Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» правяла адзін дзень з дэпутатам у Хойніцкім раёне


На працягу тыдня штомесяц дэпутат Палаты прадстаўнікоў Жанна Чарняўская прысвячае рабоце ў сваёй выбарчай акрузе. Асабістыя прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі, выязныя сустрэчы з выбаршчыкамі, наведванне сацыяльна значных аб’ектаў — графік парламентарыя заўсёды насычаны... Карэспандэнт «Звязды» правяла адзін дзень з дэпутатам у Хойніцкім раёне і пераканалася: справа гэта няпростая, але ўдзячная.


Дэпутат Жанна Чарняўская падчас наведвання прадпрыемства «Спецславія» ў Хойніцкім раёне

— Значная частка пытанняў, з якімі звяртаюцца людзі, звязана з праблемамі добраўпарадкавання, датычыцца сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, — расказвае яна. — Але адзначу, што апошнім часам 25–30% пытанняў, якія паступаюць да мяне ад выбаршчыкаў, тычацца законапраектаў, інфармацыйнай, юрыдычнай дапамогі. Часта людзі не ведаюць, да якіх органаў улады ці ў якую дзяржустанову варта звярнуцца, каб вырашыць сваё праблемнае пытанне.

Гэтым разам падчас правядзення прыёму грамадзян і прамой тэлефоннай лініі ў Хойніках да парламентарыя зноў паступілі самыя розныя просьбы аб дапамозе. Так, пажылая пара з райцэнтра чакае рамонту ліхтара вулічнага асвятлення каля іх дома. З аграгарадка Вялікі Бор паступіў зварот па падтапленні падвала ў шматкватэрным доме. Як высветлілася, сеткі каналізацыі ў доме патрабуюць рамонту, матэрыялы для яго ўжо закуплены і прывезены, але работы камунальнікі на момант звароту не пачыналі. Цяпер жыхары дома якраз купляюць на зіму сезонную гародніну, спускаюць прыпасы ў падвал, таму, зразумела, хвалююцца, ці не наробяць бяды зношаныя трубы.

Таксама на асабісты прыём да парламентарыя паступіў зварот аб добраўпарадкаванні ў райцэнтры паніжаных бардзюраў для з’ездаў веласіпедыстаў. Гэта неабходная ўмова ў тым ліку безбар’ернага асяроддзя. Агучаная праблема, як пераканала дэпутат, будзе абавязкова прапрацавана з райвыканкамам і раённай камунальнай арганізацыяй.

— Аператыўна знаходзіць агульныя рашэнні падчас зваротаў грамадзян дапамагае тое, што на прыём і прамую тэлефонную лінію абавязкова запрашаю намесніка старшыні райвыканкама, спецыялістаў адказных службаў. Мы адразу абгаворваем, колькі часу трэба для вырашэння таго ці іншага пытання, — адзначае Жанна Чарняўская.

Зваротная сувязь

Дарэчы, пакуль парламентарый вядзе прыём, на тэлефон атрымлівае паведамленні аб станоўчым вырашэнні зваротаў, узятых на кантроль раней.

— Звярнулася жыхарка раёна — інвалід першай групы. Жанчына па стане здароўя з цяжкасцю перамяшчаецца нават па доме. Папрасіла дапамагчы з афармленнем для яе сядзелкі. Вядома, па законе чалавек, які будзе аказваць паслугі па надомным доглядзе, павінен прайсці пэўную працэдуру, у тым ліку сабраць пералік дакументаў, — тлумачыць Жанна Мікалаеўна.

Дэпутат звязалася са структурамі Хойніцкай цэнтральнай райбальніцы, тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Калі ўзнялі ўсе дакументы, высветлілі, што заяўніца па яе захворваннях мае права на догляд сядзелкі. Цяпер пытанне цалкам урэгулявана, і парламентарый якраз аб гэтым атрымала паведамленне на мабільны. Увогуле, зазначае Жанна Мікалаеўна, для яе вельмі важная абавязковая зваротная сувязь па кожным звароце ад людзей, якія да яе паступаюць.

Падчас работы ў раёне дэпутат Палаты прадстаўнікоў абавязкова трымае на кантролі і звароты, якія па тых ці іншых прычынах пакуль не ўдалося вырашыць канчаткова.

— Цяпер прапрацавала пытанне, якое трымаю на кантролі. Так, сям’я з Хойніцкага раёна хоча выкупіць дом, які па судзе прызнаны пустым. Перад выстаўленнем будынка на аўкцыён ідзе працэс яго дзяржаўнай ацэнкі. Але заяўнікі хвалююцца, каб працэс не зацягнуўся. Яшчэ раз абмеркавалі гэтае пытанне са спецыялістамі і запэўнілі сям’ю, што на працягу двух тыдняў павінна быць прынята рашэнне аб ацэнцы дома, і тады нерухомасць будзе выстаўлена на аўкцыён. Дарэчы, ёсць дамоўленасць, што, нават калі кошт дома будзе перавышаць суму, якую гэтыя людзі змогуць унесці, райвыканкам гатовы даць ім растэрміноўку плацяжу, — звяртае ўвагу Жанна Чарняўская.

Між тым дэпутат разам з раённымі ўладамі з выездам на месца адпрацоўвае звароты, якія доўгі час не вырашаліся. Так, на дрэнны стан дарог скардзіліся жыхары вуліц Чапаева і Камарова ў Хойніках. Першая была шмат гадоў таму заасфальтавана, але пакрыццё прыйшло ў непрыдатнасць. Грунтавую ж вуліцу Камарова моцна разбілі. 

Цяпер на ёй правялі належную падсыпку.

На асабістым прыёме грамадзян дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Жанна Чарняўская і намеснік старшыні Хойніцкага райвыканкама Анатоль Гура

Выканаць перадвыбарныя абяцанні

Чакалі асабістай сустрэчы з парламентарыем гэтым разам і жыхары Паселіцкага сельсавета. Пасля аварыі на ЧАЭС мясцовыя населеныя пункты не былі газіфікаваны. Паступала шмат зваротаў ад людзей, праводзіліся сустрэчы з жыхарамі, у якіх у тым ліку прымала ўдзел парламентарый. Работы па газіфікацыі вёсак пачаліся яшчэ ў 2021 годзе. Сумеснымі намаганнямі ўдалося гэта пытанне зрушыць з месца.

— У сельсаветах сустракаюся з людзьмі не толькі на сельскіх сходах — праводжу сустрэчы з калектывамі мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый, дэпутатамі, раблю маніторынг цэн на тавары і лекі. Увогуле, пастаянна застаюся на сувязі з усімі сваімі раёнамі. Для вырашэння складаных пытанняў фармулюю дэпутацкі запыт: зварот у тое ці іншае міністэрства ці ведамства па тлумачэнне хвалюючага пытання, — адзначае суразмоўніца.

Між тым у графік работы парламентарыя ў Хойніках цяпер было ўключана наведванне і вядомага на Гомельшчыне прадпрыемства, якое вырабляе спецадзенне для работы пры самых высокіх тэмпературах, — таварыства з абмежаванай адказнасцю «Спецславія».

— Калі балатавалася ў дэпутаты, у сваёй выбарчай праграме абазначыла садзейнічанне развіццю малога і сярэдняга бізнесу раёнаў. Ініцыятывамі і праектамі займалася яшчэ да абрання, таму мне было вельмі важна і цікава працягваць гэту тэму. Улічваючы, што ў Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі выпрацавана 28 саюзных праграм, эканомікі нашых краін вельмі актыўна збліжаецца, у мінулым годзе я ініцыіравала прыезд дэлегацыі прадстаўнікоў бізнесу з расійскіх рэгіёнаў у пяць раёнаў сваёй выбарчай акругі. Хацелася паказаць, які ёсць патэнцыял у нашых прадпрыемстваў, — звяртае ўвагу Жанна Мікалаеўна.

Пасля наведвання Хойніцкага раёна прадстаўнікі расійскага бізнесу прапанавалі прадпрыемству «Спецславія» заключыць новыя вялікія кантракты, у тым ліку на выраб экіпіроўкі для службаў МНС, а таксама Узброеных Сіл.

— Для мяне было важна пабачыць на свае вочы, як працуюць людзі на прадпрыемстве, як цяпер развіваецца вытворчасць, — падзяліліся дэпутат. — Прадпрыемства ўзяло ў арэнду новае памяшканне, укараняе і свае новыя напрацоўкі. Вельмі важна і тое, што работнікі адчуваюць падтрымку кіраўніцтва: адкрываюцца новыя працоўныя месцы. З пачатку года дадаткова працаўладкавалі 40 чалавек і яшчэ дзесяць — да канца года. У выніку будзе забяспечана работай 100 чалавек, што вельмі важна для раёна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.