Вы тут

Члены Савета Рэспублікі правялі прамыя тэлефонныя лініі


Члены Савета Рэспублікі правялі прамыя тэлефонныя лініі па пытаннях сямейнай палітыкі і ўдасканалення заканадаўства ў сферы шлюбу і сям'і.

Вопыт зваротнай сувязі з грамадзянамі ў фармаце дыялогу па тэлефоне — не новы. Сенатары пастаянна знаходзяцца ва ўзаемадзеянні з насельніцтвам: сустракаюцца з працоўнымі калектывамі, рэгулярна праводзяць асабістыя прыёмы грамадзян, ладзяць прамыя тэлефонныя лініі. Аб эфектыўнасці такой формы работы з жыхарамі сведчаць шматлікія вырашаныя пытанні: людзі ўладкоўваюцца на работу, паляпшаюцца іх жыллёвыя ўмовы, вырашаюцца зямельныя пытанні, маленькія пацыенты з рэдкімі генетычнымі захворваннямі атрымліваюць дарагія прэпараты. І гэта, вядома, далёка не ўсе прыклады пільнай увагі членаў Савета Рэспублікі да праблем людзей.

Прамыя тэлефонныя лініі па сямейных пытаннях былі праведзены ўпершыню і склалі трыяду мерапрыемстваў Савета Рэспублікі да Дня маці, прысвечаных умацаванню статусу сям'і і сямейных каштоўнасцяў у Беларусі. Сенатары ва ўсіх рэгіёнах краіны адказалі на пытанні грамадзян. Сведкамі размовы некаторых парламентарыяў з насельніцтвам сталі карэспандэнты «Звязды».


Ад жылля да патрыятычнага выхавання

Да Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай звярталіся з самымі рознымі пытаннямі. Спікер не паспявала завяршыць адну размову, як раздаваўся новы званок. Кожная просьба была не падобная на папярэднюю. Сям'я, якая выхоўвае дзіця-інваліда, прасіла пасадзейнічаць у паляпшэнні жыллёвых умоў, бабуля выказала свае сумненні ў справядлівасці вынясення прыгавора яе непаўналетняму ўнуку. Шэраг пытанняў датычыліся маёмасці: адны скардзіліся на нерацыянальны падзел жылплошчы паміж былымі сужэнцамі, іншыя вымушаны дзяліць жыллё з махлярамі, якім уладальнік перапісаў палову хаты.

З вуснаў грамадзян гучалі і канкрэтныя прапановы. У прыватнасці, жыхара сталіцы хвалюе слабае экскурсійнае суправаджэнне патрыятычнага выхавання дзяцей у школах. Па меркаванні Анатоля Рыгоравіча, школьнікі наведваюць мемарыяльныя комплексы, аднак экскурсіі праводзяцца не заўсёды. «Проста наведваць такія месцы з кветкамі — бясспрэчна, важна, але калі дзецям глыбока расказваецца аб усіх нюансах, якія там адбываліся, — важней», — лічыць грамадзянін. Па словах Старшыні Савета Рэспублікі, работа па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення праводзіцца дастаткова шырока. «Я ведаю не па чутках, што дзяцей з экскурсіямі вывозяць і ў Хатынь, і ў Чырвоны Бераг, іншыя памятныя месцы — менавіта з экскурсіяй, — адзначыла яна. — Неўзабаве ў нас адбудзецца вялікае мерапрыемства з удзелам міністра адукацыі, мы яшчэ раз зробім акцэнт на гэтым пытанні».

Акрамя таго, грамадзянін заўважыў, што фармулёўка «подпіс законных прадстаўнікоў», змешчаная ў школьных дзённіках, не зусім карэктная, бо дзеці часта смяюцца з гэтага і называюць уласных бацькоў законнымі прадстаўнікамі. Наталля Качанава пагадзілася з неадназначнасцю фармулёўкі. Як стала вядома на момант публікацыі, Мінадукацыі ўнесла змены, і цяпер замест «подпіс законных прадстаўнікоў» у школьных дзённіках будзе ўказвацца «подпіс бацькоў».

Занепакоенасць выхаваннем дзяцей у інфармацыйным асяроддзі выказала мінчанка Юлія Уладзіміраўна. Жанчына – мама траіх дзяцей, і яна катэгарычна супраць таго, як адзін з блогераў прапагандуе ў сваім тэлеграм-канале антычалавечыя каштоўнасці. З падобнай скаргай да Наталлі Качанавай ужо звярталіся, і яна паабяцала, што абавязкова разбярэцца з гэтым пытаннем.

Слушная прапанова прагучала і ад дырэктара зоаабарончай установы. Жанчына лічыць, што сем'і, дзе дапускаецца факт жорсткага абыходжання з жывёламі, неабходна ставіць на ўлік як тых, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Ірына расказала пра выпадак у Брэсце, калі дарослы чалавек у прысутнасці сваіх дваіх дзяцей выкінуў з восьмага паверха ката — падчас падзення жывёла атрымала траўмы, несумяшчальныя з жыццём. Наталля Качанава адзначыла, што пытанне, з якім звяртаецца грамадзянка, патрабуе ўважлівага вывучэння. Яно не новае для парламентарыяў: спікер расказала, што ў цяперашні час ідзе работа над законапраектам «Аб адказным абыходжанні з жывёламі», які ўжо ў першым чытанні прыняты дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Праект закона накіраваны на замацаванне агульных прынцыпаў і норм прававога рэгулявання ў сферы абыходжання з жывёламі, прасоўванне ідэй маральных і гуманных адносін да іх, павышэнне адказнасці ўладальнікаў жывёл.

Адна з жанчын пацікавілася, ці працягнецца дзяржаўная падтрымка сем'яў, дзе выхоўваюцца дзеці. «Прэзідэнт шмат разоў гаворыць, што для нас самае галоўнае — гэта людзі, — падкрэсліла Наталля Качанава. — А тыя жанчыны, якія нараджаюць дзяцей, заўсёды былі ў прыярытэце. Наша палітыка нязменная. Мы выступаем толькі за тое, каб нашы маладыя людзі разумелі: самае галоўнае, што ёсць у чалавека, — гэта сям'я, дзеці, якіх ён павінен нарадзіць і выхаваць. Выхаваць дзіця — гэта самая складаная праца. Траіх і больш — заслугоўвае ўсялякай павагі. Гэтыя сем'і ў нас у пашане».

Як рэзюмавала ў размове з журналістамі Старшыня Савета Рэспублікі, прамыя тэлефонныя лініі з'яўляюцца для сенатараў традыцыйнай формай работы з людзьмі, аднак напярэдадні Дня маці тэматычны акцэнт быў зроблены на сямейных каштоўнасцях. Ім у нашай краіне надаецца асаблівая ўвага, падкрэсліла Наталля Качанава. Калі працавала Канстытуцыйная камісія, паступіла вельмі шмат прапаноў, якія датычыліся менавіта гэтай тэматыкі.

Падчас прамой тэлефоннай лініі спікер верхняй палаты парламента ўбачыла, што многіх грамадзян хвалюе пытанне патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. «Былі прапановы, якія датычыліся рэгулявання інфармацыйнай сферы, — канкрэтызавала яна. — Бацькі занепакоеныя тым, што ў інтэрнэце дзеці могуць убачыць прапаганду нетрадыцыйных каштоўнасцяў. Вядома, мы, як заканадаўцы, павінны думаць пра гэта».

Некаторыя пытанні датычыліся падзелу маёмасці. «Нават тады, калі людзі дастаткова доўга пражылі ў шлюбе, даводзіцца дзяліць маёмасць, і гэта заўсёды праблемна, — звярнула ўвагу Наталля Качанава. — Як правіла, гэта судовыя цяжбы. Ужо неаднаразова ўзнімаецца пытанне аб падзеле маёмасці сем'яў, якія сумесна будавалі жыллё з дзяржаўнай падтрымкай — нашы шматдзетныя сем'і. Такіх зваротаў было дастаткова шмат яшчэ раней. Таму цяпер мы хочам комплексна падысці да вырашэння гэтага пытання: каму выдзяляецца субсідыя, як, хто яе атрымлівае, потым пры раздзеле маёмасці каму аддаваць прыярытэт? Зразумела, гэта рашэнне судоў, але часам ёсць выпадкі, калі людзі скардзяцца на тое, што мама застаецца з трыма дзецьмі і ёй вылучаюць 50 % плошчы кватэры, а 50 % плошчы адыходзіць бацьку, з якім яны разведзены. Думаю, што гэтыя сітуацыі мы яшчэ глыбока і дэталёва разбяром з улікам акцэнту, які зрабіў Прэзідэнт: куды накіроўваюцца сродкі, што выдзяляюцца на падтрымку сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей. Гэта трэба ўзяць на кантроль і нам, членам Савета Рэспублікі, для таго, каб яны (сродкі, што выдзяляюцца дзяржавай. — «Зв».) выкарыстоўваліся эфектыўна і ішлі на карысць той сям'і, якая добрапрыстойна выхоўвае дзяцей і дзеці ў такой сям'і адчуваюць сябе шчаслівымі».

Адна з жанчын пацікавілася, якім чынам улада будзе правяраць, добра выхоўваюць дзяцей ці дрэнна. Па словах спікера, тут усё проста. «У нас дастаткова шмат дзяржаўных устаноў, якія могуць бачыць, наколькі шчаслівая ці нешчаслівая сям'я і як там жывуць дзеці, — патлумачыла Наталля Качанава. — Найперш гэта сістэма адукацыі, сістэма аховы здароўя, а таксама службы МНС і ЖКГ, якія працуюць ва ўзаемадзеянні. Калі выяўляецца пэўнае няшчасце, яны адразу ж павінны інфармаваць аб гэтым, каб прымаліся меры ў абарону дзяцей. Чаго ўтойваць, у нас ёсць дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, ёсць сем'і, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Біялагічнае сіроцтва — гэта трагедыя, бяда, як і сацыяльнае сіроцтва, калі дзеці пры жывых бацьках выхоўваюцца ў інтэрнатных установах, і дзяржава бярэ на сябе гэтыя функцыі. Хоць мы добра разумеем, што кожнае дзіця хоча жыць з бацькамі, хоча жыць у сям'і».

Старшыня Савета Рэспублікі канстатавала, што прамая тэлефонная лінія пацвердзіла тое, што людзей хвалююць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. Па яе словах, прапановы, якія ўносіліся грамадзянамі, абавязкова будуць карысныя для заканатворцаў.

Вераніка КАНЮТА


Просьбы, прапановы і падзякі выслухаў па тэлефоне Валерый БЕЛЬСКІ

Зразумець, што здарылася ў чалавека, і выслухаць яго па тэлефоне — справа не надта простая. Адным хапае некалькіх хвілін, каб агучыць сваё пытанне, другіх трэба супакойваць, каб зразумець, чым дапамагчы, а трэцім дастаткова крыху пачакаць, каб адказ для іх знайшоўся непасрэдна падчас размовы. Большасць пытанняў тых, хто дазваніўся на нумар намесніка старшыні Савета Рэспублікі Валерыя Бельскага, датычылася якраз тэмы прамой лініі — сямейных спраў у самых розных аспектах.

Жаданне ёсць, а паўнамоцтвы знойдзем

Валянціна з Ляхавіч —  ліквідатар аварыі на ЧАЭС,  мае сацыяльнае жыллё і вельмі хоча «на старасці гадоў мець сваё»:

— Я вельмі ўсіх паважаю і люблю. Мне ніхто ніколі не адмаўляў, але ж хацелася б свой куток. Я тады гаспадарку кінула, сына пакінула ў маці і не ведала, як там што будзе, але ж паехала ліквідаваць наступствы аварыі.

Валерый Бельскі заўважыў, што папросіць кагосьці з брэсцкіх сенатараў разабрацца з пытаннем, бо «яна мае чарнобыльскую льготу як ліквідатар і сацыяльныя гарантыі»:

— У яе сітуацыі здарыліся нейкія розначытанні ў заканадаўстве, бо, калі чалавеку даецца магчымасць атрымаць сацыяльнае жыллё, ён не павінен губляць чаргу для тых, хто мае патрэбу ў гэтым.

Пенсіянер Мікалай з Мінска, які ахарактарызаваў сябе як неабыякавы і актыўны чалавек, прапануе зрабіць ільготы на праезд для тых, каму 70+. Яму 73 гады, і, на яго думку, у такім узросце ўжо сорамна ездзіць «зайцам», таму льгота была б у самы раз.

— Мы пенсіянеры, ды яшчэ і хворыя. Каб кудысьці з'ездзіць з перасадкай, трэба пракампасціраваць чатыры талоны. Было б добра зрабіць ільготны (на 50 %) праезд для тых, каму за 70 гадоў, як у прыгарадным транспарце падчас дачнага сезона. Я звяртаўся ўжо колькі разоў да дэпутатаў, а яны кажуць, што нічога не могуць вырашыць, няма ў іх паўнамоцтваў. Дык што, будзем чакаць, пакуль Прэзідэнт вырашыць пытанне?

Мінчанін упэўнены, што пенсіянеры таксама прыносілі б карысць і прыбытак дзяржаве, калі б ездзілі за палову аплаты, бо днём транспарт ходзіць амаль пусты.

— Звернемся ў Мінгарвыканкам з такой прапановай і абмяркуем яе з міністрам транспарту, — паабяцаў сенатар і запэўніў, што цалкам падтрымлівае гэтую ідэю і пастараецца пераканаць калег.

У садок каля дома

Анастасія з Мінска пазваніла, каб падзякаваць за тое, што пасля звароту да сенатара яе малы трапіў у дзіцячы садок каля дома. У канцы кастрычніка жанчына народзіць яшчэ адно дзіця, таму вельмі ўдзячная, што ў яе сітуацыі ўсё склалася добра:

— Мы паспяхова прайшлі адаптацыю ў садку. Там шыкоўны калектыў,  мы адчуваем сябе так, нібы заўжды былі. І ваша дапамога не толькі ў тым, што садок непадалёку ад дома. Вы далі мне ўпэўненасць, што я не застануся адна, што ёсць да каго звярнуцца, і ўжо ад гэтага стала лёгка.

Валерый Бельскі быў прыемна ўражаны такой ацэнкай і пажадаў поспехаў у самай важнай справе, якую робіць маці. Ён падкрэсліў, што заўжды прыемна дапамагаць, але ж удвая прыемней, калі чалавек нагадвае пра сябе і распавядае, як вырашылася справа, з першых вуснаў.

Яна з Оршы пазваніла, каб падзякаваць сенатару: з яго дапамогай яе прынялі на работу ў фінансавую арганізацыю без выпрабавальнага тэрміну.

— Жанчына працавала ў філіяле банка, дзе неналежным чынам вёўся кадравы ўлік, і ёй не змаглі даць характарыстыку, якая патрабуецца для работы ў фінансавых структурах, а філіял перастаў існаваць, пакуль яна двойчы знаходзілася ў дэкрэце. У выніку ёй спачатку далі фармальную паперу, звестак у якой было недастаткова. Агульнымі намаганнямі знайшлі былога яе кіраўніка, які пацвердзіў добранадзейнасць жанчыны, — патлумачыў сенатар.

Ордэн Маці і палавая недатыкальнасць

«Чаму не даюць ордэн Маці жонцы?» — абураецца Уладлен з вёскі ў Кобрынскім раёне, у якога шасцёра дзяцей. Ён неаднаразова звяртаўся з гэтым пытаннем да ўлад, а ў адказ толькі абяцанкі. Дзеці не знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, аднак спасылаюцца на тое, што сын старэйшы, якому цяпер 27 гадоў, у свае 16 меў правапарушэнне. Аднак на момант, калі яму было 14, пятаму споўніўся годзік, і тады ніякіх правапарушэнняў не было.

— Калі майму пятаму дзіцяці было тры гады, мне абяцалі «пачакай, узнагародзім», цяпер яму ўжо 14. Ордэны атрымалі матулі, у якіх дзецям і паўтара, і тры гады, і невядома, што можа адбыцца ў сям'і праз дзесяць гадоў. Камісія да нас прыязджала, а мне кажуць, што не могуць знайсці архіў, грошай няма ў бюджэце.

Сенатар звярнуў увагу на тое, што «ўзнагароды даюцца тым, хто забяспечваў выхаванне, якое выключала ўцягванне дзяцей у супрацьпраўную дзейнасць. Пры наяўнасці правапарушэння ў дзіцяці атрымаць узнагароду амаль немагчыма». Аднак паабяцаў разабрацца ў сітуацыі, чаму ордэн не атрымалі своечасова, калі дзеці былі малыя.

Наталля з Мінска, маці першакласніка, занепакоена тым, што ў школе ўводзіцца прадмет «Палавое выхаванне», пра што яна прачытала ў інтэрнэце. Валерый Бельскі папрасіў жанчыну пачакаць і адразу ўдакладніў па тэлефоне ў спецыялістаў, ці так гэта.

Высветлілася, што ў школах ёсць факультатыў «Духоўна-маральнае выхаванне», які выкладаецца ў вучняў з дзявятага класа, але ж прапрацоўваецца пытанне ўвесці яго з пятага класа. Па словах Валерыя Бельскага, ад наведвання факультатыву бацькі могуць адмовіцца.

Пасля кароткай кансультацыі сенатар заўважыў:

— Тым не менш, пэўна, нейкія азы міжасабовых адносін паміж разнаполымі дзецьмі павінны быць атрыманы. Таксама важна даваць дзецям звесткі, якія спрыялі б прадухіленню супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх. Гэта не так кепска, бо не заўжды бацькі могуць усё патлумачыць. Думаю, адрасуем гэтае пытанне яшчэ сенатару Ірыне Старавойтавай, і тады больш дакладна вас праінфармуем.

Праз дзень высветлілася, што ўвядзенне абазначанага жанчынай курсу ў школе яшчэ толькі абмяркоўваецца. З Савета Рэспублікі накіравалі ліст у Мінадукацыі і Генпракуратуру з інфармацыяй аб занепакоенасці бацькоў, бо менавіта дадзеныя структуры — ініцыятары.

Праца па сіле

Святлана са Светлагорска перажывае за свайго сына Руслана, які жыве з сям'ёй у Рэчыцы і з 2017 года працуе ў мясцовым філіяле прадпрыемства «Гомельдрэў». Яго старэйшай дачцэ сем гадоў, сыну тры гады і малодшай дачцэ восем месяцаў.

— Паўгода ён быў на бальнічным, бо пашкодзіў нагу, яму рабілі аперацыю. Цяпер прымаецца рашэнне аб звальненні сына, бо ён не зможа працаваць у былых умовах, тым больш што ў яго праблемы і з сэрцам. Урачы ўсе кажуць, што работадаўца павінен знайсці магчымасць працы з такім жа памерам заробку. Аднак на рабоце лічаць, што раз ён не можа працаваць у цэху, дзе быў дагэтуль, то яго будуць звальняць. Цяпер чакаюць рашэння медкамісіі.

Сенатар паабяцаў, што патэлефануе дырэктару прадпрыемства і ўмяшаецца ў сітуацыю, каб высветліць, што можа зрабіць. І ўдакладніў, што да канца года сям'я Руслана павінна атрымаць жыллё, згодна з сёлетнім рашэннем Прэзідэнта наконт шматдзетных сем'яў, якія стаялі на чарзе да мая 2023-га.

У кожнага, хто пазваніў, Валерый Бельскі цікавіўся не толькі сітуацыяй, з якой яны звярнуліся, але і іншымі акалічнасцямі надзённага жыцця, для кожнага знайшліся словы падтрымкі і нават жарту (для многіх, як мне падалося, гэта стала надзеяй, што пытанне не застанецца ў паветры). А тых, хто тэлефанаваў падзякаваць за ўжо вырашанае пытанне, сенатар пазнаваў па некалькіх словах і сітуацыі.

Ірына СІДАРОК


Рэцэпт вечнай маладосці

Ім падзяліўся галоўны ўрач Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы, сенатар Ігар Каско

Грамадзяне, якія патэлефанавалі на прамую лінію да члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ігара Каско, ставілі пытанні, якія датычыліся маральных якасцяў моладзі, яе выхавання і правільных арыенціраў.

Магіляўчанка Ірына паведаміла, што яе знаёмыя заклапочаны размовамі вакол таго, што ў краіне разглядаецца магчымасць аб увядзенні ў школах спецыяльнай адукацыі з 1 класа. Маўляў, дзіця яшчэ не атрымала агульнай адукацыі, а яго ўжо плануюць спецыялізаваць. Гэта ні да чаго добрага не прывядзе, перажывае магіляўчанка. На выхадзе мы атрымаем вельмі вузканакіраваную і абмежаваную асобу.

— Гэтая тэма сапраўды мусіруецца сярод насельніцтва, — пагадзіўся з суразмоўніцай Ігар Каско. — Спецкласы фарміруюцца ў асноўным са старшакласнікаў, але гучаць прапановы, што трэба пачынаць рабіць гэта раней. Пытанне вельмі складанае і патрабуе вялікай увагі і прапрацоўкі.

З шэрагам прапаноў і заўваг звярнулася на прамую лінію шматдзетная маці. Надзея заклапочана нізкім узроўнем культуры моладзі, ужываннем школьнікамі ненарматыўнай лексікі. Ад яе паступіла прапанова адкрыць у Магілёве маладзёжны цэнтр, дзе дзеці мелі б магчымасць з карысцю для сябе бавіць час, танна і паўнавартасна паабедаць, сустрэцца са спецыялістамі накшталт псіхолагаў, свяшчэннікаў, выхавальнікаў, якія б маглі ім даць карысныя парады і адказаць на складаныя пытанні.

Жанчына таксама перажывае, што ў цэнтры Магілёва, непадалёк ад плошчы Славы, дзе адбываюцца ўсе важныя дзяржаўныя мерапрыемствы, адкрылася інтым-крама з кідкай шыльдай. Дзеці пытаюцца, што гэта за гуллівая пунсовая дама там намалявана, чым ставяць дарослых у няёмкае становішча.

Прагучала таксама прапанова, каб у заканадаўчых дакументах, дзе прапісана, што шлюб — гэта саюз мужчыны і жанчыны, была зроблена папраўка — «па нараджэнні». Маўляў, калі ўсё пакінуць, як ёсць, трансгендар пасля аперацыі па змене полу зможа афіцыйна ўступіць у шлюб і нават усынавіць каго-небудзь.

Яшчэ адно пытанне датычылася ўсынаўлення. Прапанавана, калі бацькі дзіцяці загінулі, каб першарадным правам на яго ўсынаўленне валодалі менавіта сваякі. Былі скаргі на дэманстрацыю ў магілёўскіх кінатэатрах фільма, які забаронены ў Расіі.

Падводзячы вынікі прамой тэлефоннай лініі, Ігар Каско адзначыў, што ў нас шмат неабыякавых людзей, якім не ўсё роўна, што адбываецца вакол іх і дзяцей. Людзей сур'ёзна хвалюе тэма абароны сям'і, выхавання моладзі менавіта ў духу традыцыйных каштоўнасцяў. Відаць, што пытанні, якія абмяркоўваліся ў сем'ях і калектывах, не спантанныя.

— Я падазраю, што такія заўвагі ўзнікалі не толькі ў магіляўчан, — рэзюмаваў Ігар Каско. — Адзіная тэлефонная лінія ўсіх сенатараў дала магчымасць аднамомантна сабраць інфармацыю, якая хвалюе людзей, па ўсёй краіне. Калі ўсе пытанні будуць закумуляваныя ў Савеце Рэспублікі, мы зможам іх прааналізаваць. У далейшым гэта можа прывесці да змянення заканадаўчай базы або да распрацоўкі заканадаўчых пасылаў ці законаў, якія змогуць курыраваць гэтыя пытанні і ліквідаваць праблемныя моманты. Такая практыка аднамомантнай адпрацоўкі нейкіх асобных пытанняў па краіне вельмі карысная і ў будучыні абавязкова сябе апраўдае. На гэты раз мерапрыемства было арганізавана напярэдадні Дня маці і Тыдня бацькоўскай любові. Наша грамадства складаецца з сем'яў, гэтых маленькіх ячэек, і чым яны больш здаровыя і шчаслівыя, тым больш здаровае і шчаслівае будзе ўсё грамадства.

— Мне часта прыходзіцца сустракацца з моладдзю, і мяне трывожаць тыя ўстаноўкі, якія існуюць у іх асяроддзі, — адзначае сенатар. — Яны лічаць, што сям'я — гэта нешта другаснае, што можна жыць свабодна і без усякіх абавязацельстваў. Але ж сям'я — аснова ўсяго. А ўжо потым астатняе: кар'ера, асобасны рост і гэтак далей. У разуменні маладых сям'ю трэба ствараць дзесьці пасля 35 гадоў. Яны не разумеюць, што пасля 35 могуць узнікнуць складанасці з нараджэннем дзяцей натуральным чынам. Тады гэта будзе клопат медыкаў. Так, на сёння існуюць рэпрадуктыўныя тэхналогіі, але важна, каб дзеці былі Богам дадзеныя, а не тэхнічнымі сродкамі зробленыя. У ідэале, і я пра гэта кажу на ўсіх сустрэчах з моладдзю, да 30 гадоў трэба стварыць сям'ю і нарадзіць мінімум дваіх дзяцей. Потым вырашаць пытанні з работай, кар'ерай і гэтак далей, а ў 36-37 гадоў нарадзіць трэцяе дзіця. І тады ў вас будзе вечная маладосць... Моцная сям'я — вось тое галоўнае, што сёння патрэбна нашаму грамадству. Дэмаграфічнае пытанне — гэта нацыянальная бяспека краіны. Трое дзяцей — аптымальны варыянт для любой сям'і. Больш — яшчэ лепш.

Нэлі ЗІГУЛЯ

фота аўтара


«Добрая сям'я спрыяе згуртаванасці грамадства»

Сенатар Валянцін Байко падчас прамой лініі паразважаў пра галоўныя каштоўнасці

Адзін з заснавальнікаў сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Контэ Спа», член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па эканоміцы, бюджэце і фінансах лічыць, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для таго, каб сям'я развівалася, мела дастатак, і толькі ад людзей залежыць, як яны гэтым скарыстаюцца. Апошнім часам да сенатара сталі звяртацца з медыцынскімі праблемамі. Валянцін Байко прыгадаў, як нядаўна з дапамогай свайго прадпрыемства дапамог адрасна набыць інвалідную каляску, а таксама слыхавы апарат. Таксама вырашаліся пытанні па набыцці лекаў. Вось і падчас чарговай прамой лініі паступіў аналагічны зварот.

Тэлефанаваў Віктар Іванавіч з Віцебскай вобласці. Як інвалід ІІ групы па анкалагічным захворванні, сістэматычна праходзіць лячэнне прызначанымі прэпаратамі. Але апошнім часам патрэбных таблетак па месцы жыхарства не аказалася, а набыць іх, напрыклад, у сталіцы, немагчыма. Такая сітуацыя вымусіла звярнуцца па дапамогу да сенатара. Валянцін Байко зазначыў, што выпадак сапраўды сур'ёзны і сітуацыя будзе ўзята на кантроль. Як відаць, спатрэбіцца звязацца не толькі з медыцынскай установай, але пры неабходнасці і з Міністэрствам аховы здароўя.

Дарэчы, дапамога паступае не толькі па лініі зваротаў падчас прыёмаў альбо прамых ліній. Прадпрыемства, заснавальнікам якога з'яўляецца сенатар, удзельнічае ў дабрачынных акцыях, сацыяльных праектах, аказвае сістэматычную дапамогу шматдзетным сем'ям. Пры гэтым Валянцін Байко сам наведвае сем'і, уручае падарункі. Напрыклад, да 1 верасня ён пабываў з гэтай місіяй у шматдзетнай сям'і ў Ваўкавыску, дзе выхоўваюцца пяцёра сваіх і двое прыёмных дзяцей. На думку сенатара, у Беларусі робіцца ўсё магчымае, каб захаваць сямейныя каштоўнасці. У краіне нямала законаў, якія прыняты ў падтрымку мацярынства, шматдзетных сем'яў. Усё гэта сведчыць аб палітыцы сацыяльнай накіраванасці дзяржавы і аб прыярытэце традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, замацаваных у заканадаўстве.

Але ёсць і такія, якія робяць усё магчымае, каб пазбегнуць бацькоўскай адказнасці. Аб адным з іх якраз і ішла гаворка падчас чарговага тэлефоннага званка. Ён паступіў ад Вольгі Вячаславаўны з Ваўкавыска. Яе былы муж больш як год выплачвае зусім малыя аліменты на дзіця. Жанчына мяркуе, што, магчыма, муж нейкім іншым шляхам атрымлівае заработную плату і хавае свае даходы ад падатковай інспекцыі.

— Калі бацька не хоча плаціць аліменты ў добраахвотным парадку, варта іх атрымаць праз суд, бо дзяцей трэба даглядаць і фінансава ўтрымліваць. Іншага рашэння не можа быць. Альбо мужчына плаціць сам, альбо яго да гэтага прымушаюць. На жаль, такая сітуацыя даволі распаўсюджаная. У дадзеным выпадку трэба разбірацца, якім чынам ён атрымлівае зарплату, — разважае сенатар. — Тут ёсць жорсткая ўстаноўка — зарплаты ў канвертах не павінна быць. Калі чалавек хавае даходы, ён будзе мець сур'ёзныя праблемы з праваахоўнымі структурамі, а з маральнага боку павінен усведамляць адказнасць за дзяцей як бацька, як абаронца.

Такі пасыл невыпадковы. Бо многае ў жыцці чалавека пачынаецца з сям'і, з той атмасферы, якая ў ёй пануе. Бацькі павінны любіць сваіх дзяцей і паважаць, лічыць Валянцін Байко. Сам ён — бацька траіх дзяцей, старэйшая дачка працуе на адным з ім прадпрыемстве, адзін сын — студэнт ВНУ, другі — вучань школы. Нават пры самай высокай загружанасці Валянцін Валянцінавіч знаходзіць час, каб патэлефанаваць дзецям і пацікавіцца іх жыццём. Сенатар упэўнены, што дзецям вельмі патрэбна падтрымка бацькоў. Такую аксіёму ён вынес з уласнай сям'і. У свой час яго бізнес пачынаўся як сямейны, з удзелам бацькі і брата. Цяпер да яго справы далучылася дачка. Сыны таксама не сядзяць без справы: акрамя вучобы, займаюцца спортам, вядуць актыўны лад жыцця. Сенатар упэўнены, што ў далейшым яны таксама знойдуць сабе занятак па душы, бо толькі працай можна дабіцца поспехаў у жыцці.

— Мы пачалі нашу справу з братам і бацькам, з маімі партнёрамі, з двух станкоў — сёння іх больш чым дзве тысячы, а «Контэ Спа» — самае буйное прадпрыемства на постсавецкай прасторы па вырабам панчошна-шкарпэткавай прадукцыі. І мы зрабілі гэта ў той краіне, пра якую пісалі, што тут гэта зрабіць немагчыма, што тут няма ўмоў. Але мы працавалі, дзякавалі Богу і Прэзідэнту і працавалі. Трэба працаваць, а не скардзіцца. Працы хапае. А для моладзі хачу сказаць: не варта шукаць шчасця ў чужых краінах, яно тут, побач. Развівайцеся, працуйце. Усё залежыць ад чалавека. Дзяржава толькі павінна стварыць адпаведныя спрыяльныя ўмовы, астатняе залежыць ад канкрэтнага прадпрыемства, ад той каманды, якая там працуе, — разважае сенатар.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара


«Не нашых праблем не бывае»

Сямейныя гісторыі, агучаныя падчас прамой лініі, якую праводзіў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Юрый Дзеркач, кранальныя і няпростыя.

Жыхарка Полацка ўжо даслала зварот у Савет Рэспублікі, аднак вырашыла заручыцца падтрымкай яшчэ і на месцы. У жанчыны, якая на пенсіі, растуць трое ўнукаў. Яе дачка па стане здароўя пазбаўлена права на выхаванне сваіх дзяцей, таму сярэдняга ўнука з другой групай інваліднасці да 18 гадоў выхоўвала бабуля. Меншы ўнук таксама рос з жанчынай у сацыяльнай кватэры, якую выдалі старэйшаму пасля паўналецця. Па словах заяўніцы, у яе з дырэктарам школы, дзе выхоўваецца меншы ўнук, узнік канфлікт. Пасля гэтага, 22 сакавіка, унука забралі органы апекі, цяпер хлопчык выхоўваецца ў прыёмнай сям'і. Галоўны аргумент сацыяльных органаў не вяртаць дзіця бабулі — яна павінна зрабіць рамонт у сваім доме і пераехаць ад старэйшага ўнука з асаблівасцямі здароўя. «Я не магу разарвацца фізічна, разумееце? Старэйшаму таксама патрэбна мая дапамога ў бытавых пытаннях. Але, калі трэба, я збяру грошай на рамонт у сваім доме. Толькі вярніце мне ўнука, на працягу сямі месяцаў хлопчык хварэе з-за стрэсу ў новай сям'і», — дзеліцца заяўніца. Па яе словах, прыёмная маці не замінае хлопчыку мець зносіны з бабуляй, Ілья заўсёды на сувязі, з ім жанчына бачыцца на выхадных. Аднак дзіця павінна расці ў сваёй сям'і разам з роднымі.

Юрый Дзеркач паабяцаў у найбліжэйшы час звязацца з органамі апекі, каб прапрацаваць гэтае пытанне з усіх бакоў, ацаніць умовы, створаныя ў дзвюх сем'ях для ўсебаковага развіцця дзіцяці і яго правільнага выхавання.

66-гадовая жыхарка гарадскога пасёлка Багушэўск Сенненскага раёна падзялілася з сенатарам сваёй шчымлівай сямейнай гісторыяй. Жанчына выхоўвала траіх дзяцей адна, двое з іх — сыны-двайняты — у 2018 годзе скончылі Лужаснянскі аграрны каледж, атрымаўшы спецыяльнасці ветфельчараў. Узнікла пытанне з абавязковым двухгадовым размеркаваннем, калі адзін з двух гадоў хлопцы ўсё ж такі змаглі адпрацаваць, то закрыць астатні тэрмін размеркавання дагэтуль не ўдаецца. У хлопцаў ёсць цяжкасці ў камінукацыі, урачы ставілі многія дыягназы, таму затрымацца ў сельскагаспадарчым калектыве надоўга ў іх не ўдаецца. «Вы ведаеце, якія людзі ёсць у сельскай мясцовасці. Сынам цяжка працаваць ва ўмовах шматзадачнасці, але яны выканаюць пастаўленую задачу, калі іх не падштурхоўваць і не крычаць. На жаль, члены калектыву гэтага не разумеюць, а некаторыя могуць і абразіць, і пакрыўдзіць. З-за стрэсу хлопцы кідаюць ужо не першае па ліку працоўнае месца, адпрацаваць апошні год не атрымліваецца», — дзеліцца жанчына.

Цяпер хлопцы перабіваюцца разавымі заробкамі, на маці пенсіённага ўзросту ляжыць фінансавае забеспячэнне ўсёй сям'і. Суд назначыў выплаціць за атрыманую хлопцамі, але не адпрацаваную адукацыю сем тысяч рублёў, ужо прыходзілі апісваць маёмасць. Жанчына ў роспачы, збіраецца шукаць дадатковы заробак да пенсіі ў 400 рублёў у Віцебску. І просіць дапамогі ў сенатара працаўладкаваць сыноў у любое месца, дзе да іх парушэнняў здароўя паставяцца з увагай.

«Гэта вельмі кранальная і складаная гісторыя. З першага погляду відаць абыякавасць да чужога гора не толькі той установы адукацыі, якая не змагла працаўладкаваць людзей у адпаведнасці з іх дыягназам, але і тых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, куды прыходзілі дзеці. Да такіх людзей трэба знайсці асаблівы падыход у калектыве, стварыць пэўныя працоўныя ўмовы для іх рэалізацыі. Гэта пытанне будзем прапрацоўваць у найбліжэйшы час, кожны жыхар нашай краіны — яе грамадзянін, які мае права на прафесійную рэалізацыю і шчаслівае жыццё. Не нашых праблем не бывае», — заключыў сенатар, паабяцаўшы дапамагчы.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара


Сям'я і школа

Сенатару Наркевічу званілі з прапановамі па паляпшэнні ў сферы адукацыі, развіцці сельскага бізнесу, зменах у заканадаўстве

На тэматычную прамую лінію па пытаннях сямейнай палітыкі і ўдасканалення заканадаўства ў сферы шлюбу і сям'і да сенатара, старшыні Брэсцкага абласнога Савета Юрыя Наркевіча, звярнуліся жыхары шэрагу раёнаў вобласці, званілі нават мінчане.

Жыхар Бярозы Сяргей Міхайлавіч лічыць, што для паляпшэння якасці жыцця многіх і многіх сем'яў у іх райцэнтры патрэбна чацвёртая па ліку школа. У сям'і самога аўтара звароту выхоўваецца трое дзяцей. Старэйшы ў гэтым годзе паступіў у ВНУ, другі ходзіць у школу, а трэці рыхтуецца стаць першакласнікам налета.

— Для такога развітога, прамысловага райцэнтра, як наш, тры школы вельмі мала, — разважаў шматдзетны бацька. — У меншых па колькасці насельніцтва Пружанах — чатыры школы і гімназія, а ў нас — усяго тры. Школы перагружаны, працуюць у дзве змены. Адным словам, неабходнасць наспела даўно, таму прашу вас паспрыяць нейкім чынам уключэнню ў планы будаўніцтва новай школы.

Юрый Іосіфавіч цалкам пагадзіўся з заяўнікам, расказаў, якія аб'екты сацыяльнага кірунку ўзводзяцца на Брэстчыне, згадаў, як пяцігодку таму ўдалося пабудаваць цудоўны Дом культуры ў Бярозе. А цяпер, паводле слоў сенатара, настаў час прасоўваць і гэты праект — чацвёртую ўстанову адукацыі. І паабяцаў параіцца з калегамі ў прэзідыуме аблсавета, а таксама у Савеце Рэспублікі, каб як след аформіць ініцыятыву па ўключэнні ў планы на наступныя гады ўзвядзенне бярозаўскай школы.

Сярод званкоў-прапаноў, званкоў-разваг можна выдзеліць абанента з Драгічына, які вельмі занепакоены развіццём вёскі. Андрэй таксама шматдзетны бацька, пражывае ў райцэнтры, а да гэтага пяць гадоў жыў у вёсцы, спрабаваў наладзіць сваю справу. Паводле яго меркавання, бізнес не атрымаўся, бо сельскі гаспадар не можа канкурыраваць з вялікім сельгаспрадпрыемствам, таму яго маленькую гаспадарку чакала няўдача. Андрэй Сцяпанавіч лічыць, што вясковаму прадпрымальніцтву патрэбная асаблівая падтрымка, і тады вёска будзе развівацца не ў бок урбанізацыі, як гэта адбываецца цяпер, а ў бок традыцыйнага ўкладу. Вядома, разважанні былога вяскоўца нельга назваць бясспрэчнымі, але ў іх, несумненна, ёсць і рацыянальнае зерне. Чалавек занепакоены лёсам вёскі, хоча, каб не згасала жыццё ў сельскай мясцовасці, апошняе Юрый Наркевіч назваў асабліва каштоўным. Тэлефонныя суразмоўцы сышліся на тым, што Андрэй Сцяпанавіч яшчэ раз збярэцца з думкамі, пісьмова аформіць свае прапановы-разважанні і дашле іх на адрас абласнога Савета.

Сям'я мінчан, якія звярнуліся на прамую лінію, была больш катэгарычнай, чым папярэднія ўдзельнікі дыялогу. Заяўнікі патрабавалі памяняць расклад руху аднаго з рэйсавых аўтобусаў у Пружанскім раёне. Рэч у тым, што сям'я пенсіянераў з Мінска набыла дом у вёсцы побач з Ружанамі. Дабірацца туды грамадскім транспартам даволі складана. Заяўнікі расказалі, што яны едуць са сталіцы да Івацэвічаў цягніком, затым гадзіну аўтобусам дабіраюцца да Ружан, але спазняюцца на свой рэйс, бо ў іх вёску аўтобус ужо пайшоў. Яны просяць перанесці рэйс на паўтары гадзіны пазней, каб сям'і было зручна дабірацца ў вёску. У іх таксама назапасіліся прэтэнзіі да раскладу аўтакрамы.

Сенатар і старшыня аблсавета адразу звязаўся са старшынёй Пружанскага раённага Савета Мікалаем Кудраўцом. Мікалай Пятровіч быў у курсе гэтай праблемы, з заяўнікамі камунікаваў не раз. Яны, як высветлілася, звярталіся ў многія інстанцыі, уключаючы Міністэрства транспарту. У ходзе работы са зваротам былі праведзены апытанні пасажыраў рэйса, апошнія выказаліся супраць змянення графіка. Людзям зручна выязджаць з Ружан у 13 гадзін, а не ў 14.40, як просяць заяўнікі. Больш за тое, транспартнікі падчас работы са скаргай вывучылі расклад руху транспарту і прапанавалі іншы лагістычны рад, пры якім трэба толькі выязджаць іншым цягніком з Мінска. Таму і атрымалі адмову мінчане.

Але ж яны не здаюцца і звяртаюцца ва ўсе магчымыя інстанцыі зноў. Расказвалі, што з імі жыве яшчэ састарэлая маці-інвалід, ды і самі гаспадары маюць праблемы са здароўем. Канечне, ім варта паспачуваць. Вядома, гэта іх права і іх выбар — купіць дом для адпачынку амаль за 300 кіламетраў ад сталіцы. Зразумелае і іх жаданне, каб транспарт хадзіў зручна менавіта для іх, але ж не заўсёды гэта магчыма. Расклад руху аўтобусаў у свой час складалі менавіта пад патрэбы гэтай мясцовасці. Вядома, аўтары звароту атрымаюць адказ пасля прамой лініі, але задаволіць іх просьбу не ўяўляецца магчымым, ва ўсялякім разе, у найбліжэйшы час.

Былі на гэтай прамой лініі таксама прапановы па змяненні заканадаўства.

— Заканадаўства таксама мае патрэбу ва ўдасканаленні, — сказаў карэспандэнту «Звязды» Юрый Наркевіч па выніках прамой лініі. — Перад тым, як ініцыіраваць змены, папраўкі ў законы, хацелася б паслухаць меркаванне грамадзян, зверыць пазіцыі. Тым больш што сям'я — аснова грамадства, адзін з асноўных адрасатаў палітыкі дзяржавы. Таму і была праведзена Саветам Рэспублікі вось такая тэматычная прамая лінія, найперш, каб атрымаць пэўны зрэз грамадскай думкі. Гэта работа на будучыню.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ


Праблемы падобныя — работа індывідуальная

У Гомелі прамую тэлефонную лінію па пытаннях сямейнай палітыкі і ўдасканалення заканадаўства ў сферы шлюбу і сям'і правяла член Савета Рэспублікі Ала Смаляк.

Падчас прамой лініі да сенатара паступалі званкі з розных куткоў Гомельскага рэгіёна. Першай звязалася гамяльчанка Вольга Міхайлаўна. Яна маці шасцярых дзяцей. Некалькі месяцаў таму ў шматдзетную сям'ю прыйшло няшчасце.

— Першага студзеня гэтага года мой муж памёр. Нашаму старэйшаму сыну — 19 гадоў. Ён павінен быў ісці на тэрміновую службу ў армію, але ў сувязі са смерцю бацькі атрымаў адтэрміноўку. Уступілі ў спадчыну, і цяпер у нас ва ўласнасці дзве кватэры, у адной ніхто не прапісаны. Ці магчыма прапісаць сына асобна аднаго ў кватэры? Хвалююся, што яго цяпер забяруць служыць у такім выпадку, застануся сама з малодшымі, — распавяла аб сваёй сітуацыі гамяльчанка.

Сенатар запэўніла, што агучанае пытанне абавязкова вывучыць, звернецца па кансультацыю да кіраўніцтва Ваеннага камісарыята Гомельскай вобласці і звяжацца паўторна са шматдзетнай маці.

Падчас прамой лініі па кансультацыю аб магчымасці палепшыць жыллёвыя ўмовы звярнулася жыхарка Калінкавічаў. Маці клапоціцца, ці можа сям'я яе дачкі атрымаць арэнднае жыллё.

— Дачка з мужам і дзіцем чацвёрты год жывуць у Гомелі ў здымнай кватэры. Сама працуе ў школе, а муж — на прадпрыемстве. За гэты час прапанавалі толькі пакой у інтэрнаце. Як дачка можна атрымаць жыллё, калі няма магчымасці купіць на кватэру нават у крэдыт? — пацікавілася Антаніна Міхайлаўна з Калінкавічаў.

Жыхарка Гомельскага раёна Алена Уладзіміраўна звязалася з сенатарам, каб распавесці аб транспартнай праблеме, з якой кожную раніцу сутыкаецца не толькі яна, але многія ў яе населеным пункце, што пад Гомелем.

— Жывём у аграгарадку Урыцкае. На першых рэйсах, а палове сёмай гадзіны, нельга выехаць на працу ў горад. Едуць студэнты, навучэнцы і тыя, хто працуе ў Гомелі — у транспарт не ўмяшчаюцца, застаюцца на прыпынку, а наперадзе зіма. Мы не ведаем, што рабіць, — ад свайго імя і імя жыхароў аграгарадка папрасіла сенатара разабрацца ў сітуацыі жанчына.

Заяўніца нагадала, што транспарт з іх вялікага населенага пункта ходзіць у абласны цэнтр толькі адным маршрутам — з аднаго канца горада да цэнтра. Многія больш гадзіны вымушаны з перасадкамі дабірацца пасля ў другі канец Гомеля на працу ці вучобу.

Сваёй складанай жыццёвай сітуацыяй падчас прамой лініі сенатара падзялілася гамяльчанка Таццяна — маці дзіцяці, якому выстаўлены дыягназ «аўтызм».

— Ад імя мам дзяцей з асаблівасцямі здароўя хочацца звярнуць увагу на неабходнасць нам псіхалагічнай дапамогі. Здараецца, часам рукі апускаюцца. Ці магчыма дапамога кваліфікаваных цьютараў, каб арганізаваць вольны час для такіх асаблівых дзетак? — папрасіла дапамогі заяўніца.

Сенатар звярнула ўвагу на агучаную актуальную праблему недахопу цьютараў і развіцця інклюзіўнай адукацыі дзяцей з асаблівасцямі здароўя.

— У нас ёсць цьютары, і адпаведных спецыялістаў рыхтуюць, але пакуль што не так шмат. Зразумела, што маці ў такіх выпадках неабходна дапамога ў тым ліку псіхалагічная, — пераканана член Савета Рэспублікі.

Падчас прамой лініі Алы Смаляк былі таксама ўзняты пытанні выплаты сямейнага капіталу, бясплатнага харчавання ў школе, сацыяльнай дапамогі. Усе агучаныя звароты сенатар узяла на асабісты кантроль.

— Звароты будуць разгледжаны на месцы, а пасля, калі неабходна, сумесна іх абмяркуем у Савеце Рэспублікі, — адзначыла Ала Смаляк.

Па словах сенатара, па зваротах відаць, што людзей хвалюе жыллёвае пытанне, цікавяцца жыхары Гомельшчыны дзяржаўнай падтрымкай шматдзетных сем'яў, магчымасцю атрымання арэнднага і сацыяльнага жылля.

— Традыцыйныя каштоўнасці, у прыватнасці падтрымка сям'і, заўсёды былі і застаюцца нацыянальным прыярытэтам для беларусаў. Гэта частка нашай ідэалогіі. Менавіта эфектыўная дзяржаўная палітыка па ўмацаванні інстытута сям'і і шлюбу вызначае ўзровень дабрабыту і стабільнасці грамадства. Таму ўвесь час вядзецца работа над удасканаленнем заканадаўства. Важнасць ролі сям'і ў жыцці грамадства, у выхаванні новых пакаленняў, захаванні і перадачы культурных, маральных кодаў і каштоўнасцяў, традыцый немагчыма пераацаніць. І таму ўмацаванне, развіццё і абарона правоў і інтарэсаў сям'і былі, ёсць і застаюцца ў ліку ключавых кірункаў сацыяльнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, — падкрэсліла Ала Віктараўна.

З практыкі работы са зваротамі грамадзян, як падзялілася сенатар, у кожны канкрэтны выпадак, сітуацыю, у якой апынуўся чалавек, трэба ўнікаць, бо ўсё вельмі індывідуальна.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.