Вы тут

Пяць гадоў назад выйшла беларуская анталогія кітайскай паэзіі


«Пялёсткі лотаса і хрызантэмы» — унікальны творчы праект аднаго перакладчыка. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і мастацтва Мікола Мятліцкі ( 1954 — 2021) пераўвасобіў на беларускую мову творы 100 паэтаў Кітая XX стагоддзя. 


Фота: pixabay.com

Вось імёны аўтараў, мастакоў слова з Паднябеснай, чые паэтычныя радкі выбраў перакладчык, — Хуан Цзуньсянь, Цю Цзінь, Су Маньшу, Лю Дабай, Чжу Цзыцін, Вэнь Ідо, Лю Баньнун, Се Бінсінь, Цзян Гуанцы, Сюй Чжымо, Ін Сюжэнь, Цюй Цюбо, Інь Фу, Фэн Чжы, Дай Ваншу, Пу Фэн, Кэ Чжунпін, Ван Япін, Сяо Сань, Хэ Ціфан, Юань Шуйпо, Жэнь Цзюнь, Ша Оу, Шао Яньсян, Цзан Кэцзя, Цянь Цзянь, Янь Чэнь, Гэ Бічжоу, Чжоу Дзіфань, Ван Сіцзянь, Чжан Чжымінь, Шы Фан’юй, Вэй Ян, Вэнь Цзэ, Гу Гун, Го Можо, Люй Цзянь, Мао Цзэдун, Ай Цін, Вэй Цзінь, Ван Лаоцзю, Го Сяочуань, Гун Лю, Лі Бочжао, Лі Ін, Лі Цзі, Хэ Цзінчжы, Цзінь Бо, Янь І, Янь Чжэнь, Інь Юнь, Кун Лінь, Лі Сяоюй, Ло Гэн’е, Ло Ло, Ляо Ляо, У Чжаоцян, Фан Інь, Фан Цзін, Чэнь Мань, Шу Цін, Шэн Е, Чан Яо, Чжэн Мінь, Ню Хань, Гао Ман, Хуэй Ва, Юй Гуанчжун, Фу Цяньлінь, Шы Чжы, Бэй Дао, Цзян Хэ, Лінь Ман, Ман Кэ, До-До, Чжоу Лунью, Лян Сяобінь, Юй Цзянь, Ван Сяоні, Ян Лянь, Мао Сюпу, Гу Чэн, Лінь Цзяньлун, Оуян Цзянхэ, Ван Цзясінь, Хэй Дачунь, Тань Бяо, Хань Дун, Ло Іхэ, Сі Чуань, Лян Сяомін, Ван Цзяньчжао, Хай-Цзы, Цзан Дзі, І Ша, Гэ Май, Лань-Лань, Сі Ду, Інь Лічуань, Шу Цай. Сто паэтаў!.. Уражлівы абсяг, які варты ўвагі і падрабязнага разгляду. Прастора пераўвасаблення, мастацкага засваення далёкай ад славянскай паэзіі мастацкай культуры цікавая нават тым, як перанесены ў беларускае слова тыя ці іншыя сімвалы, архетыпы, мастацкія вобразы, тыя дэталі, якія характарызуюць Кітай і знаходкі яго мастакоў, творцаў.

Сімвалічны пачатак у анталагічнай кнігі — вершам «Першая раніца 1900 года» Хуана Цзуньсяня (1848 — 1905):

Вітаючы ранак, зноў голасна певень прапеў.

Ад сонца і месяца далечы свету відны.

Дыск сонца праменіць, і месяц сысці не паспеў.

Ды нетры дрыжаць, і душою валодае гнеў: 

Бо зноўку звіняць недалёка сякеры вайны. 

Кітай — у абложы. Журбой пачынаецца год:

Ён з ношаю крочыць, няшчасці адно і нясе.

З вялікім спадзевам вітаем ягоны прыход,

Магчыма, старэчы, сустрэну я мір. Як і ўсе. 

Хуан Цзуньсян — не толькі паэт, але яшчэ і дыпламат. Распрацаваў стратэгію ўзаемаадносін паміж Кітаем і Карэяй. У 1882 годзе быў прызначаны генеральным консулам Кітая ў Сан-Францыска (ЗША). У 1890 — памочнік пасла Кітая ў Вялікабрытаніі. У 1891 годзе — генеральны консул у Сінгапуры. Спрыяў наладжванню адносін паміж кітайскімі эмігрантамі і кітайскім урадам. Дзякуючы гэтаму эмігрантам было дазволена вярнуцца дахаты і весці гандлёвыя адносіны. У хуткім часе быў прызначаны паслом у Японію. Пасля мяцяжа Цысі ў 1898 годзе быў вымушаны завершыць дыпламатычную кар’еру. Адлучаны ад спраў, апошнія гады свайго жыцця правёў у родным горадзе... Пры жыцці паэта выйшла два невялікіх зборнікі. Пасля смерці быў надрукаваны яго зборнік «Вершы з хаціны ў свеце людзей». Паэма Хуана Цзуньсяна «Выгнаныя госці» прысвечаны бядотнаму стану кітайскіх рабочых. Прэзідэнцкія выбары ў ЗША апісаў у цыкле вершаў «Хроніка». Гераізм і трывалась прасталюдзінаў, які падняліся на абарону сваёй зямлі, — у творах, прысвечаных японска-кітайскай вайне 1894 — 1895 гадоў. «Гісторыю мы для таго вывучаем,/ Каб сённяшні дзень ацаніць не бяздумна./ Адкрыты сусвет нам, і свет мы спазнаем,/ Ды іх спасцігаць нам патрэбна разумна./ Падзеі мінулыя — ўсе перад намі,/ Да продкаў у сэрцах не згасне пашана...» («Паглыбляюся ў роздум»). 

Чытаеш вершы кітайскіх паэтаў, якія напісаны болей стагоддзя назад, — і бачыш, наколькі яны актуальныя для сённяшніх дзён. Дарэчы, тэма вайны праходзіць чырвоным стрыжнем праз усю кнігу. Успомнім падзеі ў Кітаі пачатку, першых дзесяцігоддзяў XX стагоддзя... Як вядома, летам 1900 года ў Кітаі адбыліся дзве падзеі, што аказалі свой уплыў на развіццё: Іхэтуаньскае паўстанне і абвяшчанне вайны Імператрыцай Цысі. Краіны, якія мелі ў Кітаі свае інтарэсы, вырашылі аб’яднацца і задушыць паўстанні. Смерць мужа Імператрыцы Цысі і яе самой прывялі да ўлады Пу І, імператара, якому было ўсяго два гады. Пры яго праўленні і завяршылася эра Імперыі Цін. У 1911 — 1913 гг. у Кітаі адбывалася Сіньхайская рэвалюцыя. У выніку яе Імператар Пу І адмовіўся ад улады. Была абвешчана Народная Рэспубліка. Уладу ў свае рукі ўзяў генерал Юань Шыкай. Праз кароткі адрэзак часу ён стаў прэзідэнтам Кітая. Нязгодныя з палітыкай новага ўладара паднялі паўстанне, правадыром якога стаў Сунь Ятсен. Але сілы былі няроўныя. Сунь Ятсен быў вымушаны пакінуць Кітай. З таго часу у краіне ўсталявалася ваенная дыктатура. Улада сканцэнтравалася ў руках бэйяньскіх мілітарыстаў. У 1920-я гады былі створаны дзве асноўныя партыі, якія вялі паміж сабой упартую барацьбу: партыя Гаміньдана і Камуністычная партыя Кітая...І толькі ў 1949 годзе ў выніку перамогі Узброеных сіл КПК была абвешчана Кітайская Народная Рэспубліка... Але ж і барацьба паміж Гаміньданам і КПК праходзіла на фоне актыўнага ўзброенага ўмяшальніцтва Японіі ў справы Кітая. Восенню 1931 года Японія напала на Кітай, за кароткі час акупіравала ўсю Маньчжурыю. У сакавіку 1932 года тут была абвешчана дзяржава Маньчжоу-Го, якую ўзначаліў апошні імператар імперыі Цін — Пу І. А ў 1937 годзе пачалася так званая «вялікая» вайна паміж Японіяй і Кітаем... Крывавых падзей на кітайскае XX стагоддзе аказалася звышдастаткова. 

Паэты па рознаму рэагавалі на падзеі, што адбываліся ў іх роднай Айчыне. З верша Вэнь Ідо (1899 — 1946) «Адкрыццё»:

Сэрцам кліч твой пачуў,

Я прыехаў дамоў

І... зрабіў «адкрыццё» у адчаі:

Мой Кітай — больш не мой,

Стаў краінай чужой,

Я ў Кітаі не бачу Кітая!

Я з далёкай чужыны

Падаўся назад.

Сэрца — факелам зыркім палае.

Не магу зразумець — 

Рад таму ці не рад,

Калі рады, дык радасць — пустая. 

Не Кітай, а кашмарны

І жудасны сон,

Вось якая ты, стрэчы хвіліна. 

Родны вецер прашу: 

— Адкажы мне, дзе ён?

Дзе Кітай, дарагая айчына?!

Вэнь Ідо —кітайскі паэт, літаратуразнаўца, публіцыст. Аўтар зборнікаў паэзіі «Чырвоная свяча» (1923) і «Мёртвая вада» (1928). Як тэкстолаг шмат зрабіў для ўзнаўлення тэкстаў «Шыцзін» і «Чу цы» («Чускія строфы»). Закончыў Універсітэт Цінхуа, выпускнікамі якога, дарэчы, з’яўляюцца і два старшыні КНР — Ху Цзіньтао і Сі Цзіньпінь. У 1922 годзе Вэнь Ідо паехаў у ЗША вывучаць літаратуру, мастацтва. Вярнуўшыся ў 1925 годзе, чытаў курсы літаратуры ва ўніверсітэтах Кітая. Прытрымліваўся дэмакратычных поглядаў. З 1944 года быў актывістам Дэмакратычнай лігі Кітая. Забіты тайнымі агентамі Чан Кайшы за крытыку аўтарытарных парадкаў, якія ўсталёўвалі нацыяналісты. Ва Ўніверсітэце Цінхуа пастаўлены помнік Вэнь Ідо. Імя паэта — сярод 100 герояў і ўзорных асоб, якія ўнеслі выдатны ўклад ў заснаванне Новага Кітая. На рускай мове выйшлі дзве кнігі Вэнь Ідо — «Выбранае» (1960) і «Думкі аб хрызантэме» (1973). Другая кніга — тыражом у 10 000 экзэмпляраў. Дарэчы, і ў Беларусі выдадзена асобная кніга вершаў Вэнь Ідо — у серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая»: «Святло чырвонай свечкі» (2017). У зборніку змешчаны і пераклады Міколы Мятліцкага: тры вершы — «Думкі аб хрызантэме», «Адкрыццё», «Ціхая ноч». У анталогію М. Мятліцкі дадаў яшчэ і пераклад верша «Пішу напярэдадні дня „двайной дзявяткі“ — Свята восені». У зборніку Вэнь Ідо ў серыі «Светлыя знакі...» перакладчыкамі выступілі, акрамя М. Мятліцкага, яшчэ і Навум Гальпяровіч, Юлія Алейчанка, Таццяна Сівец, Алесь Емяльянаў-Шыловіч, Дар’я Нечыпарук. 

Пра радзіму, пра тое, каб вярнуцца да яе, пра гонар і годнасць сваёй Айчыны марылі ў сваіх вандроўках многія, калі не ўсе, паэты першых дзесяцігоддзяў XX стагоддзя. І Цзян Гуанцы (1901 — 1931) — таксама. Паэт, празаік, журналіст і літаратуразнаўца, ён паспеў нямала зрабіць за сваё кароткае жыццё. Сын купца, ён стаў актыўным удзельнікам рэвалюцыйнага руху. У 1921 годзе адправіўся ў Маскву вывучаць палітэканомію ў Камуністычным універсітэце працоўных Усходу. У Маскве ўступіў у Камуністычную партыю Кітая. У 1924 годзе вярнуўся на радзіму. Увайшоў у Таварыства стваральнай працы і Лігу левых кітайскіх пісьменнікаў. «Месяц, які прабіваецца праз хмары» — аповесць Цзян Гуанцы, якая ў 1930-я гады перавыдавалася шэсць разоў. Аповесць маладога літаратара «Партыя санкюлотаў» (напісана ў 1927 годзе) прысвечана пратэстным акцыям рабочых у Шанхаі. «Новыя мары», «Журуся аб Кітаі», «Радкі аб радзіме» — назвы паэтычных кніг Цзян Гуанцы. Вось што пісаў апантаны рэвалюцыйнымі ідэямі малады творца ў 1929 годзе: «Я ўсё-ткі павінен вярнуцца,/ адрэзаны долі акраец,/ Павінен Кітай свой убачыць,/ што сцяўся ад гора і слёз./ Калісьці я марыў заўзята/ пабыць у замежных краінах/ І нават, магчыма, застацца/ на беразе дальнім, чужым./ <...> Вярнуцца, павінен вярнуцца,/ пабыць на радзіме ранішняй,/ Пазнаць яе болі і радасці,/ пакуты яе і бяду./ Знайсці памагчы сілы гойныя,/ як птушцы сівой параненай./ Магчыма, тады тое, значнае,/ я ў сэрцы сваім знайду!..»

Патрыятычная лірыка, грамадзянская лірыка перамяжоўваецца, цесна пераплятаецца з інтымнай лірыкай, з вершамі, прысвечанымі пейзажам роднай старонкі. Праз кнігу анталагічнага характару перад чытачом паўстае шырокая панарама кітайскай паэзіі XX стагоддзя. Гартаеш старонкі «Пялёсткаў лотаса і хрызантэмы» — і насычаешся веданнем пра Кітай і кітайскі народ, пра тыя выпрабаванні, праз якія яму давялося ісці на працягу многіх гадоў, многіх дзесяцігоддзяў да Кітая сённяшняга, да таго «эканамічнага цуда», якім з’яўляецца краіна сёння. І веданне гэта сягае ў самую душу, у самае сэрца... 

Мікола Мятліцкі сваёй працай перакладчыка выканаў выключна важную асветніцкую місію. Ён зрабіў усё магчымае, выкарыстаў усе дасягальныя яму моўныя, мастацкія сродкі, каб кітайскія паэты напоўніцу загаварылі з беларускім чытачом, каб змаглі перадаць сваю творчую пазіцыю, сваю суладнасць з народам і часам. Зразумела, што з вышыні сённяшняга часу некаторыя творы падаюцца ілюстрацыйнымі, прамалінейнымі, напоўненымі дэкларацыямі. Але і гэтыя дэкларацыі былі часткай тагачаснага мастацкага прачытання жыцця, часткай памкненняў і жаданняў у абароне правоў простага чалавека. Таму і нараджаліся ў пераможным 1949 годзе такія вершы, як і вось гэты твор Ша Оу (1922 — 19940 — «Спынім спробы гандляваць вайной». Альбо — вершы Шао Яньсяня «Дарогі і машыны», «Пекін», «Пакорым цябе, Хуанхэ». А ў многім — і часткай увогуле патрыятычнага характару кітайскай паэзіі. Патрыятызм — характэрная рыса шматвекавой паэзіі Паднябеснай, гісторыя якой бярэ свой адлік у стагоддзях да нашай эры. Адлік — ад паэта-патрыёта Цюй Юаня. Нездарма ж і на Сусветным кангрэсе прыхільнікаў міра ў 1953 годзе Цюй Юаня назвалі адным з «выдатных персанажаў сусветнай культуры», заклікаючы чалавецтва ўшанаваць памяць вялікага паэта, які рупіўся за Айчыну. 

... У гутарцы пасля выхаду кнігі «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы» Мікола Мятліцкі, адказваючы на пытанне пра тое, наколькі адрозніваюцца нацыянальныя паэзіі ў Беларусі і Кітаі ў XX стагоддзі, зазначыў наступнае: «Вельмі ж ужо судакранаюцца сваімі болевымі кропкамі. Багушэвіч, Цётка, Купала, Колас, Багдановіч — світальная зара нашай літаратуры. Пярэдадзень XX стагоддзя і яго пачатак у нас, беларусаў, адметны бунтарным паэтычным словам, поўным закліку „людзьмі звацца“. І потым, калі пасля Кастрычніка сямнаццатага сталі „людзьмі звацца“, крывавых плямін у нашай гісторыі, на жаль, не паменшала. Наступалі расстрэльныя трыццатыя, а потым — вайна. Лёс многіх беларускіх паэтаў гэтага часу можна назваць па-сапраўднаму трагічным. У кітайскай гісторыі таго ж часу засталася свая крывавая барацьба за лепшую долю і волю, свае набыткі і страты. XX стагоддзе Кітая пачыналася пад раскаты Іхэтуаньскага паўстання супраць абвешчанай ЗША палітыкі „адкрытых дзвярэй“. Пасля паражэння паўстанцаў Кітай канчаткова быў ператвораны ў паўкалонію. З 1901 года іншаземцы маглі трымаць у Кітаі свае войскі і флот. З гэтай прычыны ў краіне актывізаваўся нацыянальна-вызваленчы рух, народ Кітая адчуў дужы прыліў змагарнай энергіі... 

Як і ў нас, беларусаў, паэзія ў кітайцаў глыбока рэалістычная. А гэта дае падставы амаль фізічна адчуць подаўна страчаны час, вярнуцца ў пражытае і перажытае.

Яднае нас вялікая сіла духу і прага жыцця. І сягоння разуменне гэтага нас багата ў чым збліжае і радніць». 

Мікола Мятліцкі пайшоў з жыцця 27 лістапада 2021 года, у кавідную пару. Пакінуў пасля сябе многія паэтычныя кнігі. Асабліва напружана працаваў апошнія гады... Некалькі сваіх вершаў у гэты перыяд Мікалай Міхайлавіч прысвяціў Кітаю: «Гаа Ман піша партрэт Купалы», «Кітаю — з Беларусі», «***Сучасны паэт Ай Цін...» З верша «Кітаю — з Беларусі»:

З табой, Кітай, мы ў скрушную гадзіну,

Калі пагрозны цень над светам вырас, 

Калі кладзе няшчадна ў дамавіну 

Ахвяраў сотні крыважэрны вірус. 

З табой, Кітай, і сэрцам, і душою, 

І нас у свеце, салідарных, многа. 

Сяброўскаю спагадлівай рукою

Пакуецца і наша дапамога. 

Прымі, Кітай, зямлі славянскай лекі,

Хай прынясуць табе глыток спатолі,

Пацвердзім тое: мы — сябры навекі

І іншымі не станемся ніколі.

... Перакладчыцкае прачытанне Міколам Мятліцкім кітайскай паэзіі, яго кнігі-здзяйсненні «Пад крыламі дракона: Сто паэтаў Кітая», «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: Паэты Кітая XX стагоддзя», «Гімн святлу» Ай Ціна, удзел ў працы над серыяй зборнікаў «Светлыя знакі: паэты Кітая» — гэта сапраўдны літаратурны, мастацкі, братэрскі подзвіг. Істотную падтрымку ў самім выданні гэтых кніг аказала Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Удзел у рэалізацыі праекта прынялі і Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У час аднаго з візітаў у Пекін Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падарыў старшыні КНР Сі Цзіньпіню том кітайскай паэзіі ў перакладах на беларускую мову «Пад крыламі дракона...». Такі падарунак — сапраўдная праява духоўнага адзінства нашых народаў, нашых культур, нашых нацыянальных літаратур. 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.