Вы тут

Час быў сеяць... І жаць


З намі, жанчынамі, так бывае: у свае 30, 40, 60 ідзеш па вуліцы і адчуваеш, што на цябе — глядзяць (!)…

Ад чаго — прычым неяк міжволі, сама па сабе — «раўнуецца спіна» і ў галаву (не сказаць, каб задраную, проста паднятую — ад зямлі) пачынаюць прыходзіць думкі, што табе, мусіць, праўда пасуе гэты плашчык, што да яго ўдала падабраліся туфлі, а потым сумка... Што сяброўка падарыла файны «танальнік», а муж — духі, што яно ўсё ж трэба раніцой выкройваць час на прычоску і макіяж... Што — урэшце — яшчэ не вечар і прыгажосць, калі яна ёсць…

Гэтае «адкрыццё» (дурань думай багацее) падбадзёрвае (ці нават акрыляе?) — нясе да найбліжэйшага люстэрка. Ты глядзішся ў яго, і першае, што бачыш, — жоўценькі, бярозавы ліст, які заблытаўся ў тваіх валасах, прыцягнуўшы тым самым позіркі.
І спарадзіўшы думкі, ад якіх сапраўды «раўнуецца спіна».


Зух — супраць мух…

Ёсць спадніцы максі, ёсць — мідзі, ёсць — міні. У дзеўкі, што, задраўшы голаў, ішла наперадзе, усё змяшалася, як той казаў. Гэта значыць — левае сцягно ніжэй калена было закрытае нейкай лёгкай пышнай тканінкай (на дварэ — плюс 20), затое правае... голае — ну зусім. Спехам, відаць, прыбіралася... А вось ідзе — чамусьці памалу, нібы на шпацыр.

Прыйшлося дагнаць і, амаль параўняўшыся, ціха шапнуць:

— Прабачце, у вас спаднічка задралася.

Нос у дзеўкі задраўся раней — адным знішчальным позіркам яна сказала: «Цемра егіпецкая — ну што б ты разумела!..». А ўголас яшчэ і дадала:

— Гэта фасон такі: злева — даўжэй, справа — карацей. Так задумана…

— Каб бялізну паказваць?

Толькі пасля гэтага дзеўка, мусіць, паглядзела на сябе, бо ўслед данеслася:

— Ой, як жа?.. Дзякуй!

Яны, гэтыя словы, былі да месца: добра, што сказала.

Але ж куды лепш было б, каб яшчэ і зразумела, што пагарда пасуе чалавеку прыкладна гэтак жа, як... задраная спадніца.

Толькі праўду?

У калегі цешча цікавая…

Цікавая тым, што, магчыма, як многія, гаворыць нават тады, калі мозг адпачывае. Ну вось пачуйце (з тэлефона):

— То-ні-чак (у Антона дзень народзінаў)! Ты ў нас — малайчына, ты разумнік! Ты цудоўна ведаеш, што твае найлепшыя гады — ужо таго... мінулі і вельмі даўно... Але ж я ўсё роўна — віншую цябе! Жадаю…

Не ведаю, ці запомніць зяць хоць адно з пажаданняў. А вось уступ…

Знаёмы будаўнік прызнаў: калі ты гарбатаму скажаш, што ён гарбаты, то, вядома ж, не схлусіш!

Ды навошта яму твая праўда?

Не наступай!

Знаёмая вяскоўка з фінгалам, прычым класічным, пад вокам... Нельга ж не спытаць, адкуль?

— Вы не паверыце! — са смехам і, падобна, не толькі нам — пачынае расказваць жанчына. — Гэта ж я панесла курам... І яйкі забраць хацела. Толькі да гнёздаў — дзверы за спінай бразь і зачыніліся. Ведама — вецер... Дык я іх граблямі падперла. Яйкі ўзяла, на двор выходжу, а на падпорку — ужо забылася і нагой…

Тлумачальны слоўнік піша, што граблі — гэта сельскагаспадарчая прылада для зграбання сена альбо саломы. І НЕ піша, што гэта ці не адзіная рэч, якая можа... пастаяць за сябе. Ды так — каб запомніў.

Блізкія... І такія далёкія

З гадамі гэтыя двое і сапраўды сталі вядомымі артыстамі, а некалі даўно — хіба што пачыналі: падбіралі творы і творыкі, шліфавалі, маталіся з канцэртамі па гарадах і сёлах, хваляваліся, перад кожнымі гастролямі пыталіся, ці прадаюцца ж на іх білеты?

— А як жа?! — заверыў неяк «прымаючы бок». — Яшчэ і як прадаюцца! Але... не купляюцца.

...У знаёмцаў тая ж бяда з кватэрай: прадаецца — у ціхім месцы, у добрым стане. Пакупнікі тэлефануюць, прыходзяць, глядзяць, кажуць, што падабаецца, потым сыходзяць — з канцамі…

— Трэба, мусіць, зімы пачакаць, — уздыхаюць прадаўцы. — Бо летам у пад’ездзе ну гэтакі пах!

...Кажуць, у старажытных мовах «суседзі» і «ворагі» — паняцці адназначныя.

Эфект бумеранга

З ліста: «Смелыя цяпер жанчыны: ледзь што не па ёй — то развод і дзявочае прозвішча! А некалі ж — ды ў вёсках — чаго толькі не зносілі, чаго не цярпелі, прычым — да скону.

У нас вось пара была, здалёк паглядзець, дык людзі як людзі. Муж, хіба фанабэрыўся, ён, маўляў, пры пасадзе, у кабінеце сядзіць, а ўсе, хто не, — дурні (жонка — дык і зусім).

Прылюдна крыўдзіў, нават руку падымаў…

Тая паплача, сінякі паносіць і далей жыве, бо дзе ж ты дзенешся — трое дачок, хата, гаспадарка…

Цярпела, бедная, даглядала мужа, калі той састарэў ды захварэў, пахавала, помнік паставіла — як іншыя ў вёсцы — на дваіх, каб па смерці з ім побач легчы.

А потым, трэба разумець, перадумала — іншае месца выбрала.

Апошняе слова — для сям’і закон: дзе папрасіла, там пахавалі.

Муж спачывае адзін».

...Бумеранг, калі простымі словамі, — сагнутая палка, якая мае «звычку» вяртацца да таго, хто кінуў.

Эфект бумеранга: кожны твой учынак (дрэнны ці добры) вяртаецца да цябе дабром альбо злом.

Не пры гэтым жыцці дык пры тым?

Курыце!

Справа імгненняў: дзень, сталіца, праспект, каля шапіка, што на прыпынку, — тройка малых, кураць — крадком, з рукаваў…

Пакуль прыкідваю ўзрост і думаю, што ж рабіць, — міма праносіць цётку:

— Курыце, болей курыце! — кідае яна хлапчукам, — пі...кі ніколі не вырастуць!

...Не скажу, што гэта дзяцей насцярожвае. Не скажу, што цыгаркі яны адразу патушылі — гэта будзе няпраўдай... Але ж тое, што цётку пачулі, — факт.

Як, дарэчы, і тое, што ў пэўным узросце слова, сказанае вось так, мімаходзь і зусім чужым чалавекам, спрацоўвае куды лепш, чым самая разумная лекцыя.

Час быў сеяць... І жаць

З Цвятаевай: «Нешта баліць: не зуб, не галава, не жывот, не — не — не... а баліць. Гэта і ёсць душа».

Алесіна, жаночая, як і ўсякая жывая, балела шмат за што — і за родную мову, якой у горадзе амаль не чула, ад сваіх студэнтаў — і пагатоў.

«Гульню» прыдумала: падбірала цікавыя слоўцы, за хвіліну-другую да званка прасіла перакласці з рускай на беларускую ці наадварот. Правільны адказ — і ўсе свабодны. А ну (па складах):

— «Меч-та...»

З месцаў:

— Мара!

— «Меч-та-тель»…

— «Марыцель» (смех), «Марыльнік»... «Марак»..., «Мармон» (рогат), «Уморнік»...

— Холадна, — усміхаецца выкладчыца. — Успомнім сінонімы?

— «Спадзявальнік», — адгукаюцца дзеці! — «Надзейнік», «Падзельнік»... «Фантазёр»!.. Мая бабуля сказала б: «Пустазвон», «А мая — «Балбатун — знаходка для шпіёна»…

Зрэдку і ўрэшце студэнты згадвалі патрэбнае слова, а найчасцей выкладчыца прасіла ўвагі і ціха, памалу, каб «злавілі» яго, чытала:

Ах, якая над Гайнай купальская ноч!

Самы раз бы шукаць кветку-папараць,

Самы раз уплятаць летуценні ў вянок…

Яна так прыгожа чытала, што яе ніхто не спыняў: верш альбо кавалачак прозы — выдавала да канца. Пасля чаго студэнты, мусіць, на ўсё жыццё запаміналі, што «мечтатель» — гэта ж летуценнік!

...Адзін такі — пры пасадзе ўжо, двух сыноў гадуе — дом пабудаваў. На весніцах — папярэджанне павесіў (з «фоткай» аўчаркі): «Сабака — добры, але нервы ў яго слабыя».

Папалам

Грэх на душу: калі б муж, крый божа, памёр, Вета гаравала б, напэўна, меней. А то ж кінуў... Яе — з усім нажытым дабром.... Слёзы — рэчкай!

Бацька, зразумеўшы, як цяжка дачцэ, звольніўся з работы, пераехаў да яе і насіўся — як з дзіцем: смачна карміў, забаўляў-весяліў, вадзіў у кіно, хваліў, адвозіў на работу…

Яна туды доўга збіралася: старанна рабіла макіяж і прычоску, з сукенкамі-блузкамі ішла да бацькі, пытала, у гэтай пайсці ці ў той, каб прыгожа было, каб людзі хаця не сказалі, што так ёй, лахудры, і трэба: муж правільна зрабіў, што сышоў.

Бацька — ва ўборы — спярша не дужа ўнікаў — казаў: «Во всех ты, душечка, нарядах хораша!», але ж потым адчуў, што цяпер дачцэ гэта важна: стаў думаць ды падказваць, у чым сёння будзе цяплей і зручней, у чым — прыгажэй.

Яны дружна жылі і пакуль што жывуць. Дачка — амаль ачуняла: «на нервах» да гэтай зімы бацьку світэр цёплы звязала.

Вечарам ён прыбраўся, паглядзеў у люстэрка, пагладзіў сябе па баках, па пузе.

Дачка спытала:

— Ну як?

— Класна! Заўтра ў ім у краму пайду — пагляджу, што людзі скажуць.

Падкалоў, карацей. Разам пасмяяліся.

...Гэта і сапраўды: шчасце ніколі не змяншаецца, калі яго раздзяляюць, а вось гора — здаецца, так?

Кадры вырашаюць усё

У прыяцелькі дзве даты, і ў адначассе, можна сказаць: юбілей — 50 гадоў і 30 — на адным прадпрыемстве. Цікава ж, як святкавала?
— Ой, — махае рукамі, — лепш не пытайцеся…

Але ж — распавядае шчыра, як на духу: ну, што дзяўчаты (яе каляжанкі), як водзіцца, скінуліся — купілі падарунак. Яна — адпаведна — цукерак і шампанскага. А дома спякла пірог…

Як сваё начальства віншавала і як ад вышэйшага «пасланнік» з’явіўся. Праўда, незнаёмы і зусім малады («яны там як пальчаткі мяняюцца»), але ж прамову трымаў — і чын чынам. Казаў, прынамсі, што ў яе працоўнай кніжцы — безліч адзнак і толькі адно месца працы, што яна — майстар, што дзякуючы ім, вось такім, прадпрыемства трымаецца і нават, напэўна, будзе... Моцнага здароўя жадаў, уручыў галінку хрызантэм і канверцік…

Потым, што юбілярку здзівіла, прыняў запрашэнне за стол. І ўжо там за шампанскім (да слова прыйшлося) выдаў, мусіць, тое, што сапраўды хацеў. Сказаў: ну цяпер вам пяцьдзясят, гэта ўзрост, і на іншую работу вас хутчэй за ўсё проста не возьмуць. Але ж на вось гэтай «па-нармальнаму не плацілі ніколі»! Дык чаго тут сядзець было?! Цэлых 30 гадоў…

— Хацела яму сказаць, — смяецца жанчына, — што прырасла, прывыкла да людзей, што ў наш час не модна было пераходзіць з месца на месца…

У ягоны — падобна — не модна сядзець.

Форс марозу не баіцца?

Напрадвесні ды ў пачатку восені і сапраўды прасцей адрозніць людзей разважлівых ад легкадумных. Што да жанчын, то першыя ў шапках, другія — з прычоскамі.

Што да мужчын, то разумныя ў портках, а не вельмі — па холадзе — у... шортах, бо ногі — ад костачак і вышэй — у модных цяпер наколках. Грошы на іх патрачаны. Трэба ж пафарсіць, паказаць, на што?

Пайсці... І застацца!

Сямёнаўне шчасціла — як тому тапельцу: рана аўдавела сама — цягнула дзяцей, рана аўдавеў сын — цягнула ўнучак, а да ўсяго — нялёгкую работу, няблізкую дачу. Людзі, здаралася, дапамагалі ёй, а ўжо яна — чым толькі магла!.. І каму…

Нам гадоў наццаць таму кусцік руж «перапаў» — прыжыўся, стойка перанёс першую зіму і ўсе наступныя, разросся... Аж да лістапада часам цвіце! І як жа хораша!

Схілішся, каб палюбавацца, панюхаць, і штораз згадаеш-паклонішся: рэдкая жанчына была!

І засталася, бо нехта недурны сказаў: «Я не ведаю, куды людзі трапляюць пасля смерці, але я дакладна ведаю, дзе яны застаюцца... Тыя, каго ты любіш, заўсёды з табой».

Гэта — восень...

Светлы элегантны касцюмчык, крэмавыя «шпілечкі», яркая, у тон ім, касынка.

— Вы пасля работы ў тэатр? — пытаюся ў суседкі.

Тая адной усмешкай дзякуе за камплімент — на імгненне святлее тварам — і тут жа цямнее:

— Не, на жаль... На пенсію адпраўляюць — апошнія дні на работу хаджу. Дык во — штодня прыбіраюся, сукенкі выгульваю, бо куды ў іх пасля, не скажаце?

...Светлы элегантны касцюм, крэмавыя «шпілечкі», яркая, у тон, касынка... Гэта — бывае — восень. З прадчуваннем доўгай зімы.

Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.