Вы тут

Крэпасць, палацык, аптэка і смаўжы. Падарожжа па Брэсцкай вобласці


Сезон водпускаў яшчэ не скончыўся, надвор'е дазваляе... Куды адправіцца ў летні адпачынак, каб правесці гэты час з карысцю? «Звязда» разам з Нацыянальным агенцтвам па турызме адправілася ў падарожжа па Брэсцкай вобласці і ўжо гатовая расказаць вам пра самыя выдатныя аб'екты ўнутранага турызму.



Унікальны «Пружанскі палацык» на Брэстчыне. Фотарэпартаж


Хоць не палац, але — палацык

Калі вас цікавіць, як калісьці жыла шляхта ў Беларусі, то ў нас для вас ёсць цудоўны аб'ект: музей-сядзіба «Пружанскі палацык» (той самы, у якім былі знятыя першыя кадры фільма «Брэсцкая крэпасць»).

Пружанскі палацык называюць унікальным, таму што гэта адзіная ў Беларусі сядзіба стылю мадэрн другой паловы XІX — пачатку XX стст., вонкавы выгляд якой не змяніўся з часоў пабудовы. Таму ёсць пацвярджэнне ўнутры самога палацыка. На яго сценах сярод карцін можна знайсці копію работы Напалеона Орды, які ў 1870 г. захаваў на сваім палатне аблічча сядзібы.

Цяпер гэта музейны будынак, чые адноўленыя інтэр'еры дапамагаюць уявіць: калісьці тут праходзілі шыкоўныя балі Валенція Швыкоўскага, маштабныя сустрэчы...

Але ж музей-сядзіба «Пружанскі палацык» не абмяжоўваецца тэмай шляхецкага быту. Тут можна знайсці і цікавую экспазіцыю, якая адлюстроўвае ўсе народныя рамёствы, папулярныя на дадзенай тэрыторыі, і рэлігійныя рэліквіі. Вельмі ўразіла сваёй натуральнасцю і душэўнасцю экспазіцыя з творамі самабытнага майстра разьбы па дрэве Мікалая Тарасюка. Мастацкі погляд аўтара кранае сваёй прастатой і праўдзівасцю. Яго творы — сапраўдная энцыклапедыя вясковага жыцця з усімі яго радасцямі і нягодамі.

Нестандартная ферма


Як выглядае ферма смаўжоў «ПіліпУлі» каля Брэста. Фотарэпартаж

 


Дапусцім, на шляхецкія сядзібы вы ўжо наглядзеліся. Чым жа такім незвычайным разбавіць падарожжа па Брэсцкай вобласці? Вядома ж, наведваннем фермы смаўжоў «ПіліпУлі», што за 7 км ад Брэста.

Сямейная смаўжовая ферма з'явілася ў вёсцы Падлессе Радваніцкае ў 2019 годзе. Вы можаце запытацца, навошта разводзіць смаўжоў, калі іх і так поўна навокал... Усё не так проста. Рэч у тым, што ферма спецыялізуецца на развядзенні і вырошчванні міжземнаморскіх смаўжоў хелікс асперса мюлер і хелікс асперса максіма. Дарэчы, яны піянеры ў Беларусі ў такой справе. Таксама на ферме ёсць некалькі смаўжоў-ахацін. Яны здольныя вырасці ажно да 25 сантыметраў (гэта больш, чым далонь дарослага чалавека)!

Прыязджаем, і адразу ж сюрпрыз: нас чакаў ну зусім незвычайны смоўж. Дакладней, аніматар у гарнітуры смаўжа. Харызматычная дзяўчына сваім апавяданнем пагрузіла ўсіх прысутных у дзіўны свет смаўжовай фермы. У ходзе экскурсіі яна расказала шмат цікавай інфармацыі пра смаўжоў. Напрыклад, ці ведалі вы, што гэтыя істоты здольныя пераносіць вагу ў дзесяць разоў цяжэй за іх саміх? Таму смаўжу зусім не складана перацягнуць на сабе сабрата, які раптоўна вырашыў пракаціцца. Таксама ў экскурсіі была і інтэрактыўная частка: госці фермы маглі пакратаць гадаванцаў, пасадзіць іх сабе на руку і нават пакарміць. Але вуха трэба трымаць востра і запамінаць усё, што кажа вялікі «смоўж»-аніматар. Бо ў праграму экскурсіі ўключана віктарына. Сярод цікавага тут яшчэ ёсць спаборніцтвы па сартаванні смаўжовай ікры, смаўжовыя скачкі. У асноўным ферму наведваюць дзіцячыя экскурсіі. На іх і накіравана забаўляльная праграма. Аднак дарослым тут таксама не будзе сумна: для іх прадугледжана дэгустацыя смаўжоў «Эскарга» і канапэ з ікрой смаўжоў.

Прагулка па Брэсце

Але што ж мы ўсё ездзім кругом ды навокала абласнога цэнтра. Давайце ж нарэшце зазірнём у Брэст і прагуляемся па яго старадаўніх вулачках.


Прагулка па вячэрнім Брэсце. Фотарэпартаж

 


Падчас вандровак важна вучыцца зважаць на дэталі. Многія брастаўчане і госці горада праходзяць міма прыгожага цаглянага будынка філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта і нават не падазраюць, што ў будаўнічым матэрыяле ў літаральным сэнсе запісана гісторыя. Тут лёгка можна знайсці цэглу з надпісам AR, што азначае «Арон Рабіновіч» (гаспадар цаглянай мануфактуры), значна больш складана адшукаць цаглінку з адметным подпісам нейкага даўняга студэнта, але паверце, яна таксама ёсць недалёка ад увахода ў будынак.

Пасля такога падарожжа склалася ўражанне, што ў кожнага будынка ў Брэсце — свая дзіўная гісторыя. Узяць як прыклад аптэку № 3, размешчаную на вуліцы Савецкай. Вонкава яна выглядае як просты трохпавярховы будынак. Але ж у яго адметная гісторыя, найперш сваім пастаянствам. Справа ў тым, што тут заўжды была аптэка. Яна была пабудавана ў 1925 годзе архітэктарам Саламонам Грынбергам. Першы паверх быў адведзены пад аптэку, дзе жонка архітэктара Фана Абрамаўна была правізарам, а верхнія два служылі жыллём сям'і Грынбергаў. Спачатку аптэка была прыватнай, пасля яе нацыяналізавалі. Але факт застаецца фактам: будынак ніколі не мяняў свайго першапачатковага прызначэння. Сёння, як і шмат гадоў таму, яе дзверы таксама адчыненыя для наведвальнікаў.

А яшчэ мы вельмі рэкамендуем затрымацца на Савецкай да вечара і паглядзець на тое, як знакаміты брэсцкі ліхтаршчык выконвае сваю работу. Гэта сапраўды каларытнае відовішча. Вось ужо 14 гадоў на галоўнай пешаходнай вуліцы горада Віктар Кірысюк кожны дзень запальвае і гасіць старадаўнія ліхтары, у кожным з якіх размяшчаецца газавая лямпа. У гэтага рытуалу амаль заўсёды ёсць гледачы, але тое ніяк не перашкаджае ліхтаршчыку ў форме Пятроўскіх часоў выконваць сваю задачу. Наадварот, ён з задавальненнем фатаграфуецца з людзьмі і дае ім пацерці гузік на сваёй форме (кажуць, што гэта выконвае запаветныя жаданні).

Сляды вайны


Цікавосткі музеяў Брэсцкай крэпасці. Фотарэпартаж

 


Пагадзіцеся, цяжка ўявіць турыстычную паездку ў Брэст без наведвання мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Нават звычайная прагулка па тэрыторыі мемарыяла пакідае незабыўныя ўражанні. Чаго вартыя толькі скульптурныя кампазіцыі «Смага» і «Мужнасць»! Але мы — турысты дапытлівыя, таму вырашылі дадаткова наведаць «Музей вайны — тэрыторыя міру».

На ўваходзе ў экспазіцыю нас сустракае сям'я пехацінца. Вайна яшчэ не пачалася. Над галавой наведвальнікаў ззяе зорнае неба. Дарэчы, нябесныя целы на ім размешчаныя якраз так, як у тую фатальную ноч перад пачаткам вайны. Кожная зала мае сваю тэму. Чым далей праходзім, тым больш паглыбляемся ў гісторыю абароны Брэсцкай крэпасці. Уражлівым людзям у адзіночку тут давядзецца цяжка. Пры мігатлівым святле экспазіцыі фігуры людзей выглядаюць як жывыя. А адпаведнае гукавое суправаджэнне яшчэ глыбей перадае атмасферу баёў чэрвеня-ліпеня 1941 года. Адмысловую каштоўнасць маюць гукавыя купалы з успамінамі відавочцаў у зале «Прызнанне». Гэта быццам машына часу: становішся пад іх, і кранальныя апавяданні ветэранаў заносяць далёка-далёка...

Вось і падышло да канца наша захапляльнае падарожжа. Паспрабуйце і вы прайсціся па гэтых мясцінах, зазірнуць углыб гісторыі, прачуць кожнай клетачкай цела прыгажосць прыроды. Пасля пройдзенага шляху ў нас засталося мноства эмоцый і новых ведаў. Упэўненыя, у вас будзе гэтаксама.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Захаваць. Нельга знесці

Захаваць. Нельга знесці

Знакі прыпынку нарэшце расстаўлены.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.