Вы тут

Захаваць пушчу як набытак усяго чалавецтва


Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя апублікавала зварот удзельнікаў Грамадскага каардынацыйнага экалагічнага савета да польскай грамадскасці з нагоды рэферэндуму, які ў суседзяў адбудзецца менш чым праз месяц. Зварот стаў вынікам пасяджэння названага савета, якое прайшло на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Белавежская пушча».


Фота Валерыя КАРАЛЯ.

Пасяджэнне праходзіла ў гібрыдным фармаце і транслявалася ў YouTube на рускай і англійскай мовах. Вёў мерапрыемства міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй ХУДЫК. Да абмеркавання ў анлайн-фармаце далучыліся ў студыях па ўсёй краіне каля двухсот чалавек. У ліку падпісчыкаў трансляцыі былі і замежныя грамадзяне.

Галоўным пасылам мерапрыемства стала відавочнае: Белавежская пушча належыць не толькі беларускаму і польскаму народам, але і ўсім, хто жыве на планеце сёння і будзе жыць потым. А ўзвядзенне агароджы на тэрыторыі трансгранічнага аб'екта Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ставіць пад пагрозу захаванасць унікальнага прыроднага комплексу. Андрэй Худык адзначыў занепакоенасць беларусаў негатыўнымі наступствамі ад узведзенай польскім бокам агароджы. Гэты бетонны гмах раздзяліў апошні ў Еўропе найбуйнейшы масіў рэліктавага лесу. Будучыня Белавежскай пушчы ў многім залежыць ад адказу большасці палякаў на рэферэндуме, падкрэсліў Андрэй Худык.

— Калі польскі ўрад прымаў рашэнне і ўзводзіў агароджу, палітыкі не праводзілі рэферэндум і не раіліся з народам. Сёння яны, хутчэй за ўсё, плануюць узаконіць голасам народа гэтую агароджу. Але я спадзяюся, што актыўная частка польскага грамадства выкажа сваю пазіцыю, і мы будзем ведаць, што ёсць шмат людзей, якія беражліва ставяцца да прыроды і робяць усё, каб захаваць прыродны скарб для сучаснікаў і нашчадкаў, — сказаў міністр.

Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім КРАЎЧУК нагадаў, што больш за 75 тысяч жыхароў рэгіёна выказалася супраць узвядзення агароджы сваімі подпісамі ў адпаведнай петыцыі.

— Візітнай карткай нашага рэгіёна з'яўляецца Белавежская пушча і яе сімвал — зубр, — нагадаў віцэ-губернатар. — Гэта наш нацыянальны набытак, і мы яго павінны захаваць. За год Нацыянальны парк наведваюць больш за паўмільёна турыстаў, у тым ліку дзясяткі тысяч замежных грамадзян, якім пушча цікавая найперш як запаведнік з некранутай прыродай. Дарэчы, роўна сто гадоў таму ў Парыжы на І Міжнародным кангрэсе па ахове прыроды было прынята рашэнне аб аднаўленні еўрапейскага зубра як віду. На той час у свеце налічвалася ўсяго 52 асобіны. Зараз колькасць зуброў у пушчы набліжаецца да 1400 галоў. Праведзена вялізная работа, якую выканалі беларускія і польскія спецыялісты. Спадзяюся, што выбар грамадзян Польшчы на рэферэндуме будзе накіраваны на захаванне ўнікальнай прыроднай тэрыторыі, — зазначыў Вадзім Краўчук.

Удзельнікі пасяджэння яшчэ раз нагадалі, што рашэнне аб будаўніцтве аб'екта прымалася без неабходных будаўнічай і экалагічнай экспертыз, з парушэннем шэрагу норм і прынцыпаў міжнароднага экалагічнага права. У выніку Белавежскую пушчу раздзяліла агароджа з металу і бетону вышынёй 5,5 метра і даўжынёй каля 200 кіламетраў. Вядома, падобнае збудаванне негатыўна адбіваецца на прыродных экасістэмах Белавежскай пушчы. Міністр Андрэй Худык яшчэ звярнуў увагу на той факт, што высновы беларускіх вучоных супадаюць з меркаваннем цэлага шэрагу замежных экспертаў і навукоўцаў.

Сваім бачаннем сітуацыі падзяліся супрацоўнікі Нацыянальнага парку. Яны маюць магчымасць штодня назіраць негатыўныя наступствы збудавання. Намеснік генеральнага дырэктара ДПУ «Нацыянальны парк «Белавежская пушча» Аляксандр АЎСЕЙ лічыць найбольшай праблемай разрыў трансгранічных экалагічных сувязяў. Паводле яго слоў, яшчэ ў ходзе будаўніцтва праведзена высечка прылеглай паласы рэліктавага лесу на польскім баку пушчы, назіралася знішчэнне жывога надглебавага покрыва. Пад патрэбы будаўніцтва знята каля сямі тысяч кубаметраў грунту, высечана каля 2,5 гектара лесу. А яшчэ ж пракладваліся дарогі для падвозу будаўнічых матэрыялаў. Усё гэта можна назваць ранамі на целе запаведнай пушчы, якія доўга не змогуць загаіцца.

Агароджа перашкаджае сезонным перамяшчэнням жывёлін, парушае шляхі іх міграцыі, што негатыўна ўплывае на генафонд папуляцый жывёльнага свету. Ужо зафіксавана парушэнне натуральных прыродных працэсаў паблізу прыпойменных участкаў рэк Лясная Правая, Нараў, Гвозна, Нараўка. Узнікае пагроза падтаплення лясоў і з'яўлення новых шляхоў распаўсюджання інвазійных раслін у прыродныя экасістэмы. У працяг тэмы намеснік дырэктара Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі Руслан ЦВІРКО акцэнтаваў увагу на неабходнасці як мага хутчэй сфарміраваць міжнародную місію экспертаў і накіраваць на тэрыторыю, якая прылягае да агароджы. Беларускія вучоныя намецілі ўжо маніторынгавыя маршруты і склалі план па мінімізацыі негатыўных наступстваў агароджы на навакольнае асяроддзе.

Сваімі меркаваннямі падчас савета падзяліліся прадстаўнікі грамадскасці. Напрыклад, Маладзёжны пасол Мэт устойлівага развіцця, студэнтка з Гомеля Вікторыя КРУПЯНКА сказала, што ў яе равеснікаў факт пабудовы агароджы выклікаў здзіўленне і неразуменне, як адзін бок можа прымаць рашэнне па аб'екце сусветнай спадчыны. Цалкам пагадзіўся з Вікторыяй сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Павел АЛЕКСА. Ён дадаў, што члены маладзёжнага саюза ўжо правялі шэраг мерапрыемстваў, якімі выказалі пратэст супраць будаўніцтва. Прадстаўнікоў беларускай моладзі падтрымаў польскі грамадскі дзеяч, блогер Марчын МІКАЛАЕК. Малады чалавек упэўнены, што колькасць яго землякоў, якія кіруюцца здаровым сэнсам, увесь час расце. Паводле яго меркавання, гэтая агароджа прыносіць больш шкоды, чым карысці, і яна абавязкова павінна знікнуць.

Падчас савета яго ўдзельнікі вырашылі прыняць зварот да польскай грамадскасці. Тэкст звароту быў дапрацаваны з улікам выказаных меркаванняў. «Дарагія суседзі, сябры! 15 кастрычніка бягучага года вам належыць вырашыць далейшы лёс унікальнага аб'екта сусветнай спадчыны ЮНЕСКА — Белавежскай пушчы, нашай агульнай гісторыі і гонару, — гаворыцца ў звароце. — Для беларусаў і палякаў слова «Белавежа» гаворыць пра многае! Больш за 600 гадоў унікальная ў сваім родзе Белавежская пушча існавала да нас, яе не змаглі знішчыць падчас і Першай, і Другой сусветных войнаў. Гэта нацыянальны сімвал прыроднай прыгажосці, традыцый, стойкасці, незалежнасці. Мы разам ратавалі яе пасля рабаўніцкага вынішчэння ў 1919 годзе, разам аднаўлялі папуляцыю зубра. Мы абавязаны захаваць Белавежскую пушчу з улікам яе надзвычайнай універсальнай каштоўнасці. Бо яна належыць не нам, а нашым нашчадкам».

Удзельнікі савета заклікалі грамадзян Польшчы прыняць рашэнне аб зносе агароджы, аддаць свае галасы за ачышчэнне лёгкіх Еўропы ад бетоннага іншароднага цела і, такім чынам, паклапаціцца аб будучыні, і не адчуваць сораму перад нашчадкамі. У звароце выказана спадзяванне, што здаровы сэнс суседзяў пераможа і ўнікальны прыродны аб'ект — Белавежская пушча — агульнымі намаганнямі будзе захаваны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.