Вы тут

Дэпутаты пазнаёміліся з вопытам вядзення ўласных падсобных гаспадарак


Выязны міжрэгіянальны семінар-нарада быў прысвечаны развіццю і падтрымцы ўласных падсобных гаспадарак. Ён прайшоў на базе Кадзінскага сельсавета ў Магілёўскім раёне. На тэрыторыі раёна сёння функцыянуе больш чым 20,7 тысячы ўласных падсобных гаспадарак. Тут дзейнічае праграма іх падтрымкі на 2020–2024 гады, і ёсць станоўчыя прыклады.


Фота: mogilevnews.by

Удзел у мерапрыемстве прынялі старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, старшыні раённых і сельскіх Саветаў дэпутатаў Магілёўскага, Бялыніцкага, Быхаўскага, Круглянскага, Дрыбінскага раёнаў, а таксама прадстаўнікі органаў выканаўчай улады і грамадзяне, якія займаюцца вядзеннем асабістых падсобных гаспадарак.

Уразіцца вынікамі работы руплівых гаспадароў можна было на выставе-дэгустацыі, якую арганізавалі ў мясцовай кавярні спажыўкааперацыі Магілёўскага раёна. Мёд, сыры, каўбасы, тварог, гарбата, рыбныя стравы, сала — усё выключна ўласнага прыгатавання, і ўсё гэта можна было ацаніць на смак. Нават гурманы не стрымлівалі сябе ў кампліментах.

На выстаўцы сваю прадукцыю прапаноўвалі прадстаўнікі 15 сельсаветаў Магілёўскага раёна, не лічачы гасцей з Дрыбінскага і Круглянскага раёнаў. Смачныя і карысныя прадукты — гэта яшчэ не ўся дзейнасць сельскіх прадпрымальных актывістаў. Яны ствараюць таксама цудоўныя сувеніры, а яшчэ аказваюць вельмі дзейсныя і неабходныя для здароўя паслугі. Каб на свае вочы ўбачыць, як арганізавана дзейнасць на вёсцы, удзельнікі семінара наведалі тры гаспадаркі ў Магілёўскім раёне.

Пётр Раташ разам са сваёй жонкай Наталляй, дарэчы, трэнерам па конным спорце, прапагандуюць вельмі запатрабаваныя паслугі па іпатэрапіі. Гэта такая форма лячэбнай фізкультуры, дзе эфект дасягаецца за кошт цыклічных вібрацый у працэсе верхавой язды. Для таго каб весці ўласную гаспадарку, дастаткова жадання і заявы ад прэтэндэнта. Але для таго, каб аказваць паслугі па катанні на конях, Пятру прыйшлося аформіцца індывідуальным прадпрымальнікам. Яны з жонкай уладальнікі коннаспартыўнай базы «Раташ» у вёсцы Гародня, і да іх прыязджаюць аматары коннай язды з Магілёва, Чавус, іншых населеных пунктаў.

— Справу пачыналі тры гады таму, — расказвае Пётр Анатольевіч. — Цяпер у гаспадарцы 14 коней, спецыяльна набылі з аўкцыёну хлеў. Прыбытку вялікага дзейнасць не прыносіць, але коні наша стыхія. Мы запрашаем да сябе ўсіх, каму цікавыя гэтыя прыгожыя жывёлы і маляўнічая прырода. Побач з намі рэчка Рудэя, маршрут конных прагулак якраз пралягае каля яе.

Сужэнцы арганізоўваюць таксама цікавыя прадстаўленні для дзяцей. У іх ёсць дрэсіраваны конь, які выконвае каманды: садзіцца, кладзецца на зямлю, нават качае мяч. Пётр Раташ кажа, што, калі трэба, можа навучыць гэтым трукам коней кліентаў або дапамагчы ім іх аб’ездзіць.

Не менш пазнавальным быў візіт ва ўладанні сям’і Уладзіміра і Юліі Пухоўскіх, якія займаюцца вырошчваннем дэкаратыўных раслін. Сваю дзейнасць яны пачыналі з 15 сотак у горадзе. Цяпер іх маленькая сямейная справа разраслася да буйнога бізнесу. Магілёўскі райвыканкам выдзеліў ім больш чым 10 гектараў зямлі для вядзення ўласнай падсобнай гаспадаркі.

Не менш павучальная гісторыя Анатоля Кузьміна, які, як толькі пачаў развіваць сваю дзейнасць, павялічыў колькасць кароў з трох да васьмі. Яго гаспадарка функцыянуе з 2016 года. Мужчына прадае малако дзяржаве і насельніцтву. Сваёй дзейнасцю захапіў і суседку Жанну Андрэеву. Яна так натхнілася, што пераехала жыць з горада ў вёску, і цяпер у яе гаспадарцы таксама 8 кароў.

— Прывабнасць да працы на зямлі звязана з дзейнасцю новага Закона «Аб зямлі», — расказвае старшыня Кадзінскага сельсавета Ганна Новікава. — Калі раней зямлю маглі аформіць на сябе толькі жыхары сельсавета, то цяпер такія магчымасці распаўсюджваюцца на насельніцтва ўсёй краіны. Плюс такой дзейнасці ў тым, што людзі маюць магчымасць займацца самазанятасцю і рэалізоўваць прадукцыю ўласнай вытворчасці. Калі ёсць жаданне развівацца і атрымаць для вядзення сваёй справы дадатковыя плошчы, чалавек звяртаецца ў сельсавет і піша заяву. На аснове гэтага мы выдзяляем зямельны ўчастак.

На пленарным пасяджэнні, падводзячы вынікі семінара, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына РАІНЧЫК падкрэсліла, што старшыні сельвыканкамаў разам са старастамі, дэпутатамі павінны стаць генератарамі развіцця ўласных падсобных гаспадарак на сваіх тэрыторыях, падказваць вяскоўцам ідэі бізнес-планаў, растлумачваць аб мерах дзяржпадтрымкі. Сельсаветам неабходна ў рабоце з людзьмі дапамагчы вызначыць формы занятасці.

— Згодна са статыстыкай, уласныя падсобныя гаспадаркі вырабляюць больш за 20 працэнтаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў нашай вобласці, — адзначыла яна. — Мы бачым, што развіццё ўласных падсобных гаспадарак — гэта не толькі забеспячэнне занятасці насельніцтва, але і вытворчасць якаснай прадукцыі. Вельмі важна, каб у гэтай рабоце была сістэма. Уласная падсобная гаспадарка вырашае важныя сацыяльныя задачы. Акрамя самазанятасці сельскага насельніцтва і атрымання ім дадатковага прыбытку, робіцца паказальны прыклад выхавання чалавека працай, захоўваецца звыклы вясковы ўклад жыцця.

Пра перспектыву развіцця ўласных падсобных гаспадарак казаў начальнік кантрольна-аналітычнага ўпраўлення Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Мураўёў.

— Гэта добрая ніша для вытворчасці , — падкрэсліў ён. — На семінары ўзнімаліся сапраўды важныя пытанні, у вырашэнні якіх прадстаўнічыя органы ўлады здольныя дапамагчы людзям.

Дзяржава робіць усё магчымае, каб у людзей была работа і яны маглі прыносіць карысць сваёй сям’і і краіне. І дэпутаты з’яўляюцца праваднікамі гэтага сярод насельніцтва.

— Сёння мы развіваем тэму асабістых падсобных гаспадарак у раёне і праводзім гэту работу на сістэмнай аснове, — рэзюмаваў старшыня Магілёўскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Ярошчанка.

Удзел у пленарным пасяджэнні бралі таксама прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, ААТ «Белаграпрамбанк».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Магілёўскі раён

Фота з архіва Магілёўскага аблсавета

Загаловак у газеце: Каму цікава жыць на вёсцы?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.