Вы тут

Праект пад назвай «Дажынкі». Наколькі ён аказаўся значным для Зэльвы


У гэтыя дні гарадскі пасёлак жыве падрыхтоўкай да абласнога фэсту хлебаробаў. Мясцовыя ўлады пастаянна ўдакладняюць ход работы, выязджаюць на аб'екты альбо вырашаюць важныя пытанні па мабільных тэлефонах. Каб атрымаць інфармацыю, журналістам іншы раз прыходзіцца шукаць адказных асоб па розных будаўнічых пунктах. І гэта зразумела: да знакавай падзеі застаецца некалькі тыдняў, таму важна ўсё паспець.


Фестываль «Дажынкі» ў нашай краіне стаў брэндам, хоць і праводзіцца на лакальным узроўні. Яго любяць усе, бо статус хлебароба па-ранейшаму высокі. Між тым, гэта яшчэ і аднаўленне населенага пункта. На бягучы год «казырная карта» выпала Зэльве. І пачалося... Старшыня райвыканкама Дзяніс Альшэўскі назваў падзею гістарычнай для гарадскога пасёлка.

— Падзея значная з-за маштабаў падрыхтоўкі. Зэльва, лічы, абнавілася. Калі мы ў год праводзілі капітальны рамонт двух-трох вуліц, сёлета іх колькасць дасягае 16. Нам раней трэба было б гадоў шэсць-сем на гэта. Рэканструкцыя закранула і сацыяльныя аб'екты. Поўнасцю абноўленыя тры дзіцячыя садкі, дзве школы, паліклінічнае аддзяленне. Хутка ўвойдзе ў эксплуатацыю былы даўгабуд — цяпер гэта жылы дом. Увогуле ўсе аб'екты, якія датычаць жыццядзейнасці нашых грамадзян, абноўленыя, — адзначыў кіраўнік раёна. — Сродкі ў асноўным атрыманыя з абласной інвестпраграмы, праграмы «Жыллё», рэспубліканскага дарожнага фонду. Усяго сёлета будзе асвоена каля 40 мільёнаў рублёў.

Разам з начальнікам упраўлення архітэктуры, будаўніцтва і камунальнай гаспадаркі райвыканкама Марынай Шлык выязджаем на самыя знакавыя аб'екты.

На гульнявых пляцоўках дзіцячага садка № 1 гамоняць маленькія жыхары гарадскога пасёлка. Яны прывыкаюць да новага аблічча свайго будынка. Па-новаму выглядаюць фасад і агароджа. Амаль усе вокны новыя.

Па словах работніцы дзіцячага садка Чэславы Мармыш, са звычайнага цаглянага будынак ператварыўся ў каларытны, які радуе вока. Такая ж карціна склалася і з другімі двума садкамі. Усяго на рамонт дашкольных устаноў выдаткавана больш за 480 тысяч рублёў.

Ідзём да стадыёна. Аб'ект пад назвай «Колас» выглядае акуратным, хоць і невялікім па колькасці месцаў. Прыцягвае ўвагу бегавая дарожка з гумавай крошкі, зробленая па сучасных тэхналогіях. Па словах Марыны Шлык, цяпер сюды з задавальненнем прыходзяць мясцовыя аматары бегу, якія ўжо ацанілі якасць пакрыцця. Многія займаюцца па вечарах на вулічных трэнажорах, якія ўстаноўлены на спартыўнай пляцоўцы. Стадыён набыў сучасны выгляд у рамках падрыхтоўкі да фестывалю «Дажынкі». На аднаўленне разам з водаадводам і новым тратуарам выдаткавана больш за 500 тысяч рублёў.

Мая спадарожніца прапаноўвае паглядзець на былы даўгабуд, які перабудаваны пад жылы дом. Аб'ект 30 гадоў таму ўзводзілі пад паліклініку, планавалася, што тут будзе сем паверхаў. Некалькі разоў у Зэльве прыступалі да будаўніцтва. І вось цяпер той даўгабуд не пазнаць. Замест шэрых сцен паўстае шматпавярховік у цікавым архітэктурным рашэнні. Дзякуючы «Дажынкам» з'явіўся шанц яго завяршыць.

— Рэканструкцыя вядзецца пад 64-кватэрны жылы дом, дзе пераважная большасць — арэнднае жыллё і плюс 12 кватэр сацыяльных. Разам з тыпавымі кватэрамі будзе дзевяць студый. На рэканструкцыю выдзелена дзесяць мільёнаў рублёў, урачыстае адкрыццё аб'екта адбудзецца напярэдадні «Дажынак». Пакуль будзем шукаць цікавую «фішку» для ўрачыстай цырымоніі, — заўважае мая суразмоўніца.

Па яе словах, у план падрыхтоўкі да абласнога фестывалю «Дажынкі-2023» у Зэльве ўключана каля 90 аб'ектаў. Большая частка ўжо здадзена ў эксплуатацыю.

Увогуле раён нядрэнна падыходзіць да свята хлебаробаў і на сельскагаспадарчай ніве. Ураджай збожжавых культур крыху ніжэйшы за леташні, але парадаваў рапс. Раён уваходзіць па дадзенай культуры ў тройку лідараў. Кукуруза мае добрыя перспектывы на ўраджай.

«Дажынкі» дапамогуць умацаванню партнёрскіх сувязяў, упэўнены старшыня райвыканкама. У рамках сельскагаспадарчага кірмашу ў Зэльве пройдзе ІІ з'езд малых гарадоў Гродзенскай вобласці і Ніжагародскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

— Збіраемся падпісаць шэсць дагавораў аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж шасцю раёнамі Гродзенскай і шасцю раёнамі Ніжагародскай абласцей, — паведаміў Дзяніс Альшэўскі. — З Ніжагародскай вобласцю мы цесна супрацоўнічаем, сябруем другі год. Многія гандлёвыя патокі цяпер скіраваныя на гэты расійскі рэгіён. Будзем супрацоўнічаць у адукацыі, культуры. Але галоўнае — эканоміка. Сёння вельмі шмат праграм паміж Беларуссю і Расіяй, дзе можна працаваць у розных праектах.

Дарэчы, госці з Расійскай Федэрацыі прыбудуць не толькі з дзелавым візітам, але і з творчымі калектывамі, якія выступяць на святочнай сцэне ў Зэльве. Свае вырабы прадставяць рамеснікі і майстры ўнікальных тэхнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Ступень гатоўнасці гарадскога пасёлка — у цэнтры ўвагі абласных улад. Днямі прайшло чарговае пасяджэнне абласнога штаба пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні аблвыканкама Юрыя Валяватага, які падкрэсліў, што варта прадумаць кожны пункт свята — ад сустрэчы дэлегацый да арганізацыі бяспекі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

г. п. Зэльва

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.