Вы тут

«Бульбяны разгуляй» і «Дажынкі» адзначылі ў Цырыне


Адразу два асноўныя прадукты беларускага стала — хлеб і бульбу — ушанавалі ў аграгарадку Цырын, што на Карэліччыне. Падзякаваць хлебаромам за збор ураджаю і пакаштаваць каравай, атрымаць Ордэн Белага Клубня і высветліць, у каго ўрадзіла самая буйная бульба... Гэта і яшчэ шмат цікавага чакала гасцей падчас «Бульбянога разгуляю» і «Дажынак» прадпрыемства «Лукі-Агра».


33 дні жніва і прыстойны вынік

«Нічога мацнейшага за хлеб няма на зямлі»: такімі словамі сустракалі госці караваі новага ўраджаю, якія з малітвай асвяціў айцец Алег. Уласна, гэтым і распачаліся мясцовыя «Дажынкі».

Сёлета на Карэліччыне вырашылі не адзначаць свята хлеба ў маштабах раёна, а рабіць яго на месцах, каб такім чынам падзякаваць кожнаму, хто шчыраваў на жніве, а не толькі перадавікам. Проста ў полі прымалі першыя «Дажынкі» ўдзельнікі жніва гаспадаркі «Цырын», праз некалькі дзён павіншавалі працаўнікоў гаспадаркі «Свіцязянка», пабывалі на прапрыемстве «Племзавод Карэлічы», не абмінулі гаспадарку «Малюшычы».

— Мы вырашылі сёлета больш актыўна ўдзельнічаць і ў мясцовых «Дажынках», і ў працэсе жніва (непасрэдна падчас яго і пры падвядзенні вынікаў), бо ўсё добра ў пару. Калі людзі сапраўды амаль суткамі знаходзяцца на рабочых месцах, хочацца іх і павіншаваць, і падтрымаць, і падзякаваць за работу, — заўважыў Генадзь ШАТУЕЎ, старшыня Карэліцкага райвыканкама. — Кожная ўборачная кампанія не падобная на іншую. Сёлета былі перажыванні, што не зможам сабраць неабходны ўраджай хлеба, бо засушлівая вясна крыху паўплывала на яравыя пасевы, аднак у цэлым па раёне атрыманы прыстойны вынік. Сабрана 16 745 тон рапсу пры ўраджайнасці 42,5 цэнтнера з гектара. Такога паказчыка ў раёне ніколі не было, а калісьці мы марылі сабраць хоць бы 8-10 тысяч тон. Зжата 104 777 тон зерня пры ўраджайнасці 60,5 цэнтнера з гектара. У Гродзенскай вобласці толькі чатыры раёны маюць паказчык звыш ста тысяч тон, і Карэліччына стабільна трымае такі вынік.

Тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў гаспадарках, штогод удасканальваюцца. Новы падыход у вытворчасці рапсу, збожжа, што быў закладзены летась улетку і ўвосень, разумнае вытрымліванне ўсіх тэхналогій і падрыхтоўка тэхнікі далі такі вынік сёлета. У гаспадарцы «Лукі-Агра» самы высокі паказчык — намалочана 17 487 тон збожжавых і зернебабовых культур, так што людзі будуць з хлебам, а жывёлагадоўля — з кармамі, падкрэсліў старшыня райвыканкама, віншуючы найлепшых удзельнікаў жніва.

Ён дадаў, што сёлетні падыход да арганізацыі «Дажынак» дазволіў кіраўніцтву раёна даехаць да кожнага экіпажа і не губляць час, ладзячы раённае свята. Праз гэта карэліччане адны з першых у вобласці справіліся з сяўбой азімага рапсу (замест вызначанага Мінсельгасам 25 жніўня скончылі пасяўныя работы 22-23 жніўня). Гэта пры тым, што жніво расцягнулася на 33 дні.

— Залог будучага ўраджаю закладваецца цяпер праз правільны падбор сяўбы, насення, угнаенняў і аптымальныя тэрміны. Сёлета Карэліччына стала чацвёртай сярод раёнаў вобласці па ўраджайнасці і чацвёртай па валавым намалоце, хоць па плошчах наш раён займае 15-16-е месца з 17 раёнаў Гродзеншчыны, — удакладніў Генадзь Шатуеў і заўважыў, што працаўнікам Карэліччыны ёсць з чым паехаць на абласныя «Дажынкі».

Хлебаробская салідарнасць

На «Дажынках» у Цырыне ўганаравалі дзесяць экіпажаў камбайнераў і 14 кіроўцаў, якія перавозілі ўраджай; работнікаў зернесушыльных комплексаў; тых, хто працаваў на прыёмцы ўраджаю; кіроўцаў пагрузчыкаў; работнікаў сталовай і кіроўцаў, якія дастаўлялі абеды ў поле.

Летась усім камбайнерам падарылі пуцёўкі ў санаторый, аднак паехалі толькі трое з іх, таму сёлета падарункамі сталі грашовыя прэміі.

— Сёння мы аддаём павагу двум хлябам: хлебу збожжаваму і бульбяному. Першаму хлебу мы ўжо аддалі пашану — у нашай вялікай гаспадарцы ўбралі 3183 гектары збожжавых і зернебабовых, а таксама 700 гектараў рапсу. Чатыры камбайнерскія экіпажы намалацілі больш як дзве тысячы тон зерня, адзін з кіроўцаў перавёз звыш трох тысяч тон зерня. Звяно па дапрацоўцы сыравіны — зернесушыльны комплекс «Лукі» займае першае месца ў раёне (нарыхтаваў больш як дзевяць тысяч тон зерня), — адзначыў заслугі сваіх супрацоўнікаў Мікалай ГАВІНА, дырэктар сельскагаспадарчага прадпрыемства «Лукі-Агра». — Асаблівае задавальненне ў мяне выклікае, што праявілася хлебаробская салідарнасць двух прадпрыемстваў, мужчыны працавалі сумленна і з павагай да хлеба, не прыйшлося клікаць на дапамогу людзей з суседніх гаспадарак.

Такія словы — не проста ветлівасць, а сапраўднае ўзаемаразуменне, якога дасягнулі работнікі дзвюх розных гаспадарак: прадпрыемстваў «Цырын» і «Лукі-Агра», якія аб'ядналі ў адно згодна з Указам № 399 «Аб фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый».

— Цырын заўжды славіўся сваёй зямлёй, меў свой герб і сцяг, а Лукі — добрая і моцная гаспадарка. Аднак ва ўказе быў Цырын, і гаспадарка ўвайшла ў склад лукскай, аднак пры гэтым стала яшчэ больш моцнай і добрай, бо людзі паверылі, што можа быць высокі вынік, — падзяліўся старшыня Карэліцкага райвыканкама.

На свяце, дарэчы, пастараліся стварыць лакацыі так, каб максімальна задаволіць густ самых розных гасцей. Для працаўнікоў — удзячныя словы і ўзнагароды, для дзетак — аквагрым і дзіцячая пляцоўка, для ўсіх прысутных — конкурсы, пачастункі і канцэрт, каб «Дажынкі» запомніліся кожнаму нечым сваім.

Васпані бульба, мадам Пюрэ і бульбяныя прысмакі

А далей на свяце ўвагай гасцей завалодала яна — бульба, якая прапанавала спаборніцтвы, каб высветліць, хто заслугоўвае атрымаць з яе рук Ордэн белага Клубня: бульба ў мундзіры, мадам Пюрэ ці Чыпс. Для гэтага гасцям свята раздалі аркушы з літарамі, а ўдзельнікі камандаў трох прэтэндэнтаў павінны былі сабраць іх і скласці слова «бульба». Хто хутчэй скончыць — таго і ордэн. Раскрыю сакрэт, першымі сабралі слова ў камандзе Бульбы ў мундзірах, але ж Васпані бульба так уразілася сустрэчай са сваімі сваякамі, што ўручыла ордэн усім тром.

«Бульбяны разгуляй» адзначаецца ў Цырыне ўжо другі раз і стаў брэндавым святам для гаспадаркі «Лукі-Агра», якая вырошчвае другога хлеба больш за ўсіх у раёне. Сёлета мерапрыемства праходзіць сумесна з «Дажынкамі», што куды прыемней, бо сабралася ўдвая больш людзей, перакананая Аксана ГОМЗА, старшыня Цырынскага сельвыканкама:

— Лічыцца, што бульба — другі хлеб. Першы (збожжа) у нас ужо сабраны, а ўшанаванне другога напярэдадні ўборкі — прадвеснік таго, што ўсё пройдзе паспяхова і мы атрымаем самую высокую ўраджайнасць у раёне. Тым больш на тэрыторыі нашага сельсавета працуе навукова-вытворчае прадпрыемства «Ніка», якое займаецца развядзеннем сартавой бульбы. Многія гаспадары таксама вырошчваюць бульбу на продаж, прычым робяць тое на вялікіх плошчах, да гектара.

Атрымаўшы ордэны, казачныя персанажы «Бульбянога разгуляю» адправіліся дэгуставаць стравы, каб вызначыць, хто з цырынскіх гаспадынь прыгатаваў найбольш уражальную і самабытную страву. Гаспадыні паэксперыментавалі з бульбай ад душы. Тут былі і торт «Мурашнік», і «Грыбная паляна», і «Ружачкі» — і ўсё гэта з бульбы. Першае месца, па рашэнні казачнай камісіі, падзялілі паміж двума прысмакамі: «Дуэтам» і «Клёцкамі па-беларуску».

Прызы атрымалі і аўтары найлепшых вырабаў з бульбы на конкурсе «Бульбяны цуд». Цікава, што большасць «свінак» ды «пеўнікаў» і іншых вырабаў была зроблена рукамі бібліятэкараў, якія на свята прывезлі шмат цікавай літаратуры пра бульбу. Ну і, вядома, кожны мог набыць на памяць пра свята сувенір ад майстроў Карэліцкага Дома рамёстваў. Узнагародзілі і тых, хто вырасціў «найбольшую бульбу» — іх выбіралі з вялізных клубняў у конкурсе «Бульбяны выкрутас».

А яшчэ на свяце гулялі ў бульбяныя шашкі, сілкаваліся ў кафэ «У бульбаша», спявалі і танцавалі на канцэрце ад артыстаў з Навагрудскага раёна, даведваліся смак першага каравая з новага ўраджаю і назапашвалі добры настрой і ўспаміны на наступны год, яшчэ толькі рыхтуючыся капаць бульбу, якую так шчыра ўхвалялі. Нездарма ж кажуць, што стол без бульбы — што вяселле без гармоніка.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.