Вы тут

У 1981 годзе ў «Мастацкай літаратуры» пабачылі свет Выбраныя творы Канстанцыі Буйло


У 1981 годзе ў «Мастацкай літаратуры» пабачылі свет Выбраныя творы старэйшай беларускай пісьменніцы Канстанцыі Буйло ў двух тамах. 


Падзея мела надзвычайны гісторыка-літаратурны характар. Хоць яшчэ на той час, дзякуй Богу, была жывая і сама паэтэса, чыя вядомасць у беларускай літаратуры адносіцца яшчэ да пачатку XX стагоддзя (Максім Гарэцкі ў «Гісторыі беларускай літаратуры» называў К. Буйло «найбольш выдатнай пасля Цёткі жаноцкай сілай у нашай паэзіі»). Першая кніга Канстанцыі Буйло «Курганная кветка» пабачыла свет у 1914 годзе. А вось наступная — «Світанне» — у 1950 годзе. Быў у яе творчай біяграфіі і перапынак: у 1920–1940-я гады (болей як два дзесяцігоддзі) паэтэса не друкавалася.

Некаторае святло на гісторыю выдання і перавыдання твораў адной з пачынальніц беларускай літаратуры XX стагоддзя праліваюць дакументы з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Захаваўся ліст дырэктара выдавецтва «Беларусь» Захара Матузава ад 27 снежня 1966 года, адрасаваны Канстанцыі Буйло.

Некалькі слоў пра Захара Пятровіча Матузава, які нарадзіўся ў 1911 годзе. Чалавек і кіраўнік ён, зразумела, быў правераны. У Вялікую Айчынную вайну — інструктар аддзела прапаганды і агітацыі ЦК Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі. У баях не ўдзельнічаў. Але вось цікавым падаецца такі дакумент — «Узнагародны ліст» (без пазнакі, да якой узнагароды яго персанаж прадстаўляецца). Чытаем «Кароткае, канкрэтнае выкладанне асабістага баявога подзвіга ці заслуг»: «Тав. Матузаў па распараджэнні ЦК КП(б)Б 16 жніўня 1941 года прыехаў з эшалонам друкарні эвакуіраванай з Гомеля ў Церахаўскі раён БССР. Эшалон друкарні стаяў побач з эшалонам боезапасаў.

У час бамбардзіроўкі нямецкі бамбардзіроўшчык запальваючай бомбай падпаліў эшалон боезапасаў. Пад выбухамі бомб пылаючага эшалона тав. Матузаў падпоўз да састава і адчапіў 17 вагонаў боезапасаў. Затым даў каманду машыністу паравоза адцягнуць вагоны ад пылаючага састава. У выніку гэтага з 21 вагона 17 былі выратаваны ад пажару». Надзейны партыйны работнік у 1948 годзе быў прызначаны дырэктарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР (з 21 верасня 1961-га — выдавецтва «Беларусь»). І займаў гэтую пасаду да сакавіка 1973 года. Менавіта ў гэты час да беларускага чытача літаральна прарываліся праз шматлікія перашкоды кнігі Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча... Матузаў быў па-ранейшаму надзейным служкам партыі, выканаўцам волі ЦК КП(б)Б ажно да сакавіка 1973 г. А годам раней, 6 сакавіка 1972 г., з аднаго з падраздзяленняў «Беларусі» ў асобнае выдавецтва была вылучана «Мастацкая літаратура».

Вось што піша Захар Матузаў слыннай пісьменніцы: «... Па даручэнні Камітэта па друку пры Савеце Міністраў БССР выдавецтва яшчэ раз разгледзела Вашу просьбу аб выданні двухтомнага збору твораў.

Паведамляем, што ў бліжэйшыя гады ў нас не будзе магчымасці ажыццявіць такое выданне. Выдавецтва мяркуе даць чытачу кнігу Вашых выбраных твораў памерам 10-12 аркушаў, дзе можна будзе змясціць усё лепшае з напісанага Вамі ў дарэвалюцыйны і савецкі час.

Паэты М. Хведаровіч, А. Звонак, С. Дзяргай і іншыя, якія даўно працуюць у нашай літаратуры, таксама прасілі да сваіх юбілеяў выпусціць іх двухтомнікі. Аднак выдавецтва запланавала ім толькі аднатомнікі памерам да 8 аркушаў. Вам жа прадугледжан аднатомнік значна большага памеру.

З глыбокай павагай Дырэктар выдавецтва „Беларусь“ З. Матузаў».

Як быццам бы і ўсё правільна. Як кажуць, не падкапаешся... Ды параўнанні, відаць, не зусім карэктныя... Канстанцыя Буйло нарадзілася ў 1893 годзе. Друкавацца пачала яшчэ ў 1909 годзе. Першая кніга, як ужо згадвалася, выйшла ў 1914 годзе. Алесь Звонак на 20 гадоў маладзейшы, друкавацца пачаў у 1925-м, Мікола Хведаровіч нарадзіўся ў 1904-м, першы верш «Ураджайнае» надрукаваў у 1925 годзе. Сяргей Дзяргай (дарэчы, «звяздовец», працаваў карэктарам у друкарні газеты «Звязда») нарадзіўся ў 1907 годзе. Першы верш надрукаваў у 1938 годзе. Двухтомнік Выбраных твораў Алеся Звонака выдалі ў 1977 годзе, Міколы Хведаровіча — у 1974 годзе. Сяргей Дзяргай, дачакаўшыся абяцанага аднатомніка выбранага, так да двухтомніка і не дажыў. І ўжо наўрад ці калі яго творчая спадчына будзе выдадзена двума папяровымі тамамі... Але і ў іх, Звонака, Хведаровіча, Дзяргая, былі свае бядоты-згрызоты. Не ўсё так «прыўкрасна» па жыцці складвалася. Яны таксама былі надоўга адлучаны ад літаратурнага працэсу. Сяргей Дзяргай па гадах меней, а вось Звонак і Хведаровіч досыць шмат часу правялі ў няволі ў выніку палітычных рэпрэсій. Зведалі і турмы, і лагер…

Копія пісьма Канстанцыі Буйло была адпраўлена і ў Камітэт па друку пры Савеце Міністраў БССР. І следам, відавочна, орган дзяржаўнага кіравання павінен быў далажыць стан спраў «з Буйло» ў ЦК партыі. Яшчэ і таму, што Канстанцыя Антонаўна (а можа быць, і хтосьці з яе заступнікаў), не знаходзячы паразумення з выдавецтвам роднай Беларусі, напрамую звярталася ў Цэнтральны Камітэт, непасрэдна да Першага сакратара Пятра Міронавіча Машэрава... Перакананасці ў гэтым дадае «Даведка аб выданні ў рэспубліцы кніг паэтэсы Канстанцыі Буйла» (так, у цэкоўскім дакуменце: «Буйла», у адрозненні ад ліста Матузава, дзе ён піша да «Буйло» і пра «Буйло»), якую для Пятра Міронавіча 30 снежня 1965 года склаў старшыня Камітэта па друку пры Савеце Міністраў БССР Р. Канавалаў. З даведкі, праўда, вынікае, што ў ЦК пісаў Б. Ермакоў — муж паэтэсы, другі муж (першы — В. Калечыц — быў рэпрэсіраваны ў даваенны час; за Ермакова ж Канстанцыя Буйло выйшла замуж у 1948 годзе)…

З даведкі П. Машэраву: «Першы зборнік вершаў паэтэсы Канстанцыі Буйла «Курганная кветка» выйшаў у 1914 годзе.

У час Першай суветнай вайны паэтэса эвакуіравалася ўглыб краіны і спыніла сваю літаратурную дзейнасць.

Пасля Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі К. Буйла, пражываючы ў Падмаскоўі, а пасля — у Маскве, ізноў пачынае пісаць вершы на рускай і беларускай мовах, а некаторыя з іх друкуе ў валакаламскай павятовай газеце і іншых перыядычных выданнях. Пазней яна наладжвае сувязь з літаратурнымі арганізацыямі БССР і зрэдку друкуе свае творы ў часопісе «Полымя рэвалюцыі».

У перыяд Вялікай Айчыннай вайны супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў К. Буйла прыкметна актывізавала сваю літаратурную дзейнасць, напісала вялікую колькасць вершаў і паэму.

Амаль усе творы паэтэсы, напісаныя ёю ў перыяд вайны, увайшлі ў вялікі зборнік «Світанне», выпушчаны Дзяржвыдатам БССР у 1950 годзе. У гэты ж зборнік уключаны і ўсе лепшыя творы з кнігі «Курганная кветка».

У 1961 годзе ў Дзяржвыдаце БССР выйшаў новы зборнік вершаў К. Буйла «На адноўленай зямлі». У названы зборнік увайшлі таксама асобныя вершы перадваенных гадоў.

Па рэдакцыі дзіцячай літаратуры выдавецтва «Беларусь» у 1957 годзе выйшла кніга К. Буйла для дзяцей «Юрачка». Тыраж гэтай кнігі склаў 8 тыс. экзэмпляраў.

У дадзены час ужо надрукаваны і хутка выйдзе новы зборнік К. Буйла «Май», які ўтрымлівае вершы апошніх гадоў. Аб’ём гэтага зборніка — 4. 5 ул. выд. лісты, тыраж — 4 тыс. экзэмпляраў.

Варта таксама адзначыць, што вершы Канстанцыі Буйла на працягу ўсіх пасляваенных гадоў уключаліся ў розныя зборнікі («Анталогія беларускай паэзіі», кнігі для чытання ў школах і г. д.), рэгулярна змяшчаліся і змяшчаюцца на старонках перыядычных выданняў рэспублікі.

На 1966 год выдавецтва «Беларусь» запланавала выпуск аднатомніка выбраных твораў К. Буйла, куды ўвойдзе ўсё лепшае створанае паэтэсай за час яе літаратурнай дзейнасці. Аднатомнік будзе адкрывацца кваліфікаванай прадмовай.

Усё выкладзенае сведчыць пра тое, што тав. Б. Ермакоў не меў ніякіх падстаў рабіць у сваім пісьме заяву пра тое, што, маўляў, у Беларусі не выдаюць твораў старэйшай паэтэсы рэспублікі К. Буйла, што над ёй «так долго тяготеют следы прошлого культа», што да яе няправільна ставяцца ў Саюзе пісьменнікаў БССР, Міністэрстве культуры і Камітэце па друку..."

Што да розначытанняў у прозвішчы... З ліста Канстанцыі Буйло да пісьменніцы Ніны Тарас 5 лістапада 1968 г.: «Прасіла, каб абавязкова было напісана Буйло, а не разляпаная Буйла. Доўга спрачаліся, потым згадзіліся. Цяпер Казека там не працуе, бадай, зноў прыйдзецца пачынаць спор спачатку. Шмат сіл і энэргіі трачу на гэтую барацьбу... А ты кажаш — любяць мяне на Беларусі...»

Аднатомнік Выбраных твораў Канстанцыі Буйло, пра які згадваў Р. Канавалаў у звязку з планамі 1966 года, выйшаў усё ж у 1968 г. І гэта пра яго пісаў Захар Матузаў у лісце паэтэсе... І, відаць, не выйшаў бы і ў 1968 годзе, калі б не новыя звароты ў ЦК... Пра тое, што яны былі, сведчыць новая даведка. Падрыхтавана яна зноў Рыгорам Канавалавым. Цяпер ужо — на адрас Аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КП Беларусі. Дата — 13 лютага 1967 г. У ёй старшыня Дзяржкамдруку згадвае і пра ліст З. Матузава, адпраўлены паэтэсе: «... У дадзены момант выдавецтва рыхтуе выпуск новай кнігі паэтэсы — аднатомніка выбраных ёю твораў. Паэтэса К. Буйло настойвае на тым, каб яе творы былі выдадзены ў 2-х тамах.

У сувязі з гэтым Камітэт па друку даручыў выдавецтву „Беларусь“ яшчэ раз разгледзець просьбу К. Буйло і зрабіць па гэтаму пытанню сваё заключэнне.

Кіраўніцтвам выдавецтва просьба паэтэсы К. Буйло разгледжана і ёй адпраўлены адказ (копія прыкладаецца).

Камітэт па друку з прапановай выдавецтва „Беларусь“ пра выпуск твораў К. Буйло ў адным томе згодзен. У сувязі з просьбай К. Буйло — аб’ём гэтага тома будзе значна павялічаны і складзе 12 друкаваных аркушаў».

Тэма, відавочна, не сыходзіла з-пад увагі ЦК партыі і беларускага ўрада і надалей. Бо сярод іншых папер у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваецца і даведка Р. Канавалава ад 15 чэрвеня 1967 года, адрасаваная ўжо намесніку Старшыні Савета Міністраў Беларускай ССР І. Ф. Клімаву. Назва дакумента наступная: «Даведка пра выпуск і распаўсюджванне падпісных выданняў твораў беларускіх пісьменнікаў у перыяд з 1952 да 1966 года»: «З 1952 да 1956 года выдавецтвам „Беларусь“ былі выпушчаны на беларускай мове зборы твораў:

Я. Купалы — у 6 тамах, тыражом 10 тыс. экз.

Я. Коласа — у 7 тамах, тыражом 10 тыс. экз.

З. Бядулі — у 4 тамах, тыражом 15 тыс. экз.

К. Крапівы — у 3 тамах, тыражом 8 тыс. экз.

У гэты ж перыяд выдавецтва „Навука і тэхніка“ выпусціла збор твораў К. Чорнага у 6 тамах, тыражом 10 тыс. экзэмпляраў.

З 1962 да 1966 года выдавецтвам „Беларусь“ выпушчаны зборы твораў:

Я. Коласа — у 12 тамах, тыражом 3,1 тыс. экз.

П. Броўкі — у 4 тамах, тыражом 5, 2 тыс. экз.

К. Крапівы — у 4 тамах, тыражом 4 тыс. экз.

І. Шамякіна — у 5 тамах, тыражом 7,6 тыс. экз.

Выдавецтва „Навука і тэхніка“ у гэтыя ж гады выпусціла збор твораў Я. Купалы у 6 тамах, тыражом 3 тыс. экз.

У бягучым годзе выдавецтва „Беларусь“ заканчвае выпуск твораў М. Танка — у 4 тамах (тыраж 8,6 тыс. экз.) і А. Куляшова — у 4 тамах (тыраж 9,5 тыс. экз.)...»

І яшчэ адна істотная акалічнасць вынікае з чарговай даведкі Р. Канавалава: «Дзяржаўны камітэт Савета Міністраў БССР па друку сумесна з Праўленнем Саюза пісьменнікаў БССР і Інстытутам літаратуры АН БССР распрацавалі перспектыўны план выпуска падпісных выданняў твораў беларускіх пісьменнікаў на 1966 — 1970 гады. Гэтым планам прадугледжана выдаць зборы твораў:

М. Лынькова — у 4 тамах

П. Глебкі — у 3 тамах

П. Пестрака — у 5 тамах

І. Мележа — у 5 тамах

П. Панчанкі — у 3 тамах

Я. Брыля — у 4 тамах

М. Лужаніна — у 3 тамах

А. Кулакоўскага — у 4 тамах

К. Чорнага — у 9 тамах

Зараз Упраўленне кніжным гандлем і Белкаапсаюз праводзяць падпіску на зборы твораў М. Лынькова, П. Панчанкі і Я. Брыля...»

Размова ў даведцы — пра Зборы твораў, так званыя шматтомнікі. Традыцыя ж выдання выбраных твораў у двух тамах толькі складвалася. І, несумненна, шмат што залежала не толькі ад самога выдавецтва ці Дзяржкамдруку і ўрада, ЦК... Шмат залежала і ад фарміравання думкі, прапаноў, якія ішлі ад непасрэдных кіраўнікоў літпрацэсам — ад Саюза пісьменнікаў, у значнай ступені — ад пазіцыі Інстытута літаратуры АН БССР…

І хоць Выбраныя творы легенды беларускай літаратуры Канстанцыі Буйло ў 2-х тамах былі ўсё ж выдадзены, праўда, у 1981 годзе, клопаты ў дачыненні да выдання яе творчай спадчыны ўсё ж і зараз не вырашаны належным чынам. Патрэбна сапраўды акадэмічнае выданне, магчыма, і ў трох-чатырох тамах, дзе побач з вершамі варта знайсці месца і эпісталярыі аўтара «Курганнай кветкі». Такое выданне, канешне ж, паспрыяе пашырэнню ведаў па гісторыі беларускай літаратуры, асабліва па гісторыі яе станаўлення на пачатку XX стагоддзя.

Кастусь ЛЕШНІЦА, Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.