Вы тут

У роднае слова ўлюбёны, рабіў і робіць. Да юбілею Анатоля Бутэвіча


Выдатна сказаў знакаміты рускі паэт Мікалай Някрасаў: «Паэтам можаш ты не быць, але грамадзянінам быць абавязаны!» Хоць, думаецца, яшчэ лепш, калі гэтыя дзве якасці ў творчым чалавеку спалучаны. Як, напрыклад, у Анатоля Бутэвіча. Ён не толькі празаік, перакладчык, публіцыст, крытык, але і беларускі дзяржаўны дзеяч, дыпламат.


Анатоль Бутэвіч. Фота Кастуся Дробава.

З Язаўца ў Баяры і далей... 

Нарадзіўся 15 чэрвеня 1948 года на хутары Язавец Нясвіжскага раёна. Але хутары ў былой Заходняй Беларусі пачалі ліквідаваць, і ў 1956 годзе прыйшла чарга да Язаўца. Сям’я Бутэвічаў апынулася ў вёсцы Баяры, таксама на Нясвіжчыне. Пра гэтыя пярэбары Анатоль Іванавіч расказаў у аповесці «Распасажаны дом, або Хутарская вольніца». Праўдзіва, як можа пісаць чалавек, які перажыў гэта, хай сабе і ў юным узросце. Паказаў і гэтую вольніцу, і далучэнне да іншага жыцця, якое шмат у чым было не такое, як дакларавалі тыя, хто гэтым хацеў ашчаслівіць іх. Аднак усё праўдзіва, такое не прыдумаеш. 

Каб перадаць яго як мага аб’ектыўней, канешне, патрэбен талент. А яшчэ для пісьменніка, які піша на мове сваіх бацькоў і дзядоў, цудоўнае яе веданне. Гэтае замілаванне мовай, спасціжэнне жыцця пачалося для Анатоля Бутэвіча ў маленстве. Было прадоўжана падчас вучобы ў Велікаліпскай васьмігодцы, а пасля ў Сноўскай сярэдняй школе. Як і многія будучыя пісьменнікі, для паступлення выбраў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 

Ужо школьнікам публікаваўся ў нясвіжскай раённай газеце «Чырвоны сцяг» (сённяшнія «Нясвіжскія навіны»). Супрацоўніцтва з друкам прадоўжыў, працуючы рэдактарам Беларускага тэлеграфнага агенцтва, а потым намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Чырвоная змена». Выступаў як пад уласным прозвішчам, так і карыстаючыся псеўданімамі Максім Валошка, Анатоль Баярскі і нават Міша Алімпік. 

Максім Валошка доўгі час быў асноўным. Найперш тады, калі працаваў на адказных творчых, грамадскіх і дзяржаўных пасадах: дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура», у ЦК ЛКСМБ (1973–1975, 1979–1980) і ЦК КПБ (1980–1986, 1987–1990). Пазней быў старшынёй Дзяржаўнага камітэта па друку, міністрам інфармацыі, міністрам культуры і друку Рэспублікі Беларусь, Генеральным консулам Рэспублікі Беларусь у Гданьску, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Румыніі, на іншых пасадах. Гэта не перашкаджала плённа працаваць і як пісьменніку ў шмат якіх жанрах. 

Блізкі нам Ягайлы час 

У літаратуры, зразумела, усе жанры важныя. Аднак у чытача асаблівае стаўленне да рамана. Ды і народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў прытрымліваўся такой думкі: «Раман — гэта народ. І, можа быць, некаторых народаў добра не ведаюць у свеце толькі таму, што ў іх няма выдатных раманаў». Ёсць раман і ў Анатоля Бутэвіча — «Каралева не здраджвала каралю, або Кара¬леўскае шлюбаванне ў Новагародку». Дарэчы, раманам гэты твор стаў не адразу. Спачатку, па вызначэнні самога Анатоля Іванавіча, гэта была «рыцарская аповесць пра каханне 17-гадовай беларускай князёўны Соф’і Гальшанскай і 70-гадовага караля польскага Ягайлы (з хранаграфіяй і персаніфікацыяй яго эпохі)». 

«Каралева не здраджвала каралю...» — гісторыкамастацкі твор, у якім рэальныя падзеі і энцыклапедычнае веданне аўтарам жыцця эпохі, пра якую ён апавядае. Аб цудоўным веданні ім нацыянальнай гісторыі сведчаць і храналагічныя матэрыялы «Ягайла і яго час». Пасля таго, як раман выйшаў асобнай кнігай, яны склалі асобны том. Калі ж коратка казаць пра сам твор, у ім усё напоўнена беларускасцю. Безумоўна, падзеі адбываюцца не толькі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, але і тычацца жыцця нашага народа. Гэта і згадкі Соф’і Гальшанскай, калі была пры бацьках у Друцку, і ўспаміны Генрыка. Яшчэ не рыцара, а звычайнага Шадзібора, жыхара пушчы. Нарэшце, усё, што тычыцца Ягайлы, як аднаго з тых, хто ніколі не забываў аб трываласці ўласных каранёў. 

Вобраз яго — несумненная аўтарская ўдача. Ягайла паўстае не толькі гаспадаром Кароны і Княства, але і жывым чалавекам. Ён прагне свайго звычайнага шчасця, хоча, каб нішто не азмрочвала яго ўзаемаадносіны з маладой жонкай. Соф’я Гальшанская таксама выпісана з такой любоўю, што не застаецца ніякага сумнення ў асаблівым стаўленні аўтара да яе. І хоць у тыя часы дзяўчаты, як правіла, выходзілі замуж вельмі рана, безумоўна, каралевай у 17 гадоў не станавіліся. А гэта не толькі гонар і высокая адказнасць, але і неабходнасць ледзь не штодня змагацца за сваё добрае імя. 

Вартасць рамана не толькі ў тым, што Анатоль Бутэвіч па-майстэрску расказвае пра тыя даўнія часы. Паказаў сябе празаікам, які ўмее падбіраць вобразна-выяўленчыя сродкі. Лірычныя адступленні сведчаць, што яму ўдаюцца і разгорнутыя пейзажныя апісанні. Нават такія, якія быццам выглядаюць эскізна, але ствараюць своесаблівую настраёвасць, калі яшчэ лепш адчуваеш сваю лучнасць з даўнімі падзеямі, з няпростымі людскімі лёсамі. 

Ясняцца мінулыя імгненні 

Аб тым, наколькі ўважліва ставіцца Анатоль Бутэвіч да нацыянальнай гісторыі, які важкі яго ўнёсак у гісторыкапатрыятычную літаратуру, сведчыць серыя «Сем цудаў Беларусі». Першай у ёй была аднайменная кніга Уладзіміра Ягоўдзіка ў афармленні мастака Паўла Татарнікава. Астатнія шэсць належаць пяру Анатоля Іванавіча. Не лішне назваць усе: «У гасцях у вечнасці», «Званы Нямігі», «За наміткай гісторыі», «Адвечны покліч Радзімы», «Славутыя родам сваім», «Перуновага племені дзеці». 

Беларуская даўніна, як відаць дзякуючы серыі «Сем цудаў Беларусі», куды багацейшая, чым лічылася доўгі час. У гэтым пераконваюць не толькі багатыя сваёй інфармацыйнай насычанасцю і эмацыянальнай засяроджанасцю аповеды Анатоля Іванавіча, але і ілюстрацыі, якія падзеі даўнія, людзей слаўных як бы робяць нашымі сучаснікамі. 

Серыя «Сем цудаў Беларусі» стала мастацка-дакументальным летапісам мінулага і з цікавасцю ўспрымаецца не толькі юнымі чытачамі, але і ўсімі, для каго Беларусь — святое слова, а яе гісторыя — невычэрпная крыніца, гаючая вада якой дапамагае больш упэўнена адчуваць сябе, узіраючыся ў дзень заўтрашні. 

Гэта яшчэ ў большай ступені характэрна для кніг Анатоля Бутэвіча, сюжэтнай асновай якіх з’яўляюцца падарожжы, прытым асаблівага кшталту. Вандроўкі ў часе і прасторы, калі аўтар кожным разам як бы бярэ сабе ў аднадумцы канкрэтных гістарычных асоб. Яны ў пэўнай ступені таксама з’яўляюцца апавядальнікамі. Будучы не толькі ўдзельнікамі, а з вышыні сённяшняга дня і сведкамі, запрашаюць у яго з тым жа памкненнем, што і сам аўтар аповеду. Нібы нагадваючы: шануйце гісторыю. Стаўцеся да яе з павагай, каб не нарабіць памылак у будучыні. Хто гэтыя суразмоўцы, відаць па назвах кніг: «Таямніцы Мірскага замка. Падарожжа па сівых мурах з Адамам Міцкевічам», «Таямніцы Нясвіжскага замка. Падарожжа ўглыб стагоддзяў з Уладзіславам Сыракомлем», «Таямніцы Крэўскага замка. Падарожжа па нашай гісторыі з Вітаўтам Вялікім». 

Прыгоды не пакідаюць 

Пішучы творы для дзяцей, не абмяжоўваецца гістарычнай праблематыкай, а выкарыстоўвае розныя жанры, у тым ліку казку. Не цураецца і прыгодніцкай тэматыкі. Усё гэта такое вабнае, у нечым таямнічае, выносіць і ў назвы твораў: «Прыгоды Лісціка-Карунчыка», «Прыгоды памаўзлівай Рыскі», «Прыгоды Віруса Шкодзі». А хіба менш заманліва даведацца, «Як Акіян з Кропелькай барукаўся», «Як Данік у Радзівілаўскае метро трапіў»! Шмат чаго адкрывае, найперш невядомае ў звыклым, «Чараўніца Восень і Сняжынка падарожніца». 

Свой юбілей Анатоль Іванавіч сустракае з новай кнігай для дзяцей «Чароўная вандроўка Лунамесіка» («Волшебное путешествие Луномесика»), якая прыцягвае да сябе ўвагу ўжо вызначэннем жанру — казкабыль. Як быццам сумяшчэнне несумяшчальнага. 

Аднак казачныя гісторыі настолькі спалучаюцца з рэчаіснасцю, што гэта для дзетак-фантазёраў выглядае рэальным. Яны не сумняваюцца, што сапраўды нябесны чараўнік Лунамесік з’явіўся да Косці, які захапляецца гісторыяй. Лунамесік запрашае наведацца ў Смаргонь, дзе знаходзілася вядомая на ўсю Еўропу і адзіная на Беларусі мядзведжая акадэмія. Аднак Косця пабывае не толькі ў гэтым горадзе — па-новаму адкрые для сябе Нясвіж і Мір. У гэтай казцы, як і ў шмат якіх іншых сваіх творах, адрасаваных дзецям, аўтар гісторыю падае так, каб яна, наблізіўшыся да сучаснасці, стала нібы явай. 

Добра вядомы Анатоль Бутэвіч і як перакладчык з польскай, рускай, украінскай моў на беларускую, а з беларускай — на рускую. Яго ж творы, у сваю чаргу, пераствараліся па-балгарску, па-польску, па-румынску. Напісаў п’есу «Маладыя гады — маладыя жаданні». 

* * * 
Адна з яго кніг называецца «Пад небам беларускага слова». Падзагаловак яе «Пра пісьменнікаў, літаратуру і не толькі» ў пэўнай ступені вызначае і ўсе абсягі яго жыцця і творчасці. У роднае слова ўлюбёны, рабіў, робіць і, хацелася б, каб яшчэ доўга рабіў тое, што на карысць роднай Беларусі, а яго справы, памкненні, жаданні і планы (а як без іх жыць?) знаходзілі ранейшы водгук у чытацкіх сэрцах. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.