая для мужчын і жанчын. Ужыванне алкаголю звыш гэтай нормы зніжае працягласць жыцця. І, згодна з вынікамі эпідэміялагічных даследаванняў, яно лінейна звязана з павышанай рызыкай інсультаў, ішэмічнай хваробай сэрца і сардэчнай недастатковасцю.

У цэлым жа людзям з захворваннямі сэрца не рэкамендуецца ўжываць алкаголь, бо гэта можа пагоршыць іх стан, у прыватнасці павышаецца ціск і паскараецца сардэчны рытм.

— Ці абавязковы пажыццёвы прыём прэпаратаў пры высокім ціску і халестэрыне?

— Калі вырашаецца пытанне аб прыёме гіпатэнзіўных прэпаратаў, праводзіцца агляд і абследаванне пацыента. Пры адсутнасці паражэння органаў-мішэняў, а пры артэрыяльнай гіпертэнзіі гэта сасуды вачэй, само сэрца, ныркі і брахіцэфальныя артэрыі, няма ангіяпатыі і здаровыя астатнія органы, а лічбы ціску ў межах артэрыяльнай гіпертэнзіі 1-й ступені (да 149 мм рт. сл.), то маладым людзям без іншых фактараў рызыкі магчыма адкласці прыём медыкаментознай тэрапіі і рэкамендаваць карэкцыю ладу жыцця. Гэта значыць, нармалізаваць харчаванне, масу цела, ужываць менш солі, дадаваць штодзённыя кардыянагрузкі, адмовіцца ад курэння і алкаголю, наладзіць сон. На тэрмін да паўгода можна адкласці прыём прэпаратаў, і такі падыход сёння шырока практыкуецца ў Еўропе. Але кантроль кожныя паўгода неабходны, бо такі пацыент у групе рызыкі.

Калі ўпершыню выяўленая артэрыяльная гіпертэнзія мае высокія лічбы (2-й 3-й ступені), асабліва калі пры гэтым ёсць змяненні ў органах-мішэнях, абавязкова прызначаюць лекавыя прэпараты, якія не валодаюць назапашвальным эфектам, а значыць, патрабуецца іх пастаянны прыём пажыццёва.

Таблеткі ад халестэрыну прызначаюцца пры наяўнасці атэрасклерозу. Калі маюцца атэрасклератычныя змяненні ў сасудах і бляшка займае 20—25 % і больш прасвету сасуда, прызначаюцца прэпараты, незалежна ад узросту пацыента. Калі пацыенту 25 гадоў і маецца атэрасклератычная бляшка, ён павінен прымаць таблеткі з гэтага ўзросту.

— Як выяўляюць атэрасклератычныя бляшкі?

— Выконваецца УГД сасудаў шыі, артэрый ніжніх канечнасцяў. Пры УГД брушной поласці таксама відаць атэрасклератычныя бляшкі. Калі хоць бы адна знойдзена, гэта азначае, што працэс атэрасклерозу пачаўся ва ўсім арганізме. І гэта паказанне прымаць прэпараты.

У маладым узросце прыём медыкаментаў дае вельмі добрыя вынікі па змяншэнні ў памерах атэрасклератычных бляшак. І важна ўсведамляць, што таблетка ад халестэрыну не толькі для таго, каб палепшыць аналіз крыві. Прэпарат здымае запаленне ў сасудах і змяншае атэрасклератычныя бляшкі.

— Мы не адчуваем атэрасклерозу. Як часта варта правярацца?

— Для гэтага і патрэбна дыспансерызацыя. Бліжэй да 30 гадоў варта праходзіць хоць бы мінімальныя абследаванні — здаваць аналізы і выконваць ЭКГ. Урач можа западозрыць, што ёсць атэрасклероз, апытаўшы і агледзеўшы пацыента. Калі маці ці бацька хварэюць на сардэчна-сасудзістыя захворванні, ужо ёсць рызыкі. Асабліва калі ёсць раннія смерці (да 50 гадоў) блізкіх сваякоў ад сардэчна-сасудзістых хвароб. Важная маса цела. Мужчыны маюць больш рызык па атэрасклерозе, чым жанчыны. Сваю ролю адыгрываюць шкодныя звычкі, маларухомы спосаб жыцця.

Дапамагаюць урачу вынікі аналізаў. Калі халестэрын павышаны, пацыента накіроўваюць на праверку сасудаў. Калі яны чыстыя, рэкамендавана карэкцыя ладу жыцця. Калі маецца атэрасклероз, тады прызначаюцца лекавыя прэпараты. Як доўга іх прымаць і ў якой дозе, якая мэтавая лічба халестэрыну і як часта яе кантраляваць, вырашае ўрач індывідуальна.

— Як мяняецца лад жыцця, калі ўстаноўлены стэнты ці шунты? Ці варта пастаянна прымаць прэпараты?

— Пацыентам пасля стэнціравання ці шунціравання абавязковы пажыццёвы прыём поўнай схемы лячэння сардэчна-сасудзістых хвароб, куды абавязкова ўваходзяць таблеткі ад халестэрыну. Гэта назаўсёды, бо шунціраванне ці стэнціраванне не дае вылечвання ад самога сардэчна-сасудзістага захворвання. Такая сітуацыя можа паўтарыцца, і важна захаваць функцыю шунта ці стэнта на доўгія гады. Для гэтага і патрэбны пастаянны прыём прэпаратаў. Назапашвальным эфектам яны не валодаюць, таму гэта штодзённы пажыццёвы прыём.

Натуральна, вельмі важная адмова ад курэння, бо часта атэрасклероз развіваецца ў курцоў са стажам. Гэта неабходная ўмова, бо менавіта заядлыя курцы нярэдка вяртаюцца на кардыяхірургічны стол толькі таму, што не кінулі шкодную звычку — бляшкі ўтвараюцца ў іншых месцах ці закупорваецца наяўны стэнт. Абавязкова ўлічваць псіхаэмацыянальны фактар — пазбягаць стрэсаў, а таксама зніжаць і кантраляваць артэрыяльны ціск, змяншаць масу цела. Усё павінна быць у межах нормаў, што таксама абмяркоўваецца з кардыёлагам. Стаіць задача не проста прымаць таблеткі ад ціску ці халестэрыну, а па ўсіх паказчыках дасягнуць пэўнай мэты. Толькі пры такіх умовах наша сэрца і сасуды праслужаць максімальна доўга.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.