Вы тут

Той самы значны дзень — выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі чакае рэспубліканскі баль


Да права прадстаўляць на ім свае рэгіёны найлепшыя ўчарашнія студэнты прайшлі доўгі шлях. Ён быў напоўнены стараннай вучобай, валанцёрствам, навуковымі і спартыўнымі дасягненнямі, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Яны сапраўды заслужылі права быць уганараванымі запрашэннямі на гэтае свята. Наперадзе выпускнікоў чакае новы жыццёвы этап, падчас якога, упэўнены, маладыя людзі праявяць сябе гэтак жа амбіцыйна, крэатыўна, творча, як і падчас сваёй вучобы. З пачаткоўцаў, якія зусім скора ўладкуюцца на першыя працоўныя месцы, вырастуць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, таленавітыя кіраўнікі і арганізатары. Гэта ўсё абавязкова будзе! А пакуль... А пакуль гэтым сувязным звяном паміж днём учарашнім і днём заўтрашнім будзе рэспубліканскі баль выпускнікоў ВНУ. Той самы значны дзень у жыцці... Давайце пазнаёмімся з некаторымі ўдзельнікамі свята.


З дыпломам эканаміста і марамі пра журналістыку

Выпускніца Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі Яна Даўбенка — чалавек разнастайных інтарэсаў. Прычым калі нешта робіць, то грунтоўна. Родную альма-матар па спецыяльнасці «Сусветная эканоміка» скончыла з чырвоным дыпломам. Яе партрэт упрыгожвае Горацкую раённую Дошку Пашаны, па выніках мінулага года яна з'яўляецца лаўрэатам спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама ў намінацыі «Адукацыя». А яшчэ развіваецца творча, спявае ў народнай эстраднай студыі акадэміі «Золак». У складзе калектыву прымала ўдзел у шматлікіх конкурсах, канцэртах і святах. Выступала на злёце перадавікоў, нядаўна прымала ўдзел у адборачным туры рэспубліканскага праекта «Зорны шлях». Плюс яна — актыўная ўдзельніца грамадскага жыцця. І калі толькі ўсё паспявае?

— Мне ўсё гэта цікава, таму і атрымліваецца, — усміхаецца дзяўчына. — Калі паступіла ў акадэмію, першы год займалася выключна вучобай. Калі зразумела, што ёсць час і на іншае, знайшла сабе заняткі па інтарэсах. У музычнай студыі займаюся, таму што ёсць база, падчас вучобы ў школе скончыла музычную школу.

Яна актыўна ўдзельнічае ў культурна-масавых мерапрыемствах, грамадскай дзейнасці. Грамадская работа яе толькі натхняе, падабаецца рабіць нешта карыснае і менавіта сумесна.

Патэнцыял таленавітай дзяўчыны ў акадэміі ацанілі па заслугах. Па выніках мінулага года яна стала найлепшым студэнтам гэтай установы. Цікава, што родам суразмоўніца з Маладзечна, Мінск, здаецца, бліжэй, а яна паехала вучыцца ў Горкі, ды яшчэ платна.

— Некаторыя не хаваюць здзіўлення, калі даведваюцца, што вучуся платна, пры гэтым атрымліваю спецыяльную стыпендыю і маё імя занесена на Дошку пашаны, — рэзюмуе суразмоўніца. — Але чатыры гады таму, калі паступала ў акадэмію, гэта была зусім новая спецыяльнасць і вучыцца на яе можна было выключна платна. На бюджэт сталі набіраць толькі летась. Але я за ўвесь час вучобы ні разу не пашкадавала, што абрала акадэмію. Ведала, куды іду, мае родныя тут вучыліся і расказвалі, наколькі моцная база і выкладчыкі. А цяпер і сама ў гэтым пераканалася. Тут створаны ўсе ўмовы для развіцця. Горкі мне і адукацыю далі, і навучылі шмат чаму іншаму, што спатрэбіцца ў жыцці. Для студэнтаў існуе шмат заахвочвальных стымулаў, напрыклад, зніжкі па аплаце за вучобу. Тут я атрымала дастаткова добрыя веды па англійскай і нямецкай мовах. Асаблівасць нашай спецыяльнасці ў тым, што выпускнікі маюць магчымасць працаваць у самых розных галінах.

«Запрашэнне на рэспубліканскі баль выпускнікоў ВНУ — вялікая адказнасць», — лічыць дзяўчына. І гэта таксама натхняе на актыўную дзейнасць у будучыні. Яна глядзіць у яе з упэўненасцю, бо той багаж ведаў, які дала акадэмія, дапаможа сябе рэалізаваць дзе заўгодна. Ёй, напрыклад, бліжэй журналістыка. Пры акадэміі існуе прэс-сектар, дзе Яна таксама была задзейнічана. Навіны, рэпартажы, нарысы — для дзяўчыны з рознабаковымі інтарэсамі самая што ні на ёсць родная стыхія. За творчасцю Яны назіраюць у сацсетках шматлікія чытачы, сярод якіх шмат прыхільнікаў. А з акадэміяй яна пакуль таксама развітвацца не збіраецца. Завочна вучыцца ў Вышэйшай школе аграбізнесу на прававеда — ёсць такая магчымасць для студэнтаў з добрай паспяховасцю. Другі дыплом акадэміі Яна атрымае ўжо праз паўтара года.

Нэлі ЗІГУЛЯ


«Універсітэт — гэта адукацыйна-творчы кластар»

У ліку тых, хто будзе прадстаўляць на рэспубліканскім балі выпускнікоў Віцебскую вобласць, — палачанін Мікіта Саветнікаў.

Малады чалавек нарадзіўся ў самым старажытным горадзе Беларусі, а вось дзяцінства і юнацтва правёў у самым маладым — Наваполацку. У 2019 годзе з адзнакай скончыў тут гімназію № 2 і пачаў аналізаваць спецыяльнасці вышэйшых навучальных устаноў краіны, каб звязаць прафесію з любімымі школьнымі прадметамі — матэматыкай, фізікай, хіміяй. Да апошняй навукі Мікіта цягнуўся больш: ён неаднойчы станавіўся пераможцам гарадскіх і абласных алімпіяд, удзельнічаў і ў рэспубліканскім туры. Свой прафесійны выбар зрабіў у бок спецыяльнасці, якую можна было атрымаць толькі ў адной ВНУ Беларусі — Полацкім дзяржаўным універсітэце імя Е. Полацкай, — «Хімічная тэхналогія прыродных энерганосьбітаў і вугляродных матэрыялаў», якая цяпер называецца «Перапрацоўка нафты і газу і прамысловы арганічны сінтэз».

«Гэтыя чатыры гады былі насычаныя і запамінальныя, менавіта яны загартавалі мяне, выхавалі асобу. Я рады, што акрамя вучобы ў сценах альма-матэр была магчымасць рэалізаваць сябе ў творчасці: асвоіў сферы прамоўніцкага майстэрства, харэаграфіі, КВЗ, нават распрацоўваў бізнес-праект. Разам з гэтым актыўна займаўся навуковай дзейнасцю: удзельнічаў у канферэнцыях, двойчы атрымліваў другую катэгорыю на рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых работ. Сёння ўніверсітэт — адукацыйна-творчы кластар для ўсебаковага развіцця», — адзначае Мікіта.

Пасля атрымання дыплома малады чалавек плануе паступаць у магістратуру, сумяшчаць навуковую дзейнасць з практычным асваеннем спецыяльнасці на нафтахімічным прадпрыемстве. Навіна аб тым, што ён удастоены гонару прадстаўляць ПДУ на рэспубліканскім балі выпускнікоў, вельмі абрадавала юнака, падвяла ўрачыстую рысу пад заканчэннем першай ступені вышэйшай адукацыі. А ўсім абітурыентам, каму неабыякавая хімія і свет палімераў, раіць не раздумваючы абіраць Полацкі дзяржаўны універсітэт імя Е. Полацкай.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА


Да заканчэння ВНУ — два дзясяткі публікацый

Ілья Клімянкоў — паспяховы выпускнік факультэта эканомікі і права Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Родам хлопец з Баранавічаў. Чатыры гады таму паспяхова скончыў СШ № 18 і паступіў у ВНУ роднага горада. Увесь час вучыўся з сярэднім балам больш за «9», такім чынам упэўнена падышоў да дыплома з адзнакай.

Літаральна з першага курса Ілья захапіўся навуковай работай. І да выпуску ў хлопца ўжо налічваецца два дзясяткі публікацый у розных навуковых выданнях па абранай ім спецыяльнасці — «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт». Практыку і стажыроўкі студэнт праходзіў у тым ліку ў структурах, якія займаюцца фінансавай аналітыкай, фінансавымі расследаваннямі. З гэтым звязана і будучая работа Ільі Клімянкова. Летась, дарэчы, студэнт стаў стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

Варта сказаць, што Ілья мае як свае асабістыя напрацоўкі, так і работы ў суаўтарстве. Напрыклад, іх сумесны з першым прарэктарам універсітэта Уладзімірам Клімуком праект стаў фіналістам рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў. Распрацоўка ўяўляе сабой платформу для дапамогі ў рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў.

— Сёння сярод маіх равеснікаў нямала крэатыўных хлопцаў і дзяўчат, — гаворыць Ілья. — Яны маюць цікавыя ідэі, але не маюць дакладнага плана па іх увасабленні ў жыццё. Некаторыя не ведаюць нават з чаго пачынаць. На нашай платформе можна знайсці не толькі рэкамендацыі, але і пэўную падтрымку-суправаджэнне на шляху ад ідэі да яе рэалізацыі. Асобныя ўжо скарысталіся такой магчымасцю.

«І яшчэ я хачу сказаць, — працягвае выпускнік, — што ўсім, чаго дабіўся, я абавязаны свайму ўніверсітэту, маім выкладчыкам, якія дапамаглі раскрыць мой творчы патэнцыял, запаліць цікаўнасць да навуковай работы. Цвёрда перакананы, што добрую адукацыю можна атрымаць не толькі ў сталіцы. Трэба мець жаданне, ставіць перад сабой мэты і ўпарта ісці да іх дасягнення».

Святлана ЯСКЕВІЧ


«Cпытала б у Прэзідэнта пра яго выпускны»

Валерыя Новік — выпускніца Мазырскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя І. П. Шамякіна, стыпендыят Прэзідэнцкага фонду па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Дзяўчына — выпускніца філалагічнага факультэта. Атрымлівае спецыяльнасць настаўніка замежных моў. Яе спецыялізацыя — выкладанне англійскай і нямецкай. Студэнтка на працягу ўсяго навучання прымала актыўны ўдзел у навуковым і творчым жыцці роднага ўніверсітэта. Валерыя — аўтар артыкулаў і публікацый міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый, а таксама работ для творчых конкурсаў.

— У сваіх навуковых працах аналізавала літаратурныя творы: даследавала, параўноўвала выкарыстанне фразеалагічных адзінак у розных мовах. Упэўнена, што гэты вопыт будзе карысны і ў маёй далейшай рабоце, — расказала Валерыя Новік.

Дзяўчына дадала, што ўжо рыхтуецца адправіцца па размеркаванні на першае месца працы. Яна стане настаўнікам англійскай мовы ў мазырскай сярэдняй школе № 11.

— Мая сям'я, педагогі вельмі за рады мяне. Бо ўпершыню мне выпала магчымасць стаць госцяй урачыстага вечара для студэнтаў з удзелам Прэзідэнта Беларусі. Гэта гонар для мяне. Я сама родам з Мазырскага раёна. Думаю, што такія сустрэчы дапамагаюць нам, маладым людзям з рэгіёнаў, у тым ліку яшчэ больш паверыць у свае сілы, — падзялілася выпускніца Мазырскага дзяржуніверсітэта імя І. П. Шамякіна.

Калі прадставіцца магчымасць задаць пытанне Прэзідэнту, дзяўчыне было б цікава дазнацца аб яго ўспамінах пра студэнцкія гады і выпускны вечар.

Наталля КАПРЫЛЕНКА


«Баль — апафеоз майго студэнцкага жыцця»

За чатыры гады навучання на юрыдычным факультэце ГрДУ імя Я. Купалы Вера Мартынава паспела многае. Яна зарэкамендавала сябе ініцыятыўнай і таленавітай студэнткай. Пры паспяховасці ў 9,71 бала займаецца навуковай дзейнасцю, прамоўніцкім майстэрствам, іграе на трох музычных інструментах і знаходзіць асалоду ў жывапісе. Пры гэтым у кожным напрамку Вера атрымлівае міжнароднае прызнанне. Аб чым сведчаць перамогі ў шматлікіх алімпіядах і конкурсах.

Выпускніца з удзячнасцю ўспамінае свой студэнцкі шлях. Яна лічыць, што вышэйшая адукацыя сёння адпавядае запытам часу. У ГрДУ, на яе думку, ёсць комплексныя магчымасці для рэалізацыі сваіх здольнасцяў. Праводзіцца работа па развіцці талентаў і прафесійнай матывацыі студэнтаў.

Падчас вучобы на юрыдычным факультэце Вера абрала спецыяльнасць «Мытная справа». Неаднойчы праходзіла практыку на пунктах пропуску Гродзенскай рэгіянальнай мытні, куды і атрымала размеркаванне. Падчас вучобы здольная студэнтка, адзіная ў краіне, была залічана ў перспектыўны кадравы рэзерв Дзяржаўнага мытнага камітэта. Дарэчы, Вера не супраць кар'ернага росту і мае намер паступіць у магістратуру па спецыяльнасці «Пракурорска-следчая дзейнасць».

Між іншым, уражвае яе творчы патэнцыял. Аказваецца, Вера знаходзіць час займацца вакалам і музыкай, засвоіла адразу тры інструменты — віяланчэль, фартэпіяна і гітару. Любіць маляваць. Гэты талент адкрыла ў сябе з дзяцінства, з той пары для яе творчасць — найлепшы адпачынак. Пры гэтым на міжнародных конкурсах малюнкаў неаднаразова была пераможцай.

Згодна з рэйтынгам, дзе ацэньваецца вучэбная, навуковая і грамадская дзейнасць, Вера Мартынава стала першай на сваім факультэце і ўвайшла ў склад студэнцкай групы, якая будзе прадстаўляць ГрДУ імя Я. Купалы ў Мінску на рэспубліканскім свяце выпускнікоў.

— Настрой хвалюючы, — апісвае свой стан гродзенская выпускніца. — Многае, што будзе адбывацца падчас свята, трымаецца ў сакрэце. Усе чакаюць выступлення кіраўніка дзяржавы. Мне давялося прысутнічаць на Адкрытым уроку Прэзідэнта, які адбыўся на пачатку навучальнага года, і гэта была вельмі памятная падзея. І вось мне зноў пашанцавала. Урачыстасць стане прыемным завяршальным акордам майго студэнцкага жыцця.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.