У Палацы Незалежнасці сабраліся найлепшыя з найлепшых. І тыя, хто штодзень сваёй плённай працай уносіць асабісты ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў і развіццё таленавітай моладзі. І тыя, хто сваімі поспехамі ў вучобе і актыўнай грамадскай дзейнасцю папаўняе скарбонку талентаў Беларусі, робіць нашу краіну яшчэ больш пазнавальнай на сусветнай арэне. Перад тым, як атрымаць узнагароды з рук кіраўніка дзяржавы, выпускнікі і выкладчыкі ВНУ азнаёміліся з гісторыяй стварэння і архітэктурна-мастацкімі асаблівасцямі рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — для іх была праведзена экскурсія.
Як звярнуў увагу на цырымоніі ўзнагароджання Аляксандр Лукашэнка, гэты дзень з’яўляецца знамянальным і для ўдзельнікаў цырымоніі, і для краіны, і для Прэзідэнта. «Вашы дасягненні прыносяць радасць і натхняюць», — падкрэсліў ён.
Віншуючы выпускнікоў, Прэзідэнт адзначыў, што яны адкрываюць новую главу дарослага жыцця, якое, па яго словах, пачынаецца ярка і годна. «Вы робіце яшчэ толькі першы крок у прафесію, а ўжо дзеліце хвіліну славы нароўні з прафесіяналамі высокага ўзроўню, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Значыць, вы апераджаеце час. Гэта добра. Утрымацца б на гэтым шляху. Гэта вялікі давер і аванс, якія вы, абсалютна перакананы, апраўдаеце. Кожны з вас стаў найлепшым у вучобе, навуковай і грамадскай дзейнасці, спорце, творчасці. Вам па праве могуць ганарыцца родныя, школьныя настаўнікі, выкладчыкі ВНУ».
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што маладыя людзі прайшлі самы складаны перыяд у сваім жыцці. Па яго словах, цяжэй за вучобу ў жыцці больш нічога няма. Прэзідэнт пажадаў, каб далейшае жыццё сённяшніх выпускнікоў было роўным. «Вы — вялікія малайцы, але за ваш поспех найперш дзякую тым, хто падарыў вам жыццё, выгадаваў, выхаваў, вывучыў, хто стаў для вас аўтарытэтам і годным прыкладам, — бацькоў, выхавацеляў, педагогаў і адданых сяброў, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Я жадаю, каб вы дакладна так адносіліся да сваіх дзетак і вывелі іх на той жа ўзровень у гэтым узросце, у якім вы знаходзіцеся. Гэта разам з імі, з іх падтрымкай вы так упэўнена ідзяце да сваіх мар, дасягаеце пастаўленых мэт. Такой жа апорай хутка стануць для вас будучыя калегі — спецыялісты з вялікім вопытам, у якіх будзеце вучыцца далей».
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што не проста вучыцца, а можа, і перавучвацца. Па яго перакананні, жыццё прымусіць гэта зрабіць. «Не расчароўвайцеся, калі вы ўбачыце ў новым сваім жыцці вельмі-вельмі шмат і адрозненняў ад таго, што было ў гады вучобы, — папярэдзіў маладых людзей кіраўнік дзяржавы. — Гэта нармальна. Гэта было заўсёды. Але ваша вучоба ўсё роўна будзе фундаментам, базай для будучага жыцця».
Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што выпускнікі завяршылі вучобу і пачынаюць працоўны шлях у Год міру і стваральнай працы. «Няхай і будучыня ваша будзе такой — мірнай і стваральнай! — пажадаў кіраўнік дзяржавы. — Гледзячы на вас, — мэтанакіраваных, яркіх, прыгожых, маладых людзей, — бачу, што наша родная Беларусь стане яшчэ найлепшай і найпрыгажэйшай. Веру, што вы зробіце дзеля гэтага ўсё».
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што перад ім стаяць дарослыя, сур’ёзныя і самадастатковыя людзі, але дазволіў сабе звярнуцца да выпускнікоў па-бацькоўску: «Дарагія нашы дзеці! Вы — самае важнае, што ёсць у нашым жыцці, жыцці старэйшага пакалення. Мы заўсёды побач і будзем рабіць усё, каб вы адчувалі наша плячо і клопат, пакуль будзеце ісці да вызначаных вяршыняў. Надыходзіць ваш час ствараць гісторыю нашай краіны — сваёй краіны. Няхай усё ў вас атрымаецца!»
Звяртаючыся да выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў, Прэзідэнт адзначыў, што без людзей, якія знаходзяцца ў гэтай зале, без усіх іх калег, у тым ліку школьных настаўнікаў, не было б гэтага ўзнагароджання, не было б гэтага пачуцця ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. «Я заўсёды казаў і паўтару: вы — сапраўдная апора дзяржавы, — падкрэсліў ён. — Дай Бог вам сіл, натхнення і, самае галоўнае, здароўя».
Беларускі лідар папярэдзіў маладых людзей, што ў іх наперадзе — нялёгкае і вялікае жыццё. «Хачу, каб вы ніколі не шкадавалі аб тым, што ў вашым жыцці здарылася, а рабілі заўсёды годныя высновы з мінулых гадоў, дзён, гадзін пражытага жыцця, — пажадаў Аляксандр Лукашэнка. — Я заўсёды выпускнікам кажу: трэба рабіць усё своечасова, каб потым мець поспех і, пажадана, нічога не перарабляць. Не шкадуйце сябе. Вы вельмі маладыя. У вашым узросце вам усё пад сілу, потым зрабіць гэта будзе складаней. Усё ў вас — наперадзе, усё — у вашых руках. Трымайце краіну моцна!»
Узнагароды — па заслугах
Сваімі эмоцыямі пасля ўручэння ўзнагароды падзялілася дэкан медыка-дыягнастычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ірына НАЗАРАНКА. «Мая ўзнагарода — заслуга выкладчыкаў нашай установы адукацыі, — адзначыла яна. — Сфера аховы здароўя і адукацыі вызначаюць грамадства: здаровую і адукаваную нацыю». Нягледзячы на кіруючую пасаду (Ірына Назаранка — самы малады дэкан у Рэспубліцы Беларусь), яна практыкуючы ўрач. «Я вельмі рада, што магу рыхтаваць медыцынскія кадры ў галіне медыцынскай візуалізацыі для ўсёй краіны, — адзначыла дэкан. — Нашы выпускнікі — адны з самых практыкаарыентаваных, якія працуюць на высокатэхналагічным абсталяванні. Прэзідэнт удзяляе вялікую ўвагу дыягностыцы сацыяльна значных захворванняў. Наш факультэт у гэтым плане займае лідарскія пазіцыі ў падрыхтоўцы дадзеных кадраў. У планах — працяг развіцця навуковых школ у Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, яшчэ большая мадэрнізацыя адукацыйнага працэсу, укараненне інавацыйных формаў, каб нашы выпускнікі былі самымі лепшымі і канкурэнтаздольнымі на сусветнай арэне».
Як расказаў у размове з карэспандэнтам «Звязды» выпускнік агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі лейтэнант Міхаіл ВЕЖНАВЕЦ, ён з самага дзяцінства планаваў сваё далейшае жыццё. Атрымаць афіцэрскія пагоны — самая запаветная мара юнака. «Я заўсёды бачыў сябе ў пагонах, чалавекам, які абараняе сваю краіну, — удакладніў Міхаіл. — Якія б цяжкасці ні ўзнікалі на маім шляху, я ніколі не пакідаў ідэю аб тым, што я — будучы абаронца сваёй Айчыны». Міхаіл — уладальнік Прэзідэнцкай стыпендыі, залаты медаліст. У свой зусім юны ўзрост у хлопца немалыя дасягненні ў навуцы і спорце. Па заслугах — і Падзяка Прэзідэнта.
Яшчэ адзін будучы афіцэр атрымаў з рук кіраўніка дзяржавы ўзнагароду. Выпускнік факультэта крымінальнай міліцыі Акадэміі МУС Павел ПРАТАШЧЫК — пераможца дзвюх рэспубліканскіх алімпіяд, курсант года ў намінацыі «Малады вучоны», аўтар дзвюх навуковых работ. Неўзабаве малады чалавек прыйдзе на першае месца службы — у адно са сталічных РУУС, дзе ён ужо праходзіў практыку. Дарэчы, нават за гэты кароткі перыяд Павел выявіў тры злачынствы ў эканамічнай сферы. «Стаць міліцыянерам было цалкам маім жаданнем, бацькі мяне падтрымалі, з дзяцінства яны прывівалі мне пачуццё патрыятызму, таму гэтая ўзнагарода ў тым ліку і іх, — заўважыў малады чалавек. — Ад службы чакаю цікавых падзей, звязаных з маёй прафесійнай дзейнасцю. Настрой баявы».
Вераніка КАНЮТА
Фота: БелТА
Ён прапаноўвае грамадска-палітычны відэакантэнт, галоўныя навіны і ўсе тэлеканалы анлайн.
Восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы — абавязковы атрыбут восені.