Сярод нейл-дызайнаў гэтага лета як яркія і кідкія фарбы, так і далікатна-пастэльная гама. Выбірайце на свой густ.
Улетку на вяршыню трэндаў у ногцевым дызайне звычайна падымаецца Яе Вялікасць Яркасць. Не выключэнне і сезон 2023 года. Палітра колераў вельмі шырокая і разнастайная, а іх спалучэнні незвычайныя: да прыкладу, ружовы прапануецца камбінаваць з зялёным, жоўты — з фіялетавым. Можна зрабіць рознакаляровы манікюр, выкарыстоўваючы некалькі актуальных колераў адразу. І, вядома, заўсёды ў трэндзе застаюцца класічныя варыянты.
Сапраўдны каралеўскі колер гэтага сезона — ружовы. Можна выбраць розныя яго адценні. Жаноцкі і дзёрзкі, гэты колер напоўніць вас энергіяй і бадзёрасцю. Жанчына, якая носіць такі манікюр, ведае сабе цану! Аматаркі адпавядаць сусветным модным трэндам могуць звярнуць увагу на колер Viva Magenta, малінава-чырвоны, колер 2023 года па версіі экспертаў.
Клубнічнае марожанае і матча
Сярод навінак сезона стылісты называюць варыянты, якія нібыта перабраліся на пазногці з меню кафэ. Гэта манікюр колеру клубнічнага марожанага, які, як запэўніваюць, асвяжыць у летнюю спякоту не горш за сам ласунак. Аматаркі эксперыментаваць са сваім вобразам могуць паспрабаваць адценне, якое нагадвае матча — сорт зялёнага чаю, адкрытага тысячагоддзе таму будыйскімі манахамі.
Манікюр колеру карала глядзіцца вельмі стыльна і па-жаноцку. Гэта глыбокае, насычанае адценне асвяжыць ваша аблічча і надасць яму выразнасці і загадкавасці. У той жа час колер дастаткова строгі і падыдзе жанчынам любога ўзросту і статусу. А прыхільніцы смелых б’юці-рашэнняў могуць гэтым летам камбінаваць каралавы з бірузовым.
Кветкавыя адценні фіялетавага — цудоўны трэнд гэтага лета. Высакародны стрыманы колер раскажа пра вас як пра спакойную і ўпэўненую ў сабе жанчыну, а ў спякотны летні дзень нагадае пра вячэрнюю прахалоду. Вытанчанасць манікюру ў адценнях лаванды, бэзу, фіялкі не падлягае сумненню. А яго перавага ў тым, што гэты колер падыходзіць для самых розных нагод — як кажуць, і на банкет, і ў свет.
Яшчэ адзін трэнд лета — зіхатлівы колер блакіту, які нагадвае аб адпачынку на марскім узбярэжжы. Нечаканай такую тэндэнцыю не назавеш: марская тэматыка стукаецца ў дзверы салонаў манікюру, як правіла, у адпускны сезон. Некаторыя дзяўчаты любяць маляваць на пазногцях сінія і белыя палоскі, якія нагадваюць цяльняшку.
Вытанчаны мінімалізм
Некаторыя жанчыны аддаюць перавагу вытанчанаму мінімалізму. Ідэальна адпавядае гэтаму трэнду белы манікюр. Часам яго ўпрыгожваюць золатам, маленькімі кветачкамі, што выглядае нязменна дорага і стыльна. Белы ў спалучэнні з бэжавым нагадае яшчэ аб адным напоі — капучына.
Бананавы, цытрынавы — усе сонечныя жыццярадасныя адценні зараз актуальныя. Асабліва прыемна насіць такі манікюр у горадзе, калі няма магчымасці пайсці ў адпачынак у летнія месяцы. Жоўты колер у нейл-дызайне даўно перастаў быць чымсьці незвычайным, і ўсё ж не кожная дама абярэ такі манікюр. Кіруйцеся сваім густам.
Сярод упрыгожванняў для пазногцяў, модных у гэтым сезоне, — стразы, «кропелькі вады», бліскаўкі, золата, жамчужныя пацеркі, разнастайныя налепкі.
Агата СЛАВІНА
Практыка комплекснага добраўпарадкавання населеных пунктаў на Гомельшчыне дае новае жыццё райцэнтрам рэгіёна.
Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў.