Вы тут

Беларускія перакладчыкі сябруюць з паэтамі Дагестана


У 2019 годзе ў Мінску пабачыў свет зборнік паэзіі народаў Расіі «Карэнні сілу берагуць». Укладальнікам і перакладчыкам выступіў вядомы паэт Віктар Шніп, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар часопіса «Полымя». Пад адной вокладкай кнігі, якая прадоўжыла міжвыдавецкую серыю «Сябрына: паэзія народаў Расіі», былі прадстаўлены творы паэтаў Башкартастана, Кабардзіна-Балкарыі, Калмыкіі, Марый Эл, Татарстана, Чачні, Чувашыі. І яшчэ — Дагестана...


«...Мову, якую даў Бог,/ продкі даверылі нам./ Той, хто яе не збярог — / роўны зацёртым рублям./ Раем, які не міне,/ мова мне ёсць, як была./ Свет без яе для мяне — /багны гнілая імгла./ Мова Агульская, мы/ маем з табою вагу,/ маем з табою дамы.../ Буду служыць, як магу!..» (Шаміль Лутаў. «Агульская мова»). Віктар Шніп у «дагестанскі раздзел» зборніка выбраў творы Амінат Абдулманапавай, Анварбека Култаева, Сувайнат Кюрбекавай, Шаміля Лутава, Міясат Муслімавай, Баху-Меседу Расулавай, якія прадстаўляюць даргінскую, нагайскую, табасаранскую, агульскую, лакскую, аварскую нацыянальныя паэзіі. Гэты факт чатырохгадовай даўнасці ў чарговы раз засведчыў прывязанасць сённяшніх беларускіх перакладчыкаў да літаратуры народаў Дагестана. 

Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Міхась Пазнякоў пераклаў на беларускую мову грунтоўную паэтычную кнігу народнага паэта Дагестана Магамеда Ахмедава «Горная ліра». Разам сабраны пераўвасабаленні болей як 300 (!) твораў таленавітага майстра. Перакладаў Міхась Паўлавіч і вершы легендарнай паэтычнай зоркі Дагестана, Расіі, усёй постсавецкай прасторы Расула Гамзатава. Прапагандыст аварскай паэзіі Міхась Пазнякоў двойчы пабываў у Дагестане, прыняў удзел у міжнародным літаратурным фестывалі «Белыя жураўлі». 

Шмат зроблена ў справе прадстаўлення дагестанскай паэзіі на мове Купалы і Коласа маладым перакладчыкам Рагнедам Малахоўскім. Яшчэ ў снежні 2014 года «Літаратура і мастацтва» надрукавалі пераўвасобленыя ім вершы нагайскіх паэтаў Саркынбая Крымлы, Ажы-Мала Нагмана Улы, Шал-Кііза Ціленшы Улы, Асана Кайгылы. Відаць, такая прадстаўнічая публікацыя нагайскай паэзіі здзейснена ўпершыню ў беларускім прыгожым пісьменстве.

Дагестанская паэзія ў апошнія гады — часты госць на старонках літаратурна-мастацкай перыёдыкі нашай краіны. «Маладосць» у жнівеньскім за 2018 год нумары надрукавала паэму Анварбека Култаева «Размова з Нагайстанам» у перакладзе лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага. Ураджэнец паселішча Кунбатар Нагайскага раёна, Анварбек Уцеевіч — аўтар болей як дваццаці кніг на рускай і нагайскай мовах. Сёння — кіраўнік нагайскай секцыі Саюза пісьменнікаў Дагестана, народны паэт Дагестана (першы ў гісторыі нагайскай нацыянальнай літаратуры!). Анварбек Култаеў у сваю чаргу пераклаў на нагайскую мову вершы класікаў беларускай паэзіі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, іншых беларускіх мастакоў слова, а яшчэ наш нагайскі сябра — аўтар верша «Янку Купалу і Петрусю Броўку». Дарэчы, апавяданне Анварбека Култаева «Лекі», адрасаванае юным чытачам, надрукавана ў «Вясёлцы» і газеце «Зорька» ў перакладзе на беларускую мову. З паэмы Анварбека Култаева «Размова з Нагайстанам» у перакладзе Міколы Мятліцкага: " — Я — Нагай!/ Тваіх продкаў зямля.../ Як жа мне не самоціцца днямі,/ Калі пуста і суха ў палях — / Параслі, дзе ні глянь, палынамі./ Чым жа мне боль у сэрцы суняць./ Калі там, дзе век пасвіўся статак,/ Ні авечкі цяпер, ні каня;/ Беззваротна людскі знік дастатак./ Я — Нагай!/ Тваіх продкаў ачаг.../ Зберагчы мой агонь не меў сілы./ Быццам вораг, што зла табе праг,/ Тут прайшоў, пазатоптваў магілы./ Я цяпер — саланчак, паглядзі,/ Жні, што сеяў, рукамі сваімі./ Дам параду табе: — Ты сыдзі/ Са сваімі пажыткамі ўсімі. / Адшукаць сваё шчасце сумей/ У краях, дзе і сонца больш свеціць./ Адказаў я: — Нагайцу радней/ Не знайсці, як край гэты. На свеце..."

Шмат сіл, намаганняў да арганізацыі беларуска-дагестанскіх літаратурных сувязяў прыклаў дырэктар грамадскай арганізацыі «Каўказскі дом перакладу», мастацкі рэдактар Выдавецкага дома «Дагестан», галоўны бібліятэкар Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Дагестан імя Расула Гамзатава Марат Гаджыеў. Ён неаднаразова наведваўся ў Беларусь. У адзін са сваіх візітаў у Мінск перадаў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі вялікую калекцыю кніг, выдадзеных дагестанскімі кніжнымі выдавецтвамі. Менавіта Марат Гаджыеў паспрыяў пашырэнню зместу кнігі «Францыск Скарына на мовах народаў свету», на старонках якой размешчаны пераклады ўрыўка з прадмовы беларускага першадрукара да кнігі «Юдзіф» на кумыкскую, лакскую, лезгінскую, нагайскую, рутульскую, табасаранскую, тацкую, цахурскую мовы. А здзейснілі гэтыя пераўвасабленні Шэйіт-Ханум Алішава, Сугуры Увайсаў, Зульфікар Кафланаў, Анварбек Култаеў, Фаціма Ібрагімава, Фіруза Султанава, Мая Мататава, Валех Гамзаеў... А Сувайнат Кюрэбекава, з якой беларусаў таксама пазнаёміў Марат Гаджыеў, яшчэ пераклала на родную табасаранскую мову «Санеты» Янкі Купалы. Кніга, між іншым, пабачыла свет у Мінску і ў зборнік увайшлі пераклады легендарнага купалаўскага цыкла на 17 (!) моў народаў свету. 

Дагестанскую паэзію ў Беларусі даволі часта друкуюць і па-руску, у прыватнасці, на старонках альманаха «Созвучие», шэсць выпускаў якога ўжо пабачылі свет ў «Мастацкай літаратуры» і ў «Звяздзе». Размова — пра вершы і паэмы Анварбека Култаева, Міясат Муслімавай, Сувайнат Срафілавай (Кюрэбекавай), якія былі надрукаваны ў выпуску 2023 года. А ў выпуску 2021 года была змешчана вялікая падборка вершаў даргінскай паэтэсы, народнага паэта Дагестана Амінат Абдулманапавай (усе дзевяць твораў пераклаў на рускую мову Юрый Шчарбакоў). Даргінскую паэзію ў гэтым жа гадавіку прадставіў таксама Расул Багамедаў, вершы якога пераклаў таксама Юрый Шчарбакоў. Ён жа, кіраўнік Астраханскай арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі, — і перакладчык на рускую мову паэтычнай падборкі табасаранскага паэта Хаджы-Мурата Таібава. 

...Выдадзеная па-беларуску ў пачатку 1970-х кніга паэзіі Расула Гамзатава мела назву «Высокія зоркі». Нацыянальныя літаратуры Дагестана бы тыя зоркі, што найболей ярка мільгацяць на небасхіле вечных мастацкіх здзяйсненняў прыгожага пісьменства. Гэтыя зоркі праліваюць сваё святло, дорыць свае праменні і нашай беларускай літаратуры. Сёння Саюзам пісьменнікаў Беларусі, яго секцыяй мастацкага перакладу (старшыня — доктар філалагічных навук, прафесар Іван Аляксеевіч Чарота нядаўна адзначаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь медалём Францыска Скарыны) шмат робіцца для пашырэння прасторы і беларуска-дагестанскіх літаратурных сувязяў. Дзеля гэтага шырока адкрыты старонкі і згаданых альманахаў «Далягляды», «Созвучие», газеты «Літаратура і мастацтва», часопісаў «Полымя», «Маладосць». Існуе кніжная серыя «Сябрына: паэзія народаў Расіі», у якой, відавочна, ужо можна было б выдаць кнігі і нагайскага вершатворцы Анварбека Култаева, і, магчыма, асобныя зборнікі, якія пазнаёмяць чытача з даргінскай, аварскай, табасаранскай, лакскай нацыянальнымі паэзіямі. Тым болей, што склалася кагорта перакладчыкаў, якія выяўляюць цікаўнасць да перастварэння твораў пісьменнікаў Дагестана: Міхась Пазнякоў, Віктар Шніп, Рагнед Малахоўскі, Генадзь Аўласенка... Тым болей, што поруч з Маратам Гаджыевым у Махачкале і ў Беларусі ёсць шчыры прапагандыст беларуска-дагестанскай літаратурнай дружбы — таленавіты пісьменнік-карацінец, мастак Хізры Асадулаеў, які доўгія гады жыве і працуе ў Мінску. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.