Вы тут

Спартыўна-культурны фестываль «Вытокі» завітаў у Слонім


Лета ў Беларусі не стамляецца радаваць людзей яркімі падзеямі і адметнымі святамі. Адно з іх — культурна-спартыўны фестываль «Вытокі. Крок да Алімпу». У мінулыя выхадныя ён завітаў на Гродзеншчыну. Свята прымаў самабытны Слонім. Праз два гады горад адзначыць сваё 985-годдзе. У яго багатай гісторыі хапала выдатных падзей, якія мелі значэнне для развіцця Беларусі. «Вытокі» таксама можна аднесці да іх. За тры гады існавання фестываль, якому няма аналагаў, стаў адной з візітовак Беларусі. Таму яго правядзенне менавіта ў Слоніме было вельмі дарэчным. На Гродзеншчыне свята рэалізавала ўсе свае мэты і наглядна прадэманстравала сваё прызначэнне.


Фота: НАК Беларусі

«Вытокі» — гэта свята культуры. У першы дзень фестывалю ўдзельнікі прэс-туру наведалі драматычны тэатр, адзіны ў краіне сярод раённых цэнтраў з колькасцю насельніцтва менш за 50 тысяч чалавек. Сваю гісторыю тэатр вядзе з 1771 года. Яго будаўніцтву Слонім абавязаны Міхаілу Казіміру Агінскаму, дзяржаўнаму дзеячу Рэчы Паспалітай, кампазітару, паэту, мецэнату. Слонімскі тэатр амаль нічым не саступаў еўрапейскім тэатрам, паколькі ствараўся па апошняй тэатральнай модзе таго часу. Яго асобны гонар — сцэна. Яе механіка, памеры і магчымасці дазвалялі ставіць тут самыя складаныя спектаклі і балетныя пастаноўкі, тэатралізаваныя конныя баталіі і водныя феерыі. У 2014 годзе пры падтрымцы дзяржавы быў пабудаваны новы будынак тэатра на месцы старога Народнага дома. І сучасны тэатр — візітная картка Слоніма.

Другім прыпынкам для ўдзельнікаў прэс-туру стаў Навасёлкаўскі цэнтр культуры. Тут госці пазнаёміліся са старажытным абрадам Паўлаўскіх караваяў, якія прызнаныя нацыянальнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Стагоддзямі жанчыны з вёсак Прырэчча, Навасёлкі, Паўлава і Навікі займаліся выпечкай гэтай унікальнай стравы. Асаблівасць Паўлаўскіх караваяў у тым, што яны вельмі пышныя, вызначаюцца выдатным смакам і — самае галоўнае — доўга не засыхаюць.

Задача фестывалю «Вытокі» — хоць бы на адзін дзень вярнуць людзей да сваіх каранёў, нагадаць пра галоўныя духоўныя каштоўнасці. Лепшае месца, чым Свята-Успенскі Жыровіцкі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр, для гэтага знайсці цяжка. Тым больш што размешчаны ён менавіта ў Слонімскім раёне. У комплекс манастыра ўваходзяць чатыры храмы і прылеглыя пабудовы, Крыжаўзвіжанская царква, храм Мікалая Цудатворца і Успенскі сабор, царква велікамучаніка Георгія Перамаганосца, званіца, будынак семінарыі, жылы манастырскі комплекс, трапезная.

«Вытокі» — гэта свята для дзяцей. І няхай першы дзень фестывалю прысвечаны больш дарослым пытанням, у прыватнасці, семінару для спецыялістаў спартыўных арганізацый Гродзенскай вобласці, арганізаванаму БДУФК і Вышэйшай школай трэнераў, ці семінару-практыкуму для педагогаў ад Беларускай алімпійскай акадэміі, дзецям таксама было чым заняцца. Мастацкая галерэя «АртХаос» прапанавала ім незвычайны інтэрактыў «Гуляйце з намі — малюйце самі». Тэмай гульні ў Слоніме стаў цмок — адзін з самых яркіх і пазнавальных герояў беларускай міфалогіі. «Мы ўзялі Цмока — гэта наша забытая міфалагічная выява, выява дракона, Змея Гарыныча. Ён жыў у воднай стыхіі — у балотах, рэках, азёрах. У нас ён атрымаўся вясёлкавы, мы яго зрабілі ў розных колеравых рашэннях. У самім целе дракона — некалькі гульняў, якія дзецям трэба было прайсці», — расказаў мастак Міхаіл Крот.

Скончыўся першы дзень фестывалю там, дзе і пачаўся, — у тэатры. Акцёры Нацыянальнага акадэмічнага тэатра М. Горкага прадставілі слонімскай публіцы спектакль «Падмануты муж».

«Мы не будзем спыняцца на дасягнутым»

Пасля «Вытокаў» у кожным горадзе, дзе праходзіць фестываль, застаецца яго спадчына. У другі дзень свята быў адкрыты школьны стадыён
у Жыровічах. Першымі новы спартыўны аб'ект праверылі лёгкаатлеты. «Для спартсменаў і ў цэлым жыхароў аграгарадка Жыровічы гэта вялікая падзея. Адкрыццё новага аб'екта і захаванне добрых традыцый спорту прынясуць добрыя вынікі. Думаю, што кагосьці з дзяцей, якія пачнуць тут спартыўны шлях, мы аднойчы ўбачым на сусветных спартыўных арэнах. Прыклады таму на Слонімшчыне ёсць — ваш зямляк Іван Ціхан», — адзначыў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка. Менавіта Іван Ціхан даў старт забегу на новым школьным стадыёне ў Жыровічах, сімвалічна перадаўшы эстафету маладому пакаленню.

Старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік падкрэсліў, што адкрыццё новага спартыўнага аб'екта для дзяцей — нагляднае пацвярджэнне сацыяльнай арыентаванасці дзяржавы. «Мы не будзем спыняцца на дасягнутым, работа па стварэнні спартыўных пляцовак будзе прадаўжацца», — запэўніў ён.

Традыцыйны падарунак ад «Вытокаў» гораду — сертыфікат на сто тысяч беларускіх рублёў на развіццё спартыўнай інфраструктуры раёна. Віктар Лукашэнка перадаў яго старшыні Слонімскага райвыканкама Генадзю Хомічу.

Галоўная фестывальная падзея — алімпійскі квэст — сабрала дзяцей і іх бацькоў, якія хацелі актыўна правесці выхадны дзень і адкрыць для сябе новыя віды спорту. Наогул «Вытокі» дапамагаюць мясцовым спартыўным секцыям заўважыць цікавых дзяцей, каб запрасіць іх да сябе. Слонім традыцыям не здрадзіў. Як заўважыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, «Вытокі» паступова выходзяць за рамкі сямейнага фестывалю. «Мы бачым, што ў гарадах, дзе праходзіць фестываль, прадстаўлены нашы нацыянальныя каштоўнасці, традыцыі, гісторыя, вынікі працы нашых людзей. У «Вытоках» традыцыйна бяруць удзел знакамітыя спартсмены, якія прадстаўляюць Беларусь на розных спаборніцтвах, удзельнічаюць знакамітыя артысты, мастакі, майстры. Мы — адна беларуская сям'я і разам уносім уклад у развіццё нашай краіны, — адзначыў Міхаіл Орда.

У Слонім завіталі многія знакамітыя спартсмены: алімпійская чэмпіёнка па фрыстайле Ганна Гуськова, двухразовы чэмпіён свету па веласпорце Яўген Каралёк. Асабліва пашанцавала тым, хто завітаў на пляцоўку веславання. Тут майстар-класы праводзілі алімпійскія чэмпіёны Андрэй Багдановіч і Кацярына Карстэн. Сапраўды, проста так вялікія спартсмены жартавалі, фатаграфаваліся, расказвалі пра веславанне ўсім жадаючым. Такое магчыма толькі на «Вытоках».

Забаўляльная праграма фестывалю працягнулася прэзентацыяй калекцый адзення «Роднае-моднае» беларускіх прадпрыемстваў, дызайнераў і прадпрымальнікаў. Завяршыўся фестываль вячэрнім гала-канцэртам з удзелам папулярных артыстаў беларускай эстрады. А прыгожай кропкай у гісторыі чарговага свята сталі маляўнічы феерверк і дыскатэка.

Між тым «Вытокі» працягваюцца — ужо з 23 да 24 чэрвеня свята завітае на Віцебшчыну. Эстафету прымае Глыбокае.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.