Вы тут

У новым выпуску «Даляглядаў» — азербайджанская паэзія


Выдавецтва «Мастацкая літаратура» супольна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, дзе працуе секцыя мастацкага перакладу, працягвае выпуск альманаха твораў замежных літаратур у перакладзе на беларускую мову. Гадавік «Далягляды’ 23» пачынаецца з раздзела «Азербайджан». 


Беларуская паэтэса Таццяна Сівец знаёміць айчыннага чытача са сваім пераўвасабленнем вершаў азербайджанскага паэта Інцігама Яшара. «Ва ўсіх патаемных пакоях/ Жаночы плач,/ Гадзіннікі шэпчуць пра штосьці,/ Сапуць ува сне малыя.../ Ад сораму заімглелі.../ Ды нічога не бачаць яны, патаемныя, — / Вочы долу...» Сем вершаў аб’яднаны ў падборцы таленавітага азербайджанскага мастака слова. Пра што вядзе свой дыялог Інцігам Яшар з чытачом цяпер ужо і Беларусі? Пра сваю родную старонку, пра трывогі і сумненні, пра драматычныя калізіі сённяшняга часу. І таксама — пра адказнасць свайго пакалення перад будучыняй. Адказнасць за тое, што адбываецца ў нашым часе, за тое, што пакінулі нам прашчуры. Пра гэта ў вершы «Мы — заўтрашнія людзі». 

Таццяна Сівец не ўпершыню звяртаецца да перакладаў з азербайджанскай паэзіі. Яе перастварэнні друкаваліся на старонках беларускіх перыядычных літаратурна-мастацкіх выданняў. Т. Сівец — перакладчыца твораў Лейлы Аліевай, Чынгіза Алі аглу, кнігі якіх у Беларусі выйшлі ў ранейшыя гады. 

Перакладчыцкая практыка, і на старонках альманаха «Далягляды», і ў іншых выданнях, спрыяе развіццю беларуска—азербайджанскіх стасункаў. У апошнія гады ў Беларусі пабывалі літаратары з Баку — празаік, перакладчык, драматург Камран Назірлі, літаратуразнаўца, доктар філалагічных навук Флора Наджы, паэт і перакладчык Чынгіз Алі аглу, які прэзентаваў у Мінску сваю паэтычную кнігу «Рама», і іншыя творцы. Шмат для пашырэння прысутнасці беларускай літаратуры ў Азербайджане зрабілі і працягваюць рабіць літаратуразнаўца Салатын Мірзоева, паэт, перакладчык і літаратуразнаўца Флора Наджы. 

Будзем спадзявацца, што азербайджанскія старонкі ў «Даляглядах’23» дапамогуць захаваць і ўмацаваць мост дружбы паміж нацыянальнымі літаратурамі Беларусі і Азербайджана. Дарэчы, у 1975 годзе народны паэт Беларусі Максім Танк прымаў удзел у Днях савецкай літаратуры ў Азербайджане. У прамове на іх адкрыцці наш класік назваў імёны яркіх мастакоў слова — Насімі, Вагіфа, Мірзы Ахундава, Самеда Вургуна, іншых паэтаў, якіх і ён ведаў і ведалі на той час чытачы Беларусі. А напрыканцы прамовы Максім Танк прачытаў верш Самеда Вургуна «Азербайджан» у сваім перакладзе на беларускую мову. Такія факты дарагога каштуюць. І, канешне ж, сведчаць пра сапраўдную літаратурную дружбу!..

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зрабіць выбар дзеля будучыні

Зрабіць выбар дзеля будучыні

Крыху больш за два тыдні застаецца да важнага і адказнага кроку ў жыцці кожнага з нас — да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 

Сацыяльная падтрымка

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

Спрашчаецца парадак прызначэння і выплаты пенсіі

 Са студзеня даходы пенсіянераў павялічацца — у некаторых да 500 рублёў. 

Грамадства

МНС нагадвае аб правілах бяспекі на лёдзе

МНС нагадвае аб правілах бяспекі на лёдзе

Распазнаць трываласць лёду дапаможа колер ледзянога покрыва.