Вы тут

Андрэй Худык: Патрэбны канкрэтныя дзеянні


Сусветны кліматычны саміт, які сабраў прадстаўнікоў больш як 150 краін свету, распачаў 28-ю Канферэнцыю бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб зменах клімату (СОР-28), што праходзіла з 30 лістапада да 12 снежня ў ААЭ. У пленарным пасяджэнні саміту ўдзельнічала каля 90 першых асоб дзяржаў. Беларускую дэлегацыю ўзначальваў Аляксандр Лукашэнка, выступленне якога на саміце атрымала вялікі рэзананс.

А пра ход і вынікі канферэнцыі чытачам «Звязды» расказаў Андрэй Худык, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, намеснік кіраўніка беларускай дэлегацыі.


Фота: presіdent.gov.by

— Актуальнасць кліматычнага парадку дня ні ў кога не выклікае сумневу. Сваім прадстаўніцтвам гэта пацвердзіў і саміт, які прайшоў у Дубаі. Вы бачылі і чулі выступленні першых асоб. На чым яны засяроджвалі ўвагу?

— Сапраўды, пытанні змен клімату знаходзяцца ў цэнтры ўвагі ўсёй сусветнай супольнасці. Шмат дзяржаў ужо сутыкнуліся з непапраўнымі наступствамі: засухамі, паводкамі, пад’ёмам узроўню сусветнага акіяна, ляснымі пажарамі, ураганамі, голадам і эпідэміямі. Нягледзячы на тое што Беларусь кліматычныя змены закранулі ў меншай ступені, кіраўнік нашай дзяржавы, разумеючы ўзаемасувязь кліматычных працэсаў у рэгіянальным і глабальным маштабах і іх непазбежны ўплыў на развіццё нацыянальнай і сусветнай эканомік, прыняў рашэнне заклікаць увесь свет да канкрэтных дзеянняў з трыбуны сусветнага кліматычнага саміту.

Выступленні кіраўнікоў замежных дзяржаў у асноўным нагадвалі самасправаздачы з мэтай схаваць сапраўдны стан рэчаў, а часам і ўвогуле сказіць рэальнасць. Так, асаблівае абурэнне, прымаючы да ўвагі сітуацыю ў Белавежскай пушчы, выклікала выступленне прадстаўніка суседняй краіны, які на ўвесь свет распавёў пра псеўдаклопат аб нацыянальных лясах. Лідары дзяржаў, якія прэтэндуюць на сусветнае панаванне, замоўчалі, што менавіта палітыка, якая праводзіцца іх краінамі, пагаршае кліматычную сітуацыю. Яны забыліся, што іх эканамічны дабрабыт асноўваецца як на актыўным выкарыстанні сваіх прыродных рэсурсаў, так і на разграбленні былых калоній. Заяўляючы на міжнародных пляцоўках пра неабходнасць рэзкага зніжэння выкідаў парніковых газаў, гэтыя панове не збіраюцца аказваць неабходную дапамогу тым краінам, куды яны вывезлі свае найбольш «брудныя» вытворчасці, каб забяспечыць уласным грамадзянам чыстае паветра.

І толькі наш Прэзідэнт у сваім выступленні дакладна і максімальна адкрыта абазначыў першапрычыны кліматычнай сітуацыі, якая складваецца: «Адсутнасць пачуцця меры, імкненне да геапалітычнай... перавагі тых, хто правакуе і распальвае ачагі войнаў; прага нажывы, якая ператварае прыродныя рэсурсы ў асабісты капітал і абкрадае наступныя пакаленні; спробы ўстараніць са сваёй дарогі краіны, якія перашкаджаюць падпарадкаваць увесь свет і разбурыць, выцягнуўшы з зямлі ўсе сокі».

У адрозненне ад прадстаўнікоў развітых краін, кіраўнік беларускай дзяржавы абсалютна дакладна вызначыў канкрэтныя фінансавыя механізмы па паляпшэнні кліматычнай сітуацыі: накіраваць грошы, якія цяпер ідуць на вядзенне вайны ў розных частках свету, на вырашэнне экалагічных праблем. Лічу, што менавіта таму прамова Аляксандра Рыгоравіча была сустрэта ўдзельнікамі пленарнага пасяджэння Сусветнага кліматычнага саміту стоячы, з апладысментамі.

Напрыканцы выступлення Прэзідэнт Беларусі заклікаў «усіх, хто абавязаны ўзяць на сябе цяжар гістарычнай адказнасці», да суразмернага ўнёску ў вырашэнне пытанняў кліматычнай бяспекі за стагоддзі бязлітаснай эксплуатацыі прыроды, павелічэння падтрымкі краін, якія развіваюцца, а таксама «перастаць выказваць „заклапочанасць“ і пачаць дзейнічаць у імя захавання жыцця на Зямлі».

— На папярэдняй канферэнцыі СОР-27 было прынята рашэнне аб стварэнні фонду для кампенсацыі страт і шкоды ад кліматычных змен. Меркавалася, што развітыя дзяржавы будуць кампенсаваць наступствы змянення клімату для краін, якія развіваюцца. Ці ўдалося рэалізаваць гэтую прапанову?

— Што датычыцца заснавання гэтага фонду, то ў ходзе Сусветнага кліматычнага саміту шэраг дзяржаў заявілі пра выдзяленне фінансавых сродкаў на агульную суму звыш 700 мільёнаў долараў. Найперш старшыня МОР-28 — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (100 мільёнаў долараў). На маю думку, заяўленыя абавязацельствы — важны элемент аднаўлення гістарычнай справядлівасці. Асноўная мэта заснаванага фонду — кампенсацыя краінамі, чыё індустрыяльнае развіццё прывяло да глабальнага пацяплення і ўвагнала планету ў кліматычны крызіс, тым дзяржавам, якія маюць нязначны вугляродны след, але сутыкаюцца са згубнымі наступствамі змен клімату. Шчыра спадзяюся, што зробленыя заявы будуць увасоблены ў канкрэтную дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу.

— Чаму Канферэнцыя бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату важная для Беларусі?

— Удзел у такіх мерапрыемствах дазваляе нашай краіне прыстойна прадставіць вынікі ў прыродаахоўнай сферы, у дадзеным выпадку — змякчэнне наступстваў змянення клімату і адаптацыі да іх. У ходзе СОР-28 Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што наша краіна, згодна з Парыжскім пагадненнем, «у поўнай меры выконвае ўзятыя на сябе міжнародныя абавязкі і нават перавыконвае іх». Так, у 2021-м Беларусь скараціла выкіды парніковых газаў на 57,8% з улікам сектара «землекарыстанне, змяненне землекарыстання і лясная гаспадарка», што ў 1,5 раза больш, чым узяты краінай абавязак да 2030 года. Кіраўнік нашай дзяржавы падкрэсліў, што «Беларусь аказвае бясцэнныя экасістэмныя паслугі нашаму кантыненту, захоўваючы ўнікальную крыніцу кіслароду — прыродныя балоты і лясы, лёгкія Еўропы». Такім чынам Беларусь робіць значны ўнёсак у агульную справу, разумеючы, што негатыўныя наступствы змянення клімату, якія пакуль толькі ўскосна закранулі нас, немінуча наступяць і на нашай зямлі. Сумесна з іншымі дзяржавамі мы выпрацоўваем новыя рашэнні праблемы змянення клімату, якія заснаваны на справядлівым размеркаванні адказнасці, а таксама актуальных умовах і патрэбах.

— Наколькі насычанай была праграма беларускай дэлегацыі?

— Традыцыйна такія маштабныя міжнародныя мерапрыемствы актыўна выкарыстоўваюцца для правядзення перагавораў на найвышэйшым узроўні. Парадак дня ў Аляксандра Рыгоравіча быў надзвычайна насычаным і напоўненым сустрэчамі з лідарамі сяброўскіх нам дзяржаў. Упэўнены, што зусім хутка мы ўбачым практычныя вынікі ад дасягнутых падчас перагавораў дамоўленасцяў.

Члены беларускай дэлегацыі таксама выкарысталі гэтую пляцоўку для правядзення шматлікіх двухбаковых сустрэч для абмеркавання перспектыў развіцця супрацоўніцтва. Напрыклад, з міністрам экалогіі і прыродных рэсурсаў Казахстана Ерланам Нысанбаевым мы абмеркавалі развіццё ўзаемадзеяння ў сферы абыходжання з адходамі, у тым ліку з пластыкам, а таксама вопыт Казахстана па кадыфікацыі прыродаахоўнага заканадаўства, удасканаленне функцыянавання аўтаматызаванай сістэмы маніторынгу атмасфернага паветра. Упэўнены, што гэтая сустрэча надасць новы імпульс беларуска-казахстанскаму супрацоўніцтву ў прыродаахоўнай сферы.

Адбылася і сустрэча з саветнікам Прэзідэнта, спецыяльным прадстаўніком Прэзідэнта Расіі па пытаннях клімату Русланам Эдэльгерыевым, у рамках якой мы намецілі шэраг перспектыўных напрамкаў далейшага супрацоўніцтва.

Абмяркоўваліся таксама пытанні, якія выходзяць за рамкі кліматычнага парадку дня. Так, з прадстаўнікамі Праграмы развіцця ААН мы закранулі новыя праграмы, у якіх можа паўдзельнічаць наша краіна; з генеральным дырэктарам Арабскай арганізацыі сельскагаспадарчага развіцця Ібрагімам Аль-Духейры намецілі шляхі рэалізацыі прыродаахоўнага кампанента сумеснай Дарожнай карты па супрацоўніцтве.

Падчас сустрэчы з прадстаўніком ЮНЕСКА члены беларускай дэлегацыі чарговы раз узнялі пытанне важнасці захавання трансгранічнага аб’екта сусветнай спадчыны ЮНЕСКА «Белавежская пушча». Хачу адзначыць, што дзякуючы актыўнай пазіцыі і намаганням Мінпрыроды сёлета ў верасні Камітэт сусветнай спадчыны ЮНЕСКА на сваёй 45-й пашыранай сесіі разгледзеў стан захаванасці гэтага трансгранічнага аб’екта і звярнуўся да бакоў з просьбай запрасіць рэактыўную маніторынгавую місію ЮНЕСКА/МСАП на тэрыторыю Белавежскай пушчы. Чакаем, што гэты візіт будзе садзейнічаць захаванню ўнікальнага прыроднага комплексу.

Андрэй КАРАБЕЛЬНІКАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.