Вы тут

Міжпарламенцкія сувязі паміж Беларуссю і Іранам пашыраюцца


У Палаце прадстаўнікоў адбылася сустрэча Наталлі КАЧАНАВАЙ і Уладзіміра АНДРЭЙЧАНКІ з першым віцэ-прэзідэнтам Ісламскай Рэспублікі Іран Махамадам МАХБЕРАМ.


«Трэба рухацца наперад»

Як звярнуў увагу Старшыня Палаты прадстаўнікоў, у Беларусі добра ведаюць пра тыя добрыя, цёплыя пачуцці, якія ў Іране адчуваюць у адносінах да нашай краіны. «Беларускія парламентарыі выступаюць заўсёды за тое, каб сувязі сяброўства, супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі ўмацоўваліся на карысць нашых народаў», — падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.

Спікер ніжняй палаты парламента назваў сімвалічным тое, што візіт іранскай дэлегацыі праходзіць у год 30-годдзя з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Ісламскай Рэспублікай Іран. Ëн нагадаў, што сёлета адбыўся візіт Аляксандра Лукашэнкі ў гэтую краіну, які вызначыў далейшую стратэгію двухбаковага ўзаемадзеяння.

Кажучы аб супрацоўніцтве ў эканоміцы, Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што мы заўсёды прытрымліваемся прынцыпу ўзаемнай выгады і сумеснага выйгрышу. «І вы ведаеце, што летась, нягледзячы на санкцыі, наш узаемны тавараабарот склаў больш за 100 мільёнаў долараў, — удакладніў спікер. — Цяпер, вядома, нам трэба рухацца наперад».

Старшыня Палаты прадстаўнікоў выказаў упэўненасць у тым, што, нягледзячы на кароткі візіт, іранская дэлегацыя зможа ацаніць патэнцыял нашай краіны ў галіне прамысловасці, культуры, чалавечы патэнцыял Рэспублікі Беларусь. Па яго словах, сустрэчы і перамовы, якія праводзяцца, адкрыюць новыя кірункі ў супрацоўніцтве.

«Развіваць далейшае супрацоўніцтва па ўсіх напрамках»

Старшыня Савета Рэспублікі канстатавала, што Беларусь і Іран звязваюць добрыя сяброўскія адносіны на працягу многіх гадоў. «Мы заўсёды рады, калі да нас прыязджаюць нашы сябры і калегі — тыя людзі, з якімі нас звязваюць добрыя сяброўскія адносіны, — дадала Наталля Качанава. — Мы разумеем, што цяпер час вельмі няпросты. Ідзе геапалітычны падзел свету, і кожная краіна гэта адчувае на сабе. Прэзідэнт наш шмат разоў казаў аб тым, што час будзе вельмі няпросты, але тым важней для нас добрыя сяброўскія адносіны з тымі краінамі, якія прытрымліваюцца міралюбівай палітыкі, а самае галоўнае — развіваюцца па сваіх законах і традыцыях».

Спікер верхняй палаты парламента выказала словы ўдзячнасці іранскай дэлегацыі за падтрымку на міжнародных пляцоўках. «Для нас гэта вельмi важна, — падкрэсліла яна. — Вы ведаеце, што да нашай краіны прымяняюцца зусім неапраўданыя санкцыі. І той ціск, які здзяйсняецца сёння на Беларусь, не можа нас не турбаваць. Але нягледзячы ні на якія санкцыі, наша краіна развіваецца, прытрымліваецца той палітыкі, якая была вызначана, — сацыяльна-арыентаваная дзяржава. І Прэзідэнт дакладна паставіў задачы: санкцыі не павінны паўплываць на наш народ. Таму мы так цэнім сяброўства і супрацоўніцтва з краінамі, якія ўваходзяць сёння ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцва, БРІКС і дзякуем вам за падтрымку».

Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу на важнасці міжнароднага супрацоўніцтва паміж краінамі. «Мы выступаем з заявамі аб супрацьпраўных дзеяннях у адносінах да нашай краіны, — канкрэтызавала спікер. — Наша краіна сёння гатова супрацоўнічаць з усімі краінамі ў свеце, якія будуць дзейнічаць на канструктыў, стваральную працу. І, вядома, пра гэта, думаю, ішла размова ў Прэзідэнта нашай краіны, наша палітыка — міралюбівая. Мы ніколі нікому не стваралі ніякіх пагроз і не праяўлялі ніякай агрэсіі. Таму нам незразумелая тая сітуацыя, якая нагнятаецца вакол нашай краіны з боку нашых заходніх суседзяў і Амерыкі».

Кажучы аб узаемадзеянні ў эканоміцы і гуманітарнай сферы, Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што гэта падмурак супрацоўніцтва паміж любымі краінамі. «Але для нас, парламентарыяў, вельмі важна, вядома, міжпарламенцкае ўзаемадзеянне, — удакладніла Наталля Качанава. — Таму мы з вялікай радасцю вітаем супрацоўніцтва паміж нашымі парламентарыямі і разлічваем на тое, што яно прынясе новы вынік для нашых краін і нашых народаў. Са свайго боку хацела б запэўніць, што мы гатовы да супрацоўніцтва, развіваць яго далей па ўсіх напрамках жыццядзейнасці нашых краін». Па меркаванні спікера, візіт іранскай дэлегацыі надасць новы імпульс адносінам паміж Беларуссю і Іранам.

У сваю чаргу, першы віцэ-прэзідэнт Ісламскай Рэспублікі Іран Махамад Махбер заўважыў, што Беларусь і Іран з’яўляюцца дзвюма краінамі, якія падвергнутыя незаконным, прыгнятальным санкцыям з боку Амерыкі. «Але Ісламская Рэспубліка Іран змагла выкарыстаць санкцыі, бо гэта тая падзея, якую неабходна ператварыць у магчымасць, — сказаў ён. — Санкцыі не абмяжоўваюцца толькі гэтым. Мы дасягнулі самых высокіх вынікаў і найлепшага поспеху падчас санкцый. Мы ў вельмі многіх сферах жыццязабеспячэння краіны былі залежныя. Падчас вайны з Іракам у нас нават не было калючага дроту, і мы не маглі яго паставіць. Цяпер самае развітае абсталяванне ў ваеннай сферы ствараецца ў Іране. Мы маем вельмі добрыя вынікі ў тэхналагічнай і навуковай сферах».


У тэму

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргея РАЧКОВА, беларуска-іранскія адносіны будуюцца на аснове сяброўства, узаемапаразумення і павагі адзін да аднаго. «Найважнейшае значэнне ў развіцці двухбаковых адносін маюць пастаянныя палітычныя кантакты і дыялог паміж Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнтам Ірана, — удакладніў сенатар. — Гісторыя нашых адносін вельмі даўняя, мы заўсёды іх сур’ёзна развівалі. Сведчаннем таму з’яўляецца дзяржаўны візіт Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў Іран, у ходзе якога была падпісана значная колькасць дакументаў, якія цяпер і вызначаюць стратэгію і тактыку развіцця беларуска-іранскіх адносін. Распрацавана дарожная карта, яна дэталёвая. У рэалізацыі гэтай карты таксама адводзіцца месца і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь. У нас вельмі добрае міжпарламенцкае супрацоўніцтва. Нядаўна была створана група сяброўства ў парламенце Ірана. У нас гэтая група сяброўства існуе з пачатку дзейнасці сёмага склікання Нацыянальнага сходу. Мы ўжо правялі шэраг узаемных візітаў у Іран і Рэспубліку Беларусь, абмяркоўваем вельмі канкрэтныя пытанні: пачынаючы ад тэм падтрымкі развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі, заканчваючы ўзаемадзеяннем на міжнародных пляцоўках». 

Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Андрэй САВІНЫХ, узаемадзеянне з Іранам набывае не проста стратэгічнае, а і геапалітычнае значэнне. «Сення такія дзяржавы, як Беларусь, Расія, Кітай і Іран, становяцца апорамі бяспекі, устойлівага, а галоўнае, прагназуемага развіцця на мацерыку Еўразія, — канкрэтызаваў дэпутат. — Мы абавязаны захаваць мір, стабільнасць у працэсе трансфармацыі свету на шматпалярны. Мы бачым, што колькасць лакальных канфліктаў павялічваецца. Бачым рост нестабільнасці, напружанасці, прамое ўзброенае супрацьстаянне ў розных рэгіёнах планеты, таму нам патрэбна забяспечыць узаемадеянне, якое акурат будзе накіравана на стабілізацыю сітуацыі, забеспячэнне прагназуемай будучыні».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.