Вы тут

Полі Канабіс: Кожная дзяўчына індывідуальная і вельмі прыгожая


Многія сучасныя дзяўчаты ўжо з ранняга ўзросту пачынаюць марыць аб мадэльнай кар'еры. На іх погляд, гэтая прафесія нагадвае казку, а каб трапіць у яе, дастаткова валодаць прыдатным ростам і прывабнай знешнасцю. Але насамрэч чараўніцтва станаўлення прыгожай персоны складаецца з працяглага цярністага шляху, дзе прысутнічаюць не толькі ўзлёты, але і падзенні. Пра тое, як гэта — быць мадэллю, нам расказала самая тытулаваная каралева прыгажосці, першая прадстаўніца Беларусі на конкурсе «Міс Зямля», пераможца конкурсу «Лэдзі Сусвет» мінчанка Полі Канабіс.


— У вас вельмі прыгожыя імя і прозвішча. Гэта ваш псеўданім?

— Дзякуй, такое пытанне мне задаюць дастаткова часта. Не, гэта сапраўдныя імя і прозвішча. У мяне вельмі творчая маці, імя прыдумала яна. Прозвішча таксама сапраўднае, проста мае продкі былі з Прыбалтыкі, адсюль такая незвычайнасць для нашага ўспрымання.

— Жаданне стаць мадэллю было ў вас з дзяцінства?

— Тады я марыла быць актрысай і нават здымалася ў кіно, будучы маленькай. Але калі пасталела і наступіў пераходны ўзрост, сутыкнулася з такой праблемай, што на кінастудыі «Беларусьфільм» не было вакансій на галоўныя ролі ў фільмах для дзяўчынкі такога ўзросту. А мне хацелася сцэны, кантактаваць з людзьмі, гледачамі і, вядома, працягваць развівацца ў творчай дзейнасці, каб дасягнуць вышынь у будучыні ў любімай справе. Тады, супаставіўшы ўсе жаданні і мае прыродныя вонкавыя даныя, я вырашыла паспрабаваць сябе ў мадэльнай дзейнасці. Як аказалася, гэта была выдатная ідэя!

— Нягледзячы на творчы патэнцыял і жаданне стаць мадэллю, вы выбралі дастаткова адрознае па накіраванасці навучанне пасля школы...

— Я вучылася і нават скончыла мадэльную школу. Але кантракт са мной агенцтвы падпісваць не спяшаліся. Прычынай было тое, што мне не хапала двух сантыметраў у росце. Я раззлавалася, пафарбавала валасы ў зялёны колер, надзела рваныя джынсы, зрабіла пірсінг і пайшла на рок-канцэрт. На ім пазнаёмілася з творчымі людзьмі, фатографамі, візажыстамі, дызайнерамі, і мы сталі рабіць разам крэатыўныя фотасесіі. Але, нягледзячы на ўвесь мой творчы запал, я сапраўды паступіла і скончыла бакалаўрыят Фінансавага ўніверсітэта пры Урадзе Расійскай Федэрацыі, там жа атрымала дыплом па праграме магістратуры «Інвестыцыйны фінансавы менеджмент» і стала аспіранткай праграмы «Сусветная эканоміка». Выбрала гэты кірунак, абапіраючыся на мае асабістыя інтарэсы: я ж ужо з дванаццаці гадоў вывучала спісы «Форбс», і паўплывала на маё рашэнне вучыцца там прэстыжнасць дадзенай установы.

— А як вы зноў прыйшлі ў мадэльную дзейнасць пасля заканчэння мадэльнай школы?

— Да мадэлінгу вярнулася амаль у той жа час, калі паступіла ў Фінансавы ўніверсітэт у Маскве. Узяўшы сваё партфоліа з нестандартнымі здымкамі, пайшла ў мадэльнае агенцтва. Я памятаю, як яны здзівіліся, праглядаючы мае фота, бо звычайна да іх прыносяць здымкі зусім іншага тыпажу і скіраванасці... Але, мабыць, нешта зачапіла іх у маёй знешнасці, і яны вырашылі паспрабаваць працаваць са мной. Партфоліа, праўда, прыйшлося перарабляць. Дарэчы, першы конкурс прыгажосці прайшоў там жа. Тады я заняла першае месца, дзякуючы чаму мяне сталі запрашаць на іншыя спаборніцтвы. Так паступова і зацягнула ўжо ў прафесійную сферу мадэлінгу.

— Ці памятаеце сваю першую прафесійную фотасесію ў якасці мадэлі?

— Так! Калі не браць у разлік тыя творчыя здымкі, якія мы рабілі з камандай спачатку, калі я была нефармалам, то першай фотасесіяй, куды мяне запрасілі як прафесійную мадэль пасля пачатку супрацоўніцтва з агенцтвам у Расіі, была каталожная фотасесія для ЦУМа. Гэта было проста чароўна, але ў той жа час нерэальна цяжка. З першых хвілін на пляцоўцы я акуналася ў свет шыкоўных брэндаў, дзе адна рэч каштуе мінімум тысячу долараў. На пляцоўцы працавала шмат чалавек: фатограф, арганізатар, візажысты і стылісты. Без апошніх, мне здаецца, я не справілася б, яны дапамагалі пераадзявацца паміж зменай вобразаў у кадры. Часу для адпачынку не было зусім, нават пару хвілін, выдзеленых на ланч, арганізатар вырашыў прыбраць, каб не збівацца з рытму работы і адпавядаць таймінгу. Было фізічна цяжка, некалькі гадзін на нагах без перапынку... Але гэта быў каласальны досвед!

— Вы вядомая як самая тытулаваная каралева прыгажосці. Можаце расказаць больш падрабязна пра конкурсы, у якіх удзельнічалі?

— Я не проста ўдзельнічала — у большасці конкурсаў займала прызавыя месцы. На дадзены момант з'яўляюся фіналісткай дваццаці чатырох міжнародных конкурсаў прыгажосці. Мой самы першы конкурс быў мадэльны, для ўдзелу ў ім трэба было мець мадэльныя параметры, і заданні там былі не такія, як на класічных конкурсах прыгажосці. Напрыклад, за трыццаць секундаў змяніць позу максімальную колькасць разоў, і ў гэты момант цябе здымаюць на камеру. У такім конкурсе я, дарэчы, стала пераможцай. Пасля яго мяне заўважылі і прапанавалі на класічным конкурсе прыгажосці, які праходзіў у Дамініканскай Рэспубліцы, прадставіць нашу краіну.

— У вас ёсць і дастаткова незвычайныя тытулы...

— Так, сапраўды, я фіналістка вельмі значных конкурсаў прыгажосці, якія ўваходзяць у чацвёрку самых складаных і важных і доўжацца па тры тыдні. Гэта конкурс «Міс Зямля», там удзельнічала ўсяго восемдзясят шэсць дзяўчат, па адной з кожнай краіны. Я ўпершыню прадстаўляла сваю родную Беларусь на сусветным фінале на Філіпінах. Яшчэ адным не менш важным конкурсам у маёй біяграфіі стаў «Міс Гранд». Падчас удзелу ў ім мне прыйшлося два тыдні правесці адной у сябе ў нумары на каранціне з-за ўсёй той сітуацыі з пандэміяй. Акрамя таго, з «незвычайных» у мяне яшчэ маецца перамога ў «Лэдзі Сусвет» і Mіss Top Model Unіverse, што адбылося ў адзін год і з'яўляецца вельмі рэдкім выпадкам.

— За вашымі плячыма ўжо столькі конкурсаў прыгажосці. А з якой мэтай вы ў іх удзельнічаеце?

— Спачатку проста хацела перамагаць, выпрабаваць сябе. Мяне зацягнула ў справу, з'явілася спартыўная цікавасць. Але потым я зразумела, што сутнасць конкурсаў не толькі ў гэтым. З дапамогай іх мадэлі паказваюць мільёнам дзяўчат, жанчын з усяго свету, што прыгажосць — яна шматаблічная. Што ў кожнай з нас ёсць свае «разыначкі», якія будуць прыцягваць навакольных да вас. Да таго ж такія конкурсы для мяне — гэта, безумоўна, каласальны досвед, а яшчэ гонар, што я маю магчымасць прадстаўляць усю нашу краіну.

— Што пажадалі б пачынаючым мадэлям?

— Я хацела б пажадаць ім стойкасці і зацятасці. Бо калі казаць пра падтрыманне фізічнай формы, якую патрабуюць мець мадэльныя агенцтвы, то гэта, безумоўна, каласальная праца і ўнутраная дысцыпліна. А яшчэ хацела б пажадаць упэўненасці ў сабе, бо кожная дзяўчына на свеце індывідуальная і вельмі прыгожая.

Ангеліна НОВІКАВА

Фота дадзены гераіняй

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.