Вы тут

Па што едуць да нас і якія новыя напрамкі з’явіліся?


Сёлетні год абяцае стаць больш паспяховым у параўнанні мінулым па колькасці турыстаў, якія наведалі нашу краіну. Найбольшая колькасць гасцей прыязджае да нас з Расіі, Турцыі, Кітая, Літвы, Польшчы і Латвіі. З відаў турызму найбольшым попытам карыстаецца не толькі экскурсійны, але і санаторна-аздараўленчы. Тыдзень у санаторыі ці экскурсійным туры ў сярэднім турысту абыходзяцца ў тысячу беларускіх рублёў.


На аздараўленне і шопінг

Як адзначае дырэктар Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч, лічбы па ўязным турызме сведчаць, што людзі зноў пачынаюць падарожнічаць.

— У першую чаргу, гэта турысты з Расіі, далей ідуць Турцыя, Кітай і заходнія краіны-суседкі — Латвія, Літва, Польшча. Працуе ўказ па бязвізавым уездзе, ён дзейнічае да 31 снежня 2023 года, і вялікая колькасць людзей такім чынам прыязджае. Сярод розных відаў турызму лідарам з’яўляецца санаторна-курортнае лячэнне. Але людзі, якія адпачываюць у санаторыях, выязджаюць паглядзець замкі ці на экалагічныя сцежкі, — расказала Ірына Варановіч.

У заходніх суседзяў цікавасць выклікае і беларуская сталіца.

— Мінск кантрасна адрозніваецца ад суседніх сталіц, ён не горшы і не лепшы — ён іншы. Гэта яркі горад са сваім абліччам, характарам і заўсёды выклікае мноства станоўчых эмоцый у гасцей, — дадае дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў. — Адзначу і важнасць транзітных аб’ектаў, напрыклад, Крэва — Гальшаны. Гэта запатрабаваны папулярны напрамак, па дарозе гэтыя аб’екты лёгка наведаць.

Акрамя таго, з мінулага года папулярныя шопінг-туры, з гэтай мэтай прыязджае шмат турыстаў па якасную беларускую прадукцыю. Экспарт турпаслуг за студзень — ліпень склаў больш за 135% да аналагічнага перыяду мінулага года, у грашовым выражэнні гэта больш за 116 мільёнаў долараў. Сем дзён у санаторыі сярэдняга ўзроўню ці ў экскурсійным туры абыходзіцца ў тысячу беларускіх рублёў.

Што прапануюць?

З кожным годам развіваецца і ўнутраны турызм. Апошнім часам з’явілася дастаткова шмат новых экскурсійных праграм, у тым ліку аглядных экскурсій па гарадах правядзення ІІ Гульняў краін СНД — Маладзечне, Салігорску, Жлобіне. Зацверджаны прапрацаваныя тэксты экскурсій, каб усе ахвотныя маглі прайсці навучанне і стаць атэставаным экскурсаводам па гэтых гарадах.

Развіваюцца новыя музейныя ўстановы на базе палацаў і сядзіб, якія праходзяць рэстаўрацыю, у сувязі з гэтым вядзецца пастаянная работа па актуалізацыі тэкстаў і тэхналагічных карт экскурсій, напрыклад, па турыстычных аб’ектах Косава — Ружаны.

— Гэта выдатны кластар, які дапаўняе даўно сфарміраваныя Мір — Нясвіж. З кожным годам ён карыстаецца ўсё большай папулярнасцю. Па гэтым напрамку, дарэчы, не хапае экскурсаводаў, таму мы заклікаем праходзіць атэстацыі па гэтых запатрабаваных маршрутах, — адзначае Дзмітрый Марозаў.

Дарэчы, у краіне працуе каля 1200 экскурсаводаў. Сёлета атэставана каля 110 новых спецыялістаў. Магчымыя і атэстацыі па новых тэмах і маршрутах, якія з’яўляюцца. Расце папулярнасць новай распрацаванай экскурсіі Бабруйск — Жылічы — Чырвоны Бераг. Нядаўна адбылося афіцыйнае адкрыццё Палаца Булгакаў у Жылічах, і гэта цікавы турыстычны прадукт як для аднадзённых выездаў з Мінска ці Магілёва, так і транзітны прадукт у рамках шматдзённых праграм, у тым ліку для расійскіх турыстаў.

З новых кластараў імкліва развіваецца паўночна-заходні, гэта аб’екты Крэва — Гальшаны. Цяпер вядзецца актыўная работа па частковай рэстаўрацыі і кансервацыі гэтых замкаў, працуюць філіялы музейных устаноў у двух гэтых гарадах, якія гатовы здзівіць наведвальнікаў новымі цікавымі дэталямі. Дынамічна развіваецца і рэгіён Паазер’я. Гэты паўночны край багаты сваёй азёрнай і рачной стадчынай, цікавыя праграмы прапануюць і музеі.

Удзяляецца ўвага на дзяржаўным узроўні і інклюзіўнаму турызму: мадэрнізуюцца існуючыя экскурсіі для розных груп. Напрыклад, сталічны музей кіно становіцца пляцоўкай для работы з рознымі групамі насельніцтва і адной з цікавостак падчас экскурсіі па сталіцы.

З’явілася і шэраг аб’ектаў, якія развіваюць лічбавыя тэхналогіі. Дарэчы, лічбавы турызм — асобная намінацыя ў штогадовым конкурсе Міністэрства спорту і турызму «Пазнай Беларусь». Сярод леташніх пераможцаў — Бярозаўскі краязнаўчы музей, які зрабіў трохмерны тур па музеі «Канцлагер «Бяроза-Картузская».

— Праз сайт з гэтым турам пазнаёміцца нельга, зроблена гэта для таго, каб з’ездзіць у Бярозу, паглядзець на кляштар, чырвоныя казармы і пабываць у музеі, — адзначае Дзмітрый Марозаў.

У Мінску створана віртуальная гісторыя нацысцкага лагера для савецкіх ваеннапалонных «Шталаг-352». Гэта і аўдыяэкскурсія, і ўспаміны ваеннапалонных, з якімі можна самастойна пазнаёміцца. Ёсць лічбавыя туры па Хатыні на базе існуючых крыніц, у прыватнасці Яндэкс-карт. Выканана трохмерная здымка аб’екта пасля рэстаўрацыі, і кожны ахвотны можа пазнаёміцца з комплексам, прайшоўшы па яго тэрыторыі ў 3D-фармаце.

Ахвотных усё больш

Штогод Міністэрства спорту і турызму праводзіць конкурс «Пазнай Беларусь», сёлета ў ім 13 намінацый. У снежні будуць падведзены яго чарговыя вынікі.

— Пачаўшы ў 2021 годзе, мы заўважна зацікавілі ўдзельнікаў. На сёння ў конкурсе прынялі ўдзел 892 работы, у 2021 іх было 605, 2022 — 507. Найбольш папулярная намінацыя «Слоган» — пададзена 533 заяўкі, у намінацыі «Плакат» — 171, «Відэаролік» — 188. Па абласцях у лідарах Гродзенская вобласць, адкуль паступіла 143 работы, з Брэсцкай і Гомельскай — па 130. Зацікаўленасць заўважная, і гэта радуе. Адна з самых актыўных намінацый — «Я пазнаю Беларусь», — расказала Ірына Варановіч.

Адметна, што ў конкурсе актыўна ўдзельнічаюць юныя беларусы. Абмяркоўваецца прапанова зрабіць для іх асобную ўзроставую катэгорыю.

— Хочацца матываваць тых, хто яшчэ не прыняў удзел у конкурсе. Прымайце, падказвайце новыя ідэі для турыстычных маршрутаў. Таксама гэта могуць быць ідэі падзейных мерапрыемстваў. У конкурсе «Пазнай Беларусь» ім прысвечана асобная намінацыя. Гэта як невялікія рэгіянальныя фестывалі, так і буйныя рэспубліканскія падзеі. Запрашаем арганізатараў мерапрыемстваў загадзя пра іх расказваць, калектыўна абмяркоўваць фармат правядзення, даты, каб актыўна планаваць каляндар на наступны год, — заклікаў Дзмітрый Марозаў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.