Вы тут

Чым будзе здзіўляць ХХХІІІ Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»


Як запэўніваюць арганізатары форуму мастацтваў у паўночнай сталіцы, «славянка» — гэта пра далучэнне да творчасці кожнага яе ўдзельніка, кожнага госця Прыдзвіння. Ужо не першы год у рамках галоўнай культурнай падзеі краіны праходзяць адукацыйныя лабараторыі, падчас якіх беларускія студэнты мастацкіх устаноў адукацыі наведваюць майстар-класы мастадонтаў вакальнай і тэатральнай сцэны.



Адукацыйны вектар

Не змяняючы традыцыям, сёлета на базе Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа будзе працаваць тэатральная лабараторыя пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі Аляксандра Бармака. Артысты коласаўскага тэатра пад яго кіраўніцтвам пакажуць спектакль Уільяма Шэкспіра «Гамлет» на беларускай мове.

Другі год на базе Віцебскай абласной філармоніі ўдзельнікі вакальнай лабараторыі будуць атрымліваць веды і адточваць сваё мастацтва. Сёлета навінкай адукацыйнага вектара фестывалю з’яўляецца новая пляцоўка — інструментальная лабараторыя. Яна будзе прысвечана двум народным інструментам — рускай балалайцы і беларускай домры. Праект рэалізуецца сумесна з Расійскай акадэміяй музыкі імя Гнесіных на базе Віцебскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя І. І. Салярцінскага. Яго ўдзельнікамі стануць навучэнцы каледжаў і студэнты вышэйшых навучальных устаноў з Беларусі і Расіі, што яшчэ больш умацуе сяброўства моладзі краін-суседак.

З ухілам на памяць

Традыцыйныя і доўгачаканыя тэатральныя сустрэчы на базе тэатра імя Якуба Коласа пройдуць у класічным фармаце. Маскоўскі акадэмічны тэатр імя У. Маякоўскага 

11 ліпеня прадставіць спектакль Маруса Івашкавічуса «Рускі раман» — варыяцыі на тэму рамана «Ганна Карэніна», у якім Леў Талстой выступае не толькі як аўтар рамана, але і як аўтар сваёй сямейнай драмы.

12 ліпеня Дзяржаўны акадэмічны рускі народны ансамбль «Расія» імя Людмілы Зыкінай прывязе ў горад на Дзвіне тэатральна-музычнае шоу «Людміла Зыкіна. Споведзь. 17 гадоў тайны», якое прысвечана 95-годдзю вялікай рускай спявачкі.

Сталічныя калегі віцебскіх артыстаў — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы — 13 ліпеня прэзентуюць драму Барыса Васільева «А зоры тут ціхія». Пастаноўка прысвечана 80-годдзю з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Дзяржаўны драматычны тэатр на Васільеўскім з Санкт-Пецярбурга 14-га чысла пакажа спектакль Антона Чэхава «Дзядзька Ваня». Завяршальным акордам тэатральных сустрэч стане ваенная драма Барыса Васільева «У спісах не значыўся», якую прэзентуе Тэатр на Паўднёвым Захадзе з Масквы.

На сцэне філармоніі

Прыемна здзівіць гасцей «Славянскага базару» сёлета філарманічная праграма. Упершыню за гісторыю форуму мастацтваў на аргане будуць іграць джаз. Праграму «Джазавая сімфонія для аргана і ўдарных» прывязуць у Віцебск лаўрэат міжнародных конкурсаў Вячаслаў Залатоўскі з Ніжняга Ноўгарада і выканаўца класічнай і джазавай музыкі, кампазітар Дзмітрый Сафонаў з Масквы.

12 ліпеня на сцэну абласной філармоніі з сольным канцэртам выйдзе расійская выканаўца Марыям Мерабава. А 14-га тут пройдзе канцэрт у рамках Дзён Саюзнай дзяржавы.

На іншых пляцоўках

Цяпер фарміруецца праграма «Лялечнага квартала» — праекта, які палюбілі самыя маленькія госці фестывалю. Традыцыйна ў ліпені пройдзе пяты фестываль харавой музыкі «Славянскі благавест». Фестываль вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», дзякуючы якому на цэлы тыдзень Віцебск пераўтвараецца ў казку з ажыўшымі персанажамі і прастору для крэатыву, традыцыйна пройдзе на Пушкінскай плошчы і на пляцоўцы «Марка-Сіці» над горадам.

Open-aіr «Гуляй, народ!» упершыню збярэ на сваёй пляцоўцы прадстаўнікоў не толькі памежных раёнаў Расійскай Федэрацыі, але і артыстаў з Ленінградскай вобласці.

На сёння ў стадыі рамонту да «Славянскага базару» знаходзяцца шэсць буйных аб’ектаў горада: Летні амфітэатр, канцэртная зала «Віцебск», гасцініца «Віцебск», плошча Перамогі, пляцоўка для сцягштоку ў парку 1000-годдзя і спарткомплекс Летняга амфітэатра. Апошні, дарэчы, пасля змяненняў стане не толькі пляцоўкай для здаровага ладу жыцця, але і фуд-прасторай падчас правядзення буйных мерапрыемстваў. Усяго ў спісе аб’ектаў, якія рыхтуюцца да будучага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, фестывалю мастацтваў, 1050-годдзя Віцебска і 80-годдзя вызвалення Беларусі, — больш за 200 найменняў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.