Вы тут

Паэтычныя партрэты сучаснікаў і прашчураў малюе Віктар Шніп


Віктар Шніп, які працуе галоўным рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» і адначасова — галоўным рэдактарам штомесячнага літаратурна-мастацкага часопіса «Полымя», не перастае ўражваць новымі мастацкімі знаходкамі. Паэт, празаік, перакладчык, ён толькі што выдаў у выдавецтве «Чатыры чвэрці» кнігу вершаў «Партрэты». Зборнік пабачыў свет у серыі «Бібліятэка лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі», якая заснавана ў згаданым выдавецтве яшчэ ў 2018 годзе.


«з белых бялюткіх снягоў/ як з пены тутэйшага мора/ сонца ўзышло над Полацкам/ і раптам чарнець пачало/ як вугаль/ як чорная кропка/ пры канцы сказа/ як пры канцы свету/ свету дзе цябе не было/ і ты нарадзіўся/ і сонца зноў засвяцілася/ як шлях у Заўтра/ і стала светла/ і ў Полацку/ і ў Вялікім Княстве...» («Сонца Францішка Скарыны (каля 1490 — 1551)»).

«Невымоўнае Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (4.02. 1808 — 17.12. 1884)», «Душа Францішка Багушэвіча (21.03. 1840 — 28.04. 1900)», «Зямля Фердынанда Рушчыца (10.12. 1870 — 30.10. 1936)», «Ліпень Янкі Купалы (7.07. 1882 — 28.06. 1942)», «Лістапад Якуба Коласа (3.11. 1882 — 13.08. 1956)»... Разам са сваімі героямі паэт падарожнічае па розных стагоддзях, сваім паэтычным пранікненнем у сутнасць іх жыццяў як вялікіх, адметных для Беларусі з’яў асэнсоўвае нашу гісторыю, нашу культуру, нашу літаратуру...

На старонках кнігі «Партрэты» чытача чакаюць сустрэчы з Янкам Маўрам, Максімам Гарэцкім, Кузьмою Чорным, Васілём Віткам, Максімам Танкам, Янкам Брылём, Піменам Панчанкам, Іванам Мележам, Леанідам Шчамялёвым...

Бог

ствараючы Свет

браў гліну

у тваім Глінішшчы

а ты браў святло з песень

што маці спявала

прадучы кудзелю

якая рабілася ніткаю

яднаючы мінулае з будучым

і ты браў словы

што бацька казаў

робячы гонты дзежы ў хатах

і ў наваколлі

дзе ты хлапчуком пасвіў авечак

цялят кароў коней

і слухаў казкі травы

і балады камянёў

каб потым чуць подых навальніцы

блізкі і далёкі

і занатаваць для вечнасці

(«Святло Івана Мележа (8.02. 1921 — 9.08. 1976)»

«Партрэты» прыцягваюць, прымушаюць разважаць над многімі рэчамі, з’явамі, якія існуюць і ў літаратуры, і, зразумела, у самім жыцці. «...і ты малюеш партрэты/ нібы пакідаеш на сваёй сцяжыне/ пазнакі/ па якіх можна вярнуцца/ дамоў/ не толькі табе/ але і тваім родным/ каханым і кумірам/ і ўсім/ хто выйшаў з дому/ каб пазнаць белы свет...» Ідэя спасціжэння, новых адкрыццяў, ідэя руху наперад, заснаваная на веданні ранейшага жыцця, традыцый, — у гэтым і закладзены сакрэт новай кнігі Віктара Шніпа «Партрэты», які ў чарговы раз выяўляе сябе пісьменнікам-мысляром, чуйным да прасторы і часу.

Набыць кнігу «Партрэты» можна ў кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: Мінск, праспект Незалежнасці, 72.

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.