Вы тут

Новы дырыжор і пастаноўкі. Чым будзе здзіўляць Вялікі тэатр у новым сезоне


Гэта 91-ы сезон тэатра. Развітаўшыся з гледачамі на высокай ноце святкавання юбілею, трупа пачынае чарговы творчы адлік з прэм'ерных спектакляў. Але што далей? Варта зразумець тэндэнцыі, асабліва цяпер, калі ўсе — і супрацоўнікі, і тэатралы — чакаюць пачатку 2024 года, калі павінны змяніцца падыходы ў фінансаванні дзейнасці тэатраў. Пра гэта ішла гаворка ў тым ліку на агульным сходзе калектыву, які прайшоў ва ўрачыстай абстаноўцы: з дэманстрацыяй фільма пра Вялікі, яркімі нумарамі і афіцыйнымі выступленнямі. Ад імя Міністэрства культуры Беларусі Ірына Дрыга павіншавала з пачаткам сезона і адзначыла, што мінулы сезон тэатр правёў на вышыні: з добрымі эканамічнымі паказчыкамі, з перавыкананнем усіх даведзеных заданняў. І з цудоўнымі творчымі дасягненнямі, прэм'ернымі спектаклямі, пашырэннем гастрольнай дзейнасці.


Генеральны дырэктар тэатра Кацярына Дулава мела свайго роду справаздачу перад сходам:

— Мэтанакіраваная праца па аптымізацыі структуры тэатра дапамагае нам стварыць эфектыўную мадэль упраўлення з рацыянальным выкарыстаннем штатнай колькасці супрацоўнікаў, якая маецца. На 1 верасня 2023 года ў штаце значыцца 830 чалавек, у тым ліку мастацка-пастановачны і артыстычны персанал — 438 чалавек, вытворча-абслуговы персанал — 392 чалавекі. Ідзе папаўненне творчага складу маладымі перспектыўнымі кадрамі. У 2023 годзе ў тэатр прыйшлі 13 маладых спецыялістаў. У найбліжэйшы час трэба будзе яшчэ раз перагледзець штатны расклад і завяршыць запланаваны працэс аптымізацыі. Фінансава эканамічная дзейнасць хвалюе нас не менш, чым творчая. Прыемна адзначыць, што ад студзеня да ліпеня 2023 года тэатрам выкананы ўсе асноўныя паказчыкі вытворча-фінансавага плана. Пры плане 217 спектакляў было прадстаўлена 222 (102 працэнты выканання). Па колькасці гледачоў: пры плане 124 тысяч чалавек нас наведалі 153 тысячы чалавек (122 працэнты выканання). Аб'ём пазабюджэтных паступленняў: пры плане 3 мільёны 937 тысяч рублёў мы зарабілі 5 мільёнаў 442 тысячы рублёў (што складае 138 працэнтаў выканання). Гэтая дынаміка абумоўленая павелічэннем сярэдняй запаўняльнасці залы на 25 працэнтаў, ростам коштаў квіткоў у сярэднім на 30 працэнтаў. Выручка ад продажу квіткоў складае 81 працэнт ад сумы пазабюджэтных паступленняў. Сярэдняя заработная плата за бягучы перыяд склала 1831 рубель, гэта 23 працэнты росту ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Дынаміка сведчыць пра тэндэнцыю росту сродкаў, якія накіроўваюцца на стымуляцыйныя выплаты супрацоўнікам тэатра. Бюджэтнае фінансаванне на 2023 год складае 19 мільёнаў 480 тысяч рублёў. 88 працэнтаў усяго фінансавання накіроўваецца на пакрыццё выдаткаў на аплату працы згодна са штатным раскладам і ўтрыманне будынка тэатра. 9 працэнтаў фінансавання — на стварэнне і аднаўленне пастановак і правядзенне гастроляў. Два працэнты — на набыццё абсталявання, адзін — на бягучы рамонт будынка.

Але чыста па-глядацку хочацца зразумець, што нас чакае новага ў творчым кірунку. А тут ёсць зрухі: у Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі з'явіўся галоўны дырыжор! Ім стаў народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў, добра вядомы айчыннай публіцы дзякуючы ўдзелу ў нашых спектаклях. 12 гадоў ён працаваў галоўным дырыжорам Башкірскага тэатра оперы і балета, лічыць, што гэта быў нядрэнны досвед як для спецыяліста. Зусім нядаўна стаў яшчэ галоўным дырыжорам маскоўскага тэатра Наталлі Сац. Магчымасць сумяшчэння працы ў двух тэатрах абгаворвалася з іх кіраўніцтвам, усе пагадзіліся, што можна паспрабаваць.

Новы галоўны мастак Вялікага Любоў Сідзельнікава, якую і трупа, і публіка добра ведае. «Такой колькасці прадстаўлення, якую дае тэатр, складана ўявіць. Вучылася ў Яўгена Чамадурава, народнага мастака Беларусі, які працаваў у гэтым тэатры. А другім педагогам быў Барыс Герлаван, які паспяхова працуе дагэтуль. Яна шчыра радуецца, што ў тэатра шмат працы. І найперш гэта прэм'еры. Першую рыхтуе галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Беларусі, заслужаны артыст Расіі Ігар Колб. Напрыканцы 2023 года ён прадставіць балет «Ілюзіі кахання» .

А ўжо ў 2024 годзе оперу «Іаланта» прадставіць галоўны рэжысёр тэатра Ганна Маторная. На другую палову сезона запланавана другая балетная прэм'ера: мастацкі кіраўнік тэатра Валянцін Елізар'еў рыхтуе пастаноўку балета «Папялушка» на музыку Сяргея Пракоф'ева. А ў маі ў афішу тэатра вяртаецца опера «Набука» Джузэпэ Вердзі, ажыццявіць сваю рэжысёрскую версію ў Беларусі прапануе вядомы італьянскі тэатральны і оперны рэжысёр Джанкарла Дэль Монака.

А што нам баліць... Нацыянальная тэма. Няпроста да яе падабрацца, каб стварыць новыя оперныя і балетныя творы. Дапамог архіў партытур, якія ёсць у тэатры: а тут творы беларускіх кампазітараў, якія стваралі для Вялікага ў папярэднія гады. І гэта творы, з якімі можна працаваць, калі і не аднавіць цалкам, то выкарыстаць асобныя эпізоды. Да 70-годдзя вызвалення Беларусі тэатр падрыхтуе шэраг канцэртных і тэатральных вечароў, галоўнай ідэяй якіх стане зварот да нашай тэатральнай і музычнай спадчыны. Гаворка пра оперы і балеты, якія былі раней напісаны для гэтага тэатра і прысвечаны ваеннай тэматыцы. У першую чаргу гаворка пра балет Яўгена Глебава «Альпійская балада», асобныя элементы якога былі прадстаўлены народным артыстам Беларусі Канстанцінам Кузняцовым. Але разам з задумамі для айчыннага гледача тэатр плануе актыўную гастрольную дзейнасць.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.