Вы тут

Як пабачыць сапраўдную пушчу і пачуць мову векавога лесу


У Белавежскую пушчу хочацца прыязджаць зноў і зноў, бо ў кожнага, хто хоць аднойчы пабываў у лесе, поўным дзівосаў, ён застаецца ў памяці, свядомасці, уяўленні назаўсёды. У пушчу вяртаешся, каб дыхаць яе паветрам, слухаць яе зімовую гучную цішыню, вясновае шматгалоссе, летнюю звонкую раскошу. Адзін пажылы ляснік расказваў, што ад пушчы становішся залежным: яна паціху бярэ над табой уладу — калі доўга знаходзішся ў лесе, пачынаеш разумець яго мову. А чалавеку, які трапіў сюды ўпершыню і паглыбіўся ў гэтую велічную гучную цішыню, зразумела, што сапраўды важнае, а што не мае вялікага сэнсу. 


Пушча — асаблівы свет. Вядома, вандроўніку трэба наведаць музеі, пазнаёміцца з гісторыяй лесу і запаведніка, пакаштаваць пушчанскія стравы. Але важней, на мой погляд, праехацца на веласіпедзе, прайсціся па турыстычных маршрутах, каб убачыць сапраўдны жывы лес. Напрыклад, на экалагічнай сцяжыне пад назвай «Азёрны пярсцёнак» ёсць тры штучныя возеры. Яны створаны ў пачатку 1970-х гадоў для рэгулявання гідралагічнага рэжыму. Вада ў іх цёмная, бо на дне ёсць залежы торфу. І ў гэтай цёмнай вадзе па-асабліваму адлюстроўваюцца дрэвы, сонца, неба — нібы не натуральнае відовішча, а сфакусіраване на нейкім экране, да таго ж цішыня і запаволенасць наогул ствараюць эфект анімацыі, казкі... Але ў сапраўдную казку трапляеш не тут, а ў запаведнай дубраве, дзе пад полагам дуба і граба стаіць вечны цень. Расліны, што прызвычаіліся да гэтага паўзмроку, уяўляюць сабой асаблівае зялёнае пакрывала з цемнаватым адценнем, што стварае ўражанне, нібы трапляеш у глыбокую старажытнасць. Здаецца, вось так было, можа, тысячу гадоў таму. А можа, і сапраўды так было? І цішыня, заспакоенасць, якія бываюць толькі ў пушчы: ніякі іншы лес гэтага не мае ў такім выглядзе. Калі не верыце, варта праверыць. 

Цяперашнія турысты ў Камянюкі дабіраюцца ў асноўным сваім транспартам. Хоць гэта нескладана зрабіць і грамадскім. З аўтавакзала ў Брэсце рэгулярна ходзяць аўтобусы, маршруткі. Ад горада да памянёнай стаянкі каля 60 кіламетраў: набыў білет, і праз гадзіну — у пушчы. На стэндзе перад уваходам можна прачытаць ўсю інфармацыю пра паслугі і экскурсіі. Азнаёміцца можна і загадзя скарыстаўшыся ўласным смартфонам. Цяперашняга турыста, які зацікаўлены ўбачыць векавы лес на свае вочы, пры тым, не спяшаючыся, думаю, прыцягне магчымасць веласіпеднай экскурсіі. 

— Адкрыць для сябе пушчу зараз можна па чатырох асноўных веламаршрутах, — расказвае начальнік аддзела турызму, маркетынгу і рэкламы Нацыянальнага парка «Белавежская пушча» Аксана Багалейша. — Самае малое падарожжа даўжынёй у 10 кіламетраў — «Царская паляна», а вось «Звярыны пераход» — маршрут для сапраўдных аматараў прыроды. «Вялікае падарожжа» расцягнецца на 27 кіламетраў, на шляху сустрэнецца шмат цікавостак. 

Сёлетняй вясной веласіпедныя маршруты абазначылі колерамі — белым, чырвоным, зялёным і жоўтым. Гэта для зручнасці турыстаў, каб не марнаваць час, не зазіраць у карту падчас паездкі. Веласіпед можна ўзяць напракат, а можна прыехаць і са сваім. 

Хто трапляе ў пушчу ўпершыню, часцей выбірае «Царскую паляну». Відаць, назва прываблівае. Як правіла, потым не шкадуе. Мае знаёмыя, напрыклад, з захапленнем расказвалі пра бярозу з «галавой зубра». Нарост на дрэве, што нечым сапраўды нагадвае галаву гаспадара пушчы, заўважылі больш за 20 гадоў таму. Такі нарост утвараецца, паводле слоў спецыялістаў, калі ў ствол укараняецца іншародны арганізм. Часцей за ўсё гэтымі няпрошанымі гасцямі з’яўляюцца рознага віду грыбы. Дрэва перахварэла і прызвычаілася, а іншародны арганізм утварыў экзатычны горб. Таксама на шляху гэтай экскурсіі сустракаецца аграмадны раскошны дуб-пустэльнік. Гэтаму дрэву трыста гадоў, для дуба не такі вялікі ўзрост, але дыяметр ствала ўжо перавысіў паўтара метра. Мне гэты дуб заўсёды нагадвае разважанні Андрэя Балконскага ў «Вайне і міры» пра ўрачыстасць жыцця. 

Балота «Татарская багна» ўжо высахла, а назва засталася, бо ў ХІІІ стагоддзі тут стаялі татары, якія дабраліся аж сюды падчас нашэсця. Былая вузкакалейная дарога, узведзеная немцамі падчас Першай сусветнай, цяпер вельмі маляўнічае месца. Акупанты тады ўзвялі дарогу, каб вывозіць лес з пушчы. Усяго за паўтара года рукамі палонных паклалі сетку чыгункі працягласцю 325 кіламетраў. Зараз на месцы асобных вузкакалеек пракладзены асфальт, па ім якраз і праходзяць веламаршруты. Сама паляна цяпер экзотыка і славутасць. Яна размешчана пасярод гушчару. Паводле некаторых звестак, упершыню тут зладзіў паляўнічы баль кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. І з яго лёгкай рукі на паляне сталі гуляць цары, потым генеральныя сакратары. І сучаснікі не адстаюць: зараз тут праводзяцца святы, масавыя мерапрыемствы. А яшчэ па маршруце варта спыніцца ва ўрочышчы «Турлюй», каб паглядзець маляўнічую лясную развілку, стогадовы сасновы лес ды шмат чаго іншага. Галоўнае — атрымліваць асалоду можна няспешна, робячы прыпынкі па ўласным жаданні і меркаваннях. 

Нездарма Белавежскую пушчу наведваюць штогод каля 40 тысяч велатурыстаў. Зараз Нацыянальны парк вядзе рэканструкцыю многіх сваіх аб’ектаў. Змены адбываюцца ў дэманстрацыйных вальерах. Для дробных звяроў і птушак зрабілі прасторныя клеткі, насельнікаў можна разгледзець бліжэй. Будоўля зачэпіць і ўязную групу ў Нацпарк. Як гавораць у пушчы, усё для зручнасці турыстаў. 

Падарожнікі звычайна глядзяць музеі, у тым ліку і новы археалагічны пад адкрытым небам. Можна наведаць заказнік «Выганашчанскі» у Івацэвіцкім раёне, які зараз таксама ўваходзіць у Нацыянальны парк. Аматарам новых уражанняў карысна будзе адкрыць для сябе і Ружанскую пушчу, не такі раскручаны рэкламай і асвоены турыстамі, але надзвычай цікавы і загадкавы лясны масіў. У любым выпадку варта хоць зрэдку выбірацца ў запаведныя мясціны, шчодра раскіданыя па нашай зямлі. 

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.