Вы тут

Кніга як воін-інтэрнацыяналіст


У 1987 годзе і ў ЦК Кампартыі Беларусі, і ў Дзяржаўным камітэце па друку рыхтаваліся да 70-годдзя Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Несумненна, новых творчых здзяйсненняў, якія б услаўлялі савецкі лад жыцця, чакалі і ад пісменнікаў... Мо і такіх, якія гучалі б на ўсю моц мастцкага таленту, як некалі гучала рэвалюцыйна-паэтычная стылістыка ў вершах народнага песняра Беларусі Янкі Купалы: «Ад вас, Кастрычніка сыны,/ Ад вашых сэрцаў пралетарскіх,/ Як ніва сонечнай вясны,/ Чакаюць песень — а бунтарскіх —/ Заводаў гулкія гудкі,/ Калгасны працавіты трактар,/ Чырвонай Арміі штыкі/ І паграніччаў нашых варта» («Маладым паэтам»)... Гэты «пафасны зварот», як вызначыў верш літаратуразнаўца, паэтазнаўца Варлен Бечык у артыкуле ў энцыклапедыі «Янка Купала», быў напісаны 16 лістапада 1931 года. Праз 14 гадоў пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі... А з чым жа падыходзілі наступнікі пісьменнікаў 1920-1930-х гадоў, кнігавыдаўцы БССР да юбілейнай кастрычніцкай даты ў 1987 годзе..?


Фота: pexels.com

Некаторыя дэталі і не толькі дэталі, некаторыя тагачасныя тэндэнцыі, характарыстыкі літаратурнага, кнігавыдавецкага працэса — у дакладной запісцы старшыні Дзяржкамдруку БССР Міхаіла Дзяльца «Пра выпуск літаратуры па інтэрнацыянальнаму выхаванню, літаратуры народаў СССР і ўзаемным кнігабмене паміж саюзнымі рэспублікамі», якую тагачасны «кніжны міністр» адрасаваў аддзелу прапаганды і агітацыі ЦК КП Беларусі. Запіска, якая і зараз захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, датавана 19 студзеня 1987 года. 

«За перыяд з 1981 па 1986 год рэспубліканскімі выдавецтвамі выпушчаны цэлы шэраг выданняў па інтэрнацыянальнаму, патрыятычнаму выхаванню», — пачынае свой даклад старшыня. І далей прыводзіць канкрэтныя факты. У 1982 годзе ў выдавецтве «Беларусь» пабачылі зборнік «Пабрацімы Матросава» і кніга К. Т. Мазурава «Незабыўнае»... 

Энцыклапедычная даведка. Кірыл Трафімавіч Мазураў (1914 — 1989) — савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч, Герой Сацыялістычнай Працы. Першы намеснік старшыні Савета Міністраў СССР (1965 — 1978). Член Палітбюро (Прэзідыўма) ЦК КПСС (1965 — 1978; у 1957 — 1965 — кандыдат у члены Прэзідыўма ЦК КПСС), член ЦК КПСС (1956 — 1981). Нарадзіўся ў Рудні-Прыбыткоўскай Гомельскага павета ў сялянскай сям’і. У час Вялікай Айчыннай вайны — сакратар падпольнага ЦК ЛКСМ Беларусі, другі сакратар ЦК ЛКСМБ, у 1944 — 1947 — першы сакратар ЦК камсамола Беларусі. У 1953 — 1956 — Старшыня Савета Міністраў Беларускай ССР. У 1956 — 1965 — першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі. Кніга ўспамінаў Кірылы Трафімавіча «Незабыўнае» у 1987 годзе пабачыла свет другі раз, пераше выданне было здзейснена ў 1984 годзе. Шкада, што беларускія выдавецтвы не выдалі ўспамінаў іншых першых асоб рэспублікі ці нават проста высокіх кіраўнікоў Беларусі. Напрыклад, Міхаіла Васільевіча Зімяніна. Ці — Мікалая Сямёнавіча Патолічава…

З перадюбілейнай дакладной запіскі М. Дзяльца: «... у 1983 — 1985 гг. выдадзены трохтомны зборнкі „Усенародная барацьба ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны“, зборнік „Патрыятычнае выхаванне працоўных“ (1985 г.), кніга А. Капусціна „Радзіма — любоў наша вечная“ (1986 г.), якая выйшла ва ўсесаюзнай міжвыдавецкай серыі „СССР — братэрства народаў“. Выдавецтва „Народная авета“, напрыклад, выдала для навучэнцаў сярэдніх школ і ПТВ кнігу Ю. Афоніна „Разам да адзінай мэты“ (1985), кнігу І. Семычкіна » У братэрскім саюзе" (1982 г.). Цэлы шэраг кніг указанай тэматыкі штогод выходзяць у выдавецкіх серыях выдавецтва «Мастацкая літаратура»: «Проза народаў СССР» і «Паэзія народаў СССР», у серыях выдавецтва «Юнацтва»: «Любіце Радзіму, ганарыцеся ёю», «Слава твая, Беларусь», «Я другой такой краіны не ведаю», «Карчагінцы васьмідзесятых» і іншыя».

М. І. Дзялец адзначае, што за ўказаны перыяд рэспубліканскімі выдавецтвамі выпушчана даволі шмат кніг інтэрнацыянальнага, патрыятычнага гучання. У 1981 годзе — 126 назваў. У 1982-м — 120 назваў, 1983 — 137, 1984-м —152, 1985-м — 160, 1986-м — 161 назва. 

Без усялякіх каментарыяў асабліва хацелася б працытаваць наступны справаздачны радок з запіскі «кніжнага міністра»: «...Развіццю міжнацыянальных адносін садзейнічае выпуск такіх выданняў, як „Русско-белорусский словарь“ у 2-х тамах („БелСЭ“, 1982), рыхтуецца да друку „Русско-белорусский словарь“ („БелСЭ“), а таксама такіх выданняў выдавецтва „Навука і тэхніка“ , як „Гістарычны слоўнік беларускай мовы“ (Выпуск 1-17), „Этымалагічны слоўнік беларускай мовы“ (тамы 1-4), „Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча“ у 5-ці тамах, „Тураўскі слоўнік“ (тамы 1-3) і іншыя.». Магчыма, гэты абзац — і з-за таго, што іншай фактуры не так і шмат. Але хацелася б думаць іначай: слоўнікавы запас, наяўнасць у краіне перакладных і тлумачальных слоўнікаў, іншых выданняў гэтай лінейкі з’яўляўся, па меркаванню кіраўніцтва органа дзяржаўнага кіравання і саміх арганізатараў выдавецкай практыкі, стратэгічным накірункам, сведчыў не толькі пра ваысокую культуру кніжнай культуры, але і пра магчымасць выкарыстоўвання такой літаратуры сапраўды ў інтэрнацыянальным, патрыятычным выхаванні грамадства. Такая акалічнасць, пагадзіцеся, мае сваю асаблівую вагу. 

З даведкі М. Дзяльца: «Выпуск твораў літаратуры народаў СССР сканцэнтраваны ў асноўным у выдавецтве «Мастацкая літаратура» і на дадзены момант складае прыкладна 15 працэнтаў ад усяго аб’ёма кніжнай прадукцыі, якая выпускаецца. Калі ў 1981 годзе было выпушчана 11 кніг пісьменнікаў братэрскіх рэспублік агульным тыражом 304 тысячы экз., то ў 198 годзе — 26 кніг агульным тыражом 2 916 тысяч экз. За гады адзінаццатай пяцігодкі былі выпушчаны кнігі ў перакладзе на беларускую мову з 15 нацыянальных моў. На дванаццатую пяцігодку запланаваны выпуск твораў болей 60 аўтараў з 27 нацыянальных моў. 

У першую чаргу выдаюцца творы, якія адзначаны прэміямі — Ленінскай і дзяржаўнымі. Шырока прадстаўлены творы пісьменнікаў народаў СССР у серыях «Проза народаў СССР», «Паэзія народаў СССР», штогодніку «Братэрства». 

Беларускі чытач пазнаёміўся з творамі рускіх пісьменнікаў (С. Ясеніна, Ф. Цютчава, У. Маякоўскага, А. Твардоўскага, Г. Ахматавай, Л. Лявонава, К. Федзіна, Б. Ахмадулінай, Г. Маркава, С. Залыгіна, С. Шчыпачова, У. Салаухіна і інш.; пісьменнікаў Літвы (Э. Межэлайціса, М. Чурлёніса, М. Мартынайціса, В. Бубніса, К. Данелайціса); Украіны (Т. Шаўчэнкі, В. Элана, М. Рыльскага, А. Ганчара, Г. Цюцюцнніка, М. Алейніка, М. Нагнібяды, І. Вільдэ); Эстоніі (Л. Метсара, Ю. Тууліка, А. Сійга), Кыргізіі (Ч. Айтматава, М. Мурталіева, А. Айтымбетава), Малдавіі (Г. Віеру), пісьменнікаў Туркменіі, Казахстана і іншых саюзных рэспублік. 

Акрамя асобных выданняў і публікацый у штогодніку «Братэрства» выдавецтва ажыццяўляе выпуск анталогій паэзіі і прозы братэрскіх літаратур. Выйшлі ў свет двухтомныя анталогіі ўкраінскай і літоўскай паэзіі, выдадзена двухтомная анталогія латышскай паэзіі, зборнік апавяданняў таджыкскіх пісьменнікаў «Дом ля крыніцы». У дванаццатай пяцігодцы плануецца выпуск двухтомных анталогій грузінскай паэзіі, малдаўскай паэзіі, рускага апавядання, выйдуць у свет <зборнік> узбекскай аповесці «Другі перавал», зборнік літоўскай навэлы, зборнік чувашская паэзіі «Песні волжскага края» і інш. 

План выпуска літаратуры народаў СССР на 1987 — 1990 гг. уключае болей 90 назваў кніг — твораў класічнай і сучаснай літаратуры. Асаблівая ўвага надаецца выпуску твораў класічнай літаратуры — А. Пушкіна, Л. Талстога, А. Грыбаедава, І. тургенева, А. Чэхава, С. Цютчава, Ф. Дастаеўскага, А. Хаяма, А. Наваі і інш." 

Але каб ажыццявіць здзяйсненне гэтых абсягаў, патрэбен быў атрад уніклівых перакладчыкаў. У той час актыўнасці свае ў гэтым накірунку выяўлялі народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль, паэты Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, празаікі Барыс Сачанка, Алесь Жук, Вячаслаў Адамчык, Ян Скрыган, Анатоль Кудравец, Іван Пташнікаў... І шмат хто яшчэ. Арыгінальныя творцы, яны не шкадавалі часу на гэты занятак. Праца ў галіне мастацкага перакладу дастойна аплочвалася, што таксама адыгрывала пэўную ролю. Ды і не заўсёды натхненне скіроўвала на плённую працу над арыгінальнымі творамі. Так што, пісьменнікі з задавальненнем аддавалі час перакладу... Зазірнём у біябібліяграфічны даведнік «Беларускія пісьменнікі»... Толькі ў 1980-я гг. Рыгор Барадулін выдаў цалкам ім адным перакладзеныя наступныя кнігі: «Небам адзіным» Андрэя Вазнясенскага (1980), «Мелодыю каліны» Івана Драча, «Слон купіў веласіпед» Івана Бурсава (1984), два зборнікі перакладаў паэзіі розных народаў — «Кахаць — гэта значыць...» (1986), «Беларусь — маё слова і песня» (1988)... А яшчэ за гэта дзесяцігоддзе паспеў надрукаваць у перыёдыцы пераклад твораў Е. Букава, Х. Берулавы, А. Такамбаева, К. Малікава, А. Султанава, Дж. Алыбаева, Г. Каландзія, Я. Хелемскага, Ф. Садыга, Б. Акуджавы, Назармата, С. Гарадзецкага, М. Турсун-Задэ, Махтумкулі, Я. Смелякова, Е. Стулпаніса, І. Зіедоніса... Пералік можа аказацца надзіва доўгім. Я. Брыль пераклаў у 1980-я гг. апавяданні Уладзіміра Салаухіна (у 1984 годзе выйшла на беларускай мове кніга прозы гэтага яркага рускага пісьменніка «Пад адным дахам»). У 1982 г. выйшаў раман узбекскага пісьменніка Н. Сафарава «Дні праклёну і дні надзеі» у перакладзе Алеся Жука, у 1984-м — у яго ж перакладзе раман туркменскага празаіка Тыркіша Джумагельдыева «Прапашчы чалавек». Для альманаха «Братэрства» Алесь Жук пераклаў апавяданні туркменскіх літаратараў Атаджана Тагана, Алаберды Хаідава, а ў 1981-м — аповесць Уладзіміра Багамолава «Зося»... 

З даведкі М. Дзяльца: «Значнае месца займаюць творы літаратуры народаў СССР у тэматычных планах выдавецтва „Юнацтва“. Калі ў 1981 годзе для дзяцей і юнацтва было выдадзена 24 кнігі пісьменнікаў братэрскіх рэспублік на беларускай і рускай мовах агульным накладам 3 886, 2 тысячы экз., то ў 1986 годзе — 38 кніг агульным тыражом 6 090 тысяч экзэмпляраў. 

Пры фарміраванні планаў выпуска літаратуры народаў СССР выдавецтва кіруецца рэкамендацыйнымі спісамі Дзяржкамвыдата СССР, Саюза пісьменнікаў СССР, рэкамендацыямі Саюза пісьменнікаў БССР. як правіла, выдаюцца перш за ўсё кнігі пісьменнікаў, якія адзначаны нацыянальнымі і дзяржаўнымі прэміямі. 

Перспектыўныя планы выпуска складаюцца з улікам ахопу літаратуры ўсіх саюзных рэспублік. Дыяпазон іх пашыраецца. Так, калі за гады адзінаццатай пяцігодкі былі выпушчаны творы ў перакладзе з 10 моў народаў СССР, то на XII пяцігодку запланаваны выпуск твораў у перакладзе з 19 моў народаў СССР. 

Адным з першых у краіне выдавецтва „Юнацтва“ пачало выпуск кніжнай серыі „Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР“ — 15-томнага ўнікальнага выдання (для параўнання: у сённяшнім Узбекістане запланавана да выпуска 200-томная Бібліятэка сусветнай дзіцячай літаратуры — К. Л., В. С.), зарыентаванага на дзяцей малодшага школьнага ўзросту, закліканага пазнаёміць чытача з лепшымі творамі класікі і сучаснай літаратуры братэрскіх рэспублік. З 1983 года выйшла сем тамоў Бібліятэкі: зборнік беларускай літаратуры для дзяцей „Вяснянка“, украінскай — „Ад круч дняпроўскіх“, літоўскай літаратуры — „Бурштынавыя каралі“, узбекскай літаратуры — „Вясёлка над арыкам“, грузінскай — „Дружная з сонцам“, малдаўскай — Гронкі радасці», латышскай — «Песні Даўгавы». Да канца XII пяцігодкі выдавецтва плануе завершыць выпуск гэтай серыі. Усе тамы Бібліятэкі дзіцячай літаратуры народаў СССР складаюцца і зацвярджаюцца ў Саюзе пісьменнікаў той ці іншай краіны.

<...>

У 1986 годзе выдавецтва вцпусціла першы штогадовы альманах «Ветразь», у якім прадстаўлены творы для дзяцей і юнацтва літаратараў братэрскіх рэспублікі і замежных кріан. 
Да перакладчыцкай дзейнасці выдавецтва прыцягвае вопытных прафесійных літаратараў — Я. Брыля, Н. Гілевіча, Р. Барадуліна, І. Бурсава, В. Сёмуху і інш.»

Але ж, відавочна, увага чытача, пакупніка кнігі да перакладной літаратуры на беларускай мове не такога масштабу, як увага да арыгінальнай беларускай літаратуры... Як складвалася гандлёвае распаўсюджванне літаратуры такога характару? Як увогуле сістэма кнігагандлю была задзейнічана ў інтэрнацыянальным выхаванні пакупніка кнігі?.. «У дадзены момант, — дакладваў «кніжны міністр» у ЦК КПБ, — адпрацавана сістэма абмена кніжнай прадукцыяй, якая выпускаецца рэспубліканскімі выдавецтвамі, паміж кнігагандлёвымі арганізацыямі краіны. Яна дазваляе пазнаёміць насельніцтва з дасягненнямі навукі, тэхнікі, перадавога вопыту братэрскіх рэспублік, развіццём іх нацыянальнай літаратуры, культуры і мастацтва, пазнаёміць чытачоў з гісторыяй і падзеямі сучаснага жыцця народаў СССР. 

З гэтымі мэтамі ў Мінску і іншых гарадах краіны адкрыты спецыялізаваныя кніжныя крамы, якія распаўсюджваюць выданні народаў СССР. Гэтыя крамы сталі не толькі цэнтрамі прапаганды кніг нацыянальных аўтараў, але і ў першую чаргу імі праводзіцца праца па вывучэнню попыта насельніцтва на рэспубліканскія выданні і абмену вопытам распаўсюджвання гэтых кніг. 

Для шырокай прапаганды і распаўсюджвання лепшых твораў шматнацыянальнай літаратуры народаў СССР на рускай і нацыянальных мовах кнігагандлёвыя арганізацыі рэспублікі рэгулярна ўдзельнічаюць ва Ўсесаюзных аптова-рознічных кніжных кірмашах, якія дазваляюць ажыццявіць абмен кнігамі паміж рэспублікамі. Толькі на апошнім Усесаюзным кірмашы ў г. Баку было прададзена кніг беларускіх аўтараў кнігагандлям краіны на суму болей 1, 5 млн. рублёў. Акрамя Усесаюзных кірмашоў Упраўленне кніжнага гандлю і аблкнігагандлі рэспублікі сістэмна прымаюць удзел у міжэрэспубліканскіх і рэспубліканскіх кірмашах…

Пастаянны абмен выпушчанымі выданнямі ажыццяўляецца намі з прыбалтыйскімі рэспублікамі. Прапагандай і распаўсюджваннем кніг літоўскіх выдавецтваў займаецца ў Мінску крама «Вільнюс», а беларускіх выданняў у Вільнюсе крама «Мінск». Традыцыйнымі ў Мінску сталі выстаўкі-продажы кніг выдавецтваў Літвы, правядзенне кожнай восенню тыдняў літоўскай кнігі. Падобныя формы выкарыстоўваюцца і літоўскімі кніжнікамі для прапаганды беларускай кнігі ў сябе ў рэспубліцы. Толькі ў 1986 годзе праведзены выстаўкі беларускай кнігі ў гг. Ташкенце, Душанбэ, Таліне. 

У выніку пералічаных мерапрыемстваў рэалізацыя кніг беларускіх выдавецтваў кнігагандлёвым арганізацыям краіны дасягнула 1, 5 млн. рублёў штогод. 

Асаблівая ўвага надаецца пастаўкам выданняў, якія выходзяць у рэспубліцы, кнігагандлям Сібіры і Далёкага Усходу, якія абслугоўваюць зону Байкала-Амаурскай магістралі. За XI пяцігодку і 1986 год ім адпраўлена кніг беларускіх паэтаў і празаікаў, выданняў пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, мастацтва на суму 300,0 тысяч рублёў. 

З года ў год павялічваецца продаж беларускай кнігі насельніцтву краіны праз крамы і аддзелы «Кніга — поштай». Штогод каля пяцісот тысяч бандэроляў адпраўляюцца накладзеным плацяжом у розныя адрасы Савецкага Саюза, а іх таваразварот складае болей 2,0 млн. рублёў у год. Улічваючы рост зацікаўленасці чытачоў краіны да беларускай кнігі, цалкам забяспечваецца выкананне заявак паакупнікоў з-за межаў рэспублікі на выданнні грамадска-палітычнай і навкова-тэхнічнай тэматыкі, беларускай класічнай і сучаснай літаратуры». 

І як выснова: «У далейшым Дзяржкамвыдат БССР будзе надаваць пастаянную ўвагу развіццю абмена выданнямі з другімі рэспублікамі краіны і ўдасканальванню форм і метадаў іх прапаганды і распаўсюджванню, што, безумоўна, паслужыць узаемнаму ўзбагачэнню народаў СССР і ўмацаванню міжнацыянальных сувязяў». 

Кніга, у тым ліку і мастацкая, была на службе выхавання грамадства, спрыяла ўмацаванню дружбы паміж народамі з рознымі нацыянальнаымі характарамі, на крайні выпадак — дазваляла спасцігнуць, зразумець гэтыя характары...

Кастусь ЛЕШНІЦА, Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.