Вы тут

«Калі гэта тваё, то яно цябе зацягне». Урач выязной брыгады аб працы на «хуткай»


Нашай суразмоўніцы Аляксандры Пермяковай 25 гадоў. Яна скончыла Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт у 2021 годзе і ўжо год працуе ўрачом на станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Кобрынскай ЦРБ. У школе многія прадметы ў яе ішлі добра: і фізіка, і матэматыка, і хімія, і біялогія. Вырашальным стаў выпадак. На адным з сямейных свят нехта сказаў, што Саша вельмі падобная на лекара. Дзяўчыне гэтая ідэя спадабалася, з таго часу і пачаўся яе шлях у медыцыну.


У Аляксандры было мэтавае накіраванне на Брэсцкую вобласць. На шостым курсе яна была па субардынатуры ўрачом агульнай практыкі і ўжо маральна рыхтавалася працаваць у паліклініцы або ў амбулаторыі. Аднак на размеркаванні аказалася, што яе месца ў Маларыце ўжо занятае, і Аляксандру накіравалі ў Кобрынскую ЦРБ, дзе патрабаваліся ўрачы выязной брыгады.

— Цяпер у іншым месцы сябе не бачу. Ні ў паліклініцы, ні ў стацыянары. Мне падабаецца разнастайнасць працы на «хуткай», — гаворыць дзяўчына.

Канчаткова пераканацца ў тым, што «гэта яе», дапамагла інтэрнатура. Аляксандра праходзіла яе ў розных аддзяленнях Кобрынскай ЦРБ.

— Мяне адпраўлялі па іх, бо я мусіла працаваць на «хуткай» з разнапланавымі выпадкамі. Я была і ў кардыялогіі, і ў неўралогіі, і ў інфекцыйным аддзяленні. Цікава: шмат атрымліваеш досведу, бо ўсюды свае падыходы. Але ж хваляванняў перад непасрэднай работай па размеркаванні ўсё роўна было шмат.

Я сама па сабе не вельмі хуткі чалавек. Люблю ўсё рабіць размерана, у сваім тэмпе. Баялася, што буду нешта не паспяваць выконваць на выкліку. Страшна было трапіць у ступар, спалохацца і не ведаць, як дзейнічаць. Але пакуль што такога не было, заўжды рэагавала як трэба.

Па словах дзяўчыны прызвычаіцца да ўсіх гэтых думак дапамагае тое, што ты працуеш не адзін: «З табой ёсць яшчэ людзі, і гэта вялікая падтрымка».

Аляксандра працуе ў камандзе з фельчарам Аленай Артысюк і кіроўцам Васілём Навашчуком. Дзяўчына адзначае, што ў яе рабоце
вельмі важна тое, як члены каманды ўзаемадзейнічаюць адзін з адным: «Цяпер мы на выкліку можам літаральна вачыма перамовіцца і зразумець адзін аднаго».

Урачы хуткай медыцынскай дапамогі працуюць зменамі з васьмі да васьмі.

— Імкнешся заўсёды прыйсці раней, каб падмяніць калегу і падрыхтавацца да працы, — расказвае Аляксандра. — Але часта бывае так, што яшчэ васьмі няма, а ты ўжо
едзеш да пацыента.

Колькі ж выклікаў можа быць за адну змену? Па-рознаму: і тры, і трынаццаць.

За час работы на «хуткай» дзяўчына зразумела, што тут можа спатрэбіцца амаль любы навык. Ажно да... спеваў і танцаў.

— Напрыклад, калі ты прыязджаеш на дзіцячы выклік, там патрэбен зусім асаблівы падыход. Трэба супакоіць маленькага пацыента, адцягнуць увагу, аглядзець, яшчэ і ўкол зрабіць.

Вельмі важную ролю, па словах Аляксандры, мае фізічная сіла, бо медыкі хуткай дапамогі часта транспартуюць пацыентаў на насілках. Акрамя таго, трэба валодаць пэўнымі ведамі ў псіхалогіі, каб супакоіць хворага, які расхваляваўся, і не паддацца пры гэтым эмоцыям самому. А яшчэ дзяўчына падкрэслівае, што важна ўмець адрозніваць хлусню ад праўды.

— Бывае, прыязджаеш на выклік і бачыш, што табе літаральна хлусяць у твар, — расказвае Аляксандра. — Часцей за ўсё наконт прыёму прэпаратаў. Многія не прызнаюцца, многія нечага саромеюцца. Наогул, не трэба так рабіць: калі «хуткую» выклікаеш і табе дрэнна — кажы ўжо ўсю праўду як ёсць, таму што так хутчэй дапаможам.

Мы пацікавіліся ў Аляксандры, чаго найбольш баіцца ўрач хуткай медыцынскай дапамогі.

— Не выратаваць, — шчыра адказвае дзяўчына. — Асабліва калі гэта цяжкі выклік да дзяцей. Увогуле, страшна недаацаніць стан пацыента.

Але ж у цэлым наконт сваёй працы гераіня адгукаецца даволі станоўча.

— Гэта штодзённае ўдасканальванне сябе ў прафесійным, і ў асобасным плане. Ты кожны дзень даведваешся нешта новае. Вучышся карэктна камунікаваць з людзьмі, больш выразна бачыш іх псіхалагічны стан, — дзеліцца Аляксандра. — Я інтраверт, таму ў пачатку мне было крыху складана. Цяпер нашмат лягчэй, і, мне здаецца, з досведам усё будзе толькі лепш.

Таксама дзяўчына падкрэслівае, што праца на хуткай дапамозе з-за сваёй разнапланавасці не дае нічога забыцца. Перыядычна так ці інакш трэба ўспамінаць усе веды, атрыманыя ва ўніверсітэце. А яшчэ Аляксандры падабаецца працоўны тэмп. Па словах дзяўчыны, хуткасць дапамагае заўсёды быць у тонусе. Да таго ж ёй пашанцавала з калектывам. Па яе словах, гэта вельмі спагадлівыя і станоўчыя людзі. Вядома, часам нашай гераіне бывае цяжка працаваць, таму што так ці інакш, але ты эмацыянальна ўключаешся ў праблемы пацыента.

Для таго каб падрыхтавацца да работы на хуткай дапамозе, наша гераіня рэкамендуе студэнтам папрацаваць у гэтай сферы падчас вучобы.

— Было б выдатна, калі б быў досвед работы хаця б у нейкім аддзяленні, у ідэале, вядома, на «хуткай». Пасля трэцяга курса мы можам уладкоўвацца на пасады сярэдняга медперсаналу. Гэта вельмі дапамагае.

Па словах дзяўчыны, звычайна на «хуткай» «выжываюць» актыўныя людзі з добрымі камунікатыўнымі навыкамі, якія адкрыты да новых ведаў.

— Работа ў службе хуткай дапамогі вельмі цікавая і поўная эмоцый і энергіі. Але разам з тым ёсць цяжкасць у плане псіхалагічных нагрузак, — разважае Аляксандра. — Калі штодня сутыкаешся з людзьмі, якім дрэнна і балюча, проста быць не можа. Калі больш прываблівае работа ў кабінеце, то «хуткая» дакладна не для цябе. Але калі гэта тваё, то яно цябе зацягне.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.