Вы тут

Старажытную сядзібу ў Мастоўскім раёне аднавіла мясцовая гаспадарка


Нядаўна давялося пабываць у камандзіроўцы ў Мастоўскім раёне. Адной з кропак нашага рэдакцыйнага маршрута стала вёска Вялікая Рагозніца. Было нечаканасцю убачыць убаку вёскі велічны будынак, відавочна, з былых часоў, але ў даволі добрым стане. Высветл, што тут знаходзіцца кантора мясцовага сельгаспрадпрыемства. 


У былых панскіх пакоях кіпіць зусім іншае жыццё, працоўнае. Менавіта тут прымаюцца ўсе рашэнні адносна гаспадарчай дзейнасці, палявых работ і ўсяго астатняга. Тут было прынята рашэнне і аб аднаўленні старажытнай сядзібы. Работы па большасці завершаны, але на чарзе гаспадарчая пабудова паблізу маёнтка і вялікая прысядзібная тэрыторыя, дзе калісь, відавочна, быў раскінуты парк. Яго таксама будуць аднаўляць.

Сядзіба знаходзіцца на землях КСУП «Імя Адама Міцкевіча». Менавіта намаганнямі старшыні Уладзіміра Пісарэвіча тут праведзены даволі значныя работы. Дарэчы, сам дырэктар гаспадаркі таксама ведае пра былых уладальнікаў маёнтка. 

— Старажытны будынак, заклаў вядомы на той час дзяржаўны дзеяч Антоній Сухадольскі. Затым палац пераходзіў да розных уладальнікаў. Зараз сядзіба належыць КСУП «Імя Адама Міцкевіча». Мы правялі даволі істотны рамонт. Аднавілі фасад і дах, падабралі адпаведную каларыстыку. Таксама адрамантавалі ўязныя калонны. Яшчэ трэба адмостку зрабіць і прывесці ў належны выгляд будынак паводле сядзібы. У перспектыве ачысцім увесь участак, ёсць намер пасадзіць сад, пладовыя дрэвы. Дзякуючы рэнтабельнасці гаспадаркі, усе работы вядзём за ўласныя сродкі.

Ну, а мне захацелася падрабязней даведацца аб гэтым шыкоўным будынку. Аказалася, што работнікі гаспадаркі таксама цікавіліся яго гісторыяй і нават склалі невялую даведку пра яго уладальнікаў. Трэба сказаць, асобы тут жылі неардынарныя. 

Як ужо паясніў напачатку нашай гутаркі дырэктар гаспадаркі, сядзібу яшчэ напрыканцы ХVIII стагоддзя заклаў уласнік гэтых мясцін, вядомы на той час дзяржаўны дзеяч Антоній Сухадольскі. Цікава, што ў сеймах Рэчы Паспалітай ён выступаў за тое, каб у склад ваеннай камісіі ўваходзілі не толькі палякі, але і беларусы. 

Наступным уладальнікам сямейнай сядзібы і Рагозніцы стаў сын Антонія Сухадольскага — Ян. Ён, як і бацька, служыў пры высокім двары, а ў 1794 годзе быў удзельнікам паўстання разам з Тадэвушам Касцюшкам. Двое другіх сыноў пайшлі па творчаму шляху — адзін з іх стаў паэтам, другі — мастаком. Януарыя Сухадольскага нават лічаць першым беларускім мастаком-баталістам. 

Сама сядзіба пабудавана ў стылі класіцызма, аднапавярховая і з порцікам на цэнтральным фасадзе. Ёсць нямала архітэктурных асаблівасцяў, напрыклад, верх порціка, ці, больш дакладна, франтон, упрыгожаны гірляндай і карнізам. Раней тут стаялі бронзавыя вазы, але іх, па даведках, знялі яшчэ падчас Першай сусветнай вайны. Кажуць, пераплавілі на зброю. 

Пазней, дзесьці напрыканцы ХІХ стагоддзя, быў прыбудаваны балкон з калоннамі. 

Памяшканні, бачна, былі даволі пышнымі і раскошнымі. Праўда, зараз ад былой велічы нічога не засталося, акрамя высокіх столяў і старажытных сцен. А калісьці тут стаяў камін з белага мармура з люстэркам, круглая печ з белай кафлі, сцены ўпрыгожвала багатая калекцыя жывапісу. На жаль, пра арыгінальныя інтэр’еры старажытнай сядзібы мала што вядома. Маёнтак часта мяняў уладальнікаў. Але ёсць звесткі, што тут гасцяваў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У яго нават быў свой «каралеўскі» пакой — самае ганаровае месца ў маёнтку. 

Прасочым далейшы лёс сядзібы. Рагозніца ў хуткім часе перайшла да сям’і Шабанскіх. Малады гаспадар прымаў удзел у паўстанні 1863 года і загінуў каля вёскі падчас бітвы з казакамі. Дарэчы, на месцы бітвы ўстаноўлены валун, які сведчыць аб гэтай гістарычнай падзеі. Не так даўно яго аднавілі. 

Ну і апошнім уласнікам на пачатку ХХ стагоддзя стаў Оскар Мештовіч, які валодаў Рагозніцай да 40-х гадоў. Адметна, што за гэты час ён паспеў пабудаваць даволі велічны касцёл у неараманскім стылі. Зараз гэта адна са славутасцяў гэтых мясцін, як і сядзіба і яе ўязная брама.

За савецкі перыяд тут шмат што перабудавана, але сам фасад і ўязная брама знаходзяцца ў адносна задавальняючым стане. Пасля маштабнага рамонта аблічча будынка змянілася, хутка ў адпаведным стылі аформяць прысядзібны парк. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.