Вы тут

Летняя спартакіяда запомніцца дэпутатам Магілёўшчыны


Летняя спартакіяда — 2023 запомніцца народным абраннікам Магілёўшчыны не толькі спаборніцтвамі і творчымі конкурсамі, але і рамантычным пражываннем у палатках у адной з маляўнічых мясцін Слаўгарада на беразе Проні. Гэтакі дэпутацкі міні-гарадок, які ўмясціў у сябе больш чым 200 чалавек — 24 каманды з усіх раёнаў Магілёўскай вобласці.


На спартыўныя дасягненні народных абраннікаў натхнілі кіраўнікі — Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Ірына Раінчык, Слаўгарадскага райвыканкама — Андрэй Кажамякін, праўлення Магілёўскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў — Анатоль Мацюлін і Слаўгарадскага райсавета дэпутатаў — Святлана Язерская.

Так супала, што спартакіяда стартавала ў той дзень, калі ў Слаўгарадзе адзначалі любімы ў раёне гастранамічны фестываль «Гаспадарчы сыр». Таму перад тым як прыступіць да сяброўскіх паядынкаў, дэпутаты наведалі свята і на свае вочы ўбачылі, наколькі папулярныя дамашнія сыры. Па карысны прадукт выстройваліся вялікія чэргі, у тым ліку з мінчан і жыхароў іншых далёкіх гарадоў. Дарэчы, урачыстае права адкрыць гастранамічны фестываль далі старшыні Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Ірыне Раінчык. Яна павіншавала прысутных ад імя Магілёўскага аблвыканкама і аблсавета і адзначыла, што вялікая колькасць моладзі на свяце — добры знак. Значыць, народная спадчына і традыцыі ў надзейных руках.

Упершыню ў гісторыі існавання спартакіяды адбыліся спаборніцтвы па рыбнай лоўлі. І хоць дзеля гэтага ўдзельнікам прыйшлося прачнуцца а шостай гадзіне раніцы, ніхто не пашкадаваў. Нездарма ж выпускнікі слаўгарадскіх школ сустракаюць на Проні свае апошнія школьныя світанкі. Відовішча, калі першыя промені сонца пачынаюць зіхацець у кропельках расы на палявых кветках і гушкацца на хвалях ракі, захапляе. Вялікага ўлову, на жаль, не атрымалася, але ўдзельнікі паставілі свае рэкорды. Першае месца за самую буйную рыбу вагой 130 грамаў атрымаў прадстаўнік каманды Магілёўскага раёна Андрэй Савонькін. Самай удачлівай рыбачкай, якая вылавіла найбольшую колькасць рыбы, стала прадстаўніца Кіраўскага раёна Таццяна Астроўская. А абсалютную перамогу ў конкурсе прынёс сваёй камандзе з Асіповіч яе прадстаўнік Аляксей Бяссонаў. Агульная вага яго рыбнага ўлову склала 455 грамаў.

Наогул спаборніцтвы, як заўсёды, праходзілі эмацыянальна і азартна. Па выніках усіх паядынкаў перамагла каманда Клічаўскага раёна. Дэпутаты Магілёўскага гарсавета занялі другое агульнакаманднае месца, уступіўшы пераможцам усяго адзін бал. Трэцяе месца ў каманды з Касцюковіцкага раёна.

Былі таксама падведзены вынікі конкурсу мастацкай самадзейнасці, прысвечанага Году міру і стваральнай працы. Яго пераможцам стала каманда Чавускага раёна.

— Гэтая спартакіяда стала яшчэ адной яркай падзеяй у дэпутацкім жыцці, — адзначыла старшыня аблсавета дэпутатаў Ірына Раінчык. — У нашай краіне шмат увагі аддаецца спорту, і народныя абраннікі сваім прыкладам паказваюць, наколькі гэта важна і карысна. Такія сустрэчы асабліва каштоўныя сваімі сяброўскімі сувязямі, зносінамі ў нефармальнай абстаноўцы, шчырасцю і разуменнем, як важна жыць у гармоніі з навакольным светам і любоўю да сваёй зямлі, народа, Радзімы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і з сайта slavgorod.by

Загаловак у газеце: Рамантыка дэпутацкай спартакіяды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Цяльцоў гэты тыдзень будзе напоўнены справамі і клопатамі, звязанымі са сваякамі ці дзецьмі. 

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».