Вы тут

Чым парадуе Белтэлерадыёкампанія ў новым сезоне?


Восень па традыцыі дае старт у тым ліку новаму сезону на беларускім тэлебачанні. Каналы Белтэлерадыёкампаніі падрыхтавалі сваім гледачам шэраг прыемных сюрпрызаў. Новыя праекты, вядучыя, абноўленыя студыі — вось толькі частковы пералік той трансфармацыі, якую мы ў хуткім часе ўбачым на тэлеэкране. Больш падрабязна пра перамены на найбліжэйшую перспектыву тэлевізіёншчыкі распавялі журналістам.


Фота Лізаветы ГОЛАД

Сустрэча адбылася ў адным з павільёнаў «Беларусьфільма», дзе праходзяць здымкі шэрага праектаў, сярод іх «Сто пытанняў даросламу». Знаёмыя дэкарацыі, крэсла ў цэнтры і голас вядучага за кадрам — дазваляюць прысутным пранікнуцца атмасферай творчага працэсу. Дарэчы, і ў новым сезоне ў вышэйзгаданай праграме варта чакаць новых гасцей, якія будуць трымаць экзамен перад школьнікамі, здзіўляць усіх нас сваімі адказамі, дзяліцца таямніцамі. А значыць, адкрыццям быць!

— Напярэдадні новага сезона нам ёсць што паказаць і пра што распавесці. Не буду раскрываць усе таямніцы, але скажу, што праграм забаўляльнага фармату будзе яшчэ больш. Цяпер працуем у двух напрамках, адзін з якіх — развіццё грамадска-палітычнага вяшчання і стварэнне адпаведных праектаў. На парадку дня па-ранейшаму стаіць пытанне адкрыцця канала навін. Агенцтва тэлевізійных навін — вялікая, сур’ёзная структура, дзе ствараецца шмат праектаў, але не ўсе з іх мы маем магчымасць паставіць у эфір тэлеканала «Беларусь 1». 

А калі і ставім, то толькі з аднаразовым паказам, а яны заслугоўваюць паўтораў. Таму мы над гэтым працуем, — адзначыў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант. — Другі напрамак нашай работы — вытворчасць забаўляльнага кантэнту. У апошнія гады з’явіліся новыя праекты. Мы пачалі супрацоўнічаць з «Беларусьфільмам», што пашырыла нашы магчымасці па вытворчасці ўласнага матэрыялу. 

Сёння на Белтэлерадыёкампаніі імкнуцца да стварэння кантэнту самых розных фарматаў. Па словах Івана Міхайлавіча, відавочная перспектыва ёсць у тым, каб здымаць кліпы, тэлесерыялы беларускага паходжання. Што датычыцца ўжо здзейсненага, адносна нядаўна тут адкрылі спартыўны сайт sport5.by. Таксама медыяхолдынг займаецца вытворчасцю канцэртаў. Як прыклад можна згадаць адкрыццё фестывалю ў Маладзечне, канцэрт якога сёлета быў абноўлены як па змесце, так і па тэхнічнай падачы. Словам, айчыннае тэлебачанне плённа развіваецца.

Галоўныя палітычныя элементы і фігуры ў агульнай табліцы інфармацыйнага супрацьстаяння цяпер прадстаўляе Яна Мендзялеева ў рубрыцы «Табліца Мендзялеевай». Самыя складаныя тэмы са свету эканомікі па-ранейшаму будуць абмяркоўваць у ток-шоу «Эканамічны асяродак», але ў абноўленай студыі. Новае студыйнае афармленне з’явіцца і ў праектаў «Добрай раніцы, Беларусь!», «Скажынемаўчы» ды іншых. А вось папулярнае шоу «Героі» вяртаецца з міжнародным сезонам.

Россып пазнавальных і забаўляльных эфірных навінак знойдуць тэлеглядачы і на канале «Беларусь 2». Галоўнай прэм’ерай сезона тут называюць маштабнае гульнявое шоу «Гэта мая сям’я». А нараджэнне «звышновай» беларускай кухні пад соусам майстэрства і крэатыву ўбачым у новым кулінарным шоу «Смачна есці».

На тэлеканале «НТБ-Беларусь» ключавой прэм’ерай стане праект навін «Галоўнае. Сёння. Беларусь», — у новай студыі і з новымі вядучымі. Усё гэта і шмат іншага чакае нас у новым сезоне на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Шукайце свой і не пераключайцеся!

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што важна ўлічваць пры выбары пухавіка

Што важна ўлічваць пры выбары пухавіка

Што ж сёння ў модзе ў дачыненні да пухавікоў? 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Рыбам давядзецца вырашаць сур’ёзныя сямейныя праблемы.