Вы тут

У новых мікрараёнах Гомеля меддапамога стала яшчэ больш даступнай


Напярэдадні 80-годдзя вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Гомелі адкрылі новае педыятрычнае аддзяленне. Тут будзе абслугоўвацца амаль тры тысячы дзяцей з Гомеля і Гомельскага раёна.


Размясцілася ўстанова аховы здароўя ў адзінаццаціпавярховым жылым доме па вуліцы Вінаграднай. Шматпавярховік пачалі ўзводзіць год таму. Ужо на стадыі праектавання новабудоўлі амаль 600 «квадратаў» плошчы першага паверха запланавалі адвесці пад педыятрычнае аддзяленне паліклінікі. Для Гомеля практыка адкрыцця ўстановы аховы здароўя ў шматкватэрнай новабудоўлі — не новая. У 2021 годзе ў Гомелі па такім жа прынцыпе была адкрыта ўстанова аховы здароўя ў Навабеліцкім раёне. 

Адкрыцця новага сацыяльна значнага аб’екта з нецярпеннем чакалі ўсе сем’і з дзецьмі гомельскага мікрараёна актыўнай жылой забудовы «Новае жыццё». 

— У нас трое дачок. Старэйшым двайнятам — чатыры гады і малодшай — хутка два. Жывём у суседнім доме ад новай паліклінікі, таму рады — не тое слова, бо раней складана было з малымі ездзіць у цэнтральную паліклініку, — падзяліліся маладыя бацькі Юлія і Сяргей Філонавы. 

У новым педыятрычным аддзяленні № 2 філіяла № 5 Гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі арганізавана работа ўчастковых урачоў-педыятраў, дэфектолага, лабараторый, кабінетаў функцыянальнай і ўльтрагукавой дыягностыкі. Для зручнасці наведвання — арганізавана паслуга электроннай рэгістратуры. Акрамя таго ў аддзяленні прадугледжаны даўрачэбны кабінет, фільтр-бокс, кабінет выдачы даведак і лісткоў непрацаздольнасці. Па суседству з педыятрычным аддзяленнем размясцілася і новая аптэка дзяржаўнай сеткі «Фармацыя». 

— З адкрыццём гэтага педыятрычнага аддзялення радыус абслугоўвання хлопчыкаў і дзяўчынак Гомельскага раёна скароціцца з 19 да 9 кіламетраў, — звярнуў увагу падчас цырымоніі адкрыцця сацыяльна значнага аб’екта старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.

Як падкрэсліў кіраўнік рэгіёна, на Гомельшчыне зроблена і робіцца шмат для ўдасканалення аказання якаснай медыцынскай дапамогі. Здароўе дзяцей — асаблівы клопат. Бо ад правільнага, уважлівага, чулага стаўлення да дзіцячага здароўя залежыць здаровая будучыня ўсёй краіны.

— Толькі некалькі прыкладаў уведзеных за апошнія два гады аб’ектаў: педыятрычныя аддзяленні ў Добрушы і ў 104 мікрараёне Гомеля, радзільны дом у Петрыкаве, цэнтр ранняга ўмяшання на базе абласнога дома дзіцяці для дзяцей з асаблівасцямі, кабінет анамнезу ў Гомелі. У бліжэйшых планах — будаўніцтва паліклінікі ў Навабеліцкім раёне, — адзначыў Іван Крупко.

Старшыня аблвыканкама таксама нагадаў, што сёння ў рэгіёне функцыянуюць тры цэнтры па навучанні маладых бацькоў навыкам стварэння бяспечнага асяроддзя для дзіцяці, сем цэнтраў дружалюбных падлеткам. Між тым на Гомельшчыне працягваецца мэтанакіраваная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы сістэмы аховы здароўя, праходзяць планавыя рамонты ўстаноў аховы здароўя. У бягучым годзе ў цэлым на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, капітальны і бягучы рамонт, аснашчэнне медыцынскім абсталяваннем галіны аховы здароўя прадугледжана больш за 91 мільён рублёў бюджэтных сродкаў. 

Падзяліць радасць ад значнай падзеі ў жыцці гамяльчан у абласны цэнтр прыехаў і міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Кіраўнік ведамства азнаёміўся з аснашчэннем новага педыятрычнага аддзялення.

— Практыка адкрыцця такіх аддзяленняў вельмі станоўчая, — падкрэсліў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. — На апошняй нарадзе Кіраўніка дзяржавы ўзнімалася пытанне даступнасці і якасці аказання медыцынскай дапамогі першаснага звяна для кожнага жыхара. Гэта тое, да чаго мы імкнёмся, да аналогіі сямейнага доктара, якім і з’яўляецца педыятр. Ён знаходзіцца побач з сям’ёй, тэрытарыяльна блізкасць яго вельмі важная.

Міністр аховы здароўя звярнуў увагу, што цяпер у новым адкрытым педыятрычным аддзяленні ў Гомелі працуюць тры ўрачы-педыятры, але могуць працаваць да дзевяці спецыялістаў. 

— Таму жадаю, каб дзяцей у нашай краіне было болей, — пажадаў Дзмітрый Піневіч.

Падчас цырымоніі адкрыцця новага педыятрычнага аддзялення ў падарунак аўтапарку спецтэхнікі сістэмы аховы здароўя былі перададзены ключы ад 14 новых аўтамабіляў хуткай медыцынскай дапамогі. Дзве новенькія «хуткія» папоўняць аўтапарк Гомельскай абласной клінічнай бальніцы, а яшчэ 12 — гарадской аўтабазы арганізацый аховы здароўя. Акрамя таго ў падарунак гамяльчанам да 80-годдзя вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў старшыня аблвыканкама Іван Крупко перадаў сертыфікат на набыццё дзесяці аўтобусаў МАЗ-203 для гарадскіх пасажырскіх перавозак. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Натурпрадукт у спадчыну

Натурпрадукт у спадчыну

Як Якуб Колас атрымліваў па два ўраджаі з адной градкі, і што з «даўно забытага старога» актуальна на хвалі цікавасці да эказемляробства.

Экалогія

Змяненні клімату: прычыны і перспектывы

Змяненні клімату: прычыны і перспектывы

Заклікаюць скарачаць выкіды CO2 аж да нулявых паказчыкаў, укараняць зялёныя тэхналогіі.

Грамадства

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»

«Абяцаюць вялікія грошы і меры канспірацыі, але ўсе закладчыкі затрымліваюцца»

Праваахоўнікі расказалі, як маладых людзей вярбуюць для распаўсюджвання наркотыкаў і чым гэта звычайна заканчваецца.

Грамадства

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання

У Беларусі прайшоў Адзіны дзень галасавання

Аб тым, як праходзіць Адзіны дзень галасавання, — у паведамленнях нашых карэспандэнтаў.