Вы тут

Аляксандр Лукашэнка вызначыў асноўныя кірункі супрацоўніцтва з Тамбоўскай вобласцю


Беларусь з’яўляецца адным з галоўных гандлёвых партнёраў гэтага расійскага рэгіёна. Летась узаемны таварааброт дасягнуў амаль 178 мільёнаў долараў. Гэта найлепшы вынік за апошнія пяць гадоў. На дасягнутым спыняцца ніхто не збіраецца. У планах — развіццё сумесных праектаў і прамысловай кааперацыі. Канкрэтныя прапановы дэлегацыя Тамбоўскай вобласці на чале з губернатарам Максімам Ягоравым прывезла ў Палац Незалежнасці.


На пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы заўважыў, што Максім Ягораў ужо не раз бываў у Беларусі, а таму добра знаёмы з нашай краінай. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць галоўныя кірункі ўзаемадзеяння, паглядзець, дзе ёсць недапрацоўкі, а самае галоўнае — што трэба зрабіць для таго, каб далейшае супрацоўніцтва было яшчэ больш эфектыўным.

Пастаўкі беларускай тэхнікі 

Прэзідэнту дакладваюць, што ў 2022 годзе дасягнуты найвышэйшы вынік ва ўзаемным гандлі з Тамбоўскай вобласцю, пачынаючы з 2017 года — каля 180 мільёнаў долараў (рост прыкладна на 80%). Аднак гэтыя паказчыкі, па меркаванні беларускага лідара, невялікія, нават па мерках асобна ўзятага рэгіёну, таму супрацоўніцтва патрэбна падымаць на больш высокі ўзровень.

У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка бачыць найбольш перспектыўныя кірункі. Па-першае, пастаўкі беларускай грузавой, камунальнай і дарожнабудаўнічай тэхнікі, ліфтавага абсталявання. «Усё, што датычыцца тэхнікі, мы можам стварыць і задаволіць патрэбы вашай вобласці, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Гатовы пастаўляць таксама пасажырскую тэхніку, у тым ліку аўтобусы на газаматорным паліве, тралейбусы, электробусы з патрэбнымі характарыстыкамі».

Кіраўнік дзяржавы праінфармаваны, што прадстаўнікі дэлегацыі Тамбоўскай вобласці наведалі Мінскі трактарны і Мінскі аўтабамільны заводы, дзе прадметна азнаёміліся з прадукцыяй прадпрыемстваў, якія з’яўляюцца флагманамі айчыннай прамысловасці. У праграме візіту таксама запланавана наведванне такіх прадпрыемстваў, як «Белкамунмаш» і «’Амкадор».

«Мы таксама можам пастаўляць вам трактары, камбайны, іншую тэхніку ў неабходных вам аб’ёмах», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да губернатара Тамбоўскай вобласці.

Сумесныя вытворчасці 

Другі кірунак узаемадзеяння, які лічыць перспектыўным Прэзідэнт, — пераход ад простага тавараабмену да развіцця вытворча-кааперацыйнага супрацоўніцтва, канцэнтрацыя намаганняў на імпартазамяшчэнні. Рухацца ў такім напрамку, як заўважае беларускі лідар, прымушае час. Гэта, яго па словах, дазволіць забяспечыць тэхналагічную незалежнасць і бяспеку.

Пасля сустрэчы з паслом Беларусі ў Расійскай Федэрацыі ў красавіку бягучага года Максім Ягораў прапанаваў беларускаму боку вытворчыя плошчы акцыянернага таварыства «Тамбоўспецмаш» для рэалізацыі сумесных кааперацыйных праектаў. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, якую сельгастэхніку тамбоўскія спецыялісты разам з беларускімі майстрамі хацелі б вырабляць на гэтым прадпрыемстве. Таксама кіраўнік дзяржавы ўдакладніў, ці ёсць ужо пэўныя вынікі гэтай працы, што яшчэ трэба зрабіць і што будзе рабіцца далей. Пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка і наяўнасцю праблем, якія патрабуюць вырашэння на ўзроўні кіраўніка дзяржавы. 

Абмен вопытам у АПК

— Мы можам аказаць практычную дапамогу ў будаўніцтве, у тым ліку збожжа- і сховішчаў для агародніны, пастаўках абсталявання для малочнатаварных ферм, — агучыў беларускі лідар трэці напрамак супрацоўніцтва. — Ведаю, што край вельмі развіты ў гэтых адносінах, вы ўдзяляеце гэтаму вялікую ўвагу. Нашы прапановы вам накіраваны. Калі вы гатовы, мы хацелі б, каб вы нам прапанавалі сустрэчныя крокі і далі адказ, ці будзем мы ў гэтым кірунку працаваць. 

Вельмі карысным, на думку кіраўніка дзяржавы, будзе абмен вопытам у вобласці сучасных агратэхналогій і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі, па пытаннях селекцыйнай працы, племянной справы, падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для аграпрамысловага комплексу. 

Будаўніцтва 

Чацвёрты прыярытэтны напрамак двухбаковага ўзаемадзеяння —будоўля. Як дакладваюць Прэзідэнту, у гэтай сферы ёсць некаторае тармажэнне. «Гэтая тэма важная для насельніцтва, бо напрамую ўплывае на якасць жыцця людзей, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Калі вы маеце патрэбу ў прафесійнай падтрымцы нашых будаўнікоў, то вы можаце на нас разлічваць». 

Як паведаміў кіраўнік дзяржавы, Беларусь таксама гатова да актывізацыі сумеснай работы па тамбоўскім праекце «Чыстая вада» з прымяненнем сучасных тэхналогій і абсталявання для водаачысткі і водаадвядзення.

Гуманітарная сфера 

Аляксандр Лукашэнка абазначыў толькі асноўныя напрамкі супрацоўніцтва. «Гэта далёка не поўны пералік пытанняў, якія могуць быць цікавыя і для Тамбоўскай вобласці, і для Беларусі, — удакладніў ён. — Займаючыся эканомікай, нам не варта забывацца і пра студэнцкія і школьныя абмены, ахову здароўя, навуку і адукацыю, культуру і турызм — тое, што называецца гуманітарнай сферай».

Гэта, па словах беларускага лідара, тыя самыя злучаючыя звёны, якія дапамагаюць бакам лепш даведацца адзін пра аднаго. Асабліва, на думку Прэзідэнта, яны важныя для выхавання сучаснай моладзі. «Найважнейшае пытанне: што ў Расіі, што ў нас», — канкрэтызаваў Прэзідэнт і запэўніў, што тыя дамоўленасці, аб якіх ішла гаворка падчас рабочай сустрэчы, а таксама прынятыя рашэнні беларускі бок будзе свята выконваць. 


У тэму 

«Тое, што намецілі, будзем ажыццяўляць»

У размове з журналістамі губернатар Тамбоўскай вобласці Максім ЯГОРАЎ расказаў, што вялікая колькасць беларускай тэхнікі працуе на палях гэтага расійскага рэгіёна. «Калі многія вытворцы з так званым сусветным імем сышлі і перасталі эксплуатаваць тэхніку, якая была набыта раней, мы глядзім у бок Беларусі, — адзначыў ён. — Упэўнены, што ўнікальныя прадпрыемствы, якія ствараліся яшчэ ў савецкія часы вялікай кааперацыяй шматлікіх рэгіёнаў краіны, змогуць задаволіць гэты запыт. Мы прагаворваем пакупкі аўтобусаў, сельскагаспадарчай і камунальнай тэхнікі». 

Губернатар расказаў, што падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам ішла размова аб лакалізацыі вытворчасці беларускай тэхнікі ў Тамбоўскай вобласці. «Пачынаць трэба чым хутчэй, тым лепш, — заўважыў ён. — У нас выдатнае ўзаемапаразуменне з вашымі міністэрствамі, мы на адной хвалі. Мы — братэрскія народы. Тое, што намецілі, будзем выконваць і ажыццяўляць». 

Тамбоўскай вобласці таксама цікава супрацоўніцтва ў сферы беспілотнай авіяцыі. «Учора быў пробны візіт, абмеркаванне, — увёў у дэталі губернатар. — У нас у Тамбоўскай вобласці дастаткова вялікая колькасць прадпрыемстваў, якія займаюцца беспілотнай авіяцыяй для аграрыяў. Ёсць над чым працаваць. Ёсць цікавыя напрацоўкі ў Беларусі, ёсць у нас». 

Максім Ягораў заўважыў, што ў Расіі запускаецца нацыянальны праект па беспілотных лятальных апаратах, і вобласць са сваімі вытворчасцямі разлічвае ў яго трапіць. Беспілотнікі можна будзе выкарыстоўваць для маніторынгу сельгасугоддзяў, унясення ўгнаенняў. Цікавасць таксама ёсць да беспілотных сістэм у частцы кіравання сельгастэхнікай, аб чым ішла размова падчас наведвання расійскай дэлегацыяй Мінскага трактарнага завода.

У якасці кіраўніка Тамбоўскай вобласці Максім Ягораў наведвае Беларусь упершыню, але ў прыватным парадку бываў у нашай краіне не раз. Журналісты папрасілі падзяліцца губернатара сваімі ўражаннямі аб Беларусі. «Заўсёды здзіўляла якасць аўтамабільных дарог, — адзначыў ён. — Тое, што ўсе трасы вынесены за межы населеных пунктаў, — гэта, вядома, бяспека для насельніцтва і бяспека дарожнага руху. У вас выдатныя аб’екты культурнай спадчыны. Я практычна ўсе замкі аб’ехаў у далёкім 2014 годзе. Вядома, добрыя музеі».

Асобна кіраўнік расійскага рэгіёну спыніўся на экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Прадстаўнікі дэлегацыі былі настолькі ўражаны ўбачаным, што ў бліжэйшы час у Мінск прыедуць тамбоўскія школьнікі і студэнты, якія, на думку губернатара, таксама павінны азнаёміцца з трагедыяй, якую беларускі народ перажыў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.